Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
— Я чую варонняе карканне! — сказаў Магуа з насмешкаю.— Даганяй! — дадаў ён, узмахнуў рукой перад натоўпам, што паволі расступаўся перад ім.— Вейандоту не страшныя дэлавары! Сабакі, зайцы, зладзеі, я плюю на вас!
Яго пагардлівыя словы ўсе выслухалі ў мёртвай, злавеснай цішыні. Магуа без ніякай перашкоды падаўся ў лес са сваёй палоннай, пад абаронай непарушных законаў індзейскай гасціннасці.
РАЗДЗЕЛ XXXI
Флюэлен. Знішчаць хлапчукоў і абоз! Гэта супярэчыць усім законам вайны. Болын прыкрай злачыннасці і прыдумаць нельга. Скажыце сумленна, хіба я няпраўду кажу?
Шэкспір. «Генрых V»
Пакуль ворага і ягоную ахвяру бачылі сваімі вачыма ўсе, дэлавары заставаліся нерухомыя, быццам прыкутыя да месца, але, як толькі гурон знік, магуГныя страсці вырваліся вонкі, і натоўп захваляваўся, нібы бурліва-хвалістае мора. Ункас працягваў стаяць на ўзвышку, не адрываючы вачэй ад постаці Коры, пакуль колер яе сукенкі не змяшаўся з лясной лістотаю. Сышоўшы з узгорка, ён моўчкі пакрочыў сярод натоўпу і схаваўся ў той хаціне, з якой выйшаў. Найбольш сур’ёзныя і назіральныя воіны заўважылі гнеў, што блішчэў у вачах маладога правадыра, калі ён праходзіў побач. Таменунда і Алісу павялі, жанчынам і дзецям загадалі разысціся. Але лагер і пасля гэтага быў падобны на вулей патрывожаных пчолаў, якія чакалі новай маткі, каб нарэшце падацца ў далёкі палёт.
Неўзабаве з Ункасавай хаціны выйшаў малады воін;
рашучымі крокамі ён наблізіўся да маленькай сасны, што расла ў расколіне камяністай тэрасы, садраў з яе кару і моўчкі вярнуўся туды, адкуль прыйшоў. За ім ’ неўзабаве рушыў другі і абарваў з дрэва галіны, пакінуўшы толькі аголены ствол. Трэці афарбаваў голы ствол цёмна-чырвонымі палосамі. Усе гэтыя праявы ваяўнічага настрою кіраўнікоў племені прымаліся воінамі ў змрочным, злавесным маўчанні. Нарэшце паказаўся і сам магіканін; на ім не было ніякай апраткі, апроч пояса і лёгкага абутку; палавіна яго чырвонага твару была скрозь размаляваная пагражальнай чорнай фарбаю.
Павольнай, велічнай хадою Ункас падышоў да аголенага ствала дрэва і пачаў хадзіць вакол яго роўнымі крокамі, быццам выконваючы старажытны танец і суправаджаючы яго дзікімі гукамі песні свайго народа. Песня гэтая была сумная, нават жалобная і магла супернічаць з птушынымі песнямі; праўда, гукі яе нечакана набылі такую глыбіню і сілу, што слухачоў ажно ахапілі дрыжыкі. У песні было мала слоў, але яны часта паўтараліся. Калі б можна было перакласці словы гэтай незвычайнай песні, дык яны гучалі прыкладна так:
Маніту! Маніту! Маніту!
Ты вялікі, ты добры, ты мудры! Маніту! Маніту!
Ты справядлівы!
На небе, на воблаках, о! бачу я
Шмат плямін — шмат цёмных, шмат чырвоных, На небе, о! бачу я Шмат хмараў.
I ў лесе, і навокал, о! чую я Лямант, працяглыя стогны і крыкі, У лесе, о! чую я Моцны крык!
Маніту! Маніту! Маніту!
Я слабы — ты моцны, я нямоглы. Маніту! Маніту!
Мне памажы!
Заканчэнне кожнай страфы Ункас спяваў моцна і працяжна, што амаль адпавядала ўкладзеным у яе пачуццям. Першы куплет песні, дзе выяўлялася пашана, Ункас прапеў спакойна і велічна; другі куплет быў апісальны; у трэцім куплеце змяшаліся ўсе страшныя гукі
бітвы, і, зрываючыся з вуснаў маладога воіна, гэтая страфа ўспрымалася як жахлівы ваяўнічы заклік. У апошнім куплеце, як і ў першым, чуліся пакорлівасць і просьба.
