• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апавяданні  Уільям Сомерсет Моэм

    Апавяданні

    Уільям Сомерсет Моэм

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 223с.
    Мінск 1990
    49.65 МБ
    — Ну, цяпер усе цяжкасці мінуліся,— ласкава гаварыў ён.— Тое-сёе можна адкласці і на чорны дзень, a надакучыць наш нумар публіцы, я прыдумаю што-небудзь яшчэ.
    I вось цяпер, калі поспех прыйшоў, Стэла збіраецца ўсё кінуць. Ён не ведаў, што і казаць. На сэрцы ў яго кошкі скраблі. Ен любіў яе цяпер яшчэ мацней, чым тады, як пажаніліся. Ён кахаў яе за ўсё тое, што давялося разам перажыць. Неяк амаль тыдзень дзялілі яны кавалак хлеба і кубачак малака на дваіх у дзень. Ён любіў яе за тое, што яна выцягнула яго з гэтага жахлівага жыцця. Цяпер у яго зноў былі модныя гарнітуры і ежа тры разы на дзень. Невыносна было бачыць пакуту ў гэтых любых шэрых вачах. Стэла нясмела дакранулася да яго рукі. Ён глыбока ўздыхнуў.
    — Ты ж ведаеш, што гэта для нас азначае. У гатэлях усе сувязі страцілі. Калі нават там і ёсць работа, яны знойдуць каго маладзейшага. Ты ж ведаеш, што трэба гэтым пажылым кабетам — ім падавай хлапчукоў — дый потым, росту я невялікага. Іншая справа, калі ты малады, тады гэта не галоўнае. Што гаварыць, на свае трыццаць я ўжо не выглядаю.
    — Можа, нам паспрабаваць здымацца ў кіно?
    Ён паціснуў плячыма. Аднойчы яны ўжо такую спробу рабілі, калі не было чаго есці.
    — Я згодна на любую работу. Хоць прадаўшчыцай у краму.
    — Ты думаепі, работа на дарозе валяецца?
    Яна зноў заплакала.
    — He плач, дарагая, не муч мяне.
    — Мы ж адклалі трохі грошай.
    — Адклалі. На паўгода мо хопіць. А потым што? Спачатку папрадаем усялякую дробязь, а тады і адзежу, як раней. Танцы па заняпалых піўных за бясплатную вячэру і пяцьдзесят франкаў за ноч. Тыдні без работы. I ўрэшце — марафон, кожны раз, калі аб’явяць. Дый ці будзе публіка намі цікавіцца?
    — Я ведаю, Сід, ты думаеш, з майго боку гэта неразумна.
    Ён уважліва паглядзеў ёй у вочы, поўныя слёз, ласкава ўсміхнуўся.
    — He, дарагая, я так не думаю. Я хачу, каб табе было добра. Ты ж ведаеш, акрамя цябе, у мяне нікога няма. Я кахаю цябе.
    Ён сціснуў яе ў абдымках, чуў, як б’ецца яе сэрца. Калі Стэла так да гэтага ставіцца, нічога не зробіш. I праўда, а што, калі разаб’ецца? He, не, лепш усё кінуць, бог з імі, з грашыма.
    Яна зрабіла спробу вызваліцца.
    — Ты што, дзяўчынка?
    Стэла ўстала, падышла да туалетнага століка.
    — Ну, мне пара, відаць, рыхтавацца да выхаду. Ад нечаканасці ён падскочыў.
    — Ты не будзеш сёння скакаць.
    — I сёння, і кожны дзень, пакуль не разаб’юся. Што ж рабіць? Ты маеш рацыю, Сід, я разумею. I праўда, я не магу вярнуцца зноў у тыя смярдзючыя нумары танных гатэляў і каб зноў не было чаго есці. А гэтыя марафоны. I навошта ты толькі пра іх успомніў? Цэлыя дні рухаешся ў танцы, знясіленая, брудная, a потым усё ж такі выходзіш з гульні, бо сілы больш няма. Можа, і праўда, пратрымаюся яшчэ з месяц, а тады ў нас будуць грошы і можна што-небудзь іншае падшукаць.
    — He, дарагая, я так не магу. Кінем гэта. Як-небудзь уладкуемся. Мы з табой і раней галадалі, пагаладаем яшчэ, не прывыкаць.
    Стэла раптам скінула з сябе адзежу і павярнулася да люстэрка. Яна бязлітасна ўсміхалася свайму адбітку. '—■
    — Нельга падманваць публіку,— жорстка сказала яна.
    РЫЖЫ
    Шкіпер засунуў руку ў кішэню штаноў і насілу — ён быў таўстун, а кішэні нехта надумаў зрабіць не па баках, а спераду — выцягнуў вялікі сярэбраны гадзіннік. Зірнуўшы на стрэлкі, перавёў позірк на сонца, якое ўпэўнена хілілася да захаду.
