Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

Апошні з магікан

Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
79.09 МБ
Усхваляваны пахаваннем і сваімі пачуццямі, настаўнік спеваў цяпер, здаецца, зрабіў больш, чым мог. Ен закончыў свой гімн, як і пачаў, сярод глыбокага, урачыстага маўчання.
Калі апошнія гукі гімну дасягнулі вушэй усіх, хто быў тут, баязлівыя позіркі ўпотай паімкнуліся на бацьку нябожчыцы, і ціхі, стрыманы шэпт прабег сярод іх. Мунро схіліў сівую галаву і акінуў позіркам гурт нясмелых, ціхіх жанчын. Пасля падаў знак рукой разведчыку, каб той паслухаў яго, і прамовіў:
— Скажыце гэтым добрым жанчынам, што знявечаны горам стары дзякуе ім...
Галава Мунро зноў упала на грудзіну, і ён пачаў дранцвець, як і тады, калі малады француз, пра якога мы гаварылі раней, асмеліўся злёгку дакрануцца да ягонага локця. Калі і цяпер таму ўдалося звярнуць на сябе ўвагу паглыбленага ў гора старога, ён паказаў яму на гурт маладых індзейцаў, якія неслі лёгкія, шчыльна накрытыя насілкі, а потым падняў руку ўгору, каб паказаць на сонца.
— Я разумею вас, сэр,— прамовіў Мунро, спрабуючы трымацца з усіх сіл,— я разумею вас. Гэта воля неба, і я здаюся ёй... Кора, дзіця маё! Калі б малітвы аглушанага горам бацькі маглі што-небудзь значыць для цябе, якая шчаслівая была б ты цяпер!.. Хадзем, джэнтльмены,— дадаў ён, азіраючыся вакол з велічным выглядам, хоць пакуты, што скрыўлялі ягоны стомлены твар, былі завельмі вялікія, каб ён мог схаваць іх.— Мы свой абавязак споўнілі, хадзем адгэтуль!
Хейвард паслухаў, сам сябе змусіўшы адысці ад гэтай мясціны, дзе ён адчуваў, што кожнае імгненне можа страціць самавалоданне. Пакуль яго спадарожнікі садзіліся на коней, ён паспеў паціснуць руку разведчыку і паўтарыць дамову сустрэцца з ім у шэрагах англійскага войска. Затым ён ускочыў на сядло і, прышпорыўшы каня, пад’ехаў да насілак, адкуль чуўся ціхі, здушаны Алісін плач — адзіны знак таго, што яна тут ёсць.
Такім чынам, усе белыя людзі, апроч Сакалінага Вока,— Мунро з апуіпчанай на грудзіну галавою, Хейвард і Давід, якія ехалі побач з ад’ютантам Манкальма і яго світай,— праехалі перад дэлаварамі і неўзабаве зніклі ў густым лесе.
Але дэлавары не забылі тых, з якімі іх звязвала сумеснае гора. Многія гады і пазней у іхнім племені ўсё яшчэ жыла легенда пра белую дзяўчыну і маладога воіна-магіканіна. Ад разведчыка яны даведаліся пазней, што Сівая Галава хутка памёр, а Шчодрая Рука адвёз яго белавалосую дачку далёка ў паселішча белатварых, дзе яна нарэшце перастала ліць слёзы, і твар яе зноў пачаў ззяць ад усмешак. Але гэта падзеі пазнейшых ужо гадоў. А пакуль Сакалінае Вока вярнуўся да той мясціны, куды яго вабіла з нястрыманай сілаю.
Ен паспеў якраз у час, каб кінуць развітальны позірк на Ункаса, якога дэлавары ўжо апранулі ў ягоную апошнюю апратку са звярыных шкураў. Індзейцы запыніліся, каб разведчык мог кінуць доўгі, поўны любові позірк на твар нябожчыка; потым Ункасава цела абгарнулі так, каб яго больш ужо ніколі не адкрываць. Выступіла працэсія, падобная на першую, і ўсё племя сабралася вакол часовай магілы правадыра — часовай, паколькі пазней яго цела павінна знайсці вечны супакой сярод магіл ягоных супляменнікаў.
Дэлавары ішлі да Ункасавай магілы. Вакол новай магілы былі тыя ж сур’ёзныя, засмучаныя твары, панавала тое ж магільнае маўчанне, была тая ж паважлівая пашана, як і каля Корынай магілы. Нябожчыкава цела апусцілі седзячы, у позе, што выяўляла спакой, тварам на ўсход; паблізу яго паклалі зброю для вайны і палявання. Магілу закапалі і ахавалі ад таго, каб яе не разбурылі дзікія звяры.
Пахаванне закончылася, і ўсе прысутныя пачалі рабіць новы абрад.