Тройчы паўтарыў Ункас гэтую песню і тры разы пратанцаваў вакол дрзва.
Калі першы раз праспяваў свой заклік, адзін суровы паважаны правадыр ленапаў пачаў рабіць тое ж і запеў такі самы матыў, хоць з іншымі словамі. Воін за воінам далучаліся да тых, хто танцаваў, і так усе воіны, хто быў найболып смелы і мужны сярод сваіх супляменнікаў, паволі далучыліся да танца. Ад усёй гэтай сцэны ішоў падспудны страх. Пагрозныя твары правадыроў здаваліся яшчэ больш страшнейшыя ад дзікага напеву, у якім зліваліся іхнія гартанныя галасы. Ункас глыбока ўсадзіў у дрэва свой тамагаўк і так закрычаў, што гэта можна было назваць яго асабістым баявым клічам. Гэта значыла, што ён сам бярэцца кіраваць у задуманым баявым паходзе.
Сігнал узбудзіў усе страсці, што дагэтуль не прачыналіся ў дэлаварах. Каля ста юнакоў, якія да гэтага часу стрымліваліся зусім зразумелай для іхняга ўзросту сарамлівасцю, шалёна кінуліся да ўяўнай варожай эмблемы і пачалі разгойдваць дрэва, а пасля секчы, трэска за трэскаю, пакуль ад яго нічога не засталося — адны толькі карэнні ў зямлі.
Як толькі Ункас усадзіў у дрэва свой тамагаўк, ён выйшаў з натоўпу і падняў вочы да сонца, што якраз набліжалася да таго месца, што азначала канец перамір’я з гуронамі. Выразным жэстам рукі ён сказаў пра гэта, і ўзбуджаны гурт, спыніўшы мімічна адлюстроўваць вайну, з радаснымі крыкамі пачаў рыхтавацца да небяспечнага паходу супраць ворага.
Выгляд лагера адразу змяніўся. Воіны, ужо ўзброеныя і ў баявой афарбоўцы, зноў аспакайнелі; здавалася, яны ўжо не маглі больш праяўляць моцныя пачуцці. Жанчыны высыпалі з хацін з песнямі, у якіх радасць і сум змешваліся так, што цяжка было вызначыць, якое з гэтых пачуццяў пераважае. Ніхто не быў без занятку. Хто нёс свае лепшыя рэчы, хто — дзяцей, хто вёў старых і хворых у лес, што зелянеўся з аднаго боку гары. Туды ж падаўся і Таменунд, хутка, але чула развітаўшыся з Ункасам; мудрэц адыходзіў ад яго з неахвотаю, як бацька, які пакідаў даўно ўжо згубле-
нага і зусім нядаўна знойдзенага сына. Дункан у гэты час адвёў Алісу ў зацішное месца і далучыўся да разведчыка. Выраз твару Хейварда паказваў, што ён страсна і нясцерпна чакае хуткага гарачага бою.
Але Сакалінае Вока добра ўжо прывыкнуў да баявога клічу і ваенных прыгатаванняў туземцаў, каб выяўляць сваю якую-небудзь лішнюю цікаўнасць да таго, што адбывалася на яго вачах. Ен толькі раз-другі кінуў позірк на воінаў, якія сабраліся вакол Ункаса; пераканаўшыся ў тым, што моцны характар маладога правадыра прыцягнуў да сябе ўсіх, хто меў здароўе і сілу змагацца, разведчык усміхнуўся. Пасля ён адправіў хлопчыка-індзейца па свой «аленебой» і па Ункасава ружжо. Падыходзячы да дэлаварскага лагера, яны схавалі сваю зброю ў лесе на той выпадак, калі ім прыйдзецца апынуцца ў палоне; апрача таго, няўзброеным ім было б лягчэй прасіць помачы ў чужога племені. Паслаўшы хлопчыка па сваё вельмі каштоўнае ружжо, разведчык зрабіў гэта з уласцівай яму асцярогаю. Ен ведаў, што Магуа прыходзіў сюды не адзін, адчуваў, што гуронскія шпіёны сочаць за кожным крокам сваіх новых ворагаў па ўсім лесе. Пагэтаму яму самому было небяспечна ісці па зброю; кожнага воіна таксама маглі схапіць альбо нават і забіць; але хлопчыку небяспека пагражала толькі ў тым выпадку, калі б ягоны намер маглі разгадаць.
Калі Хейвард падышоў да Сакалінага Вока, разведчык спакойна чакаў таго моманту, калі вернецца хлопчык.
