Апавяданні
Уільям Сомерсет Моэм
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 223с.
Мінск 1990
— У такім разе, сэр, вы не будзеце супраць, калі мой сябра перадасць гэтую запіску пракурору?
— Вядома, не. Але я не разумею, якую выгаду атрымае з гэтага ваш знаёмы?
— Мой сябра лічыць, што абавязаны дзейнічаць у інтарэсах правасуддзя, сэр.
— Я ніколі не буду перашкаджаць чалавеку, які імкнецца выканаць свой абавязак, Цысэн.
Позіркі адваката і клерка сустрэліся. Вусны іх нават не зварухнуліся, але яны выдатна зразумелі адзін аднаго.
— Я ўпэўнены ў гэтым, сэр,— сказаў Ван Цысэн,— аднак, калі я ўважліва пазнаёміўся са справаіі Кросбі, я адчуў, што такая запіска можа ўсё сапсаваць.
— Я заўсёды быў самай высокай думкі аб вашай юрыдычнай кваліфікацыі, Цысэн.
— Я думаю, сэр, што, калі б запіска пры дапамозе майго сябра апынулася ў нашых руках, мы б пазбеглі шмат якіх складанасцей.
Містэр Джойс з абыякавым выглядам маляваў чорцікаў на аркушы паперы.
— Ваш знаёмы, спадзяюся, чалавек справы. На якіх умовах ён пагодзіцца аддаць запіску?
— Запіска не ў яго. Яна ў кітаянкі. Ён толькі яе сваяк. Яна чалавек недасведчаны, сэр, і не разумела каштоўнасці гэтай запіскі, пакуль мой знаёмы не растлумачыў ёй.
— I колькі яна каштуе?
— Дзесяць тысяч долараў.
— Вы што, з глузду з’ехалі?! Дзе місіс Кросбі возьме дзесяць тысяч долараў? I, акрамя таго, я ўпэўнены, што запіска падробленая.
Гаворачы гэта, адвакат глядзеў прама ў вочы Ван Цысэну. Аднак той не зварухнуўся нават. Спакойна стаяў ля стала, уважліва слухаў.
— Містэр Кросбі валодае восьмай часткай у Бетонгскай каўчукавай плантацыі і шостай у каўчукавай плантацыі на Селантан-Рывер. У мяне ёсць знаёмы. які пазычыць яму неабходную суму пад заклад гэтай маёмасці.
— У вас багата знаёмых, Цысэн.
— Багата, сэр.
— Дык вось, к чорту вашых сяброў. Ніколі я не параю містэру Кросбі заплаціць больш чым пяць тысяч за запіску, з’яўленне якой не цяжка растлумачыць.
— Кітаянка і не збіралася прадаваць яе, сэр. Мой знаёмы доўга яе ўгаворваў. I цяпер дарэмна прапаноўваць ёй суму, меншую за раней названую.
Містэр Джойс некалькі хвілін глядзеў на Ван Цысэна. Клерк не варухнуўся пад гэтым калючым позіркам. Ён стаяў, пачціва схіліўшыся і апусціўшы вочы. Містэр Джойс добра ведаў, з кім мае справу. Хітры,
шэльма, падумаў адвакат, цікава, а колькі тут заробіць сам Цысэн.
— Дзесяць тысяч долараў — вялікая сума.
— Але ўпэўнены, сэр, што містэр Кросбі палічыць за лепшае заплаціць грошы, каб яго жонку не павесілі.
Містэр Джойс зноў крыху памаўчаў. Што яшчэ вядома Ван Цысэну? Ён напэўна не збіраецца таргавацца, відаць, мае важкія падставы. I гэтую суму яны, відавочна, вызначылі таму, што выдатна ведалі магчымасці містэра Кросбі,— ведаюць, што болып грошай у таго няма.
— А дзе цяпер кітаянка? — спытаўся містэр Джойс.
— Яна ў майго знаёмага, сэр.
— Яна зможа сюды прыехаць?
— Я думаю, сэр, лепш вам да яе паехаць. Я магу правесці вас туды сёння вечарам, і вы атрымаеце запіску. Але яна цёмная жанчына, сэр, і не разбіраецца ў чэках.
— А я не збіраюся даваць ёй чэк. Я прывязу грошы.
— Калі сума будзе меншая як дзесяць тысяч, вы толькі змарнуеце час, сэр.
— Я разумею.
— Пасля снедання я паеду, каб папярэдзіць свайго сябра, сэр.
— Цудоўна. У дзесяць гадзін вечара я буду чакаць вас ля ўвахода ў клуб.
— Слухаю, сэр.
Ён развітаўся і пайшоў. Містэр Джойс таксама пайшоў паснедаць. У клубе, як ён і чакаў, убачыў Роберта Кросбі. За яго столікам вольнага месца не было, і містэр Джойс, праходзячы міма, дакрануўся да яго пляча.
— У мяне ёсць да вас справа,— сказаў ён.
— Добра, я падыду да вас.
