Апавяданні
Уільям Сомерсет Моэм
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 223с.
Мінск 1990
— Вы Нэйлсан? — спытаўся шкіпер.
— Ён самы.
— Чуў пра вас. Так і думаў, што вы недзе тут пасяліліся.
Ён рушыў за Нэйлсанам у маленькае бунгала і тут стомлена апусціўся ў крэсла.
Пакуль Нэйлсан хадзіў па віскі і келіхі, шкіпер агледзеў пакой.
Яго ўразіла вялікая колькасць кніг. Усе чатыры сцяны, ад падлогі да столі, займалі паліцы з кнігамі. Быў тут і раяль, завалены нотамі, і вялікі стол з кнігамі і часопісамі.
Пакой здзівіў шкіпера, але ён успомніў, што Нэйлсан славіўся ў наваколлі як дзівак. Ніхто пра яго амаль нічога не ведаў, хаця ён пражыў на астравах шмат гадоў. Аднак тыя, каму давялося з ім сустракацца, казалі, што ён вялікі дзівак. Па нацыянальнасці ён быў швед.
— Багата ж у вас кніг,— сказаў шкіпер, калі Нэйлсан вярнуўся.
— Яны не шкодзяць,— адказаў Нэйлсан з усмешкай.
— Няўжо ўсё гэта вы прачыталі? — пацікавіўся шкіпер.
— Большасць з іх.
— Я і сам аматар пачытаць. Увесь час атрымліваю «Сэтэрдэй іўнінг пост».
Нэйлсан прапанаваў госцю шклянку віскі і цыгару. Шкіпер вырашыў тое-сёе расказаць пра сябе.
— Я прыплыў сюды ўчора пад вечар, але не знайшоў праходу, таму кінуў якар у моры. Я тут стаянкі не ведаю, але гаспадар загадаў прывезці сюды такісякі груз. Грэю. Вы ведаеце яго?
— Ведаю. У яго тут недалёка крама.
— Дык вось яму патрэбны кансервы, а ў яго ёсць копра. Таму і вырашылі, чым мне без справы стаяць у Апіі, лепш плыць сюды. Я звычайна плаваю між Апіяй і Пага-Пага, але там у іх цяпер воспа.
Ён глынуў віскі і закурыў цыгару. Шкіпер быў маўчун, але Нэйлсан чымсьці раздражняў яго і прымушаў гаварыць. Швед сачыў за ім сваімі вялікімі чорнымі вачыма, у якіх мільгала лёгкая ўсмешка.
— У вас тут выдатнае месца.
— Але, крыху давялося папрацаваць.
— Вашы дрэвы, мабыць, даюць вялікі даход. Добрыя дрэвы, а копра цяпер у цане. У мяне самога была некалі маленькая плантацыя на Іполу, але потым мусіў прадаць.
Шкіпер зноў агледзеў пакой, завалены кнігамі, незразумелымі, таму, здавалася, варожымі яму.
— Вам тут, відаць, маркотна,— сказаў ён.
— Нічога, я чалавек звыклы, вось ужо дваццаць пяць гадоў, як я тут.
Шкіпер моўчкі курыў, не ведаючы, пра што яшчэ гаварыць. А Нэйлсан, відавочна, не хацеў парушаць маўчання. Ён задумліва разглядаў свайго госця. Гэта быў высокі чалавек, вышэй шасці футаў, таўстун, з поўным у чырвоных плямах і фіялетавых прожылках на шчоках тварам. Налітыя крывёю вочы, магутная шыя. Ён быў зусім лысы, калі не лічыць доўгіх кучаравых і амаль белых пасмаў на патыліцы. Высокі бліскучы лоб замест таго, каб паказваць на вялікі розум, наадварот, рабіў твар яго дурнаватым. На ім былі блакітная фланелевая кашуля і даволі паношаныя сінія штаны.
Сядзеў госць у крэсле, выпнуўшы жывот і шырока расставіўшы тоўстыя ногі. Цела яго страціла гнуткасць. Нэйлсан спытаўся ў сябе, як мог выглядаць гэты чалавек у маладосці. Амаль немагчыма было ўявіць сабе, што гэтая туша была некалі гарэзлівым хлопчыкам.
Шкіпер выпіў віскі, і Нэйлсан падсунуў пляшку бліжэй да яго.
— Частуйцеся.
Шкіпер нахіліўся і ўзяў пляшку сваёй вялізнай лапай.
— А як вы тут апынуліся? — спытаўся ён.
— Я прыехаў сюды з-за свайго здароўя, з-за хворых лёгкіх, дактары казалі, што і года не працягну. Як бачыце, яны памыліліся.
— Я хацеў спытацца, як здарылася, што вы апынуліся менавіта тут?
— Я чалавек сентыментальны.
