Апошні сезон
Павел Савоська
Выдавец: Галіяфы
Памер: 398с.
Мінск 2009
Ён таксама купіў тры свечкі, яшчэ раз перахрысціўся і зайшоў у малельную залу Сабора. Адну свечку паставіў перад іконай Ісуса Хрыста, другую перад Багародзіцай, а трэцюю запаліў перад лікам Мікалая Цудатворца. Гэта Ён па малітвах ягонай бабулі ўратоўваў Сцяпана ў далёкіх вандроўках, дзе можна было загінуць у любы момант.
Сцяпан ведаў, што мужчынам трэба стаяць у Храме на правай палавіне. Знайшоў вольнае месца амаль ля самых дзвярэй і спыніўся.
Тым часам выйшаў з-за Царскіх дзвярэй святар, і служба пачалася. Сцяпан стаяў, нізка апусціўшы галаву, але пасля, калі дзесьці на верхатуры заспяваў хор, ён асмялеў і зірнуў на абраз Божай Маці. Яму падалося, што Яна са спачуваннем і жалем у вачах пазірае на яго. I тады ледзь чутна прашаптаў: “Заступніца наша! Закінь слоўца перад Усявышнім і за мяне грэшніка, бо не разумеў, што тварыў у маладосці”.
Пасля, улучыўшы зручны момант, кінуў кароткі пакаянны позірк і на самога Збаўцу Ісуса Хрыста. Сорам працінаў ягоны розум, але ж трэба было трымацца да канца службы, раз прыйшоў у Храм.
Людзі паціху то заходзілі, то выходзілі. Некаторыя ставілі свечку, а пасля падыходзілі ледзь не да кожнай іконы, хрысціліся і цалавалі іх. У самым канцы службы Сцяпан даведаўся, што да споведзі можна трапіць у сераду і ў пятніцу, а таксама ў нядзелю, калі няма вялікага свята.
Выйшаў з Сабора з невялікай палёгкай на душы. Яшчэ свяціла сонейка, але ў паветры ўжо адчувалася ледзь прыкметная вечаровая прахалода.
Прыехаў у сваю Малінаўку і прылёг на канапу. Пачало шарэць. Сцяпан любіў такія хвіліны, бо на вачах пакой станавіўся загадкавым і таямнічным.
Думкі віталі дзесьці далёка, думалася пра лепшае, але зноўку ўсплываў у памяці ягоны сыночак. I няўжо такое адбываецца толькі з ім? Колькі абортаў робяць урачы ў Мінску толькі за адзін дзень не злічыць! Але што ківаць на іншых? Трэба з сабою разабрацца. Тут было над чым падумаць, тым больш, часу ў яго хапала.
I што аборты звычайнае забойства, разумеюць усе, але ж і забараніць іх немагчыма. Пабягуць тады маладыя дзяўчаты дый замужнія жанчыны да розных бабулек, якія могуць нарабіць яшчэ большай бяды. А мафія пачне на гэтым адразу ж зарабляць шалёныя грошы.
Вось калі б людзі былі больш набожнымі, як у мінулыя гады, баяліся такога граху перад Усявышнім, то ўсё было б інакш.
Раней аднаго-двух дзяцей у сям’і амаль і не было, сама меней пяцёра, а то і ўсе дзесяць. I хаця жылі ў галечы, але ж хапала сілы падняць усіх на ногі, калі не было якога памору.
Думкі, думкі... He давалі яны спакою Сцяпану апошнімі днямі. Але колькі ні думай, а ўсё адно будзе так, як наканавана чалавеку лёсам, які не абмінеш і не аб’едзеш...
I зноўку Сцяпану прысніўся ягоны сыночак... Але было яму ўжо гады тры, а мо і больш. Быў ён у бялюткай сарочцы з кароткімі рукаўцамі і ў карычневых штоніках на шлейках. Такія сам калісьці насіў у маленстве. Басанож, бо было лета, стаяў той пад вялікай ліпай ля ягонай хаты, быццам чакаючы Сцяпана.
I калі падышоў да хлапчука і прысеў перад ім на кукішкі, той моцна абняў яго сваімі малымі ручкамі і прамовіў: “Бачыш, я ўжо крыху падрос.
У мінулы раз пакрыўдзіў цябе, але ты не сумуй, мы хутка сустрэнемся і назаўжды будзем разам. Я цябе ўсё адно люблю, а цяпер бывай!”
Тут хлопчык разняў ручкі і на вачах здзіўленага Сцяпана стаў паволі падымацца над зямлёю. Вось ужо ўзняўся над хатай, а праз хвіліну быў над верхавінай старой ліпы, затрымаўся там і пракрычаў: “Да сустрэчы! Бывай!”
