Апавяданні
Уільям Сомерсет Моэм
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 223с.
Мінск 1990
кой лютасці? Містэр Джойс ведаў яе не першы год і заўсёды лічыў чалавекам ураўнаважаным; за гэтыя апошнія тыдні колькі ён шчыра дзівіўся, як ёй удаецца так добра валодаць сабой.
Містэр Джойс паціснуў плячыма.
«Відаць,— падумаў ён,— немагчыма высветліць, якія варварскія інстынкты закладзены ў характар вонкава прыстойных жанчын».
У дзверы пастукалі.
Увайшоў клерк-кітаец і зачыніў за сабой дзверы. Ён зачыніў дзверы павольна, асцярожна, але рашуча і падышоў да стала, за якім сядзеў містэр Джойс.
— Дазвольце патурбаваць вас, сэр? Маю невялікае прыватнага характару пытанне.
Містэра Джойса заўсёды крыху забаўляла вытанчанасць мовы яго клерка, таму ён усміхнуўся.
— Я слухаю, Цысэн,— сказаў ён.
— Справа, наконт якой я б хацеў пагаварыць з вамі, сэр, вельмі сакрэтная і далікатная.
— Гаварыце, гаварыце.
Вочы містэра Джойса і хітраватыя вочкі кітайца сустрэліся.
Як і заўсёды, Ван Цысэн быў адзеты па апошняй мясцовай модзе. Бліскучыя лакіраваныя чаравікі і яркія шаўковыя шкарпэткі. У чорным гальштуку шпілька з жамчужынай і рубінам, на безыменным пальцы брыльянтавы пярсцёнак. У кішэні выдатна пашытага белага пінжака — залатая самапіска і залаты аловак. Залаты гадзіннік на руцэ, на пераноссі — пенснэ без аправы. Ён далікатна кашлянуў.
— Гэта тычыцца справы Кросбі, сэр.
— Так?
— Я даведаўся пра адну акалічнасць, сэр, якая, як мне здалося, можа змяніць усю справу.
— Што гэта за акалічнасць?
— Мне стала вядома, сэр, аб існаванні запіскі, якую напісала наша падабаронная да няшчаснай ахвяры трагедыі.
— Нічога дзіўнага. Я думаю, за апошнія сем год місіс Кросбі не раз давялося пісаць містэру Хэманду.
Містэр Джойс высока цаніў свайго клерка і сказаў гэта толькі дзеля таго, каб утаіць свае думкі.
— Напэўна, сэр. Місіс Кросбі, мабыць, часта пісала містэру Хэманду, калі запрашала яго, скажам, на абед ці пагуляць у тэніс. Гэта была мая першая думка, калі мне паведамілі пра запіску. Але чаму запіску напісалі менавіта ў дзень смерці містэра Хэманда?
Містэр Джойс і вокам не міргнуў. Ён глядзеў на Ван Цысэна і, як заўсёды ў час гаворкі з ім, усміхаўся, нібыта забаўляючыся размовай.
— Як вы даведаліся?
— Пра запіску, сэр, мне паведаміў адзін мой знаёмы.
Містэр Джойс ведаў, што распытваць дарэмна.
— Сэр, я спадзяюся, вы помніце заяву місіс Кросбі, што яна некалькі тыдняў да таго ракавога вечара не мела ніякіх зносін з пацярпелым.
— Запіска ў вас?
— He, сэр.
— Што ў ёй напісана?
— Знаёмы даў мне копію. Хочаце паглядзець?
— Давайце.
Ван Цысэн выцягнуў з кішэні пінжака вялікі бумажнік, распухлы ад розных дакументаў, сінгапурскіх долараў і этыкетак з папяросных каробак. Урэшце ён знайшоў сярод усіх гэтых паперак патрэбную і паклаў перад містэрам Джойсам.
«Р. паехаў да заўтра. Нам трэба тэрмінова ўбачыцца. Чакаю ў адзінаццаць. Я розум страчу, калі не ўбачымся, за сябе не адказваю. На машыне да дома не пад’язджай. Л.»
Запіска была напісана акуратнымі вялікімі літарамі, менавіта такому почырку вучаць кітайцаў у замежных школах. Акуратныя радкі, быццам з пропісяў, неяк не вязаліся з сумным зместам.
— Чаму вы лічыце, што запіску напісала місіс Кросбі?
— У мяне ёсць усе падставы давяраць гэтаму чалавеку, сэр,— адказаў Ван Цысэн.— Тым больш гэта лёгка праверыць. Сама місіс Кросбі, вядома, беспамылкова скажа, ці пісала яна гэтую запіску.
