Апошні сезон
Павел Савоська
Выдавец: Галіяфы
Памер: 398с.
Мінск 2009
Абуджаюцца ў майскія дні ад спячкі і еўражкі. Норкі робяць на пясчаных пагорках, там заўсёды ў першую чаргу растае снег, а яны вылазяць на сонейка і пільна, быццам тыя вартавыя, падоўгу стаяць на задніх лапках ды пазіраюць навокал. I калі адчуваюць небяспеку, то гучна так верашчаць ды порстка сігаюць у сваю выратавальную норку.
А дзесьці к канцу мая вялізнымі чародамі ляцяць па ўзбярэжжы акіяна канадскія гусі. Кожны год яны прылятаюць сюды, каб вывесці сваіх гусянятак. Тут іх ворагамі становяцца пясцы і
гарнастаі. Пясцы падкрадваюцца, як сапраўдныя злодзеі, між скал, нізка апусціўшы галаву, быццам саромеючыся свайго ўчынку, зганяюць гуску з гнязда ды крадуць яйкі. Праўда, гусак налятае на такога нахабніка і дзяўбе што ёсць моцы. I вельмі часта Сцяпан бачыў, што пясец дае драла.
Палюе на гусей і зусім маленькі, але даволі спрытны палярны гарнастай. Той таксама падкрадваецца, але зрабіць яму гэта значна лацвей, ён нечакана ўскоквае зверху нават на самога гусака і пачынае перакусваць сваімі вострымі зубамі ягоную шыю.
Той, як правіла, уздымаецца ў паветра, але нахабны гарнастай і не думае саскокваць на зямлю, a працягвае сваю крывавую справу. Знясілены гусак з цягам часу паволі апускаецца на зямлю. Тут і святкуе сваю перамогу малы разбойнік. Кажуць, калі б ён быў памерамі хаця бы з ката, то на Чукотцы ад яго ніхто б не ўратаваўся.
Але найбольш дастаецца бедным гусям ад чалавека. У асноўным мясцовае кіраўніцтва, чыноўнікі розных масцей і рангаў катаюцца па тундры на магутных усюдыходах, трактарах, нават верталёты заказваюць.
I хаця ў гусей ёсць свая служба бяспекі, гэта іх не ўратоўвае. Бо калі вялікая чарада адпачывае, то з розных бакоў стаяць, высока падняўшьі галаву, гусакі-вартаўнікі. I калі набліжаюцца пешшу людзі, яны крыкам узнімаюць усіх у паветра. Але калі пад’язджае трактар з санямі або ўсюдыход, то яны чамусьці сігналу небяспекі не падаюць. I бессардэчныя людзі расстрэльваюць іх ва ўпор, з зусім невялікай адлегласці. Ідзе звычайнае браканьерскае забойства.
Інспектара ў тундры не знойдзеце. Бо сядзіць у раённым цэнтры, ва ўтульным кабінеце і займаецца папяровай справай. Што яму да тых гусей?
Нават простае гойсанне на гусенічных усюдыходах прыносіць тундры непапраўную шкоду, бо асноўны корм аленяў ягельнік, вельмі доўгі тэрмін пасля не адрастае.
Сцяпан ніколі не паляваў на гусей, хаця ў яго і была стрэльба. Аднойчы схадзіў на ўзбярэжжа, упаляваў некалькі качак, але тыя да таго аддавалі марской рыбай, што ён падарыў іх шурфоўшчыкам. А яны, добра астаграміўшыся, умялі іх за мілую душу адны костачкі засталіся. А былі б тут, як у старажытныя гады, маманты, то і ім бы дасталося на арэхі. Бо з-за біўняў знішчылі б усіх да аднаго.
Тут нават белым мядзведзям дастаецца, хаця кожны на Чукотцы ведае, што паляваць на іх нельга штраф да тысячы рублёў, але гэта не спыняе аматараў паўночных прыгод.
Упаляваць мядзведзя гэта яшчэ не галоўнае, пасля ж трэба ўхітрыцца перавезці вырабленае шыкоўнае футра на мацярык, проста ў шасціпакаёвую кватэру якому-небудзь высокаму маскоўскаму чыноўніку.
Але як бы там ні было, а вясна ёсць вясна! Сцяпан любіў яе ўсюды і заўсёды, асабліва тут, на Чукотцы. Вось і цяпер ён з нецярпеннем чакаў, што праз якія тыдні два пачне ўрэшце раставаць снег, пабягуць ручаі з вяршынь сопак у даліну, а ўжо ў ёй, проста на вачах, узнікне сапраўдная рака.
