Апошні сезон
Павел Савоська
Выдавец: Галіяфы
Памер: 398с.
Мінск 2009
Тым часам пачало шарэць, а Сцяпан усё сядзеў ля Андрэйкі. Няўжо і сапраўды спраўдзіліся ягоныя прарочыя сны? Гэта ж каму раскажы ніхто не паверыць. Ён нават і сам цяпер сумняваўся, што душа, ці, як казаў яму акадэмік, розум ягонага калісьці забітага сыночка перайшоў да Андрэйкі. Але ўсё можа быць на гэтым свеце. Колькі яшчэ неразгаданых таямніц у прыродзе не злічыць. Сцяпан сам нядаўна чытаў, што ў джунглях ракі Амазонкі ўбачылі вялізнага змея, які поўз і пакідаў пасля сябе такі след, быццам танк праехаў.
Але што рабіць з Андрэйкам далей? Вядома, што давядзецца адвесці ў міліцыю, а тыя адправяць у дзіцячы дом. Дый маці ў яго ёсць...
Ён яшчэ раз зірнуў на Андрэйку, падняўся з табурэткі, перахрысціў яго і выйшаў на падворышча. Ціха было навокал, толькі дзесьці за рэчкай грукацеў трактар. Летняя ночка апускалася на За-
рэчча. Сцяпан зірнуў на царкву, перахрысціўся, крыху пастаяў, а пасля зайшоў у хату. Накінуў у калідоры на дзверы кручок, яшчэ раз зірнуў на Андрэйку, распрануўся і з асцярогаю прылёг на свой ложак.
Але дзе ж тут было заснуць пасля такога дня! Адразу ж вырашыў пакуль Андрэйку нікуды не здаваць. Няхай пажыве ў яго, ачомаецца, лета якраз, а там будзе відаць. Калі дасць Бог Сцяпану здароўя, то паспее яшчэ і вывучыць Андрэйку. A што? Праз пятнаццаць гадоў Сцяпану будзе толькі семдзесят, а яму дваццаць. А калі пашчасціць, то і ўнука дачакаецца. I кватэру на яго сваю апіша.
Але пра гэта думаць яшчэ рана. А калі браць бліжэй, то трэба пад’ехаць у Загор’е ды распытаць пра Андрэйкаву маці. He ўзялі хлопчыка ў дзіцячы дом, то яна раззлавалася, выпіла, хацела нават у роспачы пайсці на злачынства, а цяпер мо дзесьці адумалася і плача па сваім сыночку. I дзе шукаць, не ведае, бо не спытала Сцяпанаў адрас.
Але ж трэба і дзялку скасіць для бабулі Агаты. Ён дапамагаў ёй даўно, калі яшчэ вучыўся ў інстытуце. А цяпер яна прыглядала за ягонай хатай і ўсімі пабудовамі, бо ўсё прадаваць Сцяпан не думаў шкада было свайго роднага куточка, дзе нарадзіўся, вырас, хадзіў у школу.
Вырашыў так: скасіць дзялку, высушыць сена, a пасля пад’ехаць на ровары ў Загор’е.
Частка пятая
Разбудзіў Спяпана ўранку гарлапаністы певень бабулі Агаты, пра якога ведалі ўсе вяскоўцы, бо не любіў ён падвыпіўшых жанчын. Адразу ж кідаўся на такую і што ёсць моцы дзяўбаў за лыткі. I як распазнаваў, што тыя нападпітку, нават калгасны ветэрынар не мог растлумачыць. А вось мясцовых выпівох-мужчын певень чамусьці не чапаў. Усе ў вёсцы пра гэта ведалі і пры сустрэчы прасілі бабулю Агату не пускаць пад нож такога разборлівага прыгажуна.
А стаў певень такім ад таго, што аднойчы старая Кліманіха, якая любіла зазірнуць у чарку, памачыла хлеба ў гарэлку ды пачаставала Агацінага разбойніка. Той надзюбаўся і акасеў. Спрабаваў, хістаючыся, дайсці да свайго падворышча, але забурыўся ў крапіву ля плота, толькі моцна крыллямі лопаў. Дзеці расказалі пра гэта бабулі Агаце, і тая ўратавала свайго забіяку.
Сцяпан падняўся з ложка і падышоў да акна. Певень стаяў на іхнім падворку ля студні і разпораз кукарэкаў, быццам быў незадаволены, што ніхто не выходзіць з хаты.
Сцяпан адвесіў шторы на вокнах і праз фортку пагрозліва патрос пеўню кулаком. Але той зрабіў некалькі крокаў ды так звонка заспяваў, што нават Андрэйка павярнуўся на канапе, расплюшчыў вочкі і, пазіраючы на Сцяпана, прамовіў:
Што там робіш?
