• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

    Апошні з магікан

    Джэймс Фенімар Купер

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 318с.
    Мінск 1996
    79.09 МБ
    — Дзе гурон? — запытаў Таменунд.
    Магуа смела падышоў і стаў перад патрыярхам.
    — Справядлівы Таменунд не будзе затрымліваць тое, што гурон даў яму на нейкі час,— сказаў ён.
    — Скажы мне, сын майго брата,— прамовіў мудрэц, адварочваючыся ад змрочнага твару Хітрага Ліса і з радасцю пазіраючы на шчыры Ункасаў твар,— ці мае гурон над табой права пераможцы?
    — He. Барс можа калі-нікалі трапляць у пасткі, пастаўленыя жанчынамі, але ён дужы і ведае, як выскачыць з іх.
    — А Доўгі Карабін?
    — Пасміхаецца над мінгам... Ідзі, гурон, запытай у сваіх жанчын, які на самай справе мядзведзь.
    — А чужаземец і белая дзяўчына, якія разам прыйшлі ў мой лагер?
    — Павінны ісці вольна па шляху, які яны выберуць самі.
    — А жанчына, якую гурон пакінуў у маіх воінаў?
    Ункас заціх.
    — А жанчына, якую мінг прывёў у мой лагер? — строга паўтарыў Таменунд.
    — Яна мая! — крыкнуў Магуа, пераможна трасучы рукою перад Ункасам.— Магіканін, ты ведаеш, што яна мая!
    — Мой сын маўчыць,— сказаў Таменунд, спрабуючы зразумець выраз твару юнака.
    — Гэта праўда,— ціха прамовіў Ункас.
    — Наступіла кароткая красамоўная паўза, за час якой ясна было, з якой неахвотай натоўп прызнае справядлівасць таго, чаго патрабуе мінг. Нарэшце мудрэц, які меў права сказаць апошняе слова, сказаў цвёрдым голасам:
    — Сыходзь, гурон.
    — А з чым мне адыходзіць, справядлівы Таменунд? — запытаў вераломны Магуа,— з палоннай ці без яе? Вігвам Хітрага Ліса пусты. Падтрымай яго, аддаўшы тое, што яму належыць.
    Стары сядзеў некаторы час, паглыбіўшыся ў напружаны роздум; пасля ён нахіліў галаву да аднаго са сваіх паважаных таварышаў і запытаў:
    — Гэты мінг — адзін з правадыроў свайго племені?
    — Першы сярод супляменнікаў.
    — Чаго ж ты яшчэ жадаеш, дзяўчына! Вялікі воін бярэ цябе за жонку. Ідзі, твой род не прападзе.
    — Лепш, у тысячу разоў лепш, каб ён прапаў,— усклікнула з жахам Кора,— чым быць такой уніжанаю!
    — Гурон, яе душа ў палатцы яе бацькоў. Дзяўчына, якая ідзе замуж пад прымусам, прыносіць няшчасце ў вігвам.	,
    — Яна гаворыць мовай свайго народа,— запярэчыў Магуа, пазіраючы з горкай іроніяй на сваю ахвяру.— Яна з роду гандляроў, дык прыцэньваецца з-за ласкавага позірку. Няхай Таменунд скажа пра ўсё, што трэба.
    — Вазьмі за яе выкуп, а ад нас пажаданне табе шчасця.
    — Я не вазьму нічога, апроч таго, што прынёс сюды!
    — Ну дык ідзі з тым, што належыць табе! Вялікі Маніту забараняе дэлавару быць несправядлівым.
    Магуа падскочыў да сваёй палоннай і з сілаю схапіў яе за руку. Дэлаварьг адступілі ў поўнай цішыні, і Кора, ведаючы, што ўсякая просьба марная, падрыхтавалася моўчкі падпарадкавацца сваёй долі.	.
    — Пачакай, запыніся! — крыкнуў Хейвард, выбягаючы наперад.— Злітуйся, гурон! За яе дадуць такі выкуп, іпто ты станеш першым багацеем у тваім племені.
    — Магуа — чырванаскуры, ён не мае патрэбы ў бразготках белатварых.
    — Золата, срэбра, порах, свінец — усё, што трэба воіну, будзе ў тваім вігваме, усё, без чаго не можа абысціся вялікі правадыр!
    — Хітры Ліс вельмі дужы! — крыкнуў Магуа, шалёна трасучы рукой, якою трымаў руку паніклай Коры.— Помста ў ягоных руках.
    — Божа магутны,— узмаліўся Хейвард, у адчаі сціснуўшы рукі,— няўжо ты дапусціш гэта? Цябе, справядлівы Таменунд, прашу-малю: злітуйся!
