Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
— На якой мове гаворыць палонны з Маніту? — спытаў патрыярх, не адплюшчваючы вачэй.
— Як і яго бацькі, на дэлаварскай мове,— адказаў Ункас.
Пасля гэтай раптоўнай і нечаканай звесткі сярод натоўпу прабег ціхі ярасны гул, які можна было параўнаць з львіным рыкам. Словы гэтыя ўразілі мудраца так жа моцна, але той выявіў сваё пачуццё іначай. Ен прыкрыў рукой вочы, быццам для таго, каб засланіць сябе ад непрыемнага відовішча, і паўтарыў ціхім гартанным голасам толькі што пачутыя словы.
— Дэлавар! Я дажыў да таго, што бачыў плямёны ленапаў выгнанымі з мясцін, дзе здаўна гарэлі іхнія вогнішчы рады, і распыленых сярод гор іракезаў, нібы статкі аленяў! Я бачыў, як сякеры чужога народа высякалі нашыя лясы, якім не зашкодзілі нават нябесныя вятры; бачыў я, як у вігвамах людскіх жылі звяры, якія бегаюць па лесе, і птушкі, якія лётаюць над дрэвамі; але ніколі яшчэ не сустракаў дэлавара, настолькі пачварнага, каб змяёй упаўзці ў лагер свайго народа!
— Ілжывьія птушкі разявілі свае дзюбы,— запярэчыў Ункас самымі мяккімі нотамі свайго музыкальнага голасу,— і Таменунд учуў іхнія песні.
Мудрэц уздрыгнуў і схіліў галаву набок, быццам намагаючыся яшчэ і яшчэ чуць заміраючыя гукі далёкай мелодыі.
— Ці не спіць Таменунд? — усклікнуў ён.— Што за голас чуецца ў ягоных вушах? Няўжо зімы адышлі? Няўжо да дзяцей ленапаў зноў вяртаецца лета?
Пасля струіны ўсхваляваных слоў, якія выпаліў Таменунд, наступіла ўрачыстая, паважлівая цішыня. Яго народ лёгка палічыў гэтыя незразумелыя словы за адну з таямнічых гутарак, якія стары, як лічылі, вёў з Вялікім Духам, і ўсе са страхам чакалі, што таму адкрыецца. Пасля доўгага, цярплівага чакання адзін з яго старых сяброў заўважыў, што мудрэц забыўся пра
тое, пра што ўсе хочуць ведаць, і асмеліўся напомніць яму пра палоннага, які стаяў перад ім.
— Ілжывы дэлавар трымціць, асцерагаючыся пачуць словы Таменундавы,— сказаў ён.— Гэты сабака брэша, калі інгізы паказваюць яму след.
— А вы,— сказаў Ункас, азіраючыся вакол,— сабакі, якія вішчаць ад радасці, калі які-небудзь француз кідае вам аб’едкі свайго аленя.
Нажоў дваццаць бліснула ў паветры, і столькі ж воінаў ускочыла на ногі пры гэтых з’едлівых, хоць і слушных словах; але жэст аднаго з правадыроў запыніў успышку іхняга абурэння. У гэты час Таменунд зрабіў рух — ціха, ён будзе гаварыць.
— Дэлавар,— сказаў ён,— ты мала варты свайго імені. Мой народ не бачыць яркага сонца ўжо некалькі доўгіх зімаў; а воін, які пакідае сваё племя, калі хмары навіслі над ім,— здраднік удвайне. Закон Маніту справядлівы. Так павінна быць. Пакуль цякуць рэкі і стаяць горы, пакуль кветкі на дрэвах з’яўляюцца і знікаюць, так павінна быць... Ен ваш, дзеці мае! Кар^йце яго па законе.
Ніхто не паварушыўся, усе затаілі дыханне і маўчалі, пакуль апошняе слова прысуду не вылецела з Таменундавых вуснаў. Тады пачуўся моцны крык, што аб’яднаў усіх прысутных у адным пачуцці помсты, страшны крык, які сведчыў пра іхнія жорсткія намеры. Сярод гэтых доўгіх крыкаў адзін з правадыроў аб’явіў моцным голасам, што палонны прысуджаецца да пакарання агнём. Кола распалася, і захапляльныя ўсклікі зліліся з шумам і мітуснёй падрыхтоўкі да катавання. Хейвард шалёна вырываўся з рук людзей, якія трымалі яго, Сакалінае Вока азіраўся вакол з асаблівым, трывожным выразам у вачах, а Кора зноў кінулася да ног патрыярхавых, молячы яго пра міласэрнасць.
