Апавяданні  Уільям Сомерсет Моэм

Апавяданні

Уільям Сомерсет Моэм
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 223с.
Мінск 1990
49.65 МБ
Растлумачыць усё можна было вельмі лёгка. На кітабойным судне не хапала матросаў — ці то яны хварэлі, ці то разбегліся — і капітан прапанаваў Рыжаму завербавацца, а калі той адмовіўся, падпаіў яго і проста звёз.
Салі вельмі бедавала. Тры дні яна страшэнна плакала. Туземцы стараліся яе супакоіць, але дарэмна. Яна нічога не хацела есці. А потым ёю авалодала апатыя.
Доўгія дні яна сядзела на беразе, не зводзячы вачэй з лагуны, усё спадзявалася, што Рыжы як-небудзь выкруціцца. Яна гадзінамі сядзела на белым пяску, і слёзы вялікімі кроплямі беглі па шчоках, а пад вечар стомленая вярталася праз рэчку ў хаціну, дзе яны некалі былі шчаслівыя. Людзі, з якімі яна жыла перад тым, як на востраве з’явіўся Рыжы, клікалі яе назад, але яна адмовілася: яна была ўпэўнена, што Рыжы вернецца, і хацела, каб ён знайшоў яе там, дзе пакінуў.
Праз чатыры месяцы яна нарадзіла мёртвае дзіця, і бабуля, якая прыйшла дапамагчы ёй, засталася жыць у яе хаціне.
Радасць знікла з яе жыцця. Хоць з цягам часу боль крыху прытупіўся, на змену яму прыйшла заўсёдная меланхолія. Цяжка ўявіць, што сярод гэтага народа, чые пачуцці моцныя, але хуткабежныя, знойдзецца жанчына, здольная на такое каханне. Яна верыла, што рана ці позна Рыжы вернецца. Яна чакала яго, і кожны раз, калі хто-небудзь ішоў праз масток, яна паднімала галаву, спадзеючыся ўбачыць яго...
Нэйлсан змоўк і ўздыхнуў.
— Што ж было далей? — спытаўся шкіпер.
Нэйлсан усміхнуўся.
— Праз тры гады яна сьішлася з другім белым.
— Гэтак у іх звычайна і бывае,— сказаў шкіпер з цынічнай усмешкай.
Швед з нянавісцю зірнуў на яго. Ён не ведаў, чаму гэты грубы таўстун выклікаў у яго агіду. Але неўзабаве думкі вярнулі яго ў мінулае.
Яны вярнулі яго на дваццаць пяць гадоў назад, калі ён упершыню прыехаў на востраў з Апія, які надакучыў яму сваім п’янствам, азартнымі гульнямі і грубай распустай. Ён быў цяжка хворы і хацеў звыкнуцца з думкай аб крушэнні кар’еры, з якой звязана было шмат надзей. Ен адкінуў думку аб ненатоленай прагнасці да пашаны і прымусіў сябе змірыцца з некалькімі месяцамі асцярожнага жыцця, на якія ён мог разлічваць, калі будзе сябе берагчы.
Ён пасяліўся ў метыса-гандляра, які меў краму на беразе, за дзве мілі адсюль, на ўскраіне тутэйшай вёскі. Аднойчы, гуляючы па сцежках сярод какосавых пальмаў, ён натрапіў на хаціну, у якой жыла Салі. Прыгажосць гэтага кутка прывяла яго ў вялікае захапленне. I тут ён убачыў Салі.
Прыгажэйшага стварэння ён яшчэ ніколі не сустракаў, а смутак яе цудоўных чорных вачэй выклікаў у ім дзіўныя думкі. Канакі — прыгожы народ, але прыгажосць іх хутчэй нагадвае прыгажосць жывёліны. Яна пустая. Аднак у трагічных вачах Салі хавалася нейкая таямніца; у іх адбівалася разгубленасць і горыч зраненай душы. Гандляр распавядаў яму гісторыю Салі, і яна вельмі яго ўзрушыла.
— Як вы думаеце, Рыжы калі-небудзь вернецца? — спытаўся Нэйлсан.
— Дзе там! 3 камандай разлічацца не раней чым праз гады два, а за гэты час ён забудзе і думаць пра
Салі. Упэўнены, што, калі ён прачнуўся і зразумеў, што яго наўмысна падпаілі, каб звезці, учыніў скандал і бойку. Але ўрэшце скарыўся, а праз які месяц ён, відаць, быў вельмі рады, што ўсё так атрымалася.
