Апошні сезон  Павел Савоська

Апошні сезон

Павел Савоська
Выдавец: Галіяфы
Памер: 398с.
Мінск 2009
92.91 МБ
He хвалюйся, — сказаў мне Валодзя, — я дам табе такую сошку сама араць будзе. Прыхаваў тут адну, свае соткі ёй абраблялі.
Сошка сапраўды была выдатная: доўгія ручкі, араць было лёгка. Ды і Дэраш хадзіў добра. Яго не трэба было падганяць. Калі што-небудзь у мяне не ладзілася з пастронкамі ці яшчэ што, ён паварочваў галаву і глядзеў на мяне, бывдам пытаў: “Ну, што ты капаешся?”
Пад вечар прыехаў на ровары брыгадзір. Перапісаў усіх, хто працаваў.
Як справы? звярнуўся ён да мяне.
Добра, адказаў я.
He стаміўся?
Ніколечкі.
Мне было неяк няёмка перад хлопцамі, што брыгадзір размаўляе са мной, як з малым. Баяўся, што яны будуць смяяцца, але ўсё абышлося.
I каб ніякіх скачак пасля работы! Коні і так замучаныя.
Брыгадзір сеў на ровар і паехаў.
Маці прыйшла з работы раней за мяне. Бо пакуль мы адвялі коней на луг, аж да Прорвы, вярнуліся пешкі назад прайшло ладна часу. Памыўся і адразу ж за вячэру, бо вельмі прагаладаўся. Маці сасмажыла яечню, прынесла са склепа халоднага квасу.
А заўтра пойдзеш? спытала яна.
— Пайду! У мяне такі цудоўны конь! Хлеб так любіць.
Маці доўга глядзела, як я апетытна ем, а потым нечакана заплакала.
— Што з табой?
— Нічога. Я так... — яна хуценька выцерла слёзы. — Бацька твой таксама яечню любіў. Каб вярнуўся з вайны жылі б цяпер і гора не ведалі! А так...
У Венькі ж таксама бацькі няма і жывуць.
Ім дзядзька з Ленінграда памагае.
I мы не прападзем! Я за лета нешта зараблю, у цябе працадзён многа, за бацьку грошы прыносяць, ды і шыць зімой будзеш.
Маці мая шыла добра, а грошай брала — хто колькі дасць. Заказаў у яе хапала. Амаль кожны вечар пасля работы стракатала яе машынка далёка за поўнач.
Калі скончылі абганяць бульбу, брыгадзір паслаў мяне з Венькам у райцэнтр Смаргонь па салярку. Гэта цяпер у калгасе свая заправачная, а тады смех успамінаць, мы вазілі бочкі з саляркай і маслам на конях. Лажылі на воз па дзве вялікія бочкі, запрагалі пару коней. Ехаць трэба было дзесяць кіламетраў. Брыгадзір запісваў нам за гэта па два працадні. Цяжка было толькі ўскочваць поўныя
бочкі па лежнях на воз. Мы з Венькам заўсёды прасілі на дапамогу якога-небудзь дзядзьку. Туды і з іншых калгасаў прыязджалі.
А потым непрыкметна пачалося жніво. У той час у калгасе быў адзін камбайн. Яму хапала работы ў другіх брыгадах, а ў нас жалі жанчыны сярпамі. А мы вазілі снапы ў гумно. Памятаю, як складваў свой першы ў жыцці воз. Жанкі кідалі снапы з усіх бакоў, я ледзь паспяваў іх лавіць. Потым падалі жэрдку, начапілі на яе перадню, а ззаду я ўжо сам уціскаў воз як мог. А яны ішлі падаваць снапы на іншыя вазы. I толькі пачаў выязджаць з поля на дарогу, як задняе кола трапіла ў калдобіну, воз нахіліўся, снапы паляцелі на зямлю.
Я не ведаў, што рабіць. Нават заплакаў ад роспачы. На маё шчасце, пад’ехаў Венька.
-	Было б аб чым плакаць! Зараз усё зробім.
Ён хуценька скінуў жэрдку, потым выехаў з возам на роўнае месца.
-	Падавай! крыкнуў ён.
Я пачаў кідаць снапы, а ён так хутка іх укладваў, што хвілін праз дзесяць воз быў складзены. Моцна ўсціснулі яго жэрдкай.
-	Другі раз старайся снапы вузей лажыць ды папрасі цётак, каб воз памаглі ўсціснуць.
У гумне даводзілася кожны сноп падаваць вілкамі высока на тарпу. За дзень я так стаміўся, што вечарам ледзь прыплёўся дамоў. Добра, што заўтра была нядзеля, можна было адаспацца, пасядзець з вудачкай ля ракі.