Увесь час у размове містэр Джойс уважліва назіраў за тварам свайго клерка. А цяпер яму здалося, што на ім мільгануў цень насмешкі.
— Цяжка паверыць, што місіс Кросбі магла напісаць такую запіску,— сказаў містэр Джойс.
— Калі вы так думаеце, сэр, лічу нашу размову скончанай. Мой знаёмы расказаў мне пра гэта толькі таму, што я працую ў вас і вам было б цікава даведацца аб існаванні запіскі перад тым, як яна трапіць да пракурора.
— У кагр арыгінал? — рэзка спытаўся містэр Джойс.
Ван Цысэн і выгляду не падаў, што па тону пытання заўважыў перамены ў пазіцыі містэра Джойса.
— Вы, напэўна, помніце, сэр, што пасля смерці містэра Хэманда высветлілася яго сувязь з нейкай кітаянкай. Цяпер запіска знаходзіцца ў яе.
Гэта была адна з прычын, якая настроіла амаль усіх супраць Хэманда. Стала вядома, што ў яго доме некалькі месяцаў жыла кітаянка.
Абодва крыху памаўчалі. Усё, што трэба, было ўжо сказана, і яны добра зразумелі адзін аднаго.
— Дзякую вам, Цысэн. Я ўсё абдумаю.
— Цудоўна, сэр. Ці магу я паведаміць свайму знаёмаму вынікі нашай размовы?
— Думаю, вам варта падтрымліваць адносіны са
сваім сябрам,— без ценю ўсмешкі сказаў містэр Джойс.
— Добра, сэр.
Клерк бясшумна выйшаў, зноў асцярожна зачыніў за сабой дзверы, і містэр Джойс застаўся сам-насам са сваімі думкамі. Перад ім на стале ляжала копія запіскі Леслі, перапісаная акуратным, безаблічным почыркам. У галаве мроіліся невыразныя падазрэнні. Яны бянтэжылі яго, ён паспрабаваў ад іх неяк адкараскацца. Безумоўна, тут ёсць нейкая вельмі простая разгадка, і Леслі, мабыць, усё растлумачыць, а тлумачэнне цяпер неабходнае. Ён устаў, паклаў запіску ў кішэню і ўзяў коркавы шлем. Калі выйшаў з кабінета, убачыў Ван Цысэна, які старанна нешта пісаў за сталом.
— Я хутка вярнуся, Цысэн.
— Да вас а дванаццатай гадзіне прыйдзе Джорж Рыд, сэр. Куды, сказаць яму, вы пайшлі?
Містэр Джойс усміхнуўся.
— Можаце перадаць яму, што не маеце ніякага паняцця.
Але было відаць, Ван Цысэн зразумеў, што ён накіраваўся ў турму. Місіс Кросбі перавезлі ў Сінгапур, таму што ў Беландзе, дзе было зроблена злачынства і дзе меўся адбыцца суд, не было турмы для белых.
Яе ўвялі ў пакой, дзе чакаў містэр Джойс, і яна з ветлівай усмешкай працягнула яму сваю прыгожую хударлявую руку. Адзета яна была, як заўсёды, вельмі хораша і проста, пышныя светлыя валасы старанна прыбраныя.
— Я не чакала вас зранку,— сказала яна.
Яна адчувала сябе як дома, і містэру Джойсу нават здалося, што зараз яна пакліча боя, каб той прынёс госцю кактэйль.
— Як вы сябе адчуваеце? — спытаўся ён.
— Дзякуй, выдатна.— У вачах мільганула ўсмешка.— Тут можна цудоўна адпачыць.
Наглядчык пайшоў, і яны засталіся ўдваіх.
— Сядайце, калі ласка,— сказала Леслі.
Містэр Джойс сеў у крэсла. Ён уявіць сабе не мог, з чаго пачаць. Яна была такая спакойная, што здавалася, немагчыма гаварыць з ёю пра тое, дзеля чаго ён тут. Прыгажуняй яе не назавеш, але была яна вельмі прывабная. Вытанчаная, без вонкавага бляску, менавіта вытанчаная натура як вынік добрага выхавання. Варта толькі зірнуць на яе, і адразу зразумела, у якой сям’і, у якім асяроддзі яе выхоўвалі. А вонкавая кволасць рабіла яе асабліва зграбнай. 3 такой жанчынай немагчыма звязаць і думку пра грубасць.
— Удзень я чакаю Роберта,— як заўсёды весела і проста, сказала яна. (Прыемна яе слухаць, адразу пазнаеш чалавека са свецкага кола.) — Небарака, ён зусім расхваляваўся. Дзякуй богу, дзён колькі — і ўсё застанецца ў мінулым.