Нэйлсан не мог выкінуць з галавы гэтую гісторыю. Мабыць, менавіта таму, што сам ён быў хворы, кволы і несімпатычны, ён з вялікай павагай ставіўся да людзей прыгожых. Ніколі ў жыцці ён моцна не кахаў, і тым болып ніхто моцна не кахаў яго. Немаведама чаму каханне гэтых двух юных стварэнняў хвалявала і радавала яго. У гэтым каханні ўвасаблялася прыгажосць Вечнасці.
Ён зноў пайшоў да маленькай хаціны ля рэчкі. У яго былі здольнасці да замежных моў і жывы розум, які звык заўсёды працаваць. Ён прысвяціў ужо нямала часу вывучэнню тутэйшай мовы. I цяпер ужо па звычцы ён збіраў матэрыял для навуковай працы па мове самоанцаў.
Старая, што жыла разам з Салі, запрасіла яго ў rocpi. Яна пачаставала яго кавай і цыгарэтамі. Яна была вельмі радая, што ёсць з кім пагутарыць, а ён, пакуль яна нешта апавядала, назіраў за Салі. Яна нагадвала яму Псіхею з Неапалітанскага музея. У яе быў такі ж правільны і чысты твар, юная, як у дзяўчынкі, постаць.
Толькі пасля другой ці трэцяй сустрэчы Нэйлсан пачуў яе голас. Але і тады яна парушыла маўчанне, каб запытацца, ці не сустракаў ён у Апіі чалавека па мянушцы Рыжы. Два гады прайшло, як той знік, але было відавочна, што яна ўвесь час думае пра яго.
Неўзабаве Нэйлсан зразумеў, што закахаўся. Вельмі цяжка яму было прымусіць сябе не хадзіць да рэчкі кожны дзень, але, нават калі ён і не бачыў Салі, усе яго думкі былі аб ёй.
Спачатку ён толькі хацеў бачыць яе, хаця б зрэдку чуць яе голас, і каханне гэтае было для яго крыніцай вялікага шчасця. Ён радаваўся чысіцні свайго пачуц-
ця. Яму ад Салі нічога не трэба было, яму хапала толькі марыць пра гэтую чароўнай прыгажосці дзяўчыну.
Свежае паветра, спрыяльны клімат, адпачынак, простая ежа цудоўна паспрыялі яго здароўю. Начамі ў яго больш не павышалася тэмпература, ён ужо менш кашляў і крыху папаўнеў; паўгода ў яго не было крывахаркання, і тады ён раптам зразумеў, іпто, мабыць, ачуняе. Ён пільна вывучыў сваю хваробу, і ў яго з’явілася надзея, што ён можа ад яе пазбавіцца.
Магчымасць зноў думаць пра будучае натхніла яго. Ён пачаў строіць планы. Зразумела, што ні аб якай актыўнай дзейнасці і гаворкі быць не магло, ён будзе жыць на востраве, яго невялікага даходу, на які цяжка было б пражыць дзе-небудзь у Еўропе, тут хопіць. Ен будзе вырошчваць какосавыя пальмы, чым не занятак; перавязе сюды свае кнігі і раяль. Але вельмі хутка ён зразумеў, што ўсімі гэтымі планамі імкнецца схаваць сваё моцнае каханне, што цалкам ім авалодала.
Яму была патрэбна Салі. Ён кахаў не толькі яе прыгажосць, але і душу, якая ўгадвалася па яе пакутніцкім позірку. Ён затуманіць яе сваёю палкасцю. Прымусіць яе забыцца. I ў марах сваіх ён уяўляў, што дасць ёй тое шчасце, якое лічыў для сябе згубленым і якое цяпер зноў знайшоў.
Ён прапанаваў ёй жыць з ім. Яна адмовілася. Гэта не было яму нечаканасцю. Але ён быў упэўнены, што рана ці позна яна ўступіць. Яго каханне пераможа.
Ён падзяліўся са старой сваімі планамі і здзівіўся, што і яна і суседзі даўно ўжо настойліва ўгаворвалі Салі прыняць яго прапанову. Гэта ж кожная тутэйшая кабета імкнецца стаць гаспадыняй у доме белага чалавека, а Нэйлсан, на тутэйшыя меркі, быў яшчэ і багаты.
Гандляр, у якога Нэйлсан жыў, пайшоў да Салі і ўгаворваў яе не быць дурніцай; больш такой магчы-
масці не будзе, і цяпер, калі прайшло столькі часу, няма чаго і думаць, што Рыжы вернецца.
Тое, што дзяўчына адмовіла яму, ператварыла чыстае раней Нэйлсанава каханне ў неадчэпную ідэю. Ён цвёрда вырашыў пераадолець усе перашкоды. He даваў Салі спакою. Урэшце яна паддалася яго настойлівасці, то ласкавым, то сярдзітым угаворам і скарылася.