Сцяпан не паспеў адказаць, як раптоўна знікла сонейка, па небе пранесліся чорныя хмары, мільганула адна маланка, другая, а пасля ляснуў пярун з такой сілаю, што ён аглух. Памкнуўся было сігануць у хату, але не змог зрабіць і крока, толькі адчуў, як цёплы дожджык прамочвае да ніткі.
А на нябёсах хтосьці пагрозліва грукацеў, быццам каціў па брукаваным гасцінцы вялізную жалезную бочку. Тады Сцяпан не вытрымаў, апусціўся на калені і прашаптаў: “Прабач, Госпадзі, мяне, грэшніка!”
Пасля ўсё знікла. Ён зноўку хацеў кудысьці бегчы, але ўпаў на зямлю і... прачнуўся.
I тут выразна пачуў, як дожджык барабаніць па аконным шкле. Ён падхапіўся з ложка і зірнуў на вуліцу. А там і сапраўды была навальніца, якой Сцяпан гэтым летам яшчэ не бачыў. Вада ручаямі бегла па асфальце. Легкавушкі ледзь прарываліся праз такую залеву. Аблокі зусім нізка і нерухома павіслі над горадам. Здавалася, што ім хочацца найхутчэй вызваліцца ад вады, каб прамыць горад і з палёгкай працягваць сваю вандроўку.
Што ж, добры дожджык для горада ў летнюю спёку вельмі карысны.
Але ў яго з галавы не выходзіў начны сон. Бо калі ў першы раз ягоны сынок назваў яго забойцам, то яму было толькі сорамна і балюча за свой учынак, а вось цяпер пачаў працінаць страх...
Кожны ведае, што калі цябе кліча да сябе нябожчык, то трэба рыхтавацца ў апошнюю дарогу...
I хаця наўпрост да сябе ягоны сынок не клікаў, а казаў пра сустрэчу, тут няма вялікай розніцы, бо ўсё гэта можа здарыцца толькі на тым свеце...
Паснедаўшы, Сцяпан прысеў на крэсла ля акна. Ён пазіраў на поле, лес і дожджык, які не пераставаў, але ўжо адчувалася, што сілы яго на зыходзе.
Тут прыгадалася яму загадкавая смерць саракагадовага Ігара Бабкова з іхняй вёскі. Толькі ранняй вясной пахаваў ён бацьку, а праз два месяцы і самога не стала. I дзіўна тое, што калі былі саракавіны, то Ігар расказаў Сцяпану пра сон, у якім бацька клікаў яго да сябе вазіць салому. “Я пачаў адмаўляцца, смеючыся, расказваў ён далей, — і прапаноўваў яму ў памочнікі Івана Платончыка, які без працы цэлымі днямі аціраецца ля вясковай крамы. Але бацька сказаў, што той не работнік слабы і спіты, а ты намнога дужэйшы”.
I праз які час Ігар памёр. Урачы сказалі, што тромб спыніў ягонае сэрца. Вось і паспрабуй пасля гэтага не верыць такім прарочым снам.
А бываюць яшчэ і папераджальныя сны, у якіх сам Усявышні наўпрост падказвае чалавеку пра небяспеку. Тут патрэбна да іх прыслухоўвацца, інакш бяды не мінаваць. Сцяпан успомніў, як адна жанчына расказвала ў электрычцы пра бортправадніцу з іхняга дома.
Тая перад чарговым рэйсам сказала сяброўцы: “Апошні мой вылет, пасля звальняюся, бо сёння ў трэці раз бачыла, як наш самалёт яшчэ ў паветры пачаў развальвацца на кускі, людзі крычалі, пасля страшэнны выбух... I вось ужо я адна лячу ў цёмным тунелі, а наперадзе гараць яркія агні. Толькі да іх падляцела і... прачнулася”.
I тут яна зрабіла памылку выйшла на працу. Іхні самалёт і сапраўды разбіўся ў Сібіры, упаў у тайгу.
Калі знайшлі і праслухалі запісы чорных скрынак, то з іх даведаліся, што вінаваты ва ўсім шэфпілот, які ўзяў з сабой трынаццацігадовага сына. Узяў гэта яшчэ што, але ж пачаў паказваць, як трэба пілатаваць. Націскаў розныя кнопкі, а самалёт быў замежны. I вось сын даў каманду бартавому камп’ютэру на зніжэнне, самалёт пачаў губляць вышыню, а вывесці яго зноўку на патрэбны курс экіпаж так і не змог.
