Апошні сезон
Павел Савоська
Выдавец: Галіяфы
Памер: 398с.
Мінск 2009
Пасля ўдалося крыху здрамнуць у інтэрнаце, але сон не вельмі і браў, бо хацелася хутчэй адсюль з’ехаць. У аддзеле кадраў атрымаў бегунок, усіх абышоў, атрымаў працоўную кніжку, і раніцай
наступнага дня начальнік кар’ера падкінуў яго на сваім “бобіку” ў Певек. Тут давялося цэлы тыдзень прагуляць, бо зняцца з пашпартнага ўліку не так проста усё-ткі прыгранічная зона.
Дый з білетам на самалёт у пачатку чэрвеня на Чукотцы вялікая праблема. Каб не галоўны інжынер камбіната, то давялося б Сцяпану тут яшчэ тыдні тры пазагараць, бо чарга па білеты вялікая за месяц трэба рабіць заяўку.
Супакоіўся Сцяпан толькі ў мяккім крэсле самалёта. Праз дзевяць гадзін ён быў ужо ў Маскве, а тут і да Мінска рукою падаць. У Маскве купіў маці вялікую каляровую хустку, каробку цукерак, арэхаў і яблыкаў.
Цягніком дабраўся да Мінска, пасля электрычкай да Маладзечна, а там на прыгарадны і праз сорак хвілін ён убачыў знаёмыя высачэзныя таполі на іхняй станцыі. Тут калісьці гуляў у футбол з аднакласнікамі, бегаў у клуб на танцы.
Знаёмай сцяжынкаю шыбаваў ён у сваю вёсачку. Бярозкі даўно ўбраліся ў зялёнае лісце і з цікавасцю пазіралі на барадатага незнаёмца з рукзаком. Адна з іх, смялейшая за іншыя, нават дакранулася сваёй маладой і гнуткай рукою-галінкаю да ягонай шчакі. Ён спыніўся, нават пачырванеў, бо яму падалося, быццам бярозка першая падаравала яму свой пацалунак.
Сосны ўперамежку з дубамі і бярозкамі падступалі да самай рэчкі. I калі Сцяпан выскачыў на пагорак, то адразу ж убачыў царкву. Спыніўся, зняў з плячэй рукзак і перахрысціўся. Пазалочаны купал царквы пабліскваў у нябеснай сіні...
Вось і старэнькая кладачка цераз рэчку, яшчэ спраўна служыць людзям, не згніла. Прыбавіў крыху ходу і ўбачыў у агародчыку сваю маці. Яна палола грады, але калі падалі голас веснічкі, паднялася з каленяў, зірнула ў ягоны бок і заспяшалася насустрач.
Сыночак мой залаты! яна падбегла да Сцяпана і моцна прыціснулася да ягоных грудзей. Я так рада, што ты вярнуўся! Тут дзень і ноч за цябе
малілася, ставіла свечкі ў царкве за тваё здароўе. Дзякуй Богу высокаму, што збярог цябе! Больш не паедзеш?
Нікуды не паеду. Адпачынак у мяне шасцімесячны з наступным звальненнем. Пазагараю, накашу сена, а там і працу буду шукаць.
Вось і добра. Пойдзем у хату, буду цябе частаваць.
Смачнымі падаліся Сцяпану матуліны стравы. Быў тут ягоны любімы гарохавы булён, аладкі з катлетамі, марынаваныя рыжыкі. Гадзіны дзве яны размаўлялі, а пасля маці заслала ягоны ложак ля акна, і ён адразу ж заснуў.
Прачнуўся толькі калі ўжо добра звечарэла. Хуценька апрануўся, выйшаў на двор і ўбачыў маці, якая несла дровы да пліты.
Праспаў, з расчараваннем у голасе прамовіў Сцяпан, а хацеў дапамагчы табе.
Або! маці ўсміхнулася. Я ўжо даўно ўсё парабіла. А з дарогі трэба добра адаспацца. I заўтра адпачывай, бо якраз святая нядзелька, маліцца будуць у царкве.
— Вось і добра! Сходзім з табою, адказаў Сцяпан.
Абавязкова. У такой ледзяной пустэчы цябе Бог уратаваў, што проста ў мяне няма слоў, каб Яму аддзячыць, адказала маці.
I пацяклі-пабеглі цёплыя чэрвеньскія адпускныя Сцяпанавы дзянёчкі. Спраў у яго хапала: рамантаваў плот, навёў парадак у хлеўчуку і падпаветцы. Шкадаваў толькі, што прадала маці летась кароўку, але ж адной з ёй было не ўправіцца. Трымала бязрогую казу. Тая давала ўлетку да пяці літраў малака.
