Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
Але якая ні сумная, ні цяжкая сталася гэтая сцэна, яна была далёка не столькі кранальная як тая, што адбывалася на супрацьлеглым краі паляны. Ункас у самай выдатнай, багатай апратцы свайго племені сядзеў, нібы жывы, у велічнай, спакойнай позе. Над ягонай галавою ціха пагойдвалася шыкоўнае пер’е, каралі і медалі ўпрыгожвалі ягоную грудзіну. Але вочы яго былі нерухомыя, застылыя. ,
Перад трупам стаяў Чынгачгук, без зброі, без упрыгожанняў, без афарбоўкі; толькі сіняя эмблема ягонага племені ярка выступала на аголенай грудзіне сагамора. 3 таго часу, як сабраліся ўсе яго супляменнікі, магіканін не зводзіў праніклівага позірку з мёртвага твару свайго сына.
Непадалёку стаяў разведчык у задуменнай позе, абапіраючыся на сваё забойнае ружжо помсты. Таме-
нунд, якога падтрымлівалі старэйшыны свайго племені, сядзеў на ўзвышку, адкуль мог пазіраць на бязмоўны, сумны сход.
Крыху воддаль ад натоўпу стаяў воін у чужаземнай форме; за ім.— яго баявы конь, які знаходзіўся пасярэдзіне люду, які, мабыць, ндважыўся падацца ў далёкае падарожжа. Па адзенні воіна было відаць, што ён займаў важную пасаду пры губернатары Канады. Відаць, ён з’явіўся завельмі позна, каб споўніць тое, што яму даручылі — прымірыць запалістых непрыяцеляў,— і цяпер прысутнічаў маўклівым сведкам закончанага бою, які ён не змог прадухіліць.
Дзень набліжаўся ўжо да поўдня, а разам з тым індзейскі натоўп большаў і большаў усё ў тым жа цяжкім маўчанні. Калі-нікалі чуўся ціхі, прыглушаны плач; але ў натоўпе не было відаць ніякага руху. Толькі час ад часу падымаўся хто-небудзь, каб проста, але шчыра і натуральна ўшанаваць загінулых.
Нарэшце дэлаварскі мудрэц працягнуў руку і падняўся, абапіраючыся на плечы сваіх таварышаў. Ен быў зусім слабы, быццам з таго часу, калі ён прамаўляў апошні раз свайму племені, прайшло доўгае стагоддзе.
— Людзі ленапаў! — сказаў ён глухім голасам.— Твар Маніту схаваўся за хмарай! Позірк ягоны адвернуты ад нас, вушы затуленыя, язык не прамаўляе. Вы не бачыце яго, але кара ягоная пррад вамі. Дайце волю вашым сэрцам, і няхай душы вашы больш не гавораць маны. Людзі ленапаў! Твар Маніту схаваны за хмарамі!
За гэтымі простымі, але страшнымі словамі наступіла глыбокае маўчанне, быццам дух, якому яны верылі і пакланяліся, сам сказаў гэтыя словы. Нават мёртвы Ункас здаваўся жывою істотаю і жывым больш, чым увесь гэты натоўп, які абкружаў яго.
Але, калі ўражанне ад гэтых слоў спакваля пачало слабець, пачуліся ціхія песні ў гонар памёрлых. Гэта былі жаночыя галасы, мяккія і невыказна горасныя. Калі запынялася спяваць адна дзяўчына, іншая працягвала пахвалу альбо скаргу. Час ад часу песня перапынялася ўсіхнымі гаротлівымі ўздыхамі.
Адна з дзяўчын пачала сціпла і з намёкам хваліць нябожчыка-воіна за яго мужчынскасць. Яна назвала
яго «барсам свайго племені», гаварыла пра яго як пра воіна, чый макасін не пакідае следу на pace; скачок ягоны быў падобны на аленевы скачок; вочы былі ярчэйшыя за зоркі ў цёмную ноч; голас у час бітвы магутны, як гром Маніту. Яна напомніла пра маці, якая нарадзіла яго, і спявала пра шчасце быць маці такога сына.
Іншыя дзяўчаты яшчэ цішэйшымі галасамі напомнілі пра чужаземку, якая амаль у адзін час з маладым воінам пакінула гэтую зямлю. Яны апісвалі яе непараўнальную прыгажосць, яе высакародную рашучасць.