Хутка праляцела лета. Надышоў час збірацца ў школу. Я вельмі пасябраваў з Венькам, хоць і вучыліся мы з ім у розных класах.
У той год у нашым класе з’явілася новая вучаніца. Гэта была Яна Паўлюкевіч. Чарнявая, тонкая, з коратка падстрыжанымі валасамі, яна адразу ж усім спадабалася. Яе бацьку перавялі да нас ляснічым. Вучылася яна добра, а так цудоўна спявала, што яе часта запрашалі выступіць у нашым вясковым клубе.
Вось тут усё і пачалося. Цяпер, калі прайшло з той пары многа гадоў, я думаю: няўжо на свеце ёсць лёс, ад якога нікуды не дзенешся? Перавялі б бацьку Янькі ў другое месца, не сустрэлася б яна з Венькам і ён бы застаўся жыць. Венька, Венька... Але што я тады мог зрабіць? Наадварот я быў рады, што яны пасябравалі, а потым і пакахалі адно аднаго. Памятаю, як на школьных вечарах ёй пісалі запіскі. Тады ў нас была вельмі модная гульня “ў пошту”. Як усе хлопцы стараліся запрасіць яе на TaHep. Яна і мне падабалася, але я нікому аб гэтым не гаварыў. Нават аднойчы пацалаваў яе. А было гэта так. Мы рыхтавалі да школьнага вечара пастаноўку па аповесці Аляксандра Пушкіна “Капітанская дачка”. Мне даручылі ролю Грынёва, Веньку Пугачова, Яні Машу. I там па ходзе дзеяння мне і давялося пацалаваць яе ў шчаку. Ды і які гэта быў пацалунак на вачах усёй піколы? I хто я быў у той час для яе? Так хлапчук, а ёй падабаліся, як і ўсім дзяўчатам, болып дарослыя хлопцы.
Я і не прыкмеціў, як Янька пасябравала з Венькам. Ды гэта і не дзіўна. Веньку любілі ўсе, бо ён быў чулы і добры. Яму ўсіх было шкада.
Аднойчы Янька ўвязалася з намі пайсці вудзіць рыбу. Але нечакана ўзняўся вецер. Я ўпершыню бачыў такія вялізныя хвалі на нашай Віліі. Скруціўшы вудачкі, мы ішлі па высокім абрывістым беразе. Калі-нікалі амаль з-пад самых нашых ног выляталі ластаўкі-берагулькі. У гэтым беразе было многа іх гнёздаў. I раптам убачылі, як адна ластаўка неяк няўмела, вельмі нізка, ляцела над хвалямі. Мы моўчкі спыніліся і пачалі назіраць. Якраз пасярэдзіне ракі ластаўка ўпала ў ваду.
Міша! Янька схапіла мяне за руку. Ты ж добра плаваеш, выратуй яе!
Дык яна ж, напэўна, загінула, такія хвалі...
Я ў разгубленасці глядзеў то на Веньку, то на раку. Папраўдзе кажучы, я спалохаўся. Нават і цяпер памятаю страх, які тады апанаваў мяне. Выручыў Венька.
Я паспрабую, сказаў ён і пачаў распранацца.
Венька хоць і быў старэйшы за мяне, але плаваў горш. I ўсё-такі ён паплыў.
I дзе ён знойдзе тую ў такіх хвалях?! сказаў я.
— Венька знойдзе! — усклікнула Янька і так зірнула на мяне, што я адразу ж змоўк. А Венька тым часам ужо плыў пасярэдзіне ракі, азіраўся туды-сюды, гойдаўся на хвалях, а потым памахаў нам рукой і пачаў плысці да берага. Яго зносіла. Мы пайшлі па беразе. Веньку прынесла да пясчанай выспы. Хістаючыся, ён выйшаў на бераг. Шчаслівая ўсмешка блукала па яго твары. У левай руцэ ён трымаў ледзь жывую ластаўку.
Мы хуценька развялі вогнішча, балазе было побач многа сухіх хваёвых галін, або, як у нас кажуць, ласу. Абсушылі ластаўку, а потым Венька асцярожна засунуў яе ў гняздо-нару.
Маладая яшчэ. Крыллі слабенькія, вось і ўпала, сказаў ён.
У школе мы з Венькам гулялі ў валейбол, нават ездзілі на раённыя спаборніцтвы. Кожнае лета працавалі ў калгасе. He адзін раз Янька была ў нашым доме. Маці шыла ёй сукенкі. Была яна і ў Венькі. Памагала аднойчы Венькавай маці чысціць рыбу. Успамінаю цяпер, як яна сказала:
Каб мне такую нявестку, нічога б у жыцці не хацела.
Янька сарамліва апусціла вочы, а потым адказала:
У вас лепшая будзе.