Амаль кожны дзень Сцяпан знаходзіў вольную гадзіну і ездзіў на ровары да Вяллі. Там можна было ўдосталь паплаваць, бо побач было возера, якое ўтварылі земснарады сілікатнага камбіната.
Вада была халаднаватая, але ён не звяртаў на гэта ўвагі, бо на Чукотцы тры гады не плаваў.
Так мінуў тыдзень, пачаўся другі, і Сцяпан усё часцей думаў пра тое, каб пад’ехаць у Кіеў. Усё абдумваў вечарамі, як там пачаць пошукі. Маці першая ўлавіла змену ў ягоным настроі і аднойчы пасля вячэры спытала:
Ці не хочаш ты куды з’ездзіць? Мо дзяўчыну займеў, то кажы, не саромся...
Якая там дзяўчына! Сцяпан усміхнуўся. А вось у Кіеў і сапраўды трэба пад’ехаць.
Ён з якую хвіліну моўчкі глядзеў на маці, а пасля расказаў пра Івана Дарафеева, паказаў спражку і тры фотакарткі.
Абавязкова пабывай у Кіеве. Бог не здарма даручыў табе гэтую святую справу. Думаю, што хтосьці з ягонай радні абавязкова адгукнецца. Вось толькі жыць яны могуць і не ў Кіеве, прамовіла маці і ўздыхнула.
Але ж пошукі трэба пачынаць з Кіева, так? А пасля ўжо буду прыдумваць розныя варыянты.
Няхай бы ўжо і вуліца была напісана на гэтай спражцы.
Тады знайсці было б лёгка! ускрыкнуў Сцяпан. Але і гэтых звестак дастаткова.
Размаўлялі яны яшчэ доўга і ўрэшце сышліся на тым, што адкладваць такую справу нельга трэба заўтра ж збірацца ў дарогу.
Сцяпана ўзрадавала тое, што маці адразу ж падтрымала яго ў пошуках сваякоў Івана Дарафеева. А гэта быў добры знак.
Частка дзевятая
У сем раніцы наступнага дня ён прыгарадным прыехаў у Маладзечна, а там без праблем купіў білет на цягнік “Рыга-Сімферопаль”.
Калі прыехаў у Кіеў, то яго страшыла адзіная думка: ці знойдзецца месца ў гасцініцы, бо ўсё-такі першы летні месяц быў на зыходзе. На знакамітым Крашчаціку ўбачыў урэшце шматпавярховую гасцініцу і вырашыў зайсці.
I, на ягонае шчасце, жанчына-адміністратар, размаляваная, быццам тая лялька, з усмешкай прамовіла:
Mary прапанаваць толькі аднамесны люкс.
Сцяпан адразу ж згадзіўся. Вырашыў пакуль спыніцца на тыдзень, а там будзе відаць. Праўда, і цана была кусачая, але пакуль Сцяпан лічыў сябе багацеем: зарабіў на Чукотцы на легкавушку, хаця і купляць яе не збіраўся.
Уладкаваўшыся ў нумары, ён не стаў адпачываць, а адразу ж падаўся на вакзал, дзе прыкмеціў яшчэ з раніцы адраснае бюро даведак. Там заказ прынялі, але прапанавалі з гадзінку пагуляць. У прывакзальным буфеце ён паабедаў, пасля купіў некалькі мясцовых газет і прысеў на лаўку ў скверыку. Гадзіна праляцела непрыкметна.
I калі ён з хваляваннем падаў у маленькае акенца квіток, то жанчына ў акулярах доўга корпалася ў стосе паперак, пасля падала яму адну і сказала:
Такі ў нас не пражывае.
Ён і не можа пражываць, бо памёр, але я хачу родзічаў ягоных знайсці, скарагаворкай прамовіў Сцяпан.
— Памерлых выдаем хатнія адрасы толькі на працягу пяці гадоў з дня смерці.
Што тут скажаш? Сцяпан уздыхнуў і адправіўся ў гасцініцу. Пакуль прыняў душ, тое ды сёе, то і вечар наступіў. Ён улёгся ў ложак і пачаў абдумваць план дзеянняў на заўтрашні дзень.
Звяртацца ў камітэт дзяржаўнай бяспекі яму не хацелася. Дый што там маглі сказаць? Ён яшчэ добра памятаў, як яго самога дапытвалі ў Ленінградзе коратка падстрыжаныя малайцы.
Вырашыў перад сном пачытаць купленыя газеты. Разгарнуў “Вячэрні Кіеў”, а там аб’яў больш за палову старонкі. Чаго тут толькі не было! Адзін віншаваў сваю маці з днём нараджэння, другі згубіў нямецкую аўчарку, трэці прапаноўваў свае паслугі ў якасці рэпетытара па французскай мове. Былі сярод аб’яў і такія, што адразу ж кідаліся ў вочы, бо надрукаваны вялікімі літарамі.
