• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошні сезон  Павел Савоська

    Апошні сезон

    Павел Савоська

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 398с.
    Мінск 2009
    92.91 МБ
    Добра яшчэ, што ў яго быў з сабою нумар “Вожыка”, які прыдбаў у Маладзечне. Пакуль прачытаў, то і абед падаспеў.
    Як ні мацаваўся Сцяпан, але дзесьці а палове трэцяй так захацелася есці, што ён не вытрымаў і адкрыў бляшанку траскі, бо каўбаса надакучыла. Уплёў тую ў адно імгненне, хацеў нават узяцца за другую, але стрымаўся, бо яго яшчэ чакалі сушкі з напіткам.
    Што ні кажы, а настрой у яго ўзняўся. Нядрэнна было б цяпер здрамнуць, але ж ён на пасту, як той салдат.
    Так Сцяпан нікога і не дачакаўся. У дзесяць вечара падсілкаваўся двума скрылёчкамі каўбасы і адразу ж заваліўся ў ложак.
    Падняўся раніцай з неахвотаю, бо не было настрою. Дый адкуль яму ўзяцца? Сцяпан пачаў разумець, што шанцы ягоныя з кожным днём змяншаюцца. Гэта і не дзіўна, бо Іван Дарафееў мог у свой час толькі вучыцца ў Кіеве, а ўсе родзічы жывуць дзесьці на Урале або ў такой глухамані, што век не знойдзеш.
    Дый ці былі яны ў яго? Але ён вырашыў прабыць тыдзень да канца. Паабедаць вырашыў у рэстаране, каб урэшце падсілкавацца як след. Каўбаса надакучыла, а на печань траскі не мог нават і глядзець.
    I толькі скончыў пералічваць грошы ў кашальку, як у дзверы ледзь чутна пастукалі. Ён яшчэ падумаў, што гэта не да яго, але тут забарабанілі гучней.
    — Заходзьце! голасна прамовіў ён і падняўся з крэсла.
    Дзверы адчыніліся, і Спяпан убачыў на парозе маладую дзяўчыну. Яе чорныя валасы былі перахопленыя блакітнай стужкаю і хаваліся дзесьці за плячыма. Была яна ў лёгкай бялюткай сукенцы, уся такая загарэлая і да таго прыгожая, што Сцяпан глядзеў на незнаёмку, як на якое цуда.
    Шчокі дзяўчыны пачырванелі, лёгкі сполах быў на яе твары, а вочы запытальна пазіралі на Сцяпана.
    Дзень добры! урэшце прамовіла яна.
    Вітаю вас! адказаў Сцяпан.
    Я па аб’яве, ціха прамовіла дзяўчына, a вы Сцёпа Артамонаў?
    — Так, гэта я! з весялосцю ў голасе адказаў ён, бо толькі цяпер да яго дайшло, што ўрэшце ягоныя пошукі далі вынік.
    — Вы праходзьце, сядайце, запрасіў ён яе да стала. Але дзяўчына не адыходзіла ад дзвярэй.
    — Іван Дарафееў мой дзед. Вы штосьці пра яго ведаеце? яе вочы з надзеяй пазіралі на Сцяпана.
    Так. Ды вы не бойцеся, прысаджвайцеся, я зараз вам усё раскажу.
    Ведаеце... Там, у нашай кватэры, засталася мая бабуля, ягоная жонка. Яна загадала, каб я прывезла вас да яе. Яна вельмі хвалюецца. Я яшчэ ўчора прыехала б, але здавала вельмі цяжкі апошні экзамен.
    3 вамі я згодзен хоць на бязлюдны востраў, з весялосцю ў голасе прамовіў Сцяпан. Але ўбачыўшы, што дзяўчыне не да жартаў, адразу ж змоўк. Ён кінуў на яе вінаваты позірк, а пасля ціха прамовіў:
    Прабачце. Проста я доўга быў у тундры, а там дзяўчат не было...
    — Што вы?! — са здзіўленнем прамовіла дзяўчына, і лёгкая ўсмешка з’явілася на яе твары.
    Тут Сцяпан крыху асмялеў і спытаў:
    А як вас завуць?
    Галя, адказала дзяўчына і сарамліва ўсміхнулася.
    Тады паехалі.
    Яны выйшлі з нумара. Сцяпан замкнуў дзверы.
    I далёка нам ехаць?
    Калі аўтобусам, то хвілін сорак,
    Махнём на таксі, прапанаваў Сцяпан. Тым больш, што машын навалам.
    Галя адразу ж згадзілася. Яны селі ў чорную “Волгу”. Галя назвала адрас, і хударлявы таксіст з пасівелымі скронямі моўчкі плаўна крануў машыну з месца.
    Даехалі хвілін за дваццаць, дом быў вялізны, са шматлікімі пад’ездамі. Падняліся ў ліфце на сёмы паверх.