Аднак Ункас захаваў ясны спакой у гэтыя страшныя хвіліны. Абыякава назіраў ён за адпаведнай падрыхтоўкаю, і калі да яго падышлі катавальнікі, сустрэў іх пільным, непахісным позіркам. Адзін з іх, раз’юшаны больш за іншых, схапіў маладога воіна за каўнер кашулі і разарваў яе. Затым з лямантам дзікай лютасці ён падскочыў да сваёй ахвяры. Але раптоўна ён змяніў свой намер, нібы нейкая звышнатуральная сіла спыніла яго, каб выратаваць Ункаса. Вочы дэлавара, здавалася, выкаціліся з вачніц, рот разявіўся, і ўся постаць
нібы акамянела ад здзіўлення. Павольным рухам ён падняў руку і паказаў пальцам на грудзіну палоннага. Таварышы ягоныя стоўпіліся вакол, і ўсе позіркі са здзіўленнем упіліся на прыгожы, татуіраваны блакітнай фарбаю малюнак невялікай чарапахі на грудзіне палоннага.
Нейкі час Ункас адчуваў слодыч ад свайго трыумфу, пазіраючы са спакойнаю ўсмешкаю на гэтую сцэну. Затым ён адхіліў натоўп гордым, нават ганарлівым рухам рукі, выйшаў на сярэдзіну нібы цар і загаварыў голасам, які гучна прагучаў сярод шэпту здзіўлення, што валодала ўсімі.
— Людзі ленні-ленапаў! — сказаў ён.— Мой род падтрымлівае Сусвет! Ваша слабое племя стаіць на маім умацаванні! Хіба агонь, запалены дэлаварам, можа спаліць сына маіх бацькоў? — дадаў ён, з пачцівасцю паказваючы на просты знак на ягонай грудзіне.— Кроў, што ідзе ад такой пароды, патушыла б ваша полымя. Мой род — пачынальнік усіх плямёнаў!
— Хто ты? — запытаў Таменунд, устаючы на ногі хутчэй ад гукаў ягонага голасу, што ўразілі яго, чым ад сэнсу слоў палоннага.
— Ункас, сын Чынгачгука,— сціпла адказаў палонны, адварочваючыся ад натоўпу і схіляючы галаву з-за павагі да асобы і гадоў старога,— адзін з сыноў вялікай Унаміс — Чарапахі.
— Апошняя Таменундава часіна блізкая! — усклікнуў мудрэц.— Дзень нарэшце набліжаецца да ночы! Дзякую Маніту за тое, што тут ёсць той, хто заменіць мяне каля вогнішча рады! Ункас, Ункасаў унук, нарэшце знайшоўся! Дайце вачам паміраючага арла зірнуць на ўзыходзячае сонца!
Юнак лёгка, але з гордым выглядам узбег на ўзвышак, адкуль яго мог убачыць увесь здзіўлены і ўсхваляваны натоўп. Таменунд не мог наглядзецца на яго, мусіць, успамінаючы былыя шчаслівыя дні.
— Ці не памаладзеў я? — нарэшце загаварыў уражаны стары.— Няўжо бачыў я ў сне ўсе гэтыя зімы? Бачыў народ мой, рассыпаны, як пясок, гнаны ветрам, бачыў інгізаў, больш шматлікіх, чым лістота на дрэвах? Страла мая не спалохала б лані; рука мая высахла, як галіна мёртвага дуба; смоўж перагнаў бы мяне ў бегу; а паміж тым перада мною стаіць юны Ункас, такі ж, як раней, калі мы разам змагаліся з белатвары-
мі! Ункас, барс свайго племені, старэйшы сын ленапаў, мудрэйшы сагамор магіканаў! Скажыце мне, дэлавары, няўжо Таменунд праспаў сто зімаў?
Глыбокае маўчанне, што настала за гэтымі словамі, даволі ясна выяўляла пачцівае, з вялікай пашанай узрушэнне, з якім народ выслухаў тое, што сказаў патрыярх. Ніхто не асмельваўся падаць голас — усе чакалі, затаіўшы дыханне, што будзе далей. Ункас, які ўвесь час пазіраў у вочы старому з любоўю і глыбокай павагаю, рашыўся загаварыць.
— Чатыры воіны з роду Ункаса жылі і памерлі з той часіны, калі сябра Таменунда вадзіў свой народ на вайну,— сказаў ён.— Кроў Чарапахі цякла ў жылах не аднаго правадыра, але ўсе яны вярнуліся ў зямлю, з якой прыйшлі, апроч Чынгачгука і ягонага сына. •
— Гэта праўда... Гэта праўда...— заўважыў стары; прамень успамінаў развеяў ягонае забыццё.— Але мудрацы часта гаварылі, што два воіны старажытнага роду жывуць яшчэ ў гарах інгізаў. Чаму ж так доўга былі незанятыя іхнія месцы каля вогнішча рады дэлавараў?