Пасля гэтага дзяўчаты загаварылі, звяртаючыся да самой Коры са словамі, поўнымі пяшчоты і любові. Яны прасілі яе быць спакойнаю і не баяцца свайго далейшага лёсу. Спадарожнікам яе будзе паляўнічы, які здолее выканаць яе любое жаданне і абараніць ад самай рознай небяспекі. Яны ўпэўнівалі яе, што шлях, які выпаў ёй, будзе прыемны, а ношка лёгкая. Яны раілі ёй быць уважлівай да магутнага Ункаса. Пасля, у агульным бурным парыве, дзяўчаты злучылі свае галасы ў песні ў гонар магіканіна. Яны называлі яго высакародным, мужным, сардэчным.
Самымі пяшчотнымі словамі яны расказвалі яму, што ведаюць, да каго хілілася ягонае сэрца. Дэлаварскія дзяўчаты не захаплялі яго; ён быў з племені, якое некалі ўладарыла на берагах Салёнага возера, і ягоныя жаданні вабілі да народа, які жыў паблізу магіл продкаў. Калі ён выбраў белую дзяўчыну — значыць, так трэба. Усе маглі бачыць, што яна была прыдатная для небяспечнага жыцця ў лесе, а цяпер, дадавалі дзяўчаты, мудры ўладар зямлі перанёс яе ў тыя краі, дзе яна можа быць шчаслівая назаўсёды.
Потым, змяніўшы свой матыў, плакальніцы ўспомнілі пра іншую дзяўчыну — Алісу, якая залівалася слязьмі ў суседняй хаціне. Яны параўноўвалі яе з камякамі снегу — з лёгкімі, белымі і чысцюткімі. Яны ведалі, што яна запрыгожая для маладога воіна, які падобны на яе колерам скуры.
Дэлавары слухалі як зачараваныя; па іхніх выразных тварах зразумела было, як яны глыбока спачуваюць. Нават Давід з ахвотаю ўслухоўваўся ў ціхія дзявочыя галасы, і задоўга да таго, як скончылі спяваць, па захапляльным выразе яго вачэй было відаць,
што душа ягоная глыбока ўзрушаная.
Разведчык — адзіны з белых, хто разумеў усе песні,— апамятаўся ад роздуму, у які быў паглыблены, і нахіліў галаву, быццам для таго, каб яшчэ лепш злавіць сэнс песні.
Калі дзяўчаты падалі голас пра тое, што чакала Кору і Ункаса, ён пахітаў галавою як чалавек, які разумее, наколькі наіўная і падманлівая іхняя вера, і, зноў стаўшы ў ранейшую позу, застаўся такім да таго часу, пакуль не закончыліся ўсе пахавальныя цырымоніі.
Чынгачгук паводзіў сябе зусім іначай, чым увесь індзейскі натоўп, які вельмі ўважліва сачыў за тым, як адбываецца абрад. За ўвесь гэты час вочы ягоныя не адрываліся ад сына, і ні адзін мускул на застылым твары нават не ўздрыгнуў, хоць і чуліся адчайныя ці ўзрушальныя шкадаванні.
Усе ягоныя пачуцці нібы замёрлі для таго, каб вочы маглі апошні раз зірнуць на аблічча, якое ён так любіў і якое хутка будзе назаўсёды схаванае.
Калі спевы закончыліся, з натоўпу выступіў воін, які быў вядомы сваімі подзвігамі, чалавек суровага, велічнага выгляду. Ен падышоў да нябожчыка маруднай хадою і запыніўся побач з ім.
— Чаму ты пакінуў нас, гонар дэлавараў? — прамовіў ён, звяртаючыся да безжыццёвага Ункасавага цела.— Час твайго жыцця быў падобны на сонца, калі яно яшчэ толькі падымаецца з-за дрэваў, твая слава была ярчэйшая за ягонае святло ў поўдзень. Хто з тых, што бачыў цябе ў бітве, мог падумаць пра тваю смерць? Твае ногі былі падобныя на арліныя крылы, рука была цяжэйшая за падаючую сасну, а голас напамінаў голас Маніту, калі ён прамаўляе з воблакаў. Гонар дэлавараў, навошта ты пакінуў нас?
Услед за ім, строга па ранжыру, падыходзілі іншыя воіны.
Калі большасць самых знакамітых людзей племені аддалі сваю даніну павагі нябожчыку, ухваліўшы яго ў песні альбо словамі, зноў наступіла глыбокая, унушальная цішыня.
