Апошні сезон  Павел Савоська

Апошні сезон

Павел Савоська
Выдавец: Галіяфы
Памер: 398с.
Мінск 2009
92.91 МБ
Чаго ён нас выклікае? спытаў Алесь.
Мы ж тут чатыры домікі падрадзіліся пабудаваць. Толькі залілі фундамент, як распалася брыгада. Восем чалавек было, а засталося трое.
Вось ён і хоча пагутарыць з намі, не давярае. Усяго па сто рублёў авансу выпісаў, а ўсё праз нашых абармотаў, Кузьма са злосцю сплюнуў.
А куды вашы хлопцы падаліся?
У Петрапаўлаўцы працуюць. Кіламетраў дваццаць адгэтуль будзе. Думаеш, там больш заробяць?
Калі ім далі рамонт кароўніка, то заробяць, уступіў у гутарку Лявон.
Хто ім дасць кароўнік? усклікнуў Кузьма. Там тры брыгады армян! Такія ж домікі будуюць, a матэрыялу ў іх няма, быў я там.
Старшыня з першага погляду не спадабаўся Алесю. За сталом сядзеў даволі малады мужчына з коратка падстрыжанымі вусікамі і напамаджанымі валасамі. Нават здалёк было відаць, што чымсьці яны намазаныя. Старанна паголены, у белай кашулі, з вялкім залатым пярсцёнкам, у якім загадкава пабліскваў камень блакітнага колеру, ён зусім не быў падобны на старшыню калгаса. Штосьці пісаў, а ўся брыгада моўчкі стаяла ля парога. Алесю нават на момант падалося, што яны прыйшлі наймацца на заробкі да нейкага пана.
Старшыня між тым усё яшчэ пісаў, не звяртаючы на іх ніякай увагі. Алесь хацеў тут жа выйсці, бо неяк агідна і прыкра стала на душы, але ўспомніўшы, што ў кішэні ні капейкі, таксама стаяў, апусціўшы галаву.
Урэшце старшыня кінуў ручку, зірнуў на іх.
Садзіцеся, хлопцы. Колькі ж вас засталося?
Кузьма, як брыгадзір, падняўся і, камечачы ў руках шапку, быццам той школьнік, адказаў:
Чатыры чалавекі. Пяцёра з’ехалі, а мы тут аднаго знайшлі, кіўнуў ён на Алеся, так што два домікі зробім.
Старшыня падняўся, падышоў да акна, доўга глядзеў на раку, думаў.
Проста не ведаю, што з вамі рабіць. Спачатку так спадзяваўся на вас. Беларусы працавіты народ, дабрадушны, без усялякіх там хітрыкаў. Мне ж людзей няма куды сяліць. Апошнія спецыялісты
разбягуцца! Паверу вам у апошні раз. Але глядзіце! Два домікі каб зрабілі пад ключ, зразумелі? Падпісвайце дамову. Усе чыталі?
Чыталі! за ўсіх адказаў Кузьма.
Тут зазвінеў тэлефон. Пакуль старшыня размаўляў, Алесь пачаў чытаць змест дамовы. Адзін пункт асабліва яго ўразіў. Там было напісана, што калі брыгада не пабудуе дамы поўнасцю, то ёй будзе заплачана толькі семдзесят працэнтаў ад заробленага.
Усе падпісалі. Алесь таксама, але ў апошнюю хвіліну не вытрымаў, спытаў:
Тут вось напісана, што вокны, дзверы, дошкі на падлогу мы атрымаем з калгаса. Патрэбна яшчэ дапісаць, што калі іх не будзе, то грошы атрымаем поўнасцю.
Старшыня сеў за стол.
За гэта не бойцеся. Ваша задача пабудаваць домікі, а за матэрыялам у нас ніколі затрымкі не было.
— Але чаму не дапісаць некалькі слоў? працягваў настойваць на сваім Алесь.
Дзе вы знайшлі такога ўпартага земляка? старшыня ўсміхнуўся.
Што ты ўпёрся, як той баран, накінуўся на Алеся брыгадзір. — Табе ж сказалі: усё будзе! A не дык заплацяць!
Старшыня маўчаў, потым сказаў:
— Вы не крыўдуйце, хлопцы, але была б мая воля, я шабашнікаў у турму саджаў бы.
За што ж гэта? не стрымаўся Алесь.
Ёсць за што, ён уважліва агледзеў прысутных. Хто такі шабашнік? Гэта чалавек, які нажываецца на цяжкасцях дзяржавы. Былі б у мяне людзі самі б будавалі, і не за такія грошы! А дзе іх узяць? Вунь Мітрафанаўка стаіць, вёска наша, ні адной жывой душы не знойдзеце. Хто з вайны не вярнуўся, хто памёр. А маладыя? Дзесяцігодку скончыў толькі яго і бачылі!
