Апавяданні
Уільям Сомерсет Моэм
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 223с.
Мінск 1990
Аднойчы Рыжы высадзіўся ў той бухце, дзе вы, мабыць, сёння раніцай кінулі якар. Ен быў амерыканскім матросам і дэзерціраваў з ваеннага карабля ў Апіі. Ён дамовіўся з нейкім добрасардэчным туземцам, каб той завёз яго на катэры з Апіі ў Сафора. Тут ён сышоў на бераг. Чаму ён дэзерціраваў, не ведаю. Мабыць, не спадабалася жыццё на ваенным караблі з яго строгасцямі; мабыць, былі нейкія непрыемнасці, а можа, на яго паўплывалі паўднёвыя моры і гэтыя рамантычныя астравы, якія часам дзіўным чынам аблытваюць чалавека, як муху павуціннем. Мажліва, ён быў залішне ўражлівы, і гэтыя зялёныя пагоркі, гэты спакойны клімат, сіняе мора адабралі ў яго моц жыхара поўначы, як Даліла адабрала моц у Самсона. Так ці іначай, яму трэба было схавацца, і ён вырашыў, што тут і можна пражыць у бяспецы, пакуль карабель яго не адплыве ад Самоанскіх астравоў.
На беразе лагуны была туземная хаціна, і, пакуль Рыжы стаяў і разважаў, куды падацца, з хаціны выйшла дзяўчына і запрасіла яго да сябе. Ён ведаў дватры словы на туземнай мове, а яна столькі ж па-англійску. Але ён выдатна зразумеў, што азначалі яе ўсмешкі і запрашальныя жэсты. Ён сеў на цыноўку, і яна пачаставала яго кавалачкамі ананаса.
Пра Рыжага я ведаю толькі з чужых слоў, дзяўчыну ж я бачыў праз тры гады пасля іх сустрэчы. Тады ёй было ўсяго шаснаццаць. Вы сабе не ўяўляеце, якая яна была прыгажуня. Пажадлівая грацыя і багатыя фарбы трапічнай кветкі. Высокая, гнуткая, з тон-
кімі рысамі, характэрнымі яе народу, з вялікімі вачыма, падобнымі на ціхія затокі пад пальмамі. Яе чорныя кучаравыя валасы рассыпаліся па плячах, а на галаве быў вянок з духмяных кветак. Ад аднаго позірку на яе чароўныя рукі, такія маленькія, такія прыгожыя, дух займала.
У тыя дні яна амаль заўсёды смяялася. Ад усмешкі той сэрца магло спыніцца. Скура дзяўчьіны залацілася, нібы пшанічнае поле ў сонечны дзень.
Божухна! Як апісаць яе? Яна была казачнай прыгажосці.
I гэтыя юныя стварэнні — ёй было тады шаснаццаць, а яму дваццаць,— закахаліся адно ў аднаго з першага погляду. Гэткае сапраўднае каханне, не тое каханне, што нараджаецца з узаемнай сімпатыі, агульных інтарэсаў, духоўнай блізкасці, а каханне простае, адвечнае. Так пакахаў Адам Еву, калі прачнуўся і ўпершыню ўбачьіў яе ў садзе. Гэта было тое каханне, якое прываблівае адно да аднаго звяроў і багоў. Тое каханне, што робіць свет цудам. Каханне, што дае жыццю ўнутраны сэнс. Вы ніколі, мабыць, не чулі пра разумнага і цынічнага французскага герцага, які казаў, што з двух закаханых толькі адзін кахае, другі ж дазваляе сябе кахаць. Гэта горкая ісціна, з якой большасць з нас вымушана пагадзіцца. I вельмі рэдка бывае, каб абое кахалі аднолькава. Тады, відаць, само сонца спыніцца, як спынілася яно, калі Ісус Навін заклікаў да бога Ізраіля.
Нават цяпер, праз шмат гадоў, калі я ўспамінаю гэтыя юныя стварэнні, такія прыгожыя, простыя, пра іх каханне, у мяне ные сэрца. Яно сціскаецца так, як часам бывае, калі я ўначы гляджу на месяц, што зіхаціць у чыстым небе над лагунай.
Сузіранне ідэальнай прыгажосці заўсёды нараджае боль.
Яны былі як дзеці. Дзяўчына была добрая, пяшчот-
ная і ласкавая. Пра яго я нічога не ведаю, але хачу думаць, што ва ўсякім разе ў той час гэта быў адкрыты і шчыры чалавек. Мне хочацца думаць, што душа яго была такая ж прыгожая, як і постаць. Але зусім мажліва, што ў душы ў яго было не болып, чым у тых стварэнняў, што жылі ў лесе, рабілі жалейкі з чароту і купаліся ў горных ручаях і азёрах, калі свет быў яшчэ малады і калі фаўны скакалі вярхом на барадатых кентаўрах. Клопатная рэч — душа, і з таго часу, як чалавек прыдбаў яе, ён страціў Эдэм.