— А!..
Нэйлсан бачыў, што шкіпер нічагуткі не зразумеў, што ён хацеў гэтым сказаць, і ў яго вачах мільгануў кплівы агеньчык. Але, мабыць, менавіта таму, што шкіпер быў такі грубы і тупы, Нэйлсан вырашыў пагаварыць з ім.
— Калі вы ішлі па мастках, наўрад ці што-небудзь бачылі навокал, а гэта месца, між іншым, лічыцца вельмі прыгожым.
— Дый дом у вас харошы.
— Як я сюды прыехаў, яго якраз і не было. Тут стаяла круглая туземная хаціна з высокай страхой, пад вялікім дрэвам з чырвонымі кветкамі, акружаная, як плотам, кратонавымі кустамі з жоўтай, чырвонай, залацістай лістотай. Далей усюды раслі какосавыя пальмы, грацыёзныя, як жанчыны. Яны стаялі ля самай вады і круглы дзень любаваліся сваім адбіткам.
Я быў тады яшчэ малады — о божа, гэта было чвэрць стагоддзя таму назад! — і я стараўся нацешыцца ўсёй прыгажосцю свету за той нядоўгі час, што мне застаўся да смерці. Калі я ўпершыню сюды трапіў, у мяне дух зайшоўся, думаў, што заплачу. Ніколі ў жыцці не бачыў такой прыгажосці. Мне было ўсяго дваццаць пяць, і я храбрыўся — паміраць не хацелася. Мне тады здалося, што прыгажосць гэтага месца дапаможа мне пагадзіцца з лёсам... Калі я сюды прыехаў, адчуў, што ўсё маё мінулае жыццё некуды знікла — Стакгольм і Стакгольмскі універсітэт, і потым Бон, быццам гэта было нейкае чужое жыццё; быццам толькі цяпер я спазнаў тую рэальнасць жыцця, пра якую шмат гавораць нашы дактары філасофіі — між іншым, я і сам доктар філасофіі. «Адзін год,— сказаў я сабе,— мне застаўся адзін год. Я пражыву яго тут, а потым можна і памерці».
Якія мы неразумныя, сентыментальныя, меладраматычныя, калі нам дваццаць пяць, але, мабыць, калі б не гэта, мы не былі б такія ўмудроныя ў пяцьдзесят... Піце, дарагі, піце! He звяртайце ўвагі на маю балбатню.
Ен паказаў на пляшку, і шкіпер дапіў сваю шклянку віскі.
— А вы чаму самі не п’яце? — спытаўся ён, узяўшы пляшку.
— Я не п’ю,— усміхнуўся швед.— У мяне ёсць другая, больш тонкая магчымасць ап’янець. Але, можа, гэта проста фанабэрыя. Ва ўсякім разе, дзейнічае даўжэй, а вынікі менш згубныя.
— У Штатах, кажуць, цяпер нюхаюць какаін,— сказаў шкіпер.
Нэйлсан толькі ўсміхнуўся.
— He гэтак часта даводзіцца бачыць белых, мабыць, раз у жыцці глыток віскі мне не пашкодзіць.
Ён наліў сабе крыху ў шклянку, дабавіў содавай і трошкі адпіў.
— Урэшце я зразумеў, чаму гэта месца вызначаецца гэткай незямной прыгажосцю. Тут на імгненне затрымалася каханне, як пералётная птушка, якая, выпадкова напаткаўшы карабель сярод акіяна, села на мачту і ненадоўга склала свае стомленыя крылы. Boflap цудоўных пачуццяў панаваў у паветры, як пах свідзіны на лугах маёй радзімы ў маі. Мне здаецца, што там, дзе людзі моцна кахалі ці моцна пакутавалі, назаўсёды застаецца слабы водар пачуццяў, быццам яны цалкам не паміраюць, быццам гэтае месца набыло нейкую духоўную значнасць, якая нейкім чынам адбіваецца на тых, хто сюды трапляе. Шкада, што я не магу ўсё гэта больш зразумела выказаць,— ён усміхнуўся,— але ўсё адно, наўрад вы б і тады іпто-небудзь зразумелі з таго, што я хачу сказаць.
Нэйлсан крыху памаўчаў.
— Мабыць, гэта месца здавалася мне такім прыгожым, таму што тут я спаткаў каханне.— Ён паціснуў плячыма.— А мабыць, проста майму эстэтычнаму густу імпанавала ўдалае спалучэнне маладога кахання і адпаведнай аправы.
Нават чалавек не такі тупы, як шкіпер, наўрад ці што-небудзь скеміў бы з таго, пра што апавядаў Нэйлсан, які сам нібыта кпіў са сваіх слоў. Быццам пачуццё, што выклікала гэтую шчырасць, розуму здалося
смешным. Нэйлсан сам называў сябе сентыментальным, але калі да сентыментальнасці далучаецца скепсіс, з гэтага бог ведае што можа атрымацца.