А які шум ад вады будзе стаяць навокал! Бо з сопак, днём і ноччу, па серпантыне, будзе збягаць у даліну талая вада. Снегу многа, растае той не так хутка, а ля вяршынь сопак нават застаецца да пачатку новай зімы.
У адзін такі сонечны і зацішны дзень, калі Сцяпан, распрануты да пояса, корпаўся ля балка, бо толькі збіраўся насячы дроў, ён раптам убачыў, што з ручая, які быў адсюль добра бачны, шпарка, адзін за адным цугам, амаль подбегам, шыбавалі шурфоўшчыкі. Абедаць было яшчэ рана, і ён адразу ж сцяміў штосьці там урэшце здарылася. Ён хуценька апрануўся і пайшоў ім насустрач.
Сцёпа! яшчэ здалёку, як толькі яго ўбачыў, закрычаў Валянцін. — Я дабраўся да ўранавай смолкі! Прападзем усе ад радыяцыі!
Якой смолкі? са здзіўленнем спытаў Сцяпан, абводзячы ўсіх насмешлівым позіркам.
Да сапраўднай уранавай руды! працягваў Валянцін, бо адзін геолаг мне расказаў, як тая выглядае. He верыш, то сам спусціся ў шурф, ён ля самай сопкі, а мы пап’ем чайку, а то і паабедаем.
Добра. Абедайце, а я да вас пасля зайду.
Сцяпан вярнуўся ў свой балок, узяў геалагічны малаток з доўгай ручкай, компас, перакінуў цераз плячо ў скураным футарале дазіметр, які пакінуў яму ў мінулы раз прадбачлівы начальнік. Ён нікому гэты прыбор не паказваў. Але аднойчы вырашыў яго праверыць ці спраўны, бо той быў новенькі, a стрэлка нават і не думала рухацца, стаяла, быццам прыклееная да цыферблата.
I вось калі ўсе былі на шурфах, ён настроіў дазіметр па інструкцыі, падышоў па даліне да сопкі і пачаў паволі падымацца да адной са штольняў, увесь час пазіраючы на стрэлку. Тая і не думалала рухацца. Тады ён асмялеў і вырашыў зазірнуць у штольню. Але ля самага ўваходу стрэлка раптоўна ажыла і, быццам спрасонку, так рванула, што адразу ж зашкаліла. Сцяпан тут жа спыніўся, а пасля хуценька збег уніз. Крокаў праз дзесяць зірнуў на прыбор: стрэлка зноў мірна драмала на нулі.
I вось цяпер, падышоўшы да Валянцінавага шурфа, ён уключыў дазіметр і пачаў спускацца па лесвіцы, а сам увесь час пазіраў на стрэлку, але тая паводзіла сябе спакойна.
Шурф быў праведзены на метраў сем. На самым ягоным дне яшчэ гарэла свечка, але каб усё лепш разгледзець, ён уключыў ліхтарык. Адразу ж распазнаў, што Валянцін натыкнуўся на карэнныя пароды пясчана-гліністыя сланцы, але тут яны былі крыху іншага колеру: светла-карычневыя, ды яшчэ з бялютка-жаўтаватымі ўкрапінамі.
Сцяпан хутка наадбіваў іх малатком і паклаў у кішэню. Больш тут яго нічога не цікавіла. Зірнуў яшчэ раз на стрэлку, але тая і не думала рухацца. Адразу ж падняўся на паверхню і накіраваўся да шурфоўшчыкаў.
Калі зайшоў да іх у балок, тыя паспелі ўжо паабедаць, бо ў такія сонечныя дні яны спяшаліся на працу, каб падзарабіць у канцы сезона.
Ну, чым парадуеш, Сцёпа? спытаў Кузьма.
Працуйце спакойна. Валянцін дабраўся да звычайных сланцаў, толькі яны тут іншага колеру. Стрэлка прыбора нават і не зварухнулася.
А якая ж тады па колеры ў гэтай сопцы уранавая руда? спытаў Валянцін.
Яна прадстаўлена тут у выглядзе слюдзяных пласцінак яркага жоўта-зялёнага колеру. Вось калі на такую натрапіце, завіце мяне.
А каб злазіць з тваім прыборчыкам у штольню! прапанаваў Міхаіл Пятровіч.
А я ўжо там быў, адказаў Сцяпан.
А нам ні гу-гу! Вось табе і Сцёпа! ускрыкнуў Аляксей.
Дык вы ж і не пыталіся! Сцяпан засмяяўся.
Бо і прыбор гэты ў цябе ўпершыню бачым, дадаў Валянцін.
Ну і што ён паказаў? спытаў Віця.
Імгненна зашкаліў ля самага ўваходу ў штольню. Але баяцца нам няма чаго.
