Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
Усе рухі як конніка, так і каня былі незвычайныя. Пры кожным кроку каня незнаёмы прыпадымаўся ў стрэмені і, то вельмі выпрамляючы, то празмерна згінаючы ногі, нечакана вырастаў, а пасля згінаўся так, што праўдзіва ніхто не мог меркаваць пра яго рост. Калі да гэтага дадаць, што ад удараў яго шпоры адзін бок каня, здавалася, бег хутчэй, чым іншы, а рухі яго калматага хваста безупынна паказвалі, які бок пакутуе ад шпоры, мы дамалюем уяўленне пра сухарэбрыну і яе гаспадара.
Маршчынкі, што ляглі на прыгожы, адкрыты, мужны Хейвардаў лоб, паволі разгладзіліся, і ён лёгка ўсміхнуўся. Аліса не стрымала смеху. I нават у цёмных задумлівых вачах Коры бліснула ўсмешка.
— Вы хочаце бачыць каго-небудзь з нас? — спытаў Дункан, калі дзіўны коннік пад’ехаў і затрымаў каня.— Спадзяюся, вы не прывезлі нам непрыемных вестак?
— Менавіта так,— адказаў незнаёмы, размахваючы
сваім трохкутным капелюшом, каб ажывіць душнае лясное паветра і змусіць слухачоў самім разбірацца, на якое пытанне ён адказаў рэплікай. Аднак, асвяжыўшы свой разгарачаны твар і аддыхаўшыся, дзівак дадаў: — Кажуць, вы едзеце ў форт Уільям-Генры. Я накіроўваюся туды ж, а таму вырашыў, што ўсім нам прынясе задавальненне зрабіць гэты пераезд у прыемнай кампаніі.
— Вы, здаецца, прысвоілі сабе права рашаючага голасу,— запярэчыў Хейвард.— Але нас трое, вы ж параіліся толькі з самім сабою.
— Менавіта так. Самае галоўнае — гэта даведацца пра свае ўласныя жаданні, а калі гэта ўжо вядома, дык застаецца толькі споўніць свае намеры. Таму я і дагнаў вас.
— Калі вы едзеце да возера, то памыліліся дарогай,— пагардліва заўважыў Дункан.— Вялікая дарога засталася самае малое на паўмілю ззаду.
— Менавіта так,— адказаў дзіўны -коннік, не збянтэжаны халодным прыёмам.— Я пражыў усяго тыдзень у Эдвардзе і не спытаў бы, па якой дарозе мне трэба ехаць, толькі ў тым выпадку, калі б анямеў, a нямы я загінуў бы для выбранай мною прафесіі.— Ен злёгку хіхікнуў, быццам сціпласць не дазваляла яму адкрыта захапляцца сваёй дасціпнасцю, якая была зусім незразумелая слухачам, а пасля прадоўжыў: — Калі ўлічыць прафесію такога чалавека, як я, дык неасцярожна вельмі спрошчана трымацца з людзьмі, якіх ён павінен навучаць; вось прычына, па якой я не паехаў услед за атрадам. Акрамя таго, я лічу, што такі джэнтльмен, як вы, канечне, лепш за ўсіх іншых можаце кіраваць падарожнікамі. Гэтае меркаванне змусіла мяне далучыцца да вашай кампаніі. I, нарэшце, з вамі мне будзе весялей ехаць: мы можам пагутарыць.
— Якое самаўладнае і неабдуманае рашэнне! — адказаў Хейвард, не ведаючы, ці даць волю раздражненню, альбо высмеяць незнаёмца.— Але вы кажаце аб навучаннях і аб прафесіі. Хто вы? Ці не настаўнік, які выкладае высакародную навуку абвінавачвання і абароны? Або вы адзін з тых, хто ўвесь свой век чэрціць прамыя лініі і вуглы, але кажа, што займаецца матэматыкай?
Незнаёмец з яўным здзіўленнем зірнуў на Хейварда,
да ўсяго не без самаздаволення — наадварот, з вялікай і ўрачыстай пакорлівасцю — адказаў:
— Спадзяюся, ні пра якія абвінавачванні гутарка не ідзе; пра абарону я не думаю, бо, па божай ласцы, нідзе і ні ў чым не саграшыў. Вашага намёку на лініі і вуглы я зусім не зразумеў; навучаць і павучаць бліжніх не бяруся, няхай гэта робяць тыя, хто абраны выконваць гэтую святую справу. Я прэтэндую толькі на светлае мастацтва псалмаспеваў, на ўменне ўзносіць хвалы і ўсхваленні.
— Гэта, відаць, вучань Апалона,— смеючыся, усклікнула Аліса,— і я прымаю яго пад сваё асаблівае апякунства!.. Досыць, Хейвард, перастаньце хмурыцца. Уявіце, што мой слых жадае чароўных гукаў, і дазвольце гэтаму дзіваку застацца з намі. Акрамя таго,— дадала яна, таропка і скоса зірнуўшы на Кору, якая была паперадзе і павольна ехала ўслед за змрочным індзейцам,— калі што якое, дык у нас будзе патрэбны сябра і саюзнік.
— Няўжо, Аліса, вы думаеце, што я рашыўся б весці па гэтай незнаёмай сцяжынцы тых, каго я люблю, калі б мог уявіць, што нас чакае нейкая небяспека?
— He, не, я гэтага не думаю. Але гэты дзіўны чалавек забаўляе мяне, і, калі сапраўды ў яго душы гучыць музыка, не будзем груба адштурхоўваць яго.
Яна ўладна паказала бізунчыкам на дарогу. Хейвард сустрэўся позіркам з вачыма Алісы і хацеў глыбей зазірнуць у іх, але, падпарадкаваўшыся волі дзяўчыны, прышпорыў каня і праз некалькі скачкоў апынуўся побач з Кораю.
Аліса знакам падклікала да сябе незнаёмца і пусціла свайго нараганзета лёгкім трухам.
— Я рада, што сустрэла вас, дружа. Прадузятыя родзічы сцвярджаюць, што я нядрэнна выконваю дуэты,— жартоўна сказала яна.— Значыць, мы маглі б аблегчыць падарожжа, займаючыся нашым любімым мастацтвам. Акрамя таго, было б прыемна пачуць думку маэстра пра мой голас.
— Сапраўды, псалмаспевы асвяжаюць і дух, і цела,— адказаў настаўнік спеваў, пад’ехаўшы бліжэй да Алісы,— і, канечне, як нішто на свеце, супакойваюць усхваляваную душу. Аднак для поўнага суладдзя патрэбны чатыры галасы. Відаць, у вас прыемнае, гучнае сапрана; я, калі буду намагацца, магу
ўзяць самыя высокія тэнаравыя ноты. Але нам не хапае кантральта і баса. Канечне, афіцэр каралеўскай арміі, які так доўга не жадаў далучыць мяне да сваёй кампаніі, мог бы спяваць басовую партыю... Мяркуючы па тоне, з якім ён прамаўляў, у яго бас.
— He мяркуйце паспешліва па знешніх прыкметах: яны падманлівыя,— усміхаючыся, запярэчыла маладая дзяўчына.— Праўда, маёр Хейвард калі-нікалі гаворыць на нізкіх нотах, але, паверце, яго звычайны голас значна бліжэй да саладкавага тэнара, чым да таго баса, які вы чулі.
— Ці шмат ён практыкаваўся ў мастацтве псалмаспеваў? — запытаў у Алісы яе шчыры суразмоўца.
Аліса хацела засмяяцца, але ёй удалося ўтаймаваць сваю гарэзнасць, і яна адказала:
— Мне здаецца, што Хейвард аддае перавагу свецