Апошні сезон
Павел Савоська
Выдавец: Галіяфы
Памер: 398с.
Мінск 2009
Пасля яны хадзілі туды-сюды, выйшлі на прывакзальную плошчу. Дожджык урэшце суняўся.
Ціха было навокал. Гарэлі ліхтары, блішчэлі лужыны на асфальце. Бесперапынна снавалі аўтобусы.
Сяргей хацеў ужо ехаць з Асяй на сваю кватэру, але каб канчаткова заспакоіць сваю дупіу, яны зноў падняліся на другі паверх. Дзяўчат ужо не было.
Пасядзім яшчэ трошкі, добра?
А мне ўжо спаць хочацца. Ася нават пазяхнула.
Яны хуценька спусціліся ўніз, узялі таксі і праз дзесяць хвілін былі на вуліцы Гагарына. Падняліся на трэці паверх, ён адамкнуў дзверы, і яны ўвайшлі ў прыхожую.
Вось і мая хатка! Сяргей зняў чаравікі. Ася таксама зняла сандалікі. Яны зайшлі ў залу. Ён пстрыкнуў выключальнікам.
Якая ў цябе чысціня! усклікнула Ася і села на канапу. А ты адзін жывеш?
Адзін, Сяргей прысеў побач.
А дзе ж твая цётка?
Няма ў мяне цёткі, ён усміхнуўся і ўскудлаціў яе валасы. Есці хочаш?
Хачу.
Я зараз што-небудзь прыдумаю, але спачатку скупанемся ў ванне, дамовіліся?
Толькі не рабі гарачую вадзічку!
Пасля ванны яны выпілі чаю на кухне, і Сяргей адразу ж уладкаваў Асю на канапе, а сабе паслаў на раскладушцы. Пасля памыў посуд на кухні і, асцярожна ступаючы, зайшоў у залу. Ася ўжо спала. Ручкі ляжалі на коўдры, валасы рассыпаліся на падушцы. Напэўна ж, прытамілася ў цягніку. I адкуль яны ехалі? Ён яшчэ крыху пастаяў ля канапы, а пасля пагасіў святло і ўлёгся на раскладушцы.
Сон не браў. Дый як тут можна было заснуць, калі трэба было думаць, што рабіць заўтра. Пайсці ў міліцыю ды ўсё расказаць? А што будзе далей? Асю забяруць у дзіцячы дом.
I няўжо тая жанчына спецыяльна падкінула яму сваю родную дачку?
He верылася ў такое, ды яшчэ ў наш час. Пасля вайны здараліся такія выпадкі. I не адзін раз. Узяць хаця бы іхняга дзеда Сымона. Каб быў жывы, то расказаў бы, як сядзеў у сорак шостым на вакзале ў Полацку, а тут нейкая жанчына папрасіла патрымаць грудное дзіця. А саму толькі і бачылі! Так і прыехаў з ім у сваю вёску. А ў ягонай Ганулі было ўжо трое. Ды ўсе дочкі. А тут разгарнулі пялёнкі хлопчык!
I хаця цяжка было пакінулі хлопчыка ў сябе. Дочкі пасля замуж паразляталіся, а той хлопчык даўно вырас, скончыў інстытут і які ўжо год старшынём калгаса ў іхнім раёне працуе.
Ведаў Сяргей, што цяпер дзіцячыя дамы не пустуюць. Бо многа разводаў, а бывае, што і сап’юцца бацька з маці, саміх забіраюць на лячэнне. Або зацяжарыць маладая дзяўчына, вырваўшыся з вёскі ў горад, дамоў сорамна паказвацца, вось і адмаўляецца ў радзільным доме ад свайго дзіцяці. Нават карміць не хоча.
А тут жанчына як жанчына: маладая, чарнявая, даволі прывабная. Вось толькі яе вочы не спадабаліся Сяргею: трывога ў іх была, неспакой... Але ў той момант ён не звярнуў на гэта ўвагі, бо думаў, што і сапраўды тая спяшаецца на цягнік.
Урэшце вырашыў, што назаўтра зноў з Асяй пад’едзе на вакзал, а там будзе відаць. 3 тым і заснуў.
Раніцай усхапіўся ў сем гадзін. Хуценька памыўся ды на кухню. Рашыў напячы аладак, бо смятана яшчэ была ў халадзільніку. Пакуль тое ды сёе паўтары гадзіны праляцела. Пасля зазірнуў у залу. Ася яшчэ спала. Ён падышоў бліжэй, толькі хацеў паправіць коўдру, як яна тут жа расплюшчыла вочы.
Добрай раніцы! ён прысеў на ложак. Хто гэта так доўга спіць?
А што ужо дзень? яна ўсміхнулася.