Дык вось, незадоўга да з’яўлення Рыжага на востраве прайшла эпідэмія, адна з тых, што завозіць у краіны паўднёвых мораў белы чалавек; трэцяя частка жыхароў вострава памерла. Дзяўчына страціла ўсіх сваіх блізкіх і жыла разам з далёкімі сваякамі. Уся сям’я складалася з дзвюх бабулек, зморшчаных і згорбленых, дзвюх маладзейшых жанчын, мужчыны і хлопчыка.
Рыжы пражыў у іх некалькі дзён. Ці яго непакоіла, што блізка бераг і можна сустрэць белых, якія б маглі яго выдаць, ці закаханыя не хацелі, каб ім хто-небудзь замінаў пабыць удваіх; так ці іначай, неўзабаве яны сабралі немудрагелістыя пажыткі дзяўчыны і пайшлі па зарослай травой сцежцы пад какосавымі пальмамі да рэчкі, якую вы цяпер бачыце. Ім давялося прайсці па мастку, па якім ішлі вы. Дзяўчына весела емяялася з баязлівасці Рыжага. Яна давяла яго за руку да канца перпіага ствала, але далей у яго мужнасці не хапіла, і ён вярнуўся. Перад тым як зноў ступіць на масток, ён раздзеўся, і дзяўчына перанесла яго рэчы на галаве.
Яны пасяліліся ў пустой хаціне, што стаяла тут. Ці то яна мела на хаціну нейкія правы (права на зямлю на востраве — складаная рэч), ці гаспадар памёр у час эпідэміі, ва ўсякім разе, іх ніхто тут не турбаваў. Дзве цыноўкі, на якіх яны спалі, асколак люстэрка ды
дзве-тры міскі — вось і ўсё, што яны мелі. Але ў такім благаславёным кутку гэтага хапіла, каб зажыць сваёй сям’ёй.
Кажуць, у шчаслівых людзей няма гісторыі, і, відавочна, яе няма ў шчаслівага кахання. 3 раніцы да вечара яны нічога не рабілі, і ўсё ж дні здаваліся ім занадта кароткімі. У дзяўчыны было туземнае імя, але Рыжы называў яе Салі. Ён хутка вывучыўся нескладанай туземнай мове і ляжаў гадзінамі на цыноўцы і слухаў яе вясёлы шчэбет. Ён быў маўклівы, а розум яго, мабыць, яшчэ не абудзіўся. Ён увесь час курыў цыгарэты, якія яна рабіла яму з тутэйшага тытуню і лістоў пандану, і назіраў, як яна сваімі спрытнымі пальцамі пляла цыноўкі з травы.
Да іх часта заходзілі туземцы; яны расказвалі доўгія гісторыі пра былыя часы, калі на востраве ішла вайна паміж плямёнамі. Іншы раз Рыжы рыбачыў на рыфе і прыносіў дадому кош рознакаляровай рыбы. Часам ноччу хадзіў з ліхтаром лавіць амараў. Каля хаціны раслі бананы. Салі пякла іх, і гэта таксама было часткай іх сціплай ежы. Салі ўмела прыгатаваць смачную страву з какосавых арэхаў, а хлебнае дрэва, што расло на беразе ракі, давала ім свае плады. На свята забівалі парася і смажылі на гарачых каменнях. Яны разам купаліся ў рацэ, а вечарамі каталіся ў чоўне па лагуне.
На захадзе сонца цёмна-сіняе мора набывала афарбоўку чырвонага віна, як мора гамераўскай Грэцыі; у лагуне яно пералівалася ўсімі адценнямі, ад аквамарыну да аметысту і ізумруду; а промні сонца на захадзе на нейкае імгненне афарбоўвалі яго ў залаты колер. У моры былі каралы ўсіх колераў: карычневыя, белыя, ружовыя, чырвоныя, фіялетавыя. Яны бьілі падобныя на чароўны сад, а маленькія рыбкі ў вадзе — на матылькоў. Усё гэта нагадвала казку. Сярод зарасніку каралаў сустракаліся адкрытыя мясціны з белым пяс-
чаным дном і з крыштальна чыстай вадой, у якой вельмі добра было купацца.
Ужо прыцемкам яны павольна, трымаючы адно аднаго за рукі, вярталіся сцежкай дамоў, бадзёрыя і шчаслівыя. Птушкі майна весела шчабяталі ў какосавым гаі. Прыходзіла ноч, і вялікае неба з залатымі зоркамі здавалася шырэйшым, чым у Еўропе, а лёгкі ветрык прадзімаў іх хаціну. Але і гэтая доўгая ноч здавалася ім занадта кароткай.