Містэр Джойс ужо ведаў, з чаго пачаць гаворку. Ен паснедаў і сеў гуляць у брыдж. Ён не хацеў запрашаць Кросбі да сябе ў кантору. Хутка падышоў Кросбі і пачаў сачыць за гульнёй. Калі гульня скончылася, усе разышліся, і яны засталіся ўдвух.
— Непрыемныя весткі, дружа,— сказаў містэр Джойс як мага натуральна.— Высветлілася, што ў той вечар ваша жонка паслала Хэманду запіску з запрашэннем прыехаць да вас.
— Што вы гаворыце,— шчыра здзівіўся Кросбі.— Яна ж кажа, што даволі доўга не бачылася з Хэмандам. Я сам сведка, што месяцы з два ён у нас не быў.
— Аднак факт ёсць факт,— запіска існуе. Яна ў той кітаянкі, з якой жыў Хэманд. Ваша жонка збіралася зрабіць вам падарунак да дня нараджэння і хацела папрасіць Хэманда дапамагчы ёй. Адразу пасля трагедыі яна была такая ўсхваляваная, што, вядома, забылася пра запіску, а пасля пабаялася прызнацца ў гэтым, таму на допыце сцвярджала, што не мела зносін з Хэмандам. Вельмі непрыемна, але факт застаецца фактам.
Кросбі маўчаў. На яго вялікім чырвоным твары адбілася надзвычайная разгубленасць. Ён нічога не разумеў, і гэта містэра Джойса супакойвала, але ў той жа час раздражняла. Кросбі тупаваты, а дурняў містэр Джойс не любіў. Але пасля здарэння ён быў у такім адчаі, а місіс Кросбі папрасіла дапамагчы ёй не дзеля яе самой, а дзеля мужа, усё гэта змякчала адвакатава сэрца, кранула ў яго душы чуллівую струну.
— Вы, безумоўна, разумееце, што вельмі непажадана, каб запіска апынулася ў руках абвінавачання. Ваша жонка схлусіла, ёй давядзецца тлумачыць, навошта яна гэта зрабіла. Калі Хэманд прыйшоў у ваш дом як госць па запрашэнні, справа паварочваецца іначай. Гэта можа паўплываць на прысяжных.
Містэр Джойс спыніўся. Зараз яму прыйдзецца вы-
канаць сваё рашэнне. Калі б становішча не было такім цяжкім, ён бы, відаць, усміхнуўся, што вось зараз вымушаны зрабіць такі сур’ёзны крок, а чалавек, дзеля якога ўсё гэта робіцца, нават не разумее ўсёй складанасці становішча. Калі б Кросбі крышку падумаў, ён хутчэй за ўсё вырашыў бы, што містэр Джойс робіць толькі тое, што павінен рабіць кожны адвакат.
— Дарагі Роберт, вы не толькі мой кліент, але і мой сябра. Я ўпэўнены, што нам неабходна завалодаць гэтай запіскай. Але яна каштуе нямала. Іначай я б зусім нічога вам не расказаў пра яе.
— Колькі?
— Дзесяць тысяч долараў.
— Сапраўды нямала. Каўчук цяпер не ў цане,— гэта амаль усё, што ў мяне ёсць.
— Вы можаце цяпер даць мне гэтыя грошы?
— Думаю, што магу. Чарлі Мэдаўз пазычыць мне пад алавяныя акцыі і пад маю частку з дзвюх плантацый.
— Будзем лічыць, што вырашана?
— А без гэтага не абысціся?
— Калі вы хочаце, каб вашу жонку апраўдалі.
Кросбі густа пачырванеў. Вусны яго прыкметна задрыжэлі.
— Але...— Ен не знаходзіў слоў.— Але я нічога не разумею. Яна ж можа ўсё растлумачыць. Вы што, хочаце сказаць, што яе могуць прызнаць вінаватай? He павесяць жа яе за тое, што яна забіла гэтую жывёліну?
— Магчыма, яе і не павесяць, але могуць абвінаваціць у ненаўмысным забойстве. Тады ўсё абыдзецца двума ці трыма гадамі.
Кросбі ўскочыў, твар яго перакрывіўся ад жаху.
— Тры гады!
I раптам яго непаваротлівы мозг працяла нейкая неакрэсленая думка. Яна мільганула маланкай і знік-
ла ў непрагляднай цемры, але пакінула ў памяці след ад нечага, што ён ледзьве паспеў разглядзець. Містэр Джойс заўважыў, як Робертавы вялікія чырвоныя рукі, натруджаныя і загрубелыя, задрыжэлі.
— Які яна збіралася зрабіць мне падарунак?
— Казала, што хацела купіць вам новую стрэльбу.
Вялікі чырвоны твар яго зрабіўся барвовы.
— Калі патрэбны грошы?
Нешта здарылася з яго голасам. Ён гаварыў так, нібыта нейкая нябачная рука сціскала яго горла.