Нэйлсан з хвіліну якую памаўчаў і раптам зірнуў на шкіпера з непрыхаванай цікаўнасцю.
— Ведаеце, мне ўвесь час здаецца, што я вас ужо недзе бачыў,— сказаў ён.
— He помню,— адказаў шкіпер.
— Дзіўна, але твар ваш мне быццам знаёмы, я ўсё хачу прыгадаць, дзе і калі вас сустракаў.
Шкіпер паціснуў плячыма.
— Ужо трыццаць гадоў я на астравах. Дзе ж тут запомніць усіх, з кім давялося сустракацца.
Швед паківаў галавой.
— Ведаеце, часам бывае, знаёмым здаецца месца, дзе ніколі не быў. Вось і цяпер я адчуваю прыкладна тое ж, калі гляджу на вас.— На твары яго з’явілася дзіўная ўсмешка.— Мабыць, вы былі начальнікам галеры ў старажытным Рыме, а я рабом ля вясла. Вы кажаце, пражылі тут трыццаць гадоў?
— Трыццаць, як адзін год.
— А не сустракалі вы чалавека па мянушцы Рыжы?
— Рыжы?
— Я ведаю яго толькі па гэтай мянушцы. Сустракацца нам не давялося. I ўеё ж я ўяўляю яго выразней, чым, скажам, сваіх братоў, якіх я бачыў дзень пры дні шмат гадоў. Ён жыве ў маім уяўленні, як Паола Малатэста або Рамэо. Зрэшты, вы, мабыць, не чыталі ні Дантэ, ні Шэкспіра?
— Мабыць, не,— адказаў шкіпер.
Нэйлсан, разваліўшыся ў крэсле, курыў цыгару і адсутным позіркам сачыў за струменьчыкам дыму ў нерухомым паветры. На вуснах яго гуляла ўсмепіка, але вочы былі сур’ёзныя.
Ён зірнуў на шкіпера. Празмерная сытасць яго вы-
клікала агіду. На твары ляжаў адбітак бязмежнага самазадаволення, характэрнага таўстунам. Гэта было абуральна і нервавала Нэйлсана. Аднак кантраст паміж створаным ім вобразам і госцем забаўляў яго.
— Здаецца, гэты Рыжы быў прыгажун. Я гутарыў з рознымі людзьмі, і з белымі таксама, якія ведалі яго ў тыя часы, і ўсе яны як адзін казалі, што ён быў вельмі прыгожы хлопец.
Рыжым яго звалі за вогненныя валасы, доўгія, кучаравыя ад прыроды. Мабыць, валасы былі менавіта таго колеру, па якім вар’яцелі ўсе гэтыя прадрафаэліты Ч He думаю, што ён вельмі ганарыўся сваёй шавялюрай — ён быў занадта просты,— але каб і ганарыўся, наўрад ці хто кпіў бы з гэтага.
Ён быў высокі, больш за шэсць футаў. У туземнай хаціне, якая тут раней стаяла, на цэнтральным слупе, што падтрымліваў страху, зарубкай быў адзначаны яго рост. Атлетычнага складу, як грэчаскі бог, шыракаплечы, з вузкімі клубамі. У яго постаці была тая мяккасць ліній, якую Праксіцель надаў свайму Апалону, і тая ж няўлоўная жаночая грацыя, хвалюючая і таямнічая. Скура яго была бялюткая, аксаміцістая, як у жанчыны.
— У мяне самога, як я быў хлапчуком, скура была вельмі белая,— сказаў шкіпер, і ў яго вачах мільганула ценем усмешка.
Але Нэйлсан нібыта і не чуў яго. Ён у захапленні распавядаў далей і не жадаў, каб яму перашкаджалі.
— Твар у яго быў такі ж цудоўны, як і постаць. Вялікія сінія вочы, такія цёмныя, што некаторыя казалі — чорныя. I, як рэдка бывае ў рыжых,— цёмныя
1 Групоўка англійскіх мастакоў і пісьменнікаў другой паловы XIX стагоддзя, якая імкнулася адрадзіць у сваёй творчасці шчырасць, наіўную рэлігійнасць ранняга Адраджэння (заўв. перакл.).
бровы і доўгія цёмныя вейкі. Правільньія рысы твару, а рот, як крывавая рана. Яму было тады дваццаць гадоў.— Тут швед вытрымаў драматычную паўзу і глынуў крыху віскі. Потым павёў апавяданне далей: — Непаўторны. He было чалавека, прыгажэйшага за яго. Гэта была дзіўная кветка на дзікай расліне — шчаслівы капрыз Прыроды.