Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
— Хіба гэта не ваенны вокліч воінаў, не выццё, якім яны намагаюцца напалохаць ворагаў? — спытала Кора, спакойна апускаючы вэлюм на твар, у той час як яе малодшая сястра заўважна хвалявалася.
— Не-не, зараз пачуўся злавесны, ашаламляючы гук, і ў ім было нешта незвычайнае. Калі б вы хоць раз чулі баявы кліч індзейцаў, вы ніколі б не палічылі яго за што-небудзь іншае... Ну, што ж, Ункас? — зноў падэлаварску звярнуўся разведчык да маладога магіканіна, які вярнуўся ў пячору.— Што ты бачыў? Ці не прасвечваецца наш агонь праз заслоны?
Пачуўся кароткі і, відаць, адмоўны адказ на тым жа дыялекце.
— Нічога не відаць,— працягваў па-англійску Сакалінае Вока, з незадавальненнем хітаючы галавою.— Наша схованка ўсё яшчэ застаецца тайнай. Перайдзіце ў другую пячору, лэдзі, і пастарайцеся за-
снуць: вам неабходна адпачыць. Мы паднімемся задоўга да ўсходу сонца, і нам прыйдзецца спяшацца, каб дайсці да форта Эдвард, пакуль мінгі будуць спаць.
Кора паслухалася з такім спакоем, што болып палахлівая Аліса была вымушана рушыць услед. Але, выходзячы з пячоры, яна шэптам папрасіла Дункана пайсці разам з імі.
Ункас адкінуў для сясцёр занавеску з коўдры. Павярнуўшыся, каб аддзякаваць яму за ўвагу, дзяўчаты ўбачылі, што разведчык зноў усеўся над патухаючым вуголлем, закрыўшы твар рукамі, і, відаць, задумаўся пра незразумелы гук, які перапыніў вячэрнія спевы.
Хейвард захапіў з сабой сасновую палаючую галіну, і гэты факел слаба асвятліў вузкую пячору, дзе сёстрам трэба было пераначаваць. Дункан замацаваў свой свяцільнік у расколіне каменя і падышоў да сясцёр; яны засталіся з ім адзін на адзін першы раз пасля ад’езду з форта Эдвард.
— He пакідайце нас, Дункан! — папрасіла Аліса.— Мы не заснём у гэтым страшным месцы, асабліва зараз, калі жахлівы крык яшчэ гучыць у нашых вушах.
— Перш за ўсё агледзім, ці дастаткова надзейная наша крэпасць,— адказаў Хейвард,— а пасля пагаворым пра астатняе.
Ен прайшоў у самы дальні куток пячоры, да выхада, таксама закрытага цяжкай коўдрай, і, адхінуўшы яе, удыхнуў на поўную грудзіну свежага вільготнага паветра, што ішло ад вадаспадаў. Бліжні прыток ракі імкнуўся па вузкай глыбокай цясніне, вымытай цячэннем у мяккіх каменнях. Вада неслася каля самых ног маладога афіцэра і, як яму здавалася, зрабіла надзейную ахову з гэтага боку.
— Прырода ўтварыла неадольную заслону,— працягваў ён, паказваючы на чорны паток пад абрывам, і апусціў коўдру,— і вы самі ведаеце, што сумленныя і верныя людзі ахоўваюць вас. Дык чаму вам не спажыць параду Сакалінага Вока? Я ўпэўнены, Кора згодзіцца са мной і скажа, што вам абаім неабходна заснуць.
— Кора можа згадзіцца з вашай думкай, але не зможа зрабіць тое, што вы раіце,— прамовіла старэйшая з дзяўчат, уладкаваўшыся побач з Алісай на пасцелі з галінак сасафраса.— Калі б мы нават не чулі незразумелага, страшнага крыку, нам усё роўна было б цяжка
заснуць. Скажыце самі, Хейвард, ці могуць дочкі забыць пра тое, як павінен трывожыцца іхні бацька, не ведаючы, дзе яны і што з імі здарылася ў гэтай глушы сярод гэтулькіх небяспек?
— Ён воін. Праўда, ён ведае пра небяспекі, але знае і аб перавагах лясоў.
— Але ён — бацька, і ад бацькоўскіх пачуццяў не зможа пазбавіцца.
— Як памяркоўна, як цярпліва пераносіў ён мае неразумныя выбрыкі! 3 якой любоўю выконваў усе мае жаданні! — са слязамі прамовіла Аліса.— Кора, мы зрабілі неразважліва, рушыўшы ў гэтую рызыкоўную паездку.