Пры гэтых словах малады чалавек падняў сваю галаву, увесь час схіленую ў знак павагі да Таменунда; узвысіў голас так, каб яго чуў увесь натоўп, і быццам жадаючы раз і назаўсёды патлумачыць, як жыла ягоная сям’я, ён загаварыў:
— Некалі мы спалі там, дзе можна чуць гнеўны рык Салёнага возера. Тады мы былі ўладарамі і сагаморамі ўсёй краіны. Але, калі вакол кожнага ручая пачалі заяўляцца белатварыя, мы пайшлі ўслед за аленямі, туды, да нашай роднай ракі. Дэлавараў не было. Толькі той-сёй з воінаў застаўся піць ваду любімай рэчкі. Тады продкі мае сказалі: «Тут мы будзем паляваць. Вада гэтай ракі бяжыць у Салёнае возера. Калі мы пойдзем туды, дзе заходзіць сонца, то знойдзем плыні, якія бягуць у вялікія азёры салодкай вады; магіканін памрэ там, як паміраюць марскія рыбы ў празрыстых крыніцах. Калі Маніту будзе гатовы, дык скажа: «Ідзіце»,— і мы пойдзем па рацэ да мора і вернем сабе сваё». Вось, дэлавары, у што вераць дзеці Чарапахі! Нашы вочы глядзяць туды, дзе сонца ўзыходзідь, а не заходзіць. Мы ведаем, адкуль яно прыходзіць, але не знаем, куды сыходзіць. Даволі!
Нашчадкі ленапаў слухалі Ункасавы словы з той
павагай, што ўнушае прымхлівы страх, і тайна маючы асалоду ад той вобразнай мовы, на якой гаварыў юны сагамор. Ункас уважліва сачыў сваімі разумнымі вачыма за слухачамі і, пераканаўшыся, што яго словы робяць добрае ўражанне, паволі пачаў суцішваць свой уладны тон. Акінуўшы позіркам сцішаны натоўп, які абкружаў узвышак, дзе сядзеў Таменунд, ён упершыню ўбачыў звязанага разведчыка. Ункас прабраўся сярод людзей да свайго сябра, гнеўным, хуткім рухам нажа перарэзаў рамяні і даў знак натоўпу расступіцца.
Індзейцы паслухаліся моўчкі і зноў самкнуліся ў кола, як і да таго, як заявіўся Ункас. Ен узяў разведчыка за руку і падвёў яго да патрыярха.
— Бацька,— сказаў ён,— зірні на гэтага белатварага: гэта справядлівы чалавек, сябра дэлавараў і граза для макуасаў.
— Якое імя заслужыў ён сваімі подзвігамі?
— Мы называем яго Сакаліным Вокам,— адказаў Ункас, называючы разведчыка ягонай дэлаварскай мянушкаю,— бо зрок заўсёды верны яму. Мінгі ведаюць яго як трапнага стралка і называюць яго Доўгім Карабінам.
— Доўгі Карабін! — усклікнуў Таменунд, адплюшчваючы вочы і сурова пазіраючы на разведчыка.— Майму сыну не варта было б называць яго сябрам.
— Я называю сябрам таго, хто на справе з’яўляецца сябрам,— адказаў малады правадыр спакойна і цвёрда.— Калі дэлавары вітаюць Ункаса, то і Сакалінае Вока знаходзіцца сярод сяброў.
— Белатвары забіў многіх з маіх воінаў. Ягонае імя славіцца ўдарамі, што ён нанёс ленапам.
— Калі які-небудзь мінг нашаптаў гэта на вуха дэлаварам, дык гэтым толькі даказаў, што ён ілжывая птушка,— сказаў разведчык.
Ен рашыў, што для яго наступіў час апраўдацца вось гэткім смелым чынам, зневажаючы тых, хто пра яго думае кепска.
— Тое, што я забіваў макуасаў, я не буду адмаўляць нават на іхняй радзе каля вогнішча. Але ніколі мая рука не прынесла шкоды дэлавару, бо я па-сяброўску адношуся да іх і да ўсіх, хто належыць да іхняга племені.
Лёгкі прыязны шэпт прабег сярод воінаў, якія абмяняліся адзін з адным позіркамі: бачыце, мы ўсё ж
памыляліся, думалі зусім іначай.