Апошні сезон
Павел Савоська
Выдавец: Галіяфы
Памер: 398с.
Мінск 2009
Ён адразу ж узяўся за ўстаноўку антэны для рацыі, каб вечарам паспрабаваць звязацца з базай. Ды яшчэ патрэбна было ў гэты кароткі светлы час адшукаць першую шурфовачную лінію, праверыць разметку шурфоў, а падрыўніку заняцца сваёй справай устанавіць мінную станцыю. Яна ўяўляе з сябе спецыяльную скрынку, дзе знаходзяцца строга на сваіх месцах выбухоўка, капсулі-дэтанатары і дэтаніруючы шнур.
Сцяпан паснедаў, апрануўся і выйшаў з балка. Навокал стаяла цішыня, амаль што развіднела. Ён крыху пастаяў, зірнуў на сопкі, а пасля накіраваўся ў нізоўе даліны.
Без асаблівых цяжкасцей знайшоў першую шурфовачную лінію. Там, дзе павінны быць шурфы,
стаялі драўляныя калы-вешкі. Наступную лінію, якая была зададзена па карце за чатырыста метраў уверх па даліне, Сцяпан вырашыў не шукаць, бо пасля часу будзе многа дзён дзесяць, а то і больш. Галоўнае пачаць праходку, а там, дасць Бог, усё пойдзе без асаблівых прыгод.
Калі вяртаўся назад, то ўбачыў падрыўніка Віцю. Той валок на санках мінную станцыю. Падышоў бліжэй, парукаліся.
Добрых дзвесце метраў адмерай ад шурфоў, a пасля працягвай званковы провад, сказаў Сцяпан. А як усё будзе гатова, пойдзем на склад па выбухоўку, дадаў ён і, порстка павярнуўшыся, накіраваўся да балкоў.
Шурфоўшчыкі таксама даўно прачнуліся і ладкавалі свой быт: хто вугаль цягаў у тамбур, хто ложкі рамантаваў. Па даўнешай завядзёнцы ў першы дзень ніколі не пачыналі працу, бо іншых спраў хапала.
Сцяпан вырашыў у першы ж дзень агледзець даліну. Ён закінуў за плечы стрэльбу-двухстволку, паклаў у кішэню кажушка з дзесятак патронаў, палову пачкі цукру, на выпадак нечаканай пургі, стаў на шырокія паляўнічыя лыжы і няспешна пасунуўся ў вярхоўе Кайнваама.
Даліна была сярэдніх памераў, але з выкрунтасамі выпруджвалася, бьіццам тая змяя, як бы не жадаючы адразу ж раскрыць сябе незнаёмаму падарожніку. 3 абодвух бакоў цягнуліся да яе, быццам тыя сыночкі, раўчукі-распадкі. Вясною, з вясёлым і шумлівым гулам, несліся па іх патокі вады, змятаючы ўсё на сваім шляху.
Але цяпер яны былі прыціхлыя, надзейна і надоўга ўхутаныя снегам, які з цягам часу да таго ўтрамбоўваўся вятрыскамі, што можна было смела хадзіць без лыжаў.
Спачатку Сцяпан нічога асаблівага не заўважыў. Але як толькі мінуў чарговы паварот, то справа ўбачыў, як з пакатага схілу збягалі ўніз паўразбураныя невялічкія хаткі-мазанкі. Стрэхаў у іх не было толькі сцены, умела і надзейна выкладзеныя з серпантыну.
“Вось табе і чортава пята”,падумаў Сцяпан, успамінаючы словы начальніка. Несвядомаму чалавеку магло нават падацца, што ён натрапіў на старажытнае паселішча першых абарыгенаў Чукоткі.
Але Сцяпан адразу ж зразумеў тут калісьці працавалі зняволеныя. Праўда, спачатку не дапетрыў, чым яны тут займаліся. Але калі прайшоў яшчэ з якую сотню метраў ды выпадкова кінуў позірк улева на вялізную сопку, то адразу ж усё зразумеў. Ён убачыў тры штольні, якія пагрозліва ашчэрыліся сваімі ўваходнымі дзірамі-пашчамі, выкладзенымі з тоўстых бярвенняў. Сцяпан дакладна ведаў, што такія штольні на касітэрыт або золата не праходзяць. А раз так тут шукалі штосьці іншае. Калі падышоў бліжэй, яму не спадабаўся нават колер серпантыну ля самага падножжа сопкі, бо той быў сіваваты, быццам чымсьці пашкоджаны.
Вырашыў пры выпадку спытаць пра штольні ў начальніка, а сам тым часам падняўся яшчэ крыху ў вярхоўе, бо не былі відаць калы-вешкі чарговай шурфовачнай лініі. Але паціху даклыпаў і да іх. Усе былі на месцы, але стаялі панура нахіленыя, быццам тыя малайцы ля крамы.
Хацеў ужо вяртацца назад, але тут заўважыў некалькі вялізных валуноў-камянёў. Гэта яго не здзівіла, але насцярожыла. Бывала, што трапляліся валуны пры праходцы шурфоў, але каб вось так ляжалі, як тыя адкормленыя парсюкі, на самай паверхні даліны, такога ён яшчэ не бачыў.