— Засталося ўсяго пяць дзён.
— I праўда, раніцай як прачнуся, кажу сабе: «Яшчэ адзін дзень мінуў».— Яна ўсміхнулася.— Так было звычайна ў школе перад канікуламі.
— Між іншым, скажыце, ці правільна я зразумеў: вы праўда не мелі ніякіх зносін з Хэмандам некалькі тыдняў да здарэння?
— Безумоўна. Апошні раз мы бачыліся ў Макферансаў на тэнісе. Мне помніцца, што мы з ім і не гаварылі нават. Там два корты, а мы трапілі ў розныя партыі.
— Вы яму не пісалі?
— Ніколі.
— Вы ўпэўнены?
— Што за пытанне? — сказала яна з лёгкай усмешкай.— Пра што мне яму пісаць. Хіба паклікаць на абед ці тэніс, але я яго ўжо месяцаў колькі не запрашала.
— Нейкі час вы сябравалі. Чаму вы перасталі яго запрашаць?
Місіс Кросбі паціснула плячыма.
— Людзі надакучаюць. Увогуле мы розныя. Калі, праўда, ён хварэў, мы з Робертам рабілі ўсё, што маглі, але ў апошнія гады два ён забыўся пра свае хваробы і карыстаўся вялікім поспехам. Яго проста на кавалкі рвалі, навошта было дакучаць яму сваімі запрашэннямі.
— Значыць, гэта ўсё, што вы маглі мне сказаць?
Нейкае імгненне місіс Кросбі вагалася.
— Вось яшчэ што. Да нас дайшлі чуткі, што ён жыве з кітаянкай,— я яе сама бачыла,— і Роберт наказаў, каб я яго на парог не пускала.
Містэр Джойс сядзеў у крэсле, абапёршыся падбародкам на далонь, і ўважліва глядзеў на Леслі. Няўжо яму толькі здалося, што ў чорных зрэнках яе на нейкае імгненне мільгануў раптам цьмяны чырвоны агеньчык? Містэру Джойсу стала няёмка. Ён сеў інакш, склаў на грудзях рукі і павольна, акуратна падбіраючы словы, загаварыў:
— Мушу паведаміць вам, што існуе запіска да Джэфа Хэманда, напісаная вашай рукой.
Ен уважліва глядзеў на яе. Яна не варухнулася, толькі крыху памарудзіла з адказам.
— Мне даводзілася пасылаць яму розныя запіскі з якім-небудзь запрашэннем. Час ад часу, калі ён збіраўся ехаць у Сінгапур, я прасіла яго купіць тоесёе мне.
— У гэтай запісцы вы прасілі яго прыехаць, таму што Роберта няма дома.
— He можа быць. Ніколі нічога такога я не пісала.
— Прачытайце, калі ласка.
Ен дастаў з кішэні запіску і падаў яе Леслі. Яна толькі зірнула, пагардліва ўсміхнулася і вярнула назад.
— Почырк не мой.
— Так, але мне сказалі, што гэта дакладная копія арыгінала.
Тады яна прачытала запіску, і раптам з ёю адбылася жудасная перамена. На твар яе, і так заўсёды бледны, нельга было глядзець без жалю. Ён зрабіўся зялёны. Скура абцягнула косці, быццам і не было пад ёю плоці. Губы растуліліся, з-пад іх паказаліся зубы. Ненатуральна шырокімі вачыма яна ўтаропілася ў містэра Джойса. Перад ім была цяпер не жывая жанчына, а мярцвяк.
— Што гэта значыць? — прашаптала яна.
У роце перасохла, з горла вырываўся нейкі хрып, непадобны на чалавечы голас.
— Растлумачыць гэта можаце толькі вы самі,— адказаў ён.
— Я не пісала гэтага. Клянуся, я не пісала.
— Падумайце. Калі арыгінал сапраўды напісаны вашай рукой, мы не зможам гэта абвергнуць.
— Скажыце, што гэта падробка.
— Цяжка будзе давесці. Лягчэй якраз даказаць, што запіска сапраўдная.
Яе хударлявае цела задрыжэла. Пот вялікімі кроплямі выступіў на лбе. Яна выцягнула з сумачкі насоўку і выцерла далоні. Потым зноў прабегла вачыма запіску і спадылба зірнула на містэра Джойса.
— Тут няма даты. Калі я і пісала калі-небудзь такую запіску, з таго часу магло мінуць шмат год. Пачакайце, я падумаю, паспрабую ўспомніць, як усё было.