А гады не стрымаць! Бягуць як тая вада ў рэчцы. Мы з Янькай і азірнуцца не паспелі, як закончылі дзевяць класаў, а Венька атрымаў атэстат сталасці. Увосень яго забіралі ў армію. Сабраліся суседзі ў невялічкай Венькавай хатцы. Янька сядзела разам з Венькам у самым куце. Збоку зірнуць жаніх і нявеста! Янька за гэтае лета стала сапраўднай прыгажуняй. Яна крыху папаўнела,
а доўгія чорныя валасы, якія густымі хвалямі падалі на плечы, прыдавалі ёй выгляд дарослай дзяўчыны.
Венька служыў далёка на Сахаліне. Ён пісаў мне кароткія лісты, цікавіўся, што новага ў школе, у калгасе. Яньцы пісаў ён часцей, яно і зразумела, бо я быў проста яго сябар, а Янька...
Сумна і адзінока было мне без Венькі ў дзесятым класе. Я адчуваў, што кудысьці ў невядомае знікае маё дзяцінства. Ды і навука пачала давацца ўсё цяжэй і цяжэй. Многія мае аднакласнікі рыхтаваліся ў інстытут. Я аб ім нават і не думаў. Мне хацелася як мага хутчэй самому зарабляць грошы. Яшчэ зімой вырашыў буду экскаватаршчыкам. Даведаўся ад нашага суседа, што яны добра зарабляюць, ды і вучыцца трэба было ўсяго адзін год.
У канцы вясны, якраз перад самымі экзаменамі ў школе, адбылася ў нашай вёсцы падзея, якой я радаваўся больш за ўсіх. Адразу ж аб ёй напісаў Веньку. А здарылася вось што: ажаніўся Радзікевіч Валодзя, той самы хлапец у гадах, які выдаваў вупраж на калгасным двары. Пайшла за яго даволі-такі прыгожая дзяўчына з Сівіцы. Пазней я даведаўся, што яна расла сіратой, многа гаравала ў дзяцінстве, а сама была вельмі добрай. Усе жанчыны ў нашай вёсцы вельмі здзівіліся. Два вечары стаялі пад вокнамі глядзелі на маладую. Запрагалі найлепшых калгасных коней, нават мой Дэраш трапіў у вясельную кавалькаду, бо па маладую трэба было ехаць добрых дзесяць кіламетраў. Я таксама крыху пастаяў пад акном, глядзеў на шчаслівы твар Валодзі, і мне на імгненне здалося, што ён сам не верыць ва ўсё, што адбываецца навокал.
Венька ў адпачынак так і не прыехаў. Пасля школы я закончыў тэхнічнае вучылішча, пачаў працаваць на экскаватары. А Янька ўвесь гэты час вучылася ў Маскве на ўрача.
I вось як бывае ў жыцці! Дзесятага лістапада я адыходзіў у армію, і ў гэты ж дзень вярнуўся
Венька. Яго было не пазнаць: у вайсковым адзенні, увесь такі падцягнуты, з узмужнелым тварам. Але гэта быў Венька! Той самы Венька, з якім прайшлі самыя светлыя гады майго дзяцінства.
Мы пагаварылі гадзіны дзве на больш не было часу. Маці паклала тое-сёе ў маю невялічкую спартыўную сумку, а Венька праводзіў мяне на станцыю. У нас з маці была дамова: ніколі нікога не праводзіць, тады будзе ўсё добра.
Я глядзеў на Веньку, і ў мяне было такое адчуванне, што больш яго не ўбачу. Я нават ледзь не заплакаў. А ён прыняў мой смутак зусім за іншае. Мне сапраўды было цяжка расставацца з маці, сваёй вёскай, рэчкай. Але ў тую хвіліну ў маім сэрцы пасялілася нядобрае прадчуванне... Ужо крануўся цягнік, а я, высунуўшыся з акна, усё глядзеў на Веньку. Ён стаяў на пероне, шырока ўсміхаўся і махаў мне рукой. Такім і запомніўся ён мне на ўсё жыццё.
Асабліва часта пісаў лісты Венька ў першы год маёй вайсковай службы. Ён па сабе ведаў, што гэта самы цяжкі год у жыцці салдата. I абавязкова я знаходзіў у канверце то прыгожую паштоўку, то фатаграфію. А пасля Новага года ён прыслаў мне цэлы пачак фотаздымкаў. На адным з іх я ўбачыў Веньку з Янькай. Яны сядзелі за навагоднім сталом, а побач стаяла ўпрыгожаная ёлка. На другім былі знятыя танцы ў нашым клубе. Кружыліся ў вальсе пары, а на пярэднім плане Венька з Янькай глядзелі проста на мяне: Янька смяялася, а Венька махаў мне рукой, як бы запрашаючы да сябе ў клуб.