Бачыш, нават сонечны зайчык да цябе забраўся, запрашае на вуліцу. Сяргей пагладзіў яе па галоўцы.
А дзе ж мая лялька? Ася села і азірнулася навокал.
Якая лялька? здзівіўся ён.
3 белымі валасамі, у якой вочкі самі адкрываюцца! на яе тварыку была разгубленасць. Ася нават зазірнула пад падушку.
Яна табе, напэўна, прыснілася, супакоіў яе Сяргей. Сёння мы пойдзем у магазін і купім табе такую ляльку.
Праўда?! з радасцю ўскрыкнула Ася.
Праўда. А цяпер хуценька ўставай, памыем з табой ручкі, тварык ды за стол. Я вельмі смачных аладак напёк.
Пасля снедання яны выйшлі на вуліцу. На небе ні аблачынкі адно сонейка. Адразу ж паехалі на аўтобусе ва універмаг. Лялек было вочы разбягаюцца. Ася ўсе перабрала. Урэшце ўпадабала адну зусім невялічкую, з блакітнымі вачыма. Заадно купілі ёй новыя сандалікі і бялюткія шкарпэткі.
Выйшлі з універмага, пастаялі крыху ля тэатра, паглядзелі з высокага берага на Дзвіну, а пасля перайшлі цераз мост і накіраваліся да вакзала.
А куды мы ідзем? Ася спынілася.
На вакзал. Будзем шукаць тваю маму.
А мне ўжо ножкі баляць.
Мы зараз на аўтобус сядзем.
Людзей на вакзале было мала. Яны зноў падняліся на другі паверх і ўселіся на тыя ж самыя крэслы ў першым радзе. Ася адразу ж пачала разглядваць малюнкі ў невялічкай дзіцячай кніжцы, якую яны купілі ў кіёску, а ён пачаў углядвацца ў твары жанчын, што зрэдку ўваходзілі ў залу.
Яго здзіўляла тое, што Ася зусім не хвалявалася за маці: знойдзецца тая ці не. Магчыма, яна доўгі час жыла са сваёй бабуляй, дзе-небудзь у вёсцы, a маці зрэдку да іх прыязджала.
I ўсё адно ён не мог зразумець аднаго: як гэта можна было пакінуць сярод белага дня сваю родную дачку, ды яшчэ такую прыгожую?
Ён сам з Асяй усяго другі дзень, а ўжо адчуў, што пачаў прывыкаць да яе. У яго і раней была цяга да дзяцей, магчыма, таму, што сваіх не было. Колькі разоў, бывала, падыходзіў да дзіцячага садзіка, што быў непадалёку ад ягонага інтэрната і цікаваў, як хлопчыкі і дзяўчаткі гушкаліся на арэлях або корпаліся ў пяску.
У іх ужо там былі свае клопаты. А каб ён ажаніўся ў пару, то сам бы меў такую ўнучку. Праляцелі гадочкі, як ластаўкі прамільгнулі. Яго нават будучая жаніцьба не радавала. I якая гэта жаніцьба — адны слёзы. Галіна Мікалаеўна хаця і дала згоду, але адчуваў ён не падабаецца ёй. I яе маці касавурылася на Сяргея, бо не даспадобы было ёй ягонае шафёрства. Сяргей ужо з добры дзесятак гадоў працаваў на аўтобусе. Машыны падабаліся яму з дзяцінства. Завочна і тэхнікум скончыў. Папрацаваў тры месяцы механікам ды зноў на аўтобус папрасіўся. I заробак не той, дый працу не параўнаць: там прастор, новыя людзі, прырода, а ў гаражы адна лаянка са слесарамі.
Душна тут, Ася паднялася з крэсла. хадзем на вуліцу.
Яны спусціліся ўніз, выпілі квасу, узялі марожанага і селі на лавачку ў прывакзальным скверы.
Ася была ў захапленні ад марожанага. Можа, нават і каштавала ўпершыню ў жыцці. Яна час ад часу кідала загадкавы позірк на Сяргея, а пасля сказала:
— Будзь маім таткам, добра? — і, убачыўшы ягоны здзіўлены позірк, хуценька дадала: У мяне ж ніколі таткі не было. А ты добры, мне падабаешся.
I столькі было чакання ў яе вачах, што ён, ні хвіліны не раздумваючы, адказаў:
Добра. Я згодзен.
Вось так! Ужо і таткам стаў. А што ж далей будзе? He! Трэба штосьці рабіць. А рашэнне было
адно: Асю трэба адвесці ў дзіцячы пакой. Павінен такі быць у міліцыі. Адкуль адправяць у дом дзіцяці або маці будуць шукаць. Ім там відней, што і як рабіць.