Але калі назаўтра ён, радасны і шчаслівы, прыйшоў да яе, высветлілася, што ўначы яна спаліла хаціну, у якой некалі жыла з Рыжым, Старая выбегла яму насустрач, лаяла Салі, але ён адмахнуўся ад яе. Яны пабудуюць бунгала на тым месцы, дзе стаяла хаціна. У еўрапейскім доме жыць лепш, калі ён збіраецца перавезці сюды свае кнігі і раяль.
Так з’явіўся драўляны дом, у якім ён і пражыў шмат гадоў, і Салі стала яго жонкаю. Аднак за першыя тыдні, калі Нэйлсан задавольваўся тым, што яна яму давала, шчасця ён не адчуў. Яна скарылася, стомленая ўгаворамі, але дала яму толькі тое, што цаніла невысока. Душа яе, якую ён імкнуўся зразумець, яму так і не належала. Ён адчуваў, што яна абыякавая да яго. Яна ўсё яшчэ кахала Рыжага і чакала, што той вернецца. Нэйлсан ведаў, што, нягледзячы на каханне, яго пяшчоту, падтрымку і шчодрасць, яна б кінула яго, як толькі Рыжы паклікаў бы. Нават і не падумала б, як бы Нэйлсан пакутаваў.
Яму было вельмі цяжка, ён спрабаваў прабіць гэтую сцяну, што стварыла яна вакол сябе. Горкае гэта было каханне. Ён імкнуўся растапіць Саліна сэрца дабрынёй, але яно заставалася такім жа халодным, ён прыкідваўся абыякавым — яна не заўважала. Часам ён ускіпаў і пачынаў лаяцца, тады яна моўчкі плакала. Іншы раз ён думаў, што сам сябе падмануў, сам прыдумаў яе душу і таму не здолее ў гэту душу пранікнуць, што яе ўвогуле няма.
Яго каханне стала турмой, з якой ён хацеў .збегчы, але ў яго не хапала сілы проста адчыніць дзверы — больш і не трэба — і выйсці на свабоду. Што за пакуты гэта былі, і ўрэшце ён згубіў надзею і ўжо больш не адчуваў болю. Полымя яго кахання згасла, і, калі ён бачыў, што позірк яе на якую хвіліну затрымліваецца на мастку, ён больш ужо не злаваўся. Яны пражылі разам шмат гадоў, прывыклі адно да аднаго, і цяпер ён з усмешкай успамінаў сваё былое каханне. Яна ўжо амаль старая, таму што на астравах жанчыны хутка старэюць, і ён ужо даўно не кахаў яе, навучыўся ставіцца да яе абыякава. Яна яму больш не патрэбная. Яму цяпер хапае кніг і раяля.
Гэтыя думкі прымусілі Нэйлсана загаварыць зноў.
— Калі я азіраюся назад і думаю пра нядоўгае, але цудоўнае каханне Рыжага і Салі, я лічу, ім пашанцавала, што лёс разлучыў іх, калі каханне было ў зеніце. Яны пакутавалі, праўда, але пакуты гэтыя былі прыгожыя. Сапраўдная трагедыя кахання абмінула іх.
— Я нешта не разумею вас,— сказаў шкіпер.
— Трагедыя кахання — гэта не смерць і не разлука. Хто ведае, колькі б гэта ў іх цягнулася. Як цяжка глядзець на жанчыну, якую некалі кахаў усім сэрцам, усёй душою — кахаў так, што і хвіліны без яе жыць не мог,— і разумець, што зусім не засмуціўся б, калі б больш яе не ўбачыў. Трагедыя кахання — гэта абыякавасць.
Пакуль Нэйлсан гаварыў, адбылося нешта вельмі дзіўнае. Хоць ён і звяртаўся да шкіпера, гаварыў ён не з ім; ён проста выказваў свае думкі сабе самому, пры гэтым глядзеў на чалавека, што сядзеў перад ім. Але раптам у думках яго ўзнік вобраз — вобраз не гэтага чалавека, што сядзеў насупраць, а другога. Ён нібы глядзеў у крывое люстэрка, якое робіць чалавека незвычайна тоўстым ці вельмі доўгім, толькі цяпер усё
было наадварот: у гэтым брыдкім таўстуне ён раптам на нейкае імгненне ўбачыў вобраз юнака.
Ён уважліва паглядзеў на свайго госця. Чаму выпадковы шпацыр прывёў яго менавіта сюды?
У яго знянацку скаланулася сэрца. Недарэчнае падазрэнне раптам нарадзілася ў ім. Гэта здавалася неймаверным, але...