    Галя хуценька адчыніла дзверы, і яны зайшлі ў кватэру. He паспеў Сцяпан у прыхожай зняць басаножкі, як з суседняга пакоя ўвайшла бабуля ў шаўковым карычневым халаціку, з пышнымі, добра пасівелымі валасамі.
    Сцяпан павітаўся і адчуў, як чырванню пакрываюцца ягоныя шчокі.
    Гэта Сцёпа Артамонаў, прамовіла Галя. А гэта мая бабуля Марыя Іосіфаўна.
    Зойдзем у залу, запрасіла бабуля.
    Яны зайшлі ў даволі прасторны пакой, пасярод якога стаяў стол з крэсламі, а крыху воддаль, ля самай сцяны, была канапа, у самым кутку стаяў тэлевізар.
    Як толькі яны прыселі за стол, то бабуля, якая ўвесь час пільна разглядвала Сцяпана, адразу ж спытала:
    Няўжо вы штосьці ведаеце пра майго Ванюшу, бо Іван Дарафееў мой муж. Вам, напэўна, хтосьці пра яго расказваў? Яна пазірала на яго з надзеяй і спадзяваннем.
    — He зусім так, Сцяпан уздыхнуў. Справа ў тым, што мы знайшлі яго ў шурфе... Гэта было з месяц таму на Чукотцы.
    I тут ён расказаў, як усё адбылося, паклаў на стол спражку і фотакарткі.
    Марыя Іосіфаўна асцярожна ўзяла ў рукі спражку, ласкава пагладзіла яе і нечакана заплакала.
    Гэта ягоная спражка, ціха прамовіла яна. Ён паказваў яе мне пры нашай апошняй сустрэчы ў лагеры. Было гэта летам 1940 года. Ванюша тады шкадаваў, што не хапіла месца, каб напісаць яшчэ і вуліцу, дзе стаяў наш дом.
    А кім ён быў?
    Кадравы афіцэр Чырвонай Арміі. Пазнаёмілася я з ім тут, у Кіеве, дзе ў свой час скончыла гімназію з залатым медалём і паступіла ў медыцынскі інстытут у 1923 годзе.
    Але ж у той час няпроста было вучыцца? спытаў Сцяпан.
    Амаль немагчыма. Голад, разруха. На заняткі басанож хадзілі, вось... I толькі на танцы шылі сабе з ручнікоў такія басаножкі. Але ж мы не сумавалі, хаця і галодныя былі гадочкі, але самыя шчаслівыя... На чацвёртым курсе пазнаёмілася я са сваім Дарафеевым. Камандаваў ён у той час эскадронам. Аднойчы праводзіў мяне. Падышлі да нашага дома, дзе мы з сяброўкаю пакой здымалі, а на вуліцы халадэча зіма. Запрасіла яго чайку выпіць, ды як на тое зло дровы скончыліся. Пайшоў ён. А назаўтра, дзесьці так пад вечар, заязджае ў наш двор чырвонаармеец на тачанцы, a ў ёй дровы бярозавыя: пашчапаныя, сухенькія... Спыніў каня і пытае, дзе тут пражывае Карыкава Марыя. Я стаю аслупянеўшы, а суседка да мяне: “Марыя! Ён жа цябе шукае!” Раздзялілі мы тыя дровы на ўсіх.
    А што ж далей было?
    — Пажаніліся мы. А праз які месяц перавялі яго ў Мінск. Праз год і я да яго паехала. Разам з Жукавым ён служыў, вось... Пасля пераводзілі яго з месца на месца. I вось тады мы ўпершыню стварылі вячэрнія школы для камандзіраў Чырвонай Арміі. Дайшла пра гэта вестка да Масквы. Сам Сталін ухваліў наш пачын. А ў той час праводзіліся з’езды жонак камсаставу нашай арміі. Пабывала і я на адным з такіх з’ездаў. Было гэта ў 1935 годзе. Хвалявалася, як ніколі ў жыцці!
    А чаго ж так? Вас жа там многа было.
    Мне ж яшчэ і выступаць давялося расказвала пра нашу вячэрнюю школу. А ў прэзідыуме Сталін, Варашылаў, Будзённы... Пасля некаторым дэлегатам уручалі залатыя наручныя гадзіннікі. Тут жа гравёр іх падпісваў. I так здарылася, што
    мне якраз і не хапіла. Стаю счырванеўшы, ажно самой няёмка. Тут падышоў да мяне Будзённы і ўручыў мужчынскі гадзіннік, таксама залаты. A Сталін падазваў мяне і кажа: “He крыўдуйце. Да вашай камплекцыі такі гадзіннік у самы раз”. Гэта ён к таму, што была я ў той час паўнаватай, дый ростам Бог не пакрыўдзіў. Шчаслівая вярталася дадому. Тут якраз і муж павышэнне атрымаў — пачаў дывізіяй камандаваць. Але нядоўга я радавалася. У трыццаць восьмым мужа арыштавалі.