I ён рашыў назаўтра ж адвезці туды Асю. А ноччу ў яго нечакана ўзнікла адна думка: а што, калі назаўсёды пакінуць Асю ў сябе? Канечне, не адразу. Пабудзе спачатку ў доме дзіцяці, а ён папросіць дырэктара, каб нікому яе не аддавалі, а сам за гэты час ажэніцца ды ўгаворыць Галіну Мікалаеўну, каб забраць Асю. Гэтая думка яго ўзрадвала, ён ажно павесялеў.
Запала дзяўчынка ў ягоную душу, і ці будуць у яго свае дзеці? Галіне Мікалаеўне даўно за трыццаць. А ў такім узросце радзіць не проста. Вось толькі ці згодзіцца яна ўзяць Асю?
Увесь наступны дзень яны з Асяй зноў правялі ў горадзе, бо была якраз нядзеля. Пабывалі нават у парку, дзе ён пакатаў яе на поні, а пасля зайшлі ў фатаграфію. Зрабілі здымкі на памяць. Спачатку адну Асю, а пасля іх удваіх.
У панядзелак, адразу ж пасля снядання, ён прысеў з Асяй на канапу, і яны пачалі глядзець па тэлевізары мульцікі. Як толькі скончылася перадача і ён выключыў тэлевізар, Ася спытала:
— А куды мы сёння пойдзем?
— Паедзем з табой да адной цёткі, якая адвязе цябе ў вялікі дзіцячы садзік. Там жывуць такія хлопчыкі і дзяўчаткі, у якіх згубіліся таты і мамы.
А я з табой хачу жыць! яна прытулілася да яго пляча.
Я буду да цябе прязджаць, а пасля назаўсёды забяру да сябе. Я цябе не пакіну, Сяргей пагладзіў яе па галоўцы.
У невялічкім кабінеце сядзела даволі-такі маладая жанчына ў міліцэйскай форме. Тры зоркі налічыў Сяргей на яе пінжаку, які вісеў на вешалцы ў самым куце. Тут жа, ля самай сцяны, стаялі два старэнькія ровары.
Ён павітаўся. Жанчына ўважліва зірнула на Асю і прапанавала ім сесці.
Слухаю вас! сказала яна, але тут жа зазвінеў тэлефон.
Так... яна ўзяла аловак, штосьці запісала ў блакнот. Добра. Чакаю вас у семнаццаць гадзін! яна паклала трубку і зноў зірнула на Асю. Што ў нас здарылася?
Сяргей расказаў пра здарэнне на вакзале.
I колькі дзён дзяўчынка з вамі?
Тры дні прайшло.
А чаму адразу сюды не прывезлі? у голасе жанчыны пачуліся недаверлівыя ноткі.
Усё ж думалася, што знойдзецца яе маці. Мы кожны дзень на вакзал ездзілі, адказаў Сяргей.
— А як завуць нашу прыгажуню? жанчына ўсміхнулася.
Ася, адказаў Сяргей. А вось прозвішча не ведае.
Ася, звярнулася жанчына да дзяўчынкі, цягніком вы з мамай ехалі ці аўтобусам?
Мы ў вагоне ехалі, адказала Ася.
He густа звестак, жанчына ўздыхнула.
Пасля яна запісала адрас Сяргея, праверыла ягоны пашпарт.
Ну што ж, яна адкінулася на спінку крэсла, пакуль усё.
А што будзе з Асяй? спытаў ён.
Сёння адправім у абласную бальніцу. Там урачы яе правераць, і калі будзе здаровенькая, то адправім у дом дзіцяці.
Далёка куда?
Дзе месца будзе. Хутчэй за ўсё ў Оршу.
А колькі яна ў бальніцы прабудзе?
Месяцы два, а то і больш.
Так доўга?! здзівіўся Сяргей.
А як вы думалі?! Пакуль правераць, а пасля юрыст зоймецца рознымі паперамі. А чаму гэта вас цікавіць?
Ды так... Сяргей змоўк і зірнуў на Асю.
Дзядзя Сярожа будзе маім таткам, урэшце падала голас Ася.
Вось як?! усклікнула жанчына. Гэта праўда?
Праўда! ён прыхінуў яе да сябе. Як толькі ажанюся, то адразу ж паеду па яе. А можна і мне пад’ехаць у бальніцу, каб ведаць, дзе будзе Ася?
Добра. Зараз выклічу машыну, і паедзем.
Ася прабыла ў бальніцы болын за месяц. I гэта яшчэ добра ўсё атрымалася. Бо тут былі такія хлопчыкі і дзяўчаткі, што жылі тут гадамі. Праўда, некаторыя з іх лячыліся, але ж былі і здаровыя, якіх можна было даўно адпраўляць у дом дзіцяці. Ды вось бяда не было каму заняцца афармленнем неабходных даведак і дакументаў.