    — Дэлаваравы словы сказаныя,— адказаў стары, заплюшчваючы вочы і апускаючыся на сваё месца.— Мужчыны не гавораць двойчы.
    — Вялікі правадыр робіць мудра і разумна, не трацячы часу паўтараць тое, што ўжо сказаў,— прамовіў Сакалінае Вока, падаючы Хейварду знак, каб ён замаўчаў,— але кожны воін павінен, у сваю чаргу, вельмі добра падумаць, перш чым усадзіць тамагаўк у галаву
    свайго палоннага... Гурон, я не люблю цябе і ўвогуле не магу сказаць, каб хто-небудзь з мінгаў меў ад мяне паблажлівасць. Можна смела лічыць, што вайна закончыцца няхутка і нямала яшчэ вашых воінаў сустрэнецца са мной у лесе. Ну, дык памяркуй, каго табе лепш прывесці палонным у свой лагер: гэтую жанчыну ці такога чалавека, як я?
    — Няўжо Доўгі Карабін аддасць сваё жыццё за жанчыну? — нерашуча запытаў Магуа, які ўжо збіраўся сыходзіць з лагера са сваёй ахвяраю.
    — Не-не, я гэтага не гаварыў! — адказаў Сакалінае Вока, адступаючы з належнай асцярогаю, бачачы прагу, з якой Maryа слухаў тое, пра што ён гаварыў.— Гэта быў бы надта няроўны абмен: аддаць воіна ў поўным росквіце сілы за дзяўчыну, нават лепіпую тут, на мяжы... Я мог бы згадзіцца сысці на зімоўе цяпер жа, ва ўсякім разе за шэсць тыдняў да таго, як ападзе лісце, з умовай, што ты адпусціш дзяўчыну.
    Магуа адмоўна паківаў галавой і зрабіў натоўпу знак расступіцца.
    — Ну, добра,— дадаў разведчык з выглядам чалавека, які яшчэ не ўсё сказаў,— я дадам яшчэ «аленебой». Павер слову сталага паляўнічага, гэтае ружжо не мае.сабе роўнага.
    Магуа нічога не адказаў на гэта і рабіў усё для таго, каб працерабіць сабе шлях сярод люду.
    — Можа...— сказаў разведчык, страчваючы свой напускны спакой.— Можа, калі б я згадзіўся навучыць вашых воінаў, як валодаць гэтым ружжом, ты б змяніў свой намер?
    Магуа зноў загадаў не замінаць яму дэлаварам, якія працягвалі абкружаць яго непранікальным колам з надзеяй, што ён згодзіцца на мірныя перамовы.
    — Калі чамусьці суджана быць, дык яно павінна здарыцца рана-позна,— прадаўжаў Сакалінае Вока, паварочваючыся да Ункаса з сумным, нават пакорлівым выразам на твары.— Нягоднік ведае сваю перавагу і карыстаецца ёю! Ды блаславіць цябе бог, хлопча! Ты знайшоў сабе сяброў сярод свайго роднага племені; я спадзяюся, што яны будуць гэтак жа верныя табе, як я. Што тычыць мяне, дык некалі я павінен усё роўна памерці, і вялікае шчасце, што мала хто будзе плакаць па мне. Гэтым чэрцям, мабыць, удасца завалодаць маім скальпам, а днём раней, днём пазней — ніякай розніцы.
    Ды блаславіць цябе бог! — прамовіў суровы жыхар лясоў, апускаючы галаву.
    Але ён тут жа і падняў яе і, пазіраючы сумным позіркам на юнака, дадаў:
    — Я люблю вас абоіх — цябе і твайго бацьку, Ункас, хоць у мяне з вамі розны колер скуры. Скажы сагамору, што ў самыя трывожныя хвіліны я ніколі не забываў пра яго. Прашу цябе, думай калі-нікалі пра мяне, як будзеш ісці па шчаслівым шляху. Ты знойдзеш маё ружжо ў тым месцы, дзе мы схавалі яго; вазьмі яго і пакінь сабе на памяць. I слухай, хлопча, паколькі вашыя звычаі прызнаюць помсту, дык не саромейся пускаць у ход гэтую зброю супраць мінгаў. Гэта крыху паменьшыць гора ад маёй смерці і заспакоіць тваю душу... Гурон, я згодзен з тым, чаго ты хочаш: вызвалі гэтую жанчыну. Я — твой палонны.
    Калі ўсе пачулі такі высакародны жэст разведчыка, у натоўпе пранёсся ціхі, але ясны шэпт; нават самыя суровыя з дэлавараў ухвалілі гэтую сапраўдную мужнасць. Магуа запыніўся, і адно імгненне здавалася, быццам ён вагаўся. Але, зірнуўшы на Кору вачыма, у якіх лютасць неяк дзіўна ядналася з выразам захаплення, ён не адступіў ад свайго.