— Сёння ў дзесяць вечара. Гадзін у шэсць прынясіце іх мне ў кантору.
— Гэта жанчына будзе ў вас?
— He, я паеду да яе.
— Я прывязу грошы і паеду з вамі.
Містэр Джойс здзіўлена зірнуў на яго.
— Навошта? Вы можаце, думаю, цалкам даверыцца мне.
— Грошы мае, і я паеду.
Містэр Джойс паціснуў плячыма. Яны развіталіся, Містэр Джойс з цікавасцю зірнуў на Кросбі.
А палове дзесятай яны зноў сустрэліся ў пустым ужо клубе.
— Усё ў парадку? — спытаўся містэр Джойс.
— Грошы ў мяне ў кішэні.
— Тады пойдзем.
Яны спусціліся з ганка. Джойсаў аўтамабіль чакаў іх на плошчы, пустэльнай у гэты час. Калі яны падышлі, раптам з’явіўся Ван Цысэн. Ён сеў побач з шафёрам і паказаў, куды ехаць. Прамінулі гатэль «Еўропа», гасцініцу для матросаў і апынуліся на вуліцы Вікторыі. Тут яшчэ гандлявалі кітайскія крамы, па тратуарах паважна шпацыравалі мужчыны і жанчыны. Сюды-туды мітусіліся рыкшы, аўтамабілі, павозкі. Раптам Ван Цысэн загадаў шафёру спыніцца.
— Тут нам лепш пайсці пеша, сэр,— сказаў ён.
Яны выйшлі з машыны. Ван Цысэн ішоў наперадзе, яны — за ім услед. Неўзабаве ён спыніўся.
— Пачакайце тут, сэр. Я хачу пагаварыць са сваім сябрам.
Ён зайшоў у краму, у якой не было пярэдняй сцяны. За прылаўкам стаялі тры ці чатыры кітайцы. Гэта быў адзін з тых дзіўных магазінаў, дзе тавары не выстаўляюць напаказ і цяжка скеміць, чым тут гандлююць. Ван Цысэн загаварыў з поўным чалавекам у парусінавым гарнітуры з цяжкім залатым ланцужком, і той асцярожна зірнуў у бок цёмнай вуліцы. Ён даў Ван Цысэну ключ. Той паклікаў двух мужчын, што чакалі яго, і праслізнуў у дзверы побач з крамай. Усе пайшлі за ім і апынуліся перад лесвіцай, што вяла ўгору.
— Адну хвілінку, калі ласка, я пашукаю запалкі,— сказаў клерк,— трэба падняцца наверх.
Ён чыркануў японскай запалкай, але тая амаль не разагнала цемру, і яны прабіраліся навобмацак. Адчыніўшы дзверы на другім паверсе, Ван Цысэн запаліў газавы ражок.
— Заходзьце, калі ласка,— сказаў ён.
Пакойчык быў маленькі, квадратны, з адным акном. Два нізкія кітайскія ложкі, накрытыя цыноўкамі,— вось і ўся мэбля. Адзін куток займаў вялікі куфар з мудрагелістым замком, на ім стаяў абдзёрты наднос з лямпай і люлькай для курэння бпіуму. У пакоі чуўся нейкі прыкры пах. Усе паселі, і Ван Цысэн прапанаваў ім папяросы. Неўзабаве з’явіўся таўстункітаец, якога яньт бачылі ў краме. Ён павітаўся на выдатнай англійскай мове і сеў побач са сваім суайчыннікам.
— Жанчына зараз прыйдзе,— сказаў Ван Цысэн.
Хлопчык з крамы прынёс паднос з чайнікам і кубкамі, і кітаец спытаўся, ці не вып’юць госці чаю. Кросбі адмовіўся. Кітайцы зашапталіся наміж сабой, Кро-
сбі і містэр Джойс сядзелі моўчкі. Потым за сцяной пачуўся голас: нехта ціха пастукаў у дзверы. Кітаец адчыніў, і ў пакой увайшла жанчына. Містэр Джойс уважліва паглядзеў на яе. Пасля смерці Хэманда яму давялося шмат чуць пра гэту жанчыну, але ён яе ніразу не бачыў. Гэта была даволі поўная кабета, не маладая, з шырокім флегматычным тварам, напудраным і нарумяненым, на якім рэзка вызначаліся тонкія чорныя бровы; адчувалася, што чалавек яна далёка не мяккай натуры. На ёй быў блакітны жакет і белая спадніца — касцюм напаўеўрапейекі, напаўкітайскі, на нагах — маленькія кітайскія шаўковыя туфлі. Шыю ўпрыгожвалі цяжкія залатыя ланцужкі, на руках залатыя бранзалеткі, у вушах — залатыя завушніцы, прыгожыя залатыя шпількі ў чорных валасах. Яна ўвайшла ўпэўнена і нетаропка і села на ложак побач з Ван Цысэнам. Ён сказаў ёй нешта, і яна амаль абыякава паглядзела на еўрапейцаў.