Чынкагчук зноў апынуўся ў цэнтры ўсіхнай увагі. Ен яшчэ нічога не сказаў, але ўсе хацелі пачуць штонебудзь разумнае ад такога мудрага воіна. Адчуваючы, што хоча народ, суровы, стрыманы воі,н падняў галаву і адкрыў твар, што дасюль хаваўся ў складках адзення, і непахісным позіркам абвёў усіх прысутных. Яго моцна сціснутыя, выразныя вусны раскрыліся, і першы раз за ўсю доўгую цырымонію ягоны голас загучаў так, што пачуўся ўсім.
— Чаму смуткуюць мае браты? — прамовіў ён, пазіраючы на жалобныя, панылыя твары воінаў, якія абкружалі яго.— Аб чым плачуць мае дочкі? Пра тое, што малады чалавек пайшоў на шчаслівыя абшары палявання, што правадыр з гонарам пражыў час свайго жыцця? Ен быў добры, ён быў справядлівы, ён быў смелы. Хто скажа, што гэта не так? Маніту патрэбен такі воін, і ён паклікаў яго. Што да мяне, сына і бацькі Ункаса, то я — ацярэбленая сасна на прасецы белатварых. Род мой мусіў сысці і ад берагоў Салёных азёр, і ад дэлаварскіх гор. Але хто можа сказаць, што змей племені забыў сваю мудрасць! Я адзінокі...
— He, не! — крыкнуў Сакалінае Вока. Ен увесь час пільна пазіраў на строгія, быццам застылыя рысы твару свайго сябра, захоўваючы самавалоданне, але тут не вытрываў.— He, сагамор, ты не адзінокі! Мы, бадай, розныя па колеру скуры, але нам суджана ісці па адным шляху. У мяне няма родных і — я магу сказаць, як і ты,— няма свайго народа. Ункас быў твой сын, чырванаскуры па прыродзе, і, можа, бліжэйшы табе па крыві, але, як я хоць калі забуду юнака, які так часта змагаўся ў баях поплеч са мной і спакойна спаў побач у хвіліны адпачынку, няхай той, хто стварыў усіх нас, якога
колеру мы ні былі, забудзе мяне! Хлопчык пакінуў нас, але ты не адзінокі, сагамор!
Чынгачгук схапіў руку разведчыка, у гарачым парыве працягнутую над свежай Ункасавай магілаю, і ў гэтай сяброўскай позе два мужныя і смелыя воіны схілілі галовы. Цёплыя слёзы капалі на зямлю, росячы Ункасаву магілу, нібы кроплі дажджу, што падае зверху.
Сярод цішыні, якую выклікалі такія праявы пачуццяў двух самых знакамітых воінаў гэтай краіны, Таменунд падаў свой голас.
— Даволі! — сказаў ён.— Ідзіце, дзеці ленапаў, гнеў Маніту яшчэ не вычарпаўся! Нашто заставацца Таменунду? Белатварыя — гаспадары зямлі, а дзень чырванаскурых яшчэ не прыйшоў. Мой дзень быў завельмі доўгі. Раніцай майго жыцця бачыў я сыноў Унаміс шчаслівымі і дужымі, а цяпер, на схіле маіх дзён, дажыў да таго, што бачыў смерць апошняга воіна з мудрага племені магікан!
Купер Дж. Ф.
К 92 Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год: Раман: Для сярэд. і ст. шк, узросту / Пер. з англ. Г. В. Далідовіча; Маст. В. Ф. Александровіч.— Мн.:	Юнацтва,
1996.— 318 с.: іл.— (Школьная бібліятэка).
ISBN 985-05-0065-4.
Раман Джэймса Фенімара Купера (1789—1851) уваходзіць у серыю пяці сусветна вядомых раманаў аўтара: «Зверабой», «Апошні з магікан», «Следапыт», «Піянеры», «Прэрыя». Кніга прысвечана апісанню жыцця і звычаяў індзейскіх плямёнаў і любімаму герою Купера, паляўнічаму і звералову — Наці Бампа.
8200000000— 019
К	66—95	ББК 84(7 ЗША)
М 307(03)—96
Літаратурна-мастацкае выданне
Школьная бібліятэка
КУПЕР Джэймс Фенімар
АПОШНІ 3 МАГІКАН, АБО АПОВЕСЦЬ ПРА 1757 ГОД
Раман
Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту
Рэдактар У. А. Марук
Мастацкі рэдактар К. С. Ракіцкі
Тэхнічны рэдактар A. В. Русецкая
Карэктар Д. Р. Лосік
Здадзена ў набор 03.01.95. Падпісана да друку 14.03.96. Фармат 84ХЮ81/з2Папера друкарская. Гарнітура Школьная. Высокі друк з ФПФ. Ум. друк. арк. 16,80. Ум. фарб.-адб. 17,22. Ул.-выд. арк. 17,69. Тыраж 12 900 экз. Зак. 1582.
Выдавецтва «Юнацтва» Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку. Ліцэнзія ЛВ № 7. 220600, Мінск, Машэрава, 11.
Мінскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга паліграфкамбінат МВПА імя Я. Коласа. 220005, Мінск, Чырвоная, 23.

ШКОЛЬНАЯ	БІБЛІЯТЭКА
Выхаваўчае значэнне кніг Купера — несумненнае. Яны былі любімым чытаннем юнацтва ўсіх краін і служылі добрым выхаваўцам пачуцця гонару, мужнасці, імкнення да дзеяння.
Максім Горкі
МІНСК «ЮНАЦТВА» 1996