— Пеўня праганяю, — адказаў Сцяпан і, падышоўшы да канапы, хуценька залез пад коўдру.
Паляжым, яшчэ рана, і бліны ў бабулі не гатовыя.
А што певень хацеў?
Цябе разбудзіць. Чуў, як ён выводзіў: “Ку-карэ-ку! Андрэйка, уставай, пойдзем на раку!”
Адкуль ён пра мяне ведае?
Бабуля Агата пра цябе расказала. У яе певень забіяка, б’ецца. Але я дам табе ячменю, ты пасыплеш яму з куркамі, то ён будзе з табой дружыць.
3 якую хвіліну яны ляжалі моўчкі, а пасля Сцяпан спытаў:
Андрэйка, а колькі табе годзікаў?
Пяць вясною было.
Так... Гэта добра. А ці ведаеш ты сваё прозвішча?
А то як жа! Я ж раней крыху хадзіў у садзік. А прозвішча маё Вайца.
Тут ён уважліва зірнуў Сцяпану ў вочы і ціха дадаў:
Ты толькі мяне да мамы Галі не адпраўляй, бо я яе баюся. Дый есці ў яе няма чаго...
Нікому цябе не аддам! Сцяпан прытуліў яго да сябе.
А што мы будзем сёння рабіць?
Паснедаем, а пасля на сенажаць. Я буду касіць, а ты ягады збіраць.
Пасля Сцяпан падняўся, бо трэба было пакляпаць касу. Андрэйка выпіў яблычнага соку і зноўку заснуў.
Паснедаўшы, яны паехалі на ровары ў Руччо. Дзялку знайшлі хутка. Андрэйка дапамог Сцяпану абазначыць яе межы, бо аднаму з гэтым было б не ўправіцца.
Пасля адвёў Андрэйку на ўскраіну сасонніка, дзе было калісьці многа малінаў. I толькі падышлі, як Андрэйка закрычаў:
Татка! Зірні сюды! Колькі тут ягадаў! Ды ўсе чырвоныя!
Добра, што яны здагадаліся ўзяць з сабою маленькі кошык. Добрую палову гадзіны яны ласаваліся сакавітымі малінамі. Пасля Сцяпан адправіўся касіць, а Андрэйка застаўся ў малінніку.
I хаця сонейка даўно злізала кроплі расы, касілася на ўздзіў вельмі лёгка. Трава была пругкая, ледзь не да каленяў. Было тут добрых пятнаццаць сотак, а мо і болып. Але Сцяпана гэта не палохала. Калі сёння добра пастарацца, то заўтра з расой ён павінен дзялку скончыць.
Ён праходзіў пракос за пракосам, а сам усё пазіраў у бок малінніку, дзе мільгала белая Андрэйкава шапачка. Сонейка паднімалася ўсё вышэй і так пачало прыпякаць, што Сцяпан вырашыў зрабіць перадышку і адправіўся да Андрэйкі. Калі ж зірнуў у ягоны кошык, то вельмі здзівіўся, бо ён быў амаль напалову запоўнены спелымі малінамі.
Малайчына! пахваліў ён хлопчыка. Зараз табе дапамагу, і да вечара будзе поўны кошык.
Пасля яны памыліся ў ручаі і селі палуднаваць. Уладкаваліся ў цяньку маладых бярозак, што раслі тут уперамежку з соснамі і асінкамі. Бабуля Агата столькі ўсяго нагатавала, што хапіла б на два дні. Тут былі і свежыя гуркі з градкі, і хатняя каўбаса, бруснічнае варэнне, смятана і булкі з макам.
Вельмі ўразіла Сцяпана, як Андрэйка еў, стараючыся, каб ніводная крошка не ўпала на зямлю. Вось бедачок.
Пасля Сцяпан разаслаў на зямлі посцілку, і яны прылеглі адпачыць. Ціха шапацелі над імі маладыя бярозкі. Раптам зусім нізка праляцеў бусел. Андрэйка адразу ж падхапіўся на ногі і сказаў:
Які прыгожы і вялікі!
Прыляцеў нас адведаць, прамовіў Сцяпан. Андрэйка зноўку ўлёгся з ім побач і спытаў:
А хто са звяроў жыве ў лесе?
— Вожык, зайцы, лісіцы, а за Вяллёй і ваўкі ёсць, адказаў Сцяпан.
Ён глядзеў у бязмежную сінечу неба, і ў яго было такое прадчуванне, што Андрэйка і сапраўды ягоны сынок, а яму не больш за трыццаць гадоў. I прыедуць яны вечарам з пакосу, а іх сустрэне маладая Сцяпанава жонка, штосьці ў іх спытае і пахваліць за маліны. Але пра такое можна было толькі марыць.