    Ен выявіў сваю пагарду да таго, што раіў яму разведчык, ганарліва ўскінуў галаву і прамовіў рашучым голасам:
    — Хітры Ліс — вялікі правадыр, ён робіць тое, што задумаў... Хадзем,— павярнуўся да палоннай, уладна кладучы руку ёй на плячо.— Гурон не пусты балбатун: мы сыходзім.
    Дзяўчына адхінулася з ганарлівым выглядам, поўным жаночай вартасці; яе цёмныя вочы ўспыхнулі, яркі румянец, нібы развітальны прамень вячэрняга сонца, абчырвоніў твар.
    — Я ваша палонная і, калі наступіць час, пайду хоць на смерць, але сіла тут ні пры чым,— холадна прамовіла яна і, павярнуўшыся да Сакалінага Вока, дадала: — Ад душы дзякую вам, высакародны паляўнічы! Вашы добрыя намеры марныя, я не магла б спажыць іх, але вы можаце зрабіць для мяне больш, чым нядаўна меліся. Зірніце на гэта нешчаслівае, зняможанае дзіця! He пакідайце яе, пакуль яна не дабярэцца туды, дзе жывуць надзейныя сябры! Я не буду гаварыць пра тое, што яе бацька ўзнагародзіць вас,— ска-
    зала яна, моцна ціснучы цвёрдую руку разведчыка,— такія людзі, як вы, вышэй за ўсякія ўзнагароды,— але ён будзе дзякаваць вам і блаславіць вас. Божа мой, калі б я магла пачуць блаславенне з ягоных вуснаў у гэтую жахлівую хвіліну!..
    Голас яе раптоўна перапыніўся; яна маўчала некалькі хвілін, потым падышла да Дункана, які па-ранейшаму падтрымліваў яе беспачуццёвуюальбо нават непрытомную сястру, і дадала больш спакойна:
    — Мне яшчэ трэба сказаць вам некалькі слоў. Няма чаго казаць пра тое, каб вы бераглі скарб, якім будзеце валодаць. Вы кахаеце Алісу, Хейвард, і ваша каханне даравала б ёй тысячу недахопаў! Але яна добрая, ціхая, мяккая, як толькі можа быць жывая душа. У яе няма ні аднаго такога недахопу, што змусіў бы пачырванець самага гордага чалавека. Яна прыгожая... О, вельмі прыгожая і вабная! — дадала яна з любоўю і смуткам, кладучы смуглявую руку на мармуровы Алісін лоб і адкідваючы залатыя валасы, што спадалі дзяўчыне на вочы.— А душа яе чыстая і беласнежная. Я магла б сказаць яшчэ шмат, але пашкадую вас і сябе...
    Голас яе замёр, яна нахілілася над сястрой. Пасля доўгага, гораснага пацалунку яна паднялася і са смяртэльна белым тварам, але без ніводнай слязінкі ў вачах, што ліхаманкава гарэлі, павярнулася да дзікуна і сказала з ранейшым ганарлівым выглядам:
    — Ну, цяпер я магу ісці, калі вы змушаеце.
    — Так, сыходзь,— крыкнуў Дункан, перадаючы Алісу на рукі індзейскай дзяўчыне,— сыходзь, Магуа, сыходзь! У дэлавараў ёсць свае законы, што забараняюць затрымліваць цябе, але я... я магу не падпарадкоўвацца ім. Прэч, злое страшыдла, чаго ж ты марудзіш?
    Цяжка апісаць выраз, з якім Магуа слухаў маладога чалавека. Спачатку на яго твары мільганула злараднасць, але неўзабаве яна змянілася звычайнай халоднасцю і хітрасцю.
    — Лес можа быць для ўсіх,— адказаў ён.— Шчодрая Рука можа ісці туды.
    — Пачакайце! — крыкнуў Сакалінае Вока, хапаюуы Дункана за руку і сілай утрымліваючы яго.— Вы не ведаеце вераломнасці гэтага д’ябла. Ен навядзе вас на засаду, а ваша смерць...
    — Гурон...— перапыніў яго Ункас. Да гэтага часу, пакорлівы строгім звычаям свайго племені, ён быў уважлівым, сур’ёзным слухачом усяго, што адбывалася тут.— Гурон, справядлівасць дэлавараў ідзе ад вялікага Маніту. Зірні на сонца. Яно вісіць цяпер каля верхніх галін вунь тых кустоў. Твой шлях вольны і не доўгі. Калі сонца падымецца над дрэвамі, па тваіх слядах пойдуць людзі.