— Можа, я неабачліва настаяла на тым, каб бацька дазволіў нам прыехаць да яго ў такі неспакойны час, але я хацела даказаць яму, што калі на іншых ён не можа абаперціся, дык дзеці дасталіся яму верныя.
— Калі ён пачуў пра тое, што вы рашылі прыехаць у форт Эдвард,— сказаў Хейвард ласкава,— у яго душы адбылася жорсткая барацьба паміж страхам і любоўю, і любоў перамагла. «Я не хачу спыняць іх, Дункан,— сказаў ён.— Дай бог, каб усе абаронцы нашага караля праявілі палову той смеласці, якую праявіла Кора».
— А пра мяне ён нічога не сказаў, Хейвард? — з раўнівай пяшчотай спытала Аліса.— Я веру, што тата не мог зусім забыць сваю маленькую Эльсі...
— Канечне, не,— адказаў малады чалавек.— Ен асыпаў вас мноствам цёплых слоў, якія я не асмельвдюся паўтарыць, адчуваючы, аднак, іх справядлівасць. Раз ён сказаў...
Дункан раптам змоўк; позірк ягоны быў паімкнёны да Алісы, якая ў парыве даччыной любові павярнулася да яго, каб пачуць бацькавыя словы, як зноў пранёсся жахлівы крык, і ўслед тут жа наступіла доўгае мёртвае маўчанне. Усе пераглядваліся, з жахам чакаючы паўтору дзікага выцця. Нарэшце марудна адсунулася коўдра, і ў адтуліне пячоры паказалася постаць разведчыка; суровая цвёрдасць яго твару змянілася няўпэўненасцю пры думках пра таямнічыя гукі, што, здавалася, прарочылі немінучую небяспеку, перад якой былі бяссільныя і спрыт ягоны, і вопытнасць...
РАЗДЗЕЛ VII
Яны не спяць.
I бачу я на скалах тых —
Усёй дзікай хэўраю яны сядзяць.
Грэй
— Калі мы застанемся тут,— сказаў Сакалінае BoKa,— то пагрэбуем перасцярогай, якая даецца нам для нашай жа карысці. Няхай пяшчотныя істоты пабудуць у пячоры, але мы, гэта значыць, я і магікане, пойдзем на скалу вартаваць. I, лічу, маёр шасцідзесятага палка далучыцца да нас.
— Хіба блізкая небяспека? — спытала Кора.
— Толькі той, хто гэтак дзіўна лямантуе, ведае пра небяспеку, што нам пагражае. Я палічу сябе непрыстойным чалавекам, калі пачну хавацца ў нару, чуючы такі знак у паветры. Нават слабая душа, якая праводзіла свае дні ў псалмаспевах, усхвалявалася ад гэтых гукаў і гаворыць, што «гатова ісці наперад у бой». Але калі б нас чакала толькі бітва, дык з гэтым мы б паспяхова справіліся. Але я чуў, калі паміж небам і зямлёй праносяцца такія крыкі, гэта прарочыць не зусім звычайную вайну.
— Калі вы лічыце, мой сябра, што гэтыя гукі выклікалі звышнатуральныя прычыны, то нам не варта вельмі хвалявацца,— працягвала Кора спакойна.— Але ці не думаеце вы, што нашы ворагі хочуць запалохаць нас і гэтым своеасаблівым шляхам без цяжкасцей атрымаць над намі перамогу.
— Лэдзі,— урачыстым тонам адказаў разведчык,— больш за трыццаць гадоў прыслухоўваўся я да лясных гукаў, як прыслухоўваецца чалавек, жыццё і смерць якога залежаць ад чуйнасці яго слыху! Мяне не звядуць у зман ні мурлыканне пантэры, ні свіст перасмешніка, ні крыкі д’ябальскіх мінгаў. Я чуў, як лес стагнаў, бы чалавек у жорсткай скрусе; чуў я і трэск маланкі, калі ад яе вогненных стрэл разляталіся бліскучыя іскры. Зараз жа ні магікане, ні я — мы не можам растлумачыць сабе, што гэта быў за лямант. I таму мы думаем, што гэта — небяспечны знак, пасланы для нашай карысці.
— Дзіўна...— сказаў Хейвард і ўзяў свае пісталеты, якія, уваходзячы ў пячору, паклаў на камень.— Усё роўна: ці знак гэта міру, ці заклік да бою — трэба
выявіць, што тут і да чаго. Ідзіце, мой сябра, я іду за вамі.