Ён адразу ж пачаў складваць сваю аб’яву. Урэшце спыніўся на такім варыянце: “Прашу адгукнуцца родзічаў Дарафеева Івана Антонавіча, 1900 года нараджэння. Звяртацца ў гасцініцу “Дняпро”, пакой нумар семдзесят пяць. Спытаць Сцяпана Артамонава”.
I адразу ж адчуў на душы палёгку. Бо гэта быў шанц, ды яшчэ які. Вось толькі надрукавалі б аб’яву больш выразна, а грошай ён не пашкадуе. Са спадзяваннем на ўдачу ён і заснуў сном праведніка.
Прачнуўся а сёмай гадзіне, адразу ж пагаліўся ды адправіўся ў горад. Паабедаў у звычайнай сталоўцы і кінуўся на пошукі рэдакцыі газеты. Добрыя дзве гадзіны патраціў, але дарэмна спяшаўся супрацоўнікі збіраліся толькі ў адзінаццаць, давялося нават крыху пачакаць.
У аддзеле рэкламы працаваў малады і даволі сімпатычны хлопец. Сцяпан павітаўся і паклаў яму на стол сваю паперку з аб’явай. Той моўчкі прачытаў, а пасля прамовіў:
Ну што ж, дзесьці так праз тыдзень надрукуем.
А хутчэй нельга? Я прыезджы, так доўга чакаць...
Можам і ў заўтрашні нумар даць, але ж кошт аплаты ўзрасце, адказаў хлопец і ўсміхнуўся.
Я заплачу. Але каб большымі літарамі, як вось тут... — ён спехам разгарнуў учарашнюю газету і паклаў на стол.
Можам даць яшчэ выразней, але гэта абыдзецца вам... тут хлопец хуценька падлічыў словы ў аб’яве, а пасля дадаў: Семдзесят пяць рублёў, згодны?
А дзе плаціць?
У касу. Яна ў канцы калідора, адказаў хлопец.
Ля самых дзвярэй Сцяпан на хвіліну затрымаўся, а пасля спытаў:
Значыць, у заўтрашнім нумары аб’ява з’явіцца?
Абавязкова! Дадзім у найлепшым выглядзе, не сумнявайцеся, я сам рыхтую гэтую старонку.
Сцяпан развітаўся і выйшаў з кабінета. Заплаціў грошы ў касе і адправіўся ў горад. Паблукаў крыху па крамах, схадзіў у кіно, а пасля вырашыў, як у той тундры, запасціся харчам на дзень-другі, каб пасля ўвесь час знаходзіцца ў нумары.
Пад вечар купіў хлеба, каўбасы, напітку, пяць бляшанак печані траскі і кілаграм сушак. Цяпер трэба было набрацца цярпення і чакаць.
У наступны дзень ён купіў “Вячорку” толькі дзесьці пасля поўдня. Адразу ж з хваляваннем зірнуў на апошнюю старонку, але там сваёй аб’явы не знайшоў. Ен яшчэ раз больш уважліва прачытаў дарэмныя клопаты. Ад хвалявання ў Сцяпана нават лоб спацеў. Вось табе і на! Тады мельгам зірнуў на першую старонку і аслупянеў: ягоная аб’ява была там!
Праўда, надрукавана ў другой палове старонкі, але ж затое якімі выразнымі літарамі. Словы адразу кідаліся ў вочы чытачу. I да таго ж сама аб’ява была ў фігурнай рамцы з мудрагелістымі завіткамі. Лепш і прыдумаць было немагчыма. He падвёў хлопец малайчына!
На ўсялякі выпадак Сцяпан купіў яшчэ адну газету, а пасля адразу ж падаўся ў свой нумар. Вечар вялікі, мо хтосьці і заявіцца.
Хаця, калі чэсна прызнацца, то дзесьці ў глыбіні душы ён адчуваў, што на сёння марныя ягоныя спадзяванні на сустрэчу. А вось заўтра...
Ноччу некалькі разоў прачынаўся, а пасля не вытрымаў і падхапіўся а шостай гадзіне раніцы. Адразу ж пагаліўся, а пасля ўзяўся за ўборку, бо прыбіральшчыца прыходзіла толькі ў гадзін адзінаццаць, а то і пазней. За якую гадзіну Сцяпан навёў у нумары ідэальны марафет. Пасля прыняў душ, апрануў бялюткую новую тэніску і пачаў чакаць.
Але мінула гадзіна, другая, а да яго так ніхто і не завітаў, нават прыбіральшчыца кудысьці знікла.