    Канак-рулявы паглядзеў на яго, але прамаўчаў. Шкіперавы вочы ўтаропіліся ў востраў, да якога яны падплывалі. Белая палоса пены пазначала рыф. Ён ведаў, там недзе павінен быць праход, досыць шырокі, каб прайсці судну, і разлічваў убачыць яго, як толькі падыдуць крыху бліжэй.
    Праз якую гадзіну цемра ахутае востраў. Лагуна там глыбокая і зручная для якарнай стаянкі. Старэйшына вёскі, хаткі якой ён ужо бачыў сярод какосавых пальмаў,— сябар яго памочніка, таму ноч на беразе абяцала быць прыемнай.
    Падышоў памочнік, і шкіпер павярнуўся да яго.
    — Трэба захапіць з сабой пляшку, а там запросім дзяўчат на танцы.
    — Я не бачу праходу,— сказаў памочнік.
    Гэта быў канак, прыгожы, смуглы, паўнаваты хлопец, які крыху нагадваў кагосьці з апошніх рымскіх імператараў. Твар яго быў худы, з тонкімі правільнымі рысамі.
    — Я ўпэўнены, што праход недзе тут,— сказаў шкіпер, гледзячы ў бінокль.— Розумам не дайду, дзе ж ён. Хай хто-небудзь з хлопцаў паглядзіць з мачты.
    Памочнік шкіпера паклікаў аднаго матроса і аддаў загад. Шкіпер сачыў, як матрос узбіраецца на мач-
    ту, і пачаў чакаць, што той скажа. Але канак крыкнуў, што нічога не бачыць, акрамя адной лініі пены. Шкіпер, які ведаў мову самоа не горш за туземцаў, моцна вылаяўся.
    — Сядзець яшчэ яму там? — спытаўся памочнік.
    — Якая карысць! — раззлаваўся шкіпер.— Гэты дурань усё роўна нічога не бачыць. Быў бы я там, наверсе, я б ужо праход знайшоў як піць даць!
    Ён са злосцю паглядзеў на тонкую мачту. Добра туземцам, усё жыццё яны лазяць па какосавых пальмах! Ён жа занадта поўны і цяжкі.
    — Злазь! — крыкнуў ён.— 3 цябе карысці як з казла малака. Трэба ісці ўздоўж рыфа, пакуль не знойдзем праход.
    Яго сямідзесяцітонная парусная шхуна мела дадатковы рухавік і, калі не было сустрэчнага ветру, ішла з хуткасцю чатыры-пяць вузлоў. Гэта была даволі пашарпаная старая пасудзіна. Немаведама калі яна была пафарбавана ў белы колер, але цяпер выглядала бруднай і аблезлай і наскрозь прапахла копрай і газай, сваім звычайным грузам.
    Яны знаходзіліся за сто футаў ад рыфа, і шкіпер загадаў рулявому ісці ўздоўж, пакуль не знойдуць праход. Так прайшлі каля дзвюх міль, і шкіпер зразумеў, што праход яны прамінулі. Тады ён павярнуў шхуну і зноў пайшоў уздоўж рыфа. Палоса пены ўсё цягнулася, праходу не відаць, а сонца ўжо было нізка. Праклінаючы тупасць сваёй каманды, шкіпер вырашыў чакаць да раніцы.
    — Паварочвай! — загадаў ён.— Тут нельга кідаць якар.
    Яны адышлі далей у мора, і хутка ўсё ахутала цемра. Яны кінулі якар. Калі скруцілі парусы, шхуну пачало моцна гайдаць на хвалях. У Апіі казалі, што яна калі-небудзь перавернецца дагары нагамі. Нават яе гаспадар, амерыканскі немец, які меў адзін з найлепшых
    магазінаў у порце, казаў, што ні за якія грошы не згадзіўся б выйсці на ёй у мора.
    Кок-кітаец, у белых, вельмі брудных і падраных портках і белай кашулі, абвясціў, што вячэра на стале. Калі шкіпер спусціўся ў каюту, механік ужо сядзеў там. Гэта быў цыбаты чалавек з худой шыяй, у сінім камбінезоне і цяльняшцы. Худыя рукі яго ад локця да кісці былі ў татуіроўцы.
    — Чартоўскі непрыемна правесці ноч у моры,— незадаволена сказаў шкіпер.