А я ведаю, сказаў Алесь, што ёсць калгасы, дзе нават з горада не бяруць, бо сваіх хапае.
Які ж ты шустры! А вось тут паспрабуй развярнуцца! Ад нас да раёна болып за сто кіламетраў. Летам ні кроплі дажджу. Новыя трактары атрымліваем, а садзіць на іх няма каго. Вось так!
У кабінеце стала ціха. Старшыня зірнуў на гадзіннік.
Разгаварыліся мы тут, а мне ў райкам трэба. Пытанні будуць?
Няма, хуценька за ўсіх адказаў Кузьма, якому такая размова была не па нутры.
Тады за працу. Бывайце!
Калі выйші на вуліцу, то Кузьма сказаў:
Навошта ты з ім у спрэчку кінуўся? Мы і так тут на валасіне вісім. Мог бы выгнаць і шукай ветру ў полі! А ўжо сярэдзіна мая. Дзе яшчэ работу знойдзем? Два домікі зробім, будуць стаяць як лялькі! He раз успомняць сібіракі беларусаў.
— Што ж яму і слова нельга вымавіць! абурыўся Алесь. Шабашнікаў у турму! Мы што крадзем ці лішняе бярэм? Сваім гарбом зарабляем. Ён сам тут як князёк які!
Жылі ў вялікім доме, дзе раней была пачатковая школа, а калісьці тут жыў адзін з мясцовых сібірскіх багацеяў. Уставалі ў пяць гадзін раніцы. Па праўдзе кажучы, Алесь так рана ніколі не падымаўся. Бывала, улетку на выхадныя, любіў пасядзець з вудачкай ля ракі. Але ж затое пасля адсыпаўся. А тут не было яшчэ і шасці, а яны ўжо стукалі сякерамі. К канцу мая пачало цяплець, а ў поўдзень дык добра прыпякала.
Праз тыдзень такая спякота пачнецца, што і ў рацэ спасу не будзе, сказаў Кузьма, так што трэба хутчэй сцены выгнаць.
Бярвёны былі падрыхтаваныя: абпіленыя з двух бакоў, але ўсе з лістоўніцы. А яна ж цяжкая — быццам з жалеза. Учацвярых ледзь паднімалі адзін канец. Гэта толькі лічылася, што яны будавалі два домікі. На самай жа справе атрымлівалася чатыры. Бо кожны дом быў разлічаны на дзве сям’і: для
кожнай па чатыры пакоі. Глухая сцяна раздзяляла дом на дзве палавіны. А яшчэ ж трэба было выкапаць склеп ды зладзіць хлеўчукі.
Сцены выгналі хутка. I адразу ж узяліся за кроквы. I калі яны занялі сваё месца, домікі прынялі велічны выгляд.
Наладзім дах палову справы, лічы, зроблена, выціраючы пот з твару, сказаў Кузьма.
Алесь працаваў з ім на пару і бачыў, што цяжкавата прыходзіцца брыгадзіру, ды гэта і не дзіўна ў яго гады... У суботу працавалі да абеду. Потым наладжавалі лазню. Тут яна ў кожнага свая, сібіракі без яе жыць не могуць. Парыліся, пілі чай, а Кузьма, адкуль толькі і сіла бралася, вечарам бег да аўтобуснага прыпынку, каб паспець да сваёй Кацярыны, якая жыла ў Петрапаўлаўцы. Вёскі былі тут далёка пешкі не дабрацца. He тое, што ў нашай Беларусі лепяцца адна ля другой. Тут размах, прастор!
I гэтым карысталіся мясцовыя жыхары. Алесь здзівіўся, калі ўбачыў, колькі жыўнасці трымалі тут у кожным доме. Па пяць-шэсць свіней, карову, цялушку, а гусей ды качак не злічыць. Свіней вясной выганялі да ракі, адзін бераг якой быў забалочаны: там і з касой не ступіш, і карову не загоніш. А свінням раздолле! Так і жывуць там усё лета. Зрэдку Алесь бачыў, як гаспадыні падкормлівалі іх сырой бульбай. I калі ён расказаў адной бабулі, што ў Беларусі для свіней бульбу вараць, абмешваюць мукой і дабаўляюць яшчэ тагосяго, яна вельмі здзівілася.
Чэрвень быў душны, спякотны. Месцамі зямля патрэскалася, пачынала выгараць трава. Паабедаўшы, гадзіны дзве адпачывалі, бо працаваць у такую спякоту было немагчыма.
Калі ж гэта дожджык будзе? спытаў Алесь, калі яны, павячэраўшы, ляжалі на ложках.
Летась зусім не было, адказаў Кузьма.
Як гэта? здзівіўся Алесь.
А вось так! He было і ўсё!
Дык уся збажына згарыць!