У гэты час хлопчык, у якога вельмі моцна білася сэрца ад аказанага яму даверу, поўны надзей і юнацкай самалюбнасці, з абыякавым выглядам прайшоўся па прагаліне ў лесе. Ен уступіў у лес недалёка ад той мясціны, дзе была схаваная зброя, і, як толькі лістота кустоўя прыхавала яго цёмную постаць, папоўз, нібы змяя, да жаданага спрату. Яму пашанцавала: праз хвіліну ён ужо імчаў з хуткасцю маланкі па вузкім праходзе, што акаймляў падэшву тэрасы, дзе знаходзіліся насельнікі. У кожнай ягонай руцэ было па ружжу. Ен ужо дабег да скал, пераскокваючы з адной на другую з неверагодным спрытам, як нечаканы стрэл у лесе паказаў, наколькі слушная была перасцярога разведчыка. Хлопчык адказаў нямоцным, але пагардлівым крыкам; тут жа з іншага боку з лесу стрэлілі зноў. У наступную хві-
ліну хлопчык паказаўся наверсе, на пляцоўцы гары. Урачыста падняўшы над галавой зброю, ён накіраваўся з выглядам пераможцы да знакамітага паляўнічага, які ўшанаваў яго такім слаўным даверам.
He зважаючы на хваляванне, якое адчуваў Сакалінае Вока за лёс свайго пасланца, ён узяў «аленебой» з задавальненнем, што змусіла яго на нейкі час забыцца пра ўсё на свеце. Ен уважліва агледзеў ружжо, разоў дзесяць — пятнаццаць спускаў і ўзводзіў курок, пераканаўся ў спраўнасці замка і тады толькі павярнуўся да хлопчыка і вельмі ласкава спытаў, ці не паранены ён. Хлопчык горда зірнуў на яго, але нічога не адказаў.
— Ага! Бачу, нягоднікі падрапалі табе скуру на руцэ, малец! — сказаў разведчык, узяўшы руку цярплівага хлопчыка.— Прыкладзі да раны пацёртае альховае лісце, і ўсё пройдзе. А пакуль я перавяжу табе руку знакам вартасці. Рана ты пачаў рамяство воіна, мой храбры дружа, і, мабыць, панясеш шмат паважлівых рубцоў з сабою ў магілу. Я ведаю многіх людзей, якія здымалі скальпы, а не могуць паказаць такіх знакаў. Ну, ідзі,— дадаў Сакалінае Вока, перавязаўшы рану,— ты будзеш правадыром!
Хлопчык пайшоў з гонарам за тое, што сочыцца кроў, болыпым, чым мог бы ганарыцца сваёй шаўковай стужкаю ўсякі з царскай світы, і вярнуўся да сваіх равеснікаў, якія пазіралі на яго з захапленнем і зайздрасцю.
Усе былі так заклапочаныя ў гэтую хвіліну, што подзвіг адважнага хлопчыка не прыцягнуў да сябе ўсіхнай увагі і не выклікаў той пахвалы, якую ён заслужыў бы ў болып спакойны час. Затое пазіцыя і намеры ворагаў сталі ясныя дэлаварам. Тут жа, не адкладваючы, паслалі воінскі атрад, каб прагнаць затоеных гуронаў. Той гэтую задачу хутка выканаў, бо гуроны сышлі самі, убачыўшы, што іх выявілі. Дэлавары ішлі за імі ўпагон даволі далёка ад лагера, а затым запыніліся, чакаючы новай каманды і асцерагаючыся трапіць у пастку. Абодва атрады затаіліся, і ў лесе запанавала глыбокая цішыня яснай летняй раніцы — цішыня, што была яшчэ нядаўна.
Спакойны на выгляд Ункас сабраў правадыроў і кожнаму з іх пачаў штосьці даручаць. Ен падаў усім разведчыка як надзейнага і загартаванага воіна. Калі Ункас убачыў, што індзейцы адносяцца да разведчыка
добра, ён даручыў яму кіраваць атрадам з дваццаці чалавек. Ункас патлумачыў дэлаварам той чын, што займаў Хейвард у войску інгізаў, а пасля параіў афіцэру ўзначаліць другі атрад. Але Дункан адмовіўся ад гэтага, сказаўшы, што жадае служыць валанцёрам у атрадзе, якім будзе кіраваць разведчык. Затым малады магіканін прызначыў іншых туземных правадыроў на розныя пасады і, паколькі часу засталося мала, загадаў выступаць. Болып двухсот чалавек падпарадкаваліся яму моўчкі, але з ахвотаю.