I хаця ўжо браліся добрыя прыцемкі, Сцяпан вырашыў яшчэ прайсці якую сотню метраў, бо вельмі ж хацелася пераканацца, што больш сюрпрызаў не будзе. Але ён памыліўся. Праз якую хвіліну ўбачыў столькі камянёў, праўда, крыху меншага памеру, што спыніўся і пазіраў на іх, як той зачараваны вандроўнік.
Здавалася, што хтосьці незнарок насыпаў іх з неба, як таго гароху, бо яны бессаромна засцілалі ўсё рэчышча даліны. Тут яны навідавоку, але ж чым бліжэй да акіяна, то, напэўна ж, будуць хавацца ў мерзлаце, апускаючыся ўсё ніжэй і ніжэй,
ажно да самых карэнных парод. Так, прадчуванне яшчэ ніколі Сцяпана не падводзіла. Задоўга да ад’езду ў тундру пасялілася ў ягонай душы думка, што апошні сезон будзе не з лёгкіх.
Ён яшчэ крыху пастаяў, а пасля ўздыхнуў і накіраваўся да сваіх балкоў. Уцямнела даволі-такі добра, але свой лыжны след ён яшчэ бачыў. Лёгкі вецер-цягунок, які амаль заўсёды любіў гойсаць да акіяна, нясмела падштурхоўваў яго ў спіну.
Сцяпан вырашыў пра ўбачаннае пакуль сваім не расказваць, каб не сапсаваць настрою, а там яшчэ невядома як яно складзецца, бо ў прыроды столькі таямніц, што хопіць не на адно пакаленне геолагаў.
Бывала ў гісторыі, і не адзін раз, што барадатыя акадэмікі прадказвалі адно, а на практыцы атрымлівалася такое, што і ў страшным сне не ўбачыш.
Як толькі Спяпан зайшоў у балок, то адразу ж уключыў рацыю, бо хвілін праз дзесяць павінен быў выйсці з ім на сувязь Андрэй Іванавіч. Пасля запаліў лямпу, падкінуў у грубку вугалю і пачаў раскладваць па паліцах свой няхітры скарб.
Перш-наперш асцярожна дастаў з рукзака папку з дакументамі, дзе была надзейна ўпакавана невялічкая іконка Ісуса Хрыста. Яму яе падарыла нябожчыца-бабуля як толькі ён скончыў дзесяць класаў і рушыў са свайго дома ў самастойнае жыццё. Калі вучыўся ў інстытуце, то ў інтэрнаце адважыўся павесіць яе на сцяну толькі на пятым курсе. Раней проста баяўся, бо пасля выкліку ў КДБ маглі і выключыць, як ненадзейнага будучага будаўніка камунізму.
Прымацаваў іконку ў самым кутку, і адразу ж пасвятлела на душы раптоўна знікла трывожнасамотнае пачуццё, якое апошнімі днямі не давала яму спакою.
I тут адразу ж ажыла тэлефонная трубка рацыі. У ёй пачуўся трэск, шум, а праз хвіліну, калі ён узяў яе ў руку і хуценька крутануў рычажок гуку, пачуў голас начальніка.
“Бяроза!” “Бяроза!” Я “Клён”, як чуеш мяне, прыём!
Чую вас, Андрэй Іванавіч! Заехалі выдатна, уладкоўваемся. Заўтра прыступаем да праходкі сто пятай лініі. Якія навіны?
Праз тыдзень-другі чакай гасцей з дзяржтэхнадзору, а пасля і я пад’еду з маркшэйдэрам. Усё! Канец сувязі!
Сцяпан паклаў трубку і выключыў рацыю. У пачатку кожнага шурфовачнага сезона надакучвалі розныя камісіі, якія сваімі праверкамі і занудзістымі парадамі рабілі толькі адно — заміналі працаваць. Калі інспектара з тэхнадзору, які кантраляваў захаванне выбухоўкі і правядзенне падрыўных работ, яшчэ можна было зразумець, то розных гасцей з ГоКа, а то і з самога Магадана Сцяпан цярпець не мог. Бо ў тых адно было ў галаве вырвацца з кабінетаў у тундру ды ўрэшце па-сапраўднаму расслабіцца, выпусціць пару, а прасцей кажучы — напіцца да чорцікаў, каб і лыка не вязаць. I нікога не трэба баяцца: ні табе жонкі, ні начальства, ні сваіх падначаленых. Тое надзейна замацавалася ў няпісаным паўночным правіле, ніколі і нікім не аспрэчвалася.
Павячэраўшы, Сцяпан прылёг на ложак і ўключыў прыёмнік. Старэнькая “Спідола” надзейна служыла яму пяты год. Праўда, перадачы з Масквы злавіць было не проста, заўсёды такія памехі, што месяцамі не ведаў апошніх навін. А вось голас Амерыкі вяшчаў лепш не трэба! Яно і не дзіўна амаль побач жылі амерыканцы. А вазьмі да вайны, то іхнія камерсанты гойсалі па ўзбярэжжы Чукоткі, як у сябе дома. Кажуць, што нават і ў цяперашні час іхнія падводныя лодкі нярэдка заходзяць у халодныя чукоцкія воды.