Яно так, пачухаў патыліцу Кузьма, але ж усё-ткі прэць з гэтых штольняў уранавы дух...
Тут мы нічога прыдумаць не зможам, прамовіў Сцяпан, да нас тут працавалі і яшчэ будуць. Старацелі тут так перакапыцяць, што пакінуць пасля сябе толькі горы камянёў. А цяпер за працу, бо май распячаталі, хутка лета.
— Штосьці не падкідваюць гарэлкі з базы? — спытаў Аляксей.
Начальнік абяцаў прыслаць да дня Перамогі. А вы паднажміце, бо калі дасць ранняя вясна, то змые праходкі на рэчышчавых шурфах, вось... Іх будуць прамываць у першую чаргу. Дый пурга яшчэ можа адабраць з пяток дзён.
На гэтым і скончыўся іхні кароткі сход. Спяпан падаўся ў свой балок рыхтаваць абед, a шурфоўшчыкі на “Каварны”, які іх крыху спудзіў. Хаця ручай быў і без валуноў, але Сцяпан чамусьці яго недалюбліваў, бо трывога працягвала сядзець у ягонай душы.
He, нездарма хтосьці з геолагаў даў такую назву ручаю. Сцяпан адчуваў штосьці на “закусь” гэты
ручай ім яшчэ падкіне. Невялікі сполах з уранавай рудой гэта так, дзеля праверкі нервовай сістэмы, а там адзін Бог ведае, які фортэль ён ім выкіне.
Але пакуль, як бы там ні было, яны паціху прасоўваліся ў вярхоўе ручая — распачалі другую лінію.
А тут, дзесьці так пад вечар, калі сонейка пачало хавацца за вяршыні сопак, прыімчаў да іх гокаўскі ўсюдыход. Сцяпан спачатку не на жарт спалохаўся, бо па рацыі наконт начальства нічога не перадалі.
Але дарэмнымі былі ягоныя хваляванні. Проста галоўны інжынер даў у тундру свой усюдыход, каб той да святаў развёз харчаванне і гарэлку.
3 усюдыходчыкам быў толькі іхні начальнік. Яны спяшаліся. Толькі выгрузілі харчы, выпілі ў Сцяпана чайку і адразу ж падаліся на суседні ўчастак.
Піва прывезлі навалам — дзесяць скрынак, a вось гарэлкі толькі адну, бо старацелі перад святамі расхапалі, але начальнік абяцаў праз тыдзень-другі падкінуць яшчэ.
Хаця і стаялі сонечныя дзянёчкі, але шурфоўшчыкі прагудзелі два дні. I гэта яшчэ добра, бо выхадныя давала ім толькі пурга. Гарэлку яны паважалі. За два дні скрынка імгненна апусцела, a на пахмелле пайшло халоднае піўко. Так што настрой у іх быў.
У першы дзень завіхаліся не вельмі, але пасля справа пайшла, бо пачалі часцяком трапляць у ледзяныя лінзы, гэта калі грунту няма, а адзін лёд.
3 кожным днём сонейка ўсё больш прыпякала. Дзесьці так праз тыдзень з’явіліся ўрэшце пуначкі, а пасля і еўражкі павылазілі са сваіх норак.
Вясна ўбіралася ў сілу. У самы поўдзень да таго прыпякала, што пачаў паціху падтайваць снег. Дзе-нідзе пачалі нават з’яўляцца першыя невялікія ручаі. Праўда, яны к вечару перахопліваліся марозцам, які ноччу яшчэ прыціскаў на добрых дзесяць градусаў.
А ягоныя шурфоўшчыкі выйшлі ўрэшце ў самае вярхоўе ручая, там былі толькі чатыры шурфы.
У адзін з такіх дзён, толькі хацеў Сцяпан крыху здрамнуць пасля смачнага абеду, куляй уварваўся ў ягоны балок перапалоханы Кузьма. Твар у яго быў збялелы, рукі дрыжалі...
Сцёпа, бяда! Чалавек у шурфе!
Няўжо падарвалі каго?!
Ды не!
А што ж тады здарылася? спытаў Сцяпан і адчуў, як сполах пачаў праходзіць.
На глыбіні чатырох метраў трапіў я ў прамарозку адзіны лёд. Узрадаваўся, дый забурыўся, як мае быць на ўсю катушку! Пасля адпалкі пачалі адкачваць у мяне лёд. А пасля бачу — з бакавіны шурфа выпаў вялізны асколак ільду. Прыгледзеўся, а з яго на мяне чалавек пазірае... Ну і драпануў, што ёсць моцы на паверхню. Боязна цяпер туды спускацца. Мо там тых мерцвякоў з добры дзесятак збярэцца.