Цяпер адзіная думка суцяшала Сцяпана: што ён ніколі не пакіне Андрэйку, нават калі і давядзецца на які час здаць яго ў дзіцячы дом. Ён быў упэўнены, што яму паслаў яго сам Усявышні. Бо як растлумачыць, што ў іх такая ўзаемная цяга адно да другога. I таткам Сцяпана адразу ж назваў. Штосьці адзінае пульсуе ў іхніх сэрцах.
Сцяпан зірнуў на Андрэйку. Хлопчык соладка спаў, падклаўшы ручкі пад правую шчаку. Ён і сам вырашыў крыху здрамнуць, бо баяўся пакідаць яго тут аднаго.
Прачнуліся яны дзесьці гадзіны праз дзве. Пачало ўжо вечарэць.
Ну і храпанулі мы з табой, сказаў Сцяпан.
Яны хуценька падняліся. Андрэйка выпіў яблычнага соку, узяў цэлафанавы пакет і зноўку адправіўся па маліны. Сцяпан вырашыў крыху пакасіць, каб заўтра менш валэндацца.
Вярнуліся дадому, калі браліся добрыя прыцемкі. Бабуля Агата вельмі здзівілася, калі ўбачыла, колькі малінаў назбіраў Андрэйка.
Раніцай наступнага дня, калі Андрэйка яшчэ спаў, Сцяпан дакончыў дзялку. Дні стаялі сонечныя, і яны высушылі сена за тры дні і прывезлі ў падпаветку.
А ў нядзелю схадзіў з Андрэйкам у царкву. Людзей было мала. Купілі па свечцы і паставілі перад іконай Ісуса Хрыста і Божай Маці. Андрэйка з цікаўнасцю пазіраў на лікі святых і нават некалькі разоў перахрысціўся. Праз якую гадзіну Сцяпан хацеў пакінуць царкву, бо падумаў, што Андрэйка не вытрымае столькі стаяць. Але, на яго здзіўленне, той адмовіўся выйсці на вуліцу.
Пасля малення яны пераапрануліся, паабедалі і паехалі на ровары на возера. Узялі на ўсялякі выпадак і вудачку. Выбралі зацішнае месца, распрануліся і пачалі загараць. Пасля Сцяпан крыху паплаваў, а Андрэйка цікаваў за чародамі маленькіх рыбак, якія падплывалі пагрэцца на сонейку амаль да самага берага. Нагуляўшыся, ён прысеў побач са Сцяпанам і пачаў есці пячэнне.
I тут да іх прыляцеў прыгожы матылёк. Ён апусціўся зусім блізка і пачаў ласавацца крошкамі ад пячэння.
Як бы гэта яго злавіць? спытаў Андрэйка. Я хачу паглядзець, якія ў яго крылцы.
— He трэба! — запярэчыў Сцяпан. — Ты іх пашкодзіш, і ён загіне. Папрасі матылька, каб ён іх распусціў.
Як гэта? здзівіўся хлопчык.
Ты не думай, матылёк чуе нашу размову і ўсё разумее.
I толькі Андрэйка хацеў штосьці сказаць, як матылёк і сапраўды распусціў свае крылцы. Яны былі чырвонага колеру з чорнымі ўкрапінкамі.
Вось бачыш! ускрыкнуў Сцяпан.
Андрэйка быў у захапленні ад матылька. А той яшчэ крыху пасядзеў, а пасля ўзняўся ў паветра і закружыў над возерам.
Шкада, што ён так хутка паляцеў.
Ён яшчэ вернецца, супакоіў яго Сцяпан. Толькі раскажа сваім сябрам, дзе можна смачна паласавацца.
I сапраўды, дзесьці праз некалькі хвілін матылёк апусціўся на ранейшае месца.
Вось, ён ведае, што маленькі хлопчык яго не пакрыўдзіць і зноўку прыляцеў да цябе, Сцяпан пагладзіў Андрэйку па галоўцы. Кожны хоча жыць на гэтым свеце.
А калі яны выязджалі на лясную паляну, то матылёк вельмі доўга кружыў над імі.
Што ён хоча? спытаў Андрэйка.
Развітваецца з намі і запрашае, каб мы яшчэ прыязджалі да яго ў госці.
— Мы прыедзем! Бывай, матылёк! — гучна выкрыкнуў Андрэйка.
I толькі Сцяпан хацеў сесці на ровар, як Андрэйка спалоханым голасам ледзь чутна прамовіў:
Татка! Паглядзі, хто стаіць ля бярозкі пры дарозе...
Дзе? Я нікога не бачу, адказаў Сцяпан, пільна ўглядаючыся.
Вось перад намі бярозка, а побач стаіць цётка. Яна падобная на ікону ў царкве...
А што яна робіць? шэптам спытаў Сцяпан.
— Нічога. А вось цяпер перахрысціла нас і ... знікла.