    За што?
    Хто ж яго ведае. Тады такая чыстка была ў арміі, што капітаны палкамі камандавалі. I засталася я адна з дзвюма дачушкамі на руках. Падтрымаў мяне ў той час толькі блізкі сябар мужа Канстанцін Ракасоўскі.
    Наш знакаміты маршал? здзівіўся Сцяпан.
    Ну, у той час ён не быў яшчэ маршалам. Да вайны яго мала хто і ведаў. Але пасля ён і сам быў арыштаваны, і толькі перад вайной яго выпусцілі.
    I вы больш так і не ўбачылі мужа?
    Адзін раз давялося сустрэцца. Працаваў ён у Сібіры, на лесанарыхтоўках. Прыехала, а яго ледзь пазнала: да таго схуднелы — адны вочы... Заплакала, а ён мяне суцяшае: “Усё хутка праясніцца, тут нейкая памылка. Мы ліст Сталіну напісалі. Нас хутка выпусцяць, вось убачыш!” Так ужо ён спадзяваўся на вызваленне, што нават я супакоілася: можа, і сапраўды разбяруцца і выпуспяць. Ажно не. Пасля лісты перасталі прыходзіць, а тут вайна... Адвезла я дачок да маці ў вёску, а сама ў дзейную армію. Я ж хірург. Працавала ў палявым шпіталі. Дзесяткі аперацый у дзень. 3 ног валілася ад стомы. Скончылася вайна, прыехала ў вёску, а дочкі мяне не прызнаюць: і смех, і грэх. А што? Было ім ад чаго здзівіцца: стаіць перад імі жанчына з пагонамі падпадкоўніка на плячах, з медалямі на грудзях і кажа, што яна іхняя маці.
    I вы засталіся жыць у вёсцы?
    Ды не. Прыехала ў Кіеў, пачала працаваць у бальніцы. Доўгі час кватэру не магла атрымаць. Вось тады і напісала Ракасоўскаму ў Маскву. I ён дапамог. Праз які месяц атрымала двухпакаёўку, забрала маці з вёскі, бо старэнькая была. А ў пяцьдзесят шостым мужа рэабілітавалі, як і многіх іншых. Чытала той ліст ды плакала начамі, бо яшчэ цяжэй на душы стала. Добра яшчэ, што зяці ў мяне цудоўныя. Адна дачка ў Ялце жыве, а я тут з малодшай. Цяпер вось з унучкай засталіся, бо нашы з’ехалі на мора.
    Яна на хвіліну змоўкла, узяла ў рукі фотакарткі і пачала разглядаць.
    У такую далячынь саслалі. Ляжыць, бедачок, у мерзлаце, у такім холадзе...
    Прабачце, Марыя Іосіфаўна, што прывёз вам такія сумныя весткі.
    Што вы, Сцёпа, я вельмі ўдзячная вам! Цяпер хоць ведаю, дзе ягоная магілка. Шкада, што далёка, а то б злятала.
    — Яно так, — ціха прамовіў Сцяпан, — да Чукоткі дзевяць гадзін лёту, ды яшчэ пропуск спецыяльны трэба мець, бо прыгранічная зона.
    Загаварылі мы госця, Галінка, трэба пачаставаць, яна паднялася з крэсла. Пайду на кухню, а вы тут паразмаўляйце.
    Марыя Іосіфаўна выйшла. Тут Сцяпан зірнуў на Галю і яму падалося, што пасля ягонага аповеду яна змянілася. 3 такой цікавасцю слухала, ды разпораз паглядвала на яго сваімі чорнымі вачыма. A без бабулі яна і зусім асмялела.
    Учора здала апошні экзамен. Цяпер я вольная птаха. Яшчэ год вучобы — і буду ўрачом, — прамовіла яна і пільна зірнула на Сцяпана.
    Няўжо будзеш хірургам, як і бабуля?
    He. Я буду дзетак лячыць, як мая маці. Праз дзень-другі і мы з бабуляй адправімся ў Ялту. Запрашаю і цябе, Сцёпа. Бачыш, як хутка перавяла на “ты”.
    He ведаю. Вялікі табе дзякуй, але што твае скажуць?
    Узрадуюцца. Бо ты прывёз звесткі пра бацьку маёй маці, гэта першае. А па-другое, пасля Чукоткі табе карысна будзе паплаваць і пазагараць.
    Гэта праўда. Трэба падумаць, бо адпачынак у мяне шасцімесячны,
    Нічога сабе! здзівілася Галя.
    Усё па законе два з паловай гады правёў у тундры...
    Тут Галя ўзяла ў рукі фотакарткі.
    Цябе тут не пазнаць, такая бародка шыкоўная.