Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
РАЗДЗЕЛ V
У ноч такую
Ступала пудка Фісба па pace
I, баючыся не ільва, а нават ценю, Пабегла з жахам.
Шэкспір. «Венецыянскі купец»
Раптоўнае знікненне правадніка-індзейца, дзікія крыкі тых, хто кінуўся за ім упагон, шум і разгубленасць — усё гэта разам ашаламіла Хейварда; на імгненне ён аслупянеў, пасля, успомніўшы, што трэба захапіць уцекача, кінуўся ў кусты, што асланялі маленькую паляну, і пабег у лес памагаць сваім. Але праз сотню ярдаў ён сутыкнуўся з паляўнічым і яго двума сябрукамі — тыя вярталіся, не злавіўшы ўцекача.
— Чаму вы так хутка страцілі надзею на поспех? — запытаў у іх Дункан.— Канечне, гэты ашуканец схаваўся дзе-небудзь у гушчары, і яго можна захапіць. Пакуль ён на волі, мы не зможам лічыць сябе ў бяспецы.
— Хіба воблака можа дагнаць вецер? — адказаў Сакалінае Вока.— Я чуў, як гэты д’ябал шастаў у сухім лісці, прабіраючыся паўзком, амаль як чорная змяя. Я бачыў яго вунь за той сасной і пусціў У яго кулю... Куды там! А між тым я добра цэліўся і магу сказаць, што ў гэтых справах я майстра. Паглядзіце вось на тое дрэва. Яго лісце чырвонае. He кожны ведае, што ў чэрвені яно цвіце жоўтым колерам!
— Гэта кроў Ліса, ён паранены. I, можа, нават упадзе.
— Не-не! — рашуча адказаў паляўнічы.— Я толькі закрануў яго, і ён збег. Куля з ружжа, што толькі злёгку драпне,— гэта тыя ж шпоры: яна змушае паскорыць бег, ажыўляючы цела, замест таго каб забраць жыццё.
— Нас чацвёра здаровых, моцных людзей, а наш непрыяцель адзін, і паранены.
— Вам, відаць, надакучыла жыццё? — запытаў разведчык.— Гэты Ліс падвядзе нас пад удары тамагаўкаў сваіх супляменнікаў раней, чым пагоня паспее разагрэць вашу кроў. Неразважліва зрабіў я, калі стрэліў так блізка ад засады гуронаў. Але як было тут стрымацца?.. Ну, сябры, пакідаем лагер і пастараемся зрабіць гэта так, каб хітры мінг пайшоў па непраўдзівым следзе, бо заўтра ў гэты час нашы скальпы будуць сохнуць перад лагерам Манкальма.
Страшная перасцярога, якую Сакалінае Вока вымавіў са спакоем чалавека, які не баіцца глядзець небяспецы вочы ў вочы, напомніла Дункану пра важнасць узятага на сябе абавязку. Ен азірнуўся навокал, намагаючыся прасвідраваць позіркам цемру, што згусцілася над верхавінамі лесу. Яму ўжо здавалася, што яго бездапаможныя спадарожніцы хутка апынуцца ў руках дзікіх ворагаў, і тыя, як драпежныя звяры, чакаюць толькі цемры, каб смела і без перашкод напасці на іх.
Яго ўзбуджанае ўяўленне, падманутае кволенькім святлом, пераўтварыла ў чалавечую постаць кожны варухлівы куст, кожны пень. Яму здавалася, быццам страшныя, лютыя твары вытыркаюцца з-за галін і сочаць, не адрываючыся, за кожным іхнім крокам. Хейвард зірнуў на неба: лёгкія воблачкі-баранчыкі, якія вецер раскідаў уверсе, трацілі пакрысе свой ружовы колер; а раку, якая плаўна несла свае воды зусім побач, можна было адчуць ужо толькі па цёмнай мяжы яе лясістых берагоў.
— Што рабіць? — спытаў Дункан, адчуваючы страшэнную бездапаможнасць у такі цяжкі момант.— He кідайце мяне, сябры, застаньцеся, каб абараніць дзяўчат, якіх я суправаджаю! I не саромцеся: патрабуйце ад мяне любой жаданай вам узнагароды.
Але ні Сакалінае Вока, ні індзейцы не звярнулі ўвагі на гэты гарачы заклік. Яны размаўлялі паміж сабою на сваім дыялекце.
Праўда, іх гутарка вялася ціха, амаль шэптам, але
Хейвард без цяжкасці адрозніваў узбуджаны голас малодшага воіна ад спакойнай гутаркі яго старэйшых субяседнікаў. Яны, відаць, раіліся пра нейкую меру, што тычылася бяспекі падарожнікаў. Дункан, вядома, хацеў ведаць, пра што яны гаварылі, і ў той жа час яго хвалявала маруднасць; ён падышоў бліжэй да сваіх падарожнікаў, каб яшчэ раз прапанаваць гэтым людзям узнагароду, калі белы паляўнічы памахаў рукой, як бы саступаючы ў спрэчцы, і сказаў па-англійску, як бы кажучы сабе самому:
— Ункас мае рацыю: непрыстойна зрабілі б мы, пакінуўшы бездапаможных дзяўчат на волю лёсу, хоць наша ўмяшанне можа назаўсёды пазбавіць нас надзейнага тайнага прыстанішча. Калі вы жадаеце выратаваць гэтыя кветкі ад ядавітых зубоў самых небяспечных змей, джэнтльмен, не трацьце часу і перастаньце вагацца.
— Хіба можна сумнявацца ў тым, што я хачу іх выратаваць! Хіба я не дакляраваў вам узнагароду?..
— Звярніце свае малітвы да ўсявышняга, каб ён падарыў нам мудрасць перахітрыць гэтых д’яблаў, якія напоўнілі лес, і не прапаноўвайце мне грошай,— спакойна перапыніў яго Сакалінае Вока,— можа, вы не дажывяце да таго, каб споўніць сваё абяцанне, а я — каб скарыстаць яго. Магікане і я — мы зробім усё, што толькі можа прыдумаць чалавек, каб выратаваць гэтыя духмяныя кветкі, не прыдатныя для такіх дзікіх мясцін. Але папярэдне вы павінны даць мне два абяцанні — ад свайго імя і ад імя сваіх сяброў. У адваротным выпадку мы не дапаможам вам і толькі нашкодзім сабе.
— Скажыце, якія абяцанні вы патрабуеце?
— Першае: што б ні здарылася — маўчыце, як вось гэтыя сонныя дрэвы. Другое: захавайце ў тайне ад усіх, дзе знаходзіцца прыстанішча, куды мы зараз вас адвядзём.
— Я выканаю вашыя ўмовы.
— Тады — за мною! Мы дарэмна трацім час, такі ж каштоўны для нас, як для раненага аленя кроплі крыві яго сэрца.
У цемры сцямнелага вечара Хейвард адрозніў нецярплівы жэст паляўнічага і хутка памкнуўся за ім да таго месца, дзе іх чакалі астатнія падарожнікі.
Хейвард хутка падышоў да сваіх спадарожніц, кораценька растлумачыў Коры і Алісе ўмовы іх новага пра-
вадніка і дадаў, што яны павінны адкінуць усякія сумненні. Хоць паведамленне Хейварда напоўніла страхам сэрцы сясцёр, яго сур’ёзны і рашучы тон, можа, таксама думка пра грозную небяспеку надалі дзяўчатам сілы падрыхтавацца да любога нечаканага і незвычайнага выпрабавання; моўчкі і без усякага прамаруджвання яны з дапамогаю Дункана саскочылі з сёдлаў і хутка спусціліся да рэчкі.
Сакалінае Вока моўчкі, жэстамі, запрасіў туды ўсіх астатніх.
— А што рабіць з гэтымі бязмоўнымі істотамі? — прамармытаў ён.— Калі мы зарэжам коней і трупы кінем у рэчку, мы патрацім час. Пакінуўшы коней тут, ясна пакажам мінгам, што ўладальнікі коней недалёка.
— У такім выпадку адпусціце іх у лес,— паспрабаваў параіць сваё Хейвард.
— He, лепш падмануць ворага. Няхай яны ўявяць, што ім трэба гнацца за намі бягом. Так-так, гэта саб’е іх з тропу, канечне... Чынгачгук, што гэта шастае ў кустах?
— Жарабя.
— Вось яго прыйдзецца забіць,— сказаў паляўнічы і працягнуў руку да карка маладзенькай істоты, якая хутка адскочыла ўбок.— Ункас, твае стрэлы!
— Стойце! — усклікнуў гаспадар асуджанага на смерць жарабяці, не звяртаючы ўвагі на тое, што астатнія гаварылі шэптам.— Пашкадуйце жарабя маёй Мірыям! Гэта прыгожы нашчадак вернай кабылы, і ён нікому не зробіць зла.
— Калі людзі змагаюцца за сваё жыццё, нават уласныя іх сабраты каштуюць для іх не болып чым лясныя звяры. Калі вы прамовіце яшчэ хоць адно слова, я аддам вас у рукі макуасаў... Будзь трапным, Ункас! Для другой стралы ў нас няма часу.
Глухі, пагрозны голас яшчэ не змоўк, калі раненае жарабя ўскінулася на дыбы, пасля ўпала на калені, а Чынгачгук хутчэй думкі паласнуў яго нажом па горле і спіхнуў сваю ахвяру ў рэчку; жарабя паплыло ўніз па цячэнні.