Тут паліваюць. Спецыяльная брыгада толькі гэтым і займаецца.
Лявон чытаў нейкі часопіс, але ўбачыўшы, што Валерка піша новы ліст сваёй маладой жонцы, не стрымаўся:
— Што ты ўсё пішаш?! Думаеш, ёй патрэбныя твае пасланні?
Валерка моўчкі пісаў, а Лявона ўжо было не стрымаць:
Я таксама раней пісаў, калі шабашнічаў першы год. Дурань быў свет такіх не бачыў!
А цяпер паразумнеў? спытаў Алесь.
А як жа! усміхаючыся, адказаў за яго Кузьма. Два сезоны шабашнічаў, прыадзеў сваю птаху, а на трэці яе і след прастыў.
Такое ж і яго чакае, сказаў Лявон, хітнуўшы галавой у бок Валеркі.
А той падпісаў канверт і палажыў яго ў кнігу.
— Мая не ўцячэ, — урэшце прамовіў Валерка, ды і шабашнічаю першы і апошні раз. Крыху абстаўлю кватэру, а там з Мінска ні на дзень не выеду.
— Эх, Валерка! — Лявон падышоў да яго і паляпаў па плячы. Чакае цябе мая доля!
Домікі накрылі шыферам у пачатку ліпеня. Цяпер здалёк яны былі добра відаць. Нават аднойчы надвячоркам старшыня калгаса прытармазіў сваю “Ніву”, выйшаў з машыны, і некалькі разоў абышоў вакол іх. Застаўся задаволены, паабяцаў выпісаць па трыста рублёў авансу.
Алесь ніколі не будаваў дамоў. Яму здавалася, што і сапраўды яны паспеюць усё зрабіць. Але пачаліся перабоі з матэрыяламі. Вокны і дзверы прывезлі, а дошак на падлогу і шалёўку не было. Каб дарэмна не марнаваць часу, узяліся за тынкоўку. Пачалі абіваць сцены лучынай. На першы погляд нічога складанага, а за два тыдні ледзь управіліся.
Непрыкметна пачаўся жнівень, а яны ўсё цягалі вёдрамі раствор. I хаця была маленькая бетонамяшалка, усё патрэбна было самім падвезці: пясок, цэ-
мент, алебастру, вапну. Пясок яшчэ прасявалі праз сіта. Добра, што рэчка была побач. Кузьма з Лявонам так хутка кідалі кельмамі раствор на сцены, што Алесь з Валеркам ледзь паспявалі яго падносіць. Вёдры цяжкія гэта не сякерай махаць. Пасля работы балелі рукі, на далонях пачалі з’яўляцца мазалі. А сцен, перагародак у двух дамах не злічыць.
I тут Алесь зразумеў, што зрабіць домікі поўнасцю яны не змогуць, нават каб і завезлі ўсе неабходныя матэрыялы. Вечарамі маўчалі. He было настрою. У Алеся было ўжо адкладзена дзве сотні рублёў. I ён не раз падумваў аб тым, каб плюнуць на ўсё ды даць цягу. I не таму, што цяжка было працаваць. He! Ён працаваў з маленства. Але тут, ідучьі вечарам з работы па вуліцы, ён за спінай адчуваў асуджальныя позіркі сібіракоў. У такія хвіліны цяжка станавілася на душы. Яму здавалася, што ходзіць тут, як той жабрак. Прыехаў пабірацца ў гэтую пустэчу, дзе нават яблыні не раслі. I хаця ўсцешваў сябе, што робяць добрую справу, зарабляюць грошы сваімі рукамі нічога не памагала. Ды і хлопцаў было шкада. Усе ж свае беларусы.
I толькі ў канцы жніўня, калі спала спякота, закончылі тынкоўку. Адразу ж узяліся за хлявы. Але не было дошак. Давялося цягаць трактарам бярвёны ад ракі, дзе стаялі калгасныя плыты. Вазілі на пілараму, распускалі на дошкі. А тут палілі вераснёўскія дажджы. Холадна стала, золка.
Учора хадзіў да армян, сказаў Лявон.
Ну і як яны? спытаў Кузьма.
Дамоў збіраюцца. Кароўнік адрамантавалі. Па восем тысяч на нос.
Вось дык хапнулі! — здзівіўся Алесь.
Што на іх раўняцца! Кузьма падняўся з ложка, дастаў з пачкі цыгарэту. Яны тут пяты год працуюць. Дываны старшыню прывозяць. А летась мне сам адзін армяшка прызнаўся, калі старшыня ў адпачынак вылятаў пяць тысяч яму адвалілі. Вось так! А кароўнік і мы б адрамантавалі, ды яшчэ за такія грошы. Трыццаць дзве тысячы ўзялі, а што зрабілі? Новыя кроквы паставілі, накрылі і кармушак нарабілі.