    Механік нічога не адказаў, вячэралі яны моўчкі. Каюту асвятляла цьмяная газная лямпа. Пасля абрыкосавых кансерваў, пад канец вячэры, кітаец прынёс чай. Шкіпер закурыў цьігару і падняўся на палубу. Цяпер востраў ледзь вызначаўся на фоне начнога неба. Ярка гарэлі зоркі. Толькі шум прыбою парушаў цішыню. Шкіпер сядзеў у шэзлонгу і спакойна курыў. Неўзабаве на палубу падняліся некалькі матросаў і селі паблізу. У аднаго ў руках было банджа, у другога канцэрціна. Яны зайгралі, а адзін з іх заспяваў. Дзіўна, ненатуральна гучала туземная песня пад гукі гэтых інструментаў. Потым два матросы, што сядзелі і слухалі, пачалі танцаваць. Гэта быў танец варвараў, дзікі, першабытны, хуткі, з рэзкімі рухамі рук і ног, з сутаргавым матляннем усяго цела. Гэта быў шчыра жывёльны танец, мудрагелісты, але без тайны, да такой ступені непасрэдны, што яго можна было назваць дзіцячым.
    Урэшце, стаміўшыся, матросы палеглі тут жа на палубе і заснулі. Стала ціха.
    Шкіпер цяжка падняўся з шэзлонга і спусціўся ўніз па трапе. У сваёй каюце ён раздзеўся і лёг. Ад начной духаты ён крыху задыхаўся.
    Раніцай, калі над ціхамірным морам пачало днець, яны ўбачылі крыху далей на ўсход той самы праход, які так і не знайшлі ўвечары. Шхуна зайшла ў лагуну.
    Вада была надзвычай спакойная. Глыбока ўнізе, паміж караламі, мітусіліся рознакаляровыя рыбкі.
    Кінулі якар, шкіпер добра паснедаў і падняўся на палубу. У бязвоблачным небе шчыра свяціла сонца, але ў паветры яшчэ адчувалася жыватворчая ранішняя прахалода. Была нядзеля, наўкола панавалі спакой і цішыня, быццам сама прырода адпачывала, ад усяго гэтага незвычайны спакой авалодаў і шкіперам. Ён сядзеў, ляніва аглядаючы лясісты бераг. Потым вусны яго кранула ледзь прыкметная ўсмешка, і ён пстрыкнуў недакуркам.
    — Прыспеў час і на бераг,— сказаў ён.— Шлюпку!
    Ён няспрытна спусціўся ў лодку, і весляры прывезлі яго ў маленькую бухту.
    Тут пальмы раслі каля самай вады, не радамі, але ў нейкім пэўным парадку. Яны нагадвалі кардэбалет з векавух, легкадумных, нягледзячы на ўзрост, якія пазастывалі ў грацыёзных манерных позах былых часоў.
    Шкіпер пайшоў па ледзь прыкметнай у густой траве сцежцы. Неўзабаве яна вывела яго да рэчкі. Праз яе быў перакінуты масток, дакладней, і не масток, а тузін пальмавых ствалоў, шчыльна пакладзеных адзін да аднаго на драўляныя развілкі. Трэба было прайсці па гладкіх бярвёнах, вузкіх і слізкіх, не маючы рукам апоры. Толькі храбры і спрытны чалавек мог зрабіць гэта.
    Шкіпер прыпыніўся, трохі завагаўся. Але на другім беразе сярод дрэў стаяў еўрапейскага тыпу будынак. Гэта прымусіла яго адважыцца асцярожна ступіць на першае бервянб. Ён вельмі старанна разлічваў кожны свой крок, аднак на стыку розных па таўшчыні ствалоў разоў колькі ледзь не ўпаў. Урэшце дабраўся да апошняга ствала і з палёгкай уздыхнуў, ступіўшы нагой на зямлю. Заняты цалкам пераправай, ён і не заўважыў, што за ім сачылі, таму схамянуўся, калі пачуў:
    — Трэба мець жалезныя нервы, каб хадзіць па такіх мастках.
    Шкіпер падняў галаву і ўбачыў перад сабой чалавека. Мабыць, той выйшаў з дому, што там, за дрэвамі.
    — Я бачыў, вы не адразу адважыліся,— усміхнуўся незнаёмец.— Думаў, вы вось-вось кульнецеся ў ваду.
    — Каб хоць не так,— сказаў шкіпер, да якога зноў вярнулася самаўпэўненасць.
    — Мне тут і самому даводзілася часам падаць. Помню, неяк увечары вяртаўся з палявання і боўтнуўся ў ваду ў вопратцы, са стрэльбаю. Цяпер я звычайна бяру хлопчыка, каб насіў стрэльбу.
    Немалады ўжо чалавек з пасівелай бародкай і хударлявым тварам, ён быў у кашулі без рукавоў і ў парусінавых штанах, але без шкарпэтак і чаравікаў. Паанглійску ён гаварыў з ледзь прыкметным замежным вымаўленнем.