Усе адчулі прыліў адвагі, калі выйшаўшы пад адкрытае неба, удыхнулі не душнае паветра грота, а падбадзёрваючую прахалоду, якая стаяла над вадаспадамі і вірамі. Моцны вецер дзьмуў над ракой і, здавалася, адносіў роў вады ў глыбіню гротаў, адкуль чуўся несціханы гул, які напамінаў грукат грому за аддаленымі гарамі. Месяц падняўся, яго святло дзе-нідзе гуляла на паверхні вады; той жа край скалы, на якім яны стаялі, ахутвала густая цемра. Калі не лічыць гулу падаючай вады ды моцных уздыхаў парывістага ветру, усё было так ціха, як толькі бывае ноччу ў поўнай глушыні. Дарэмна вочы ўглядваліся ў супрацьлеглы бераг, намагаючыся злавіць там хоць маленькую прыкмету жыцця, якое магло б патлумачыць, што значылі страшныя гукі. Скупое святло месяца падманвала напружаны зрок устрывожаных людзей, і іхні позірк сустракаў толькі аголеныя цясніны ды нерухомыя дрэвы.
— Сярод цемры і спакою цудоўнага вячэрняга зацішку нічога не відаць,— прашаптаў Дункан.— Як любаваліся б мы карцінай гэтай адзіноты ў іншы час, Кора! Уявіце сабе, што вы ў абсалютнай бяспецы, можа...
— Слухайце! — перапыніла яго Аліса.
Але ёй не было патрэбы спыняць маёра: зноў пачуўся той жа гук. Здаецца, ён даносіўся з ракі і, вырваўшыся з вузкіх цяснін, што скоўвалі яе, гайдаючыся, пракаціўся па лесе і заціх дзесьці далёка-далёка.
— Як можна назваць такі лямант? — запытаў Сакалінае Вока, калі апошні водгук жахлівага крыку згубіўся ў лясным гушчары.— Калі хто-небудзь з вас разумее, у чым справа, няхай скажа. Я ж лічу, што гэта штосьці звышнатуральнае.
— У такім выпадку, тут знойдзецца чалавек, які зможа пераканаць вас,— сказаў Дункан.— Гэтыя крыкі добра знаёмыя мне, бо я часта чуў іх пры абставінах, якія часта сустракаюцца ў салдацкім жыцці. Гэта крычыць конь. Калі-нікалі боль вырывае гэты гук з яго горла, а часам жах. Відаць, мой конь стаў здабычай дзікіх звяроў альбо ён бачыць небяспеку, якой нельга пазбегчы. Я мог не пазнаць гэтых лямантаў, пакуль быў у пячоры, але на адкрытым паветры я не магу памыліцца.
Разведчык і яго сябры слухалі гэтае простае тлумачэнне Дункана з цікавасцю людзей, якіх новыя паняцці змусілі адмовіцца ад некаторых старых перакананняў.
— У-у-ух,— прамовілі магікане, калі ісціна ім стала зразумелая.
Сакалінае Вока падумаў крыху і адказаў:
— Я не магу адмаўляць справядлівасць вашых слоў, бо я дрэнна ведаю коней, хоць іх тут нямала. Відаць, на беразе вакол іх сабраліся ваўкі, і цяпер напалоханыя жывёлы клічуць на дапамогу чалавека так, як умеюць клікаць... Ункас,— на мове дэлавараў звярнуўся ён да маладога індзейца,— сядзь у пірогу і спусціся па цячэнню, шпурні ў зграю ваўкоў галавешку, бо страх зробіць тое, што не па сіле ваўкам, і мы застанёмся без коней. Тым больш што нам заўтра трэба хутка рухацца.
Малады тубылец спусціўся ўжо да вады, каб выканаць загад разведчыка, калі на беразе ракі пачулася працяжнае гучнае выццё, якое хутка пачало аддаляцца; здавалася, ахопленыя раптоўным жахам ваўкі пакінулі свае ахвяры.
Ункас паспешна вярнуўся назад. I трое сяброў зноў пачалі раіцца.
— Мы напаміналі сабою паляўнічых, якія страцілі падказку зорнага неба і некалькі дзён не бачылі схаванага ад іх сонца,— сказаў Сакалінае Вока, робячы некалькі крокаў убок.— Зараз мы зноў пачнём бачыць прыкметы шляху, і ён, дзякуй богу, ачышчаны ад многіх перашкод. Сядзьма ў цяні берага, тут цямней, чым ад ценю сосен. Гаварыце толькі шэптам, хоць, можа, нам лепш і разумней на працягу некаторага часу гутарыць толькі з уласнымі думкамі.