Ёй было шаснаццаць, а яму ледзь мінула дваццаць гадоў. Золак пранікаў між слупоў хаціны і глядзеў на гэтых цудоўных дзяцей, што спалі ў абдымках адно аднаго. Сонца, каб не патурбаваць іх, спачатку хавалася за лісцем бананаў, а потым яго залаты прамень, нібыта лапка ангорскай кошкі, ласкава кратаў іх твары. Яны расплюшчвалі сонныя вочы і з усмешкай сустракалі новы дзень.
Прайшлі тыдні, месяцы, год. Яны, здавалася, кахалі адно аднаго гэтак жа — я не хачу сказаць палка, таму што ў палкасці заўсёды ёсць крыху маркоты, горычы ці пакуты,— але гэтак жа бязмежна, гэтак жа проста і натуральна, як у той дзень, калі ўпершыню сустрэліся і зразумелі, што ў іх пасялілася бажаство.
Я ўпэўнены, што яны і не думалі, што іх каханне калі-небудзь можа скончыцца. Няўжо мы не ведаем, што галоўнае ў каханні — гэта вера ў тое, што яно працягнецца вечна. Але ўсё ж такі, мабыць, у Рыжага ўжо недзе ў глыбіні хавалася маленькае зерне перасыці, пра што ні дзяўчына, ні ён сам не здагадваліся, калі аднойчы туземец прыехаў з берага і сказаў, што непадалёку стаіць на якары англійскі кітабойны карабель.
— Вось добра! — сказаў Рыжы,— Мо пайсці да іх ды памяняць арэхі і бананы на фунты з два тытуню.
Цыгарэты з панданавых лістоў, якія Салі рабіла яму, былі моцныя і даволі прыемныя, але яны не задавальнялі яго; яму раптам вельмі захацелася сапраўд-
нага тытуню, пахучага, моцнага. Месяцаў колькі ён не курыў люлькі, і цяпер, калі ён падумаў пра гэта, у яго слінкі пацяклі.
Можна было чакаць, што Салі пачуе нядобрае і адгаворыць яго, аднак каханне было такім моцным, што яна і думаць не магла, што знойдзецца на зямлі такая сіла, якая можа адняць у яе Рыжага. Яны разам пайшлі на пагоркі, назбіралі вялікі кош дзікіх апельсінаў, зялёных, але салодкіх і сакавітых; каля хаціны яны набралі бананаў, какосавых арэхаў, пладоў хлебнага дрэва і манга і ўсё гэта прынеслі на бераг. Паклаўшы ўсё гэта ў човен, Рыжы разам з тутэйшым хлопчыкам, тым самым, што паведаміў пра карабель, паплыў за рыф.
Больш Салі яго ніколі не бачыла.
На другі дзень хлопчык вярнуўся адзін, у слязах. Ён расказаў, што, калі яны падплылі да карабля, Рыжы крыкнуў нешта, выйшаў белы чалавек і паклікаў іх наверх. Рыжы ўзяў з сабой садавіну і падняўся на палубу. Белы загаварыў з Рыжым, і яны, відаць, аб нечым дамовіліся. Адзін з матросаў прынёс тытуню. Рыжы адразу напхаў люльку і закурыў. Хлопчык паказаў, з якой асалодай ён зацягнуўся і выпусціў вялікі клуб дыму.
Потым яму неіпта сказалі, і ён зайшоў у каюту.
Хлопчык бачыў праз адчыненыя дзверы, як прынеслі пляшку і шклянкі. Рыжы піў і курыў.
Белыя, мабыць, спыталіся пра нешта, таму што ён пакруціў галавой і засмяяўся. Чалавек, які першы загаварыў з ім, таксама смяяўся і зноў наліў у шклянку Рыжаму. Яны гутарылі і пілі, а хлопчык урэшце стаміўся сачыць за імі, бо не мог зразумець таго, што адбываецца, скурчыўся на палубе і заснуў.
Прачнуўся ён ад штуршка, ускочыў на ногі і ўбачыў, што карабель павольна выходзіць з лагуны. Рыжы моцна спаў, паклаўшы цяжкую галаву на рукі.
Хлопчык памкнуўся быў да яго, каб пабудзіць, але чыясьці рука груба схапіла яго за плячо, і пануры матрос аблаяў хлопца на незразумелай мове, падштурхнуў яго да борта. Тады хлопчык гукнуў Рыжага, але ў той жа момант яго схапілі і выкінулі ў ваду. Хлопчык зразумеў, што ўжо нічога не выправіць; ён падплыў да чоўна, мго быў недалёка ад рыфа, і ўвесь у слязах пачаў веславаць да берага.