Праслухаўшы навіны, ён падняўся, выключыў прыёмнік і вырашыў наведаць шурфоўшчыкаў, бо заўсёды перад пачаткам работ яны збіраліся разам, каб вырашыць усе праблемы, дый заяўкі на харчаванне ўдакладніць што каму прывезці.
У балку ўсе былі ў зборы. Дый куды яны маглі падзецца, калі далей за палову кіламетра без Сцяпанавага дазволу разгульваць не маглі.
Праходзь, Сцёпа, расказвай, прамовіў Міхаіл Пятровіч, падкідваючы ў грубку вугалю. — Што з базы перадалі?
— Нічога асаблівага. — Сцяпан усеўся на лаву ля стала і зняў шапку. Дзесьці так праз тыдзень інспектар прыедзе, а пасля і начальнік.
Як даліна? Штосьці ты доўга быў у вярхоўі? спытаў Валянцін.
Нічога асаблівага. Праўда, непадалёку ад нас убачыў паўразбураныя домікі, зняволеныя тут працавалі, тры штольні прабілі ў вялізнай сопцы.
— А што шукалі? дапытваўся насцярожаны Валянцін.
Бог іх ведае. На Чукотцы карысных выкапняў навалам. Адно скажу не золата і не касітэрыт.
To яны ж, напэўна, і шурфы праходзілі, — уступіў у гутарку Кузьма.
Хто іх ведае. Магчыма, і прайшлі з які дзесятак, каб даць геолагам наметку на будучыя работы. Але мы эксплуатацыйная разведка, ставім, так бы мовіць, апошнюю кропку. Пасля нас тут пачнуць прамыўку пяскоў старацелі.
А я думаў, што мы тут самыя першыя, — з расчараваннем у голасе працягваў Кузьма.
— Чаго захацеў, — Сцяпан усміхнуўся. Першым тут калісьці пабываў Мікіта Шалаўраў. Купец, які гойсаў тут яшчэ ў далёкім 1761 годзе. Ён першы даў апісанне Чаўнскай губы, дзе цяпер порт Певек. Няўдачай скончылася ягоная першая спроба прайсці ад ракі Лены на ўсход у пошуках праліва да Ціхага акіяна. Дабраўся ён толькі да мыса Білінгса, дзе і загінуў. А пасля яго тут столькі народу пабывала, што і не злічыць. Нават і мы з вамі дапалі, каб злавіць птушку шчасця за хвост.
Дзе ж яе цяпер схопіш з такой нормай, сказаў Аляксей.
— Самі ж і вінаваты, — спакойным голасам адказаў Валянцін. — Мне пашчасціла захапіць
яшчэ тыя залатыя дзянёчкі, калі нормай быў саракоўнік, са смакам пацягнуўшы цыгарку, працягваў ён.Шчыра скажу працавалі да абеду, а пасля вольныя казакі: хто на паляванне, хто спаць, хто ў карты гуляць. Бугор наш пільна сачыў — каб ні сантыметра больш за змену, бо ведаў заўтра ж накруцяць расцэнкі.
I якія заробкі былі за такую работу? пацікавіўся Кузьма. Гэта ж за месяц праходзілі толькі дзесяць метраў адзін шурф.
3 навалачкай хадзілі палучаць, з усмешкай адказаў Валянцін, бо яшчэ старымі грашыма атрымлівалі. А так за месяц выходзіла да васемнаццаці-дваццаці тысяч. Легкавушка “Пабеда” каштавала ў тыя гады шаснаццаць тысяч, a задрыпаны “Масквіч” і таго меней усяго восем штук. Бывала, як у водпуск прыедзем, то новенькага “Масквіча” бралі, але болып за тры месяцы той не вытрымліваў, бо нап’емся ды шпокнем радыятарам у бярозу. А цяпер,ён уздыхнуў, да таго ўсё змянілася, што вось прыеду ў свае мясціны на Палессе, то далібог не пазнаю. Летась ліст атрымаў, што да таго павысушвалі балоты вада са студняў знікла. Проста скажу не хапае шэрага рэчыва ў галовах нашага кіраўніцтва. Няўжо не разумеюць, што без вады і балот усё звяр’ё вынішчаецца. Як цяпер памятаю бацька прыносіў з палявання па дванаццаць зайцоў. Маці, бывала, крычала, каб больш пяці не страляў, бо кешкацца з імі дацямна. Дый на Чукотцы белякоў было навалам. Бывала, выйдзем у тундру месячнай ноччу, навокал цішыня, крыху адыдзем ад балкоў, а яны гарцуюць... To мы яшчэ выбіралі якога стрэльнуць, a цяпер зрэдку толькі і ўбачыш. Усё вынішчаецца. Да чаго ідзем, Сцёпа. Ты ў нас чалавек веруючы адкажы грэшнікам.