Тады ў паветры пачуўся нейкі ціхі гук, падобны на музыку, такі ціхі, што нельга было разабрацца, адкуль ён даносіцца. За ім пачуліся іншыя гукі, што паволі ўсё болып і больш гучнелі, пакуль нарэшце да слыху
прысутных не данесліся спачатку працяглыя, што часта паўтараліся, усклікі, а потым і словы. Па тым, як раскрываліся вусны Чынгачгука, можна было здагадацца, што гэта ягоная песня — песня бацькі. Хоць ні адзін позірк не памкнуўся на яго, але па тым, як усе прысутныя паднялі галовы, прыслухоўваючыся, ясна было, што яны лавілі гэтыя гукі гэтак жа ўважліва, як слухалі самога Таменунда. Але марна яны прыслухоўваліся. Гукі, якія нядаўна памацнелі да таго, што можна было разабраць словы, пачалі зноў цішэць і трымцець, нібы іх зносіў вецер. Сагаморавы губы самкнуліся, і ён замоўк. Дэлавары, зразумеўшы, што сябра іхні не можа перамагчы сілай волі свае пачуцці, перасталі прыслухоўвацца і з прыроджанай далікатнасцю звярнулі сваю ўвагу на пахаванне дзяўчыны-чужаземкі.
Адзін са старэйшых правадыроў зрабіў знак жанчынам, якія стаялі вакол Коры. Дзяўчаты паднялі насілкі з Корыным целам на плечы і пайшлі павольным, роўным крок5м з новай, жалобнай песняю, што ўхваляла нябожчыцу. Гамут, які ўвесь час сачыў за абрадам, цяпер нахіліўся да бацькі дзяўчыны і шапнуў яму, амаль непрытомнаму:
— Яны нясуць цела тваёй дачкі. Ці не пайсці нам услед за імі і паглядзець, каб яе пахавалі па-хрысціянску?
Мунро ўздрыгнуў. Кінуўшы вакол сябе трывожны позірк, ён падняўся і пайшоў за сціплаю працэсіяй. Сябры абкружылі яго з выяўленнем гора, што было завялікае для таго, каб назваць яго проста спачуваннем. Нават малады француз, глыбока ўсхваляваны ранняй, сумнай смерцю такой прыгожай дзяўчыны, таксама падаўся разам з імі ў жалобнай працэсіі. Але, калі апошняя жанчына племені далучылася да гэтага шэсця, мужчыны-ленапы зноў абкружылі Ункаса, як і дасюль маўклівыя, урачыстыя і непарушныя.
Мясціна, выбраная для магілы Коры, была невялікім узгоркам, на якім расла купка сосен, што кідалі панылы цень на зямлю. Дайшоўшы да гэтай мясціны, дзяўчаты апусцілі сваю ношу на дол і пачалі сціпла чакаць якога-небудзь знаку ад Корыных блізкіх, што тыя задаволены абрадам, які яны зрабілі. Тады разведчык, які толькі адзін ведаў іхнія звычаі, сказаў на дэлаварскай мове:
— Дочкі мае добра паступілі: белыя людзі кажуць
вам дзякуй.
Дзяўчаты, усцешаныя пахвалою, паклалі цела ў труну, зграбна зробленую з бярозавай кары, і затым апусцілі яе ў змрочнае, апошняе жытло. Гэтак жа проста і моўчкі яны засыпалі магілу, накрыўшы свежую зямлю лісцем і кветкамі. Але, калі добрыя душы закончылі сваю сумную работу, яны запыніліся, паказваючы гэтым, што не ведаюць, як ім быць далей. Разведчык зноў звярнуўся да іх.
— Вы, маладыя жанчыны, зрабілі ўсё, іпто маглі,— сказаў ён,— душа белатварага не патрабуе ні ежы, ні адзення... Бачу,— дадаў ён, зірнуўшы на Давіда, які адгортваў сваю кнігу, мабыць, збіраючыся заспяваць патрэбную ў гэтым выпадку святую песню,— што той, хто лепш за мяне ведае хрысціянскія звычаі, хоча сказаць сваё слова.
Жанчыны сціпла адышлі ўбок і з галоўных да нядаўняга часу асоб сталі пакорлівымі, уважлівымі гледачамі ўсяго таго, што адбывалася на іхніх вачах. Увесь час, пакуль Гамут шчадрыўся сваімі набожнымі пачуццямі, яны не падалі ні аднаго здзіўляльнага жэсту, ні аднаго нецярплівага позірку. Яны слухалі, быццам разумеючы чужыя ім словы і пачуцці глыбокага смутку, што павінны былі несці гэтыя словы.