Падобнае можа здарыцца з кожным чалавекам. Дый каму хочацца паміраць? Зразумела нікому. Тым болып яму, Сцяпану, які ўпотайкі яшчэ марыў пра сямейнае жыццё.
Але як той казаў: “Чалавек думае, а Бог смяецца!” Марыць, канечне, нікому не забаронена. Але калі на тое пайшло, то дзе ж Божая справядлівасць? Так, Сцяпан вінаваты, гэта факт. Але калі капнуць глыбей, то і пакаранне сваё, лічы, адбыў самыя лепшыя гадочкі правёў ў адзіноце. Гэта замест таго, каб цешыцца і мілавацца з маладой жонкай, ён гойсаў з рукзаком па тайзе і тундры, а вольнае жыцце ўсё мацней зацягвала ў дрыгвяністае балота адзіноты...
Няўжо цяпер Усявышні вырашыў забраць яго да сябе... Напэўна, так яно і ёсць. I крыўдна, што больш ён у сваім жыцці не грашыў. Хаця, калі шчыра прызнацца, то і пасля былі ў яго жанчыны, і не адна, але ж да нараджэння дзіцяці справа не даходзіла.
А калі браць з жыцця штосьці іншае, то тут ён быў чысты, як тая кропля расы на ружы. За ўсё жыццё нікога не пакрыўдзіў, а толькі стараўся дапамагчы, чым мог. Колькі грошай заробленых ён параздаваў не злічыць.
I зноўку, у які ўжо раз, прабралася ў ягонаю душу самота. Ад яе ўчэпістых абдымкаў цяжка было абараніцца. Заставалася толькі марыць, што і ў яго калісьці наладзіцца асабістае жыццё, а пакуль трэба чакаць.
Так, зямны час бяжыць да таго імкліва, што калі іншым разам Сцяпан раздумваў пра гэта ў сваёй пакутніцкай адзіноце, то яму рабілася проста страшна...
Гэта ж вось так непрыкметна падкрадзецца і той апошні дзень, калі трэба будзе памерці. Паміраюць, праўда, усе, але гэты факт мала суцяшальны. Каб хоць давялося пражыць год дзевяноста, а то і ўсе сто, тады іншая справа.
I ён падумаў, каб у якога разумнага чалавека пракансультавацца наконт ягоных сноў. Канеч-
не, лепш за ўсё дапасці да навукоўца, які зубы з’еў на снах. Павінна ж быць нейкае навуковае абгрунтаванне гэтай загадкавай з’яве. He ўсе ж сны спраўджваюцца, калі ўжо на тое пайшло. Узяць тыя ж соннікі. У адных пішуць, што свіней бачыць дрэнна, у другіх добра. А ў трэціх парасяты, якіх ты пасвіш на лузе, прынясуць у хуткім часе вялікую радасць у хату.
Але зноўку быццам хтосьці нашэптваў Сцяпану ў самае вуха: “Што тычыцца нябожчыкаў, то гэты факт неаспрэчны, і ў народзе правераны. Так што сябе не суцяшай, а лепш рыхтуйся ў апошнюю дарогу...”
Сцяпан ад такой думкі ажно скамянеў, пасля падняўся з табурэткі і пачаў паволі хадзіць па пакоі. Ён вырашыў на гэтым тыдні схадзіць да споведзі. Бо калі давядзецца нечакана памерці, то будзе паспавяданым. Усё ж, магчыма, на тым свеце будзе ягонай душы хаця б невялікая палёгка.
Нажытага скарбу і багацця ў яго не было, але ж трэба падумаць і пра маёмасць кватэру і хату ў вёсцы. I вырашыў Сцяпан так: калі што здарыцца, то кватэру няхай дзяржава забірае, а хату надумаў апісаць на дачку свайго хроснага бацькі, які яшчэ дзесьці жыве ў вёсцы Каты. Яму далёка за восемдзесят, але бадзёры, трымаецца. Трэба тэрмінова яго наведаць, вырашыў Сцяпан і нават крыху супакоіўся.
Ён любіў жыць і дзейнічаць па загадзя намечаным плане, тады не так хваляваўся і быў нават у настроі, калі ўдаваліся ягоныя халасцяцкія задумкі.
Каб крыху развеяцца, ён вырашыў схадзіць у гастраном, бо хлеба амаль не было, толькі акраец застаўся. I толькі падышоў да дзвярэй, як зазваніў тэлефон. 3 Епархіі паведамілі, што калі ён зможа, то каб у дзве гадзіны быў на праспекце газеты “Нзвестня”. Там яго сустрэне айцец Сергій. А чакаць яго павінен Сцянан на прыступках мясцовай пошты.