Гэты ўчынак, як здавалася, жорсткі, але, па сутнасці, выкліканы пільнай неабходнасцю, напоўніў душы падарожнікаў паныласцю.
Усё, што адбывалася, здавалася падарожнікам не-
звычайным прадвесцем небяспекі, і пачуццё гэта ўзмацнілася пры выглядзе спакойнай, але непахіснай рашучасці, што заўважалася ў кожным руху паляўнічага і магікан. Кора і Аліса, затрымцеўшы, прыціснуліся адна да адной, а рука Хейварда сама па сабе лягла на адзін з пісталетаў, выцягнутых з кабуры; ён стаў паміж дзяўчатамі і цёмнай сцяной лесу.
Індзейцы, не трацячы часу, узяўшы за аброці напалоханых, непаслухмяных коней, увялі іх у раку.
Непадалёку ад берага магікане павярнулі коней і хутка зніклі пад навіслымі берагамі, пусціўшы нараганзетаў супраць плыні. У гэты ж час разведчык вывеў зробленую з бярозавай кары пірогу з тайніка, дзе яна была схаваная пад галінамі нізкіх кустоў, што краналіся вады, і моўчкі, жэстам, запрасіў дзяўчат сесці ў гэтую лодку.
Яны падпарадкаваліся без ваганняў, пужліва азіраючыся на пагусцелую цемру, што цяпер, нібы цёмная загарадка, легла ўздоўж берагоў рэчкі.
Як толькі Кора і Аліса апынуліся ў пірозе, разведчык прапанаваў Хейварду зайсці ў ваду і падтрымаць адзін бок старога чоўна, а сам узяўся за човен з другога боку. Такім чынам яны некаторы час цягнулі пірогу па вадзе супраць цячэння. Услед за імі ішоў засмучаны і маркотны гаспадар забітага жарабяці. Вечаровая цішыня парушалася толькі цурчэннем вады, што весела датыкалася да пірогі і да ног асцярожных людзей. Хейвард ва ўсім верыў разведчыку, і той, калі трэба было, то набліжаў лодку да берага, то аддаляў, пазбягаючы камянёў, што тырчалі з вады, а таксама і віроў; кожны яго рух сведчыў, як добра ён ведаў шлях. Час ад часу Сакалінае Вока спыняўся; тады ў поўным маўчанні даносіўся глухі, усё мацнейшы і мацнейшы гул вадаспада. Напружваючы слых, разведчык намагаўся ўчуць гукі ў дрэмлючым лесе. Упэўніўшыся ў поўнай цііпыні і не ўчуўшы ніякіх прыкмет набліжэння ворага, ён зноў, па-ранейшаму асцярожна, крочыў наперад.
Нарэшце позірк Хейварда ўталопіўся на штосьці чорнае ў асабліва густым цені, які высокі бераг кідаў на ваду. Маёр паказаў Сакалінаму Воку на цёмную пляму.
— Так,— спакойна прамовіў разведчык,— індзейцы схавалі тут коней. На вадзе слядоў не застанецца, і на-
ват савіныя вочы будуць сляпыя ў гэтай цемры.
Хутка невялікі атрад зноў сабраўся разам. Паляўнічы заклікаў параіцца — на нарадзе падарожнікі, лёсы якіх залежалі зараз ад вернасці і вынаходлівасці гэтых незнаёмых лясных жыхароў, падрабязна абмеркавалі сваё становішча.
Раку сціскала сцяна высокіх зубчатых скалаў; адна з цяснін звешвалася над тым месцам, дзе стаяла пірога. На скалах узвышаліся высокія дрэвы — яны, здавалася, вось-вось маглі ўпасці ў бездань. Усё было чорнае пад гэтымі соснамі і дрэвамі, абрысы якіх няясна вымалёўваліся на фоне цёмна-сіняга, усыпанага зоркамі неба. Рака рабіла тут паварот, а наперадзе, і, відаць, непадалёку, вада быццам узвышалася да неба і падала ў глыбокія пячоры, з якіх нёсся пагрозны гул, што поўніў вячэрняе паветра. Здавалася, што гэтая мясціна ўтворана для адасобленасці, і сясцёр ахапіла заспакойваючае пачуццё бяспекі, калі яны азіралі гэтую рамантычную, крыху змрочную прыгажосць. Аднак тое, што праваднікі былі неспакойныя, змусіла дзяўчат адарвацца ад роздумаў пра дзікую прыгажосць, якую ноч надавала гэтаму наваколлю, і вярнуцца да гаротнага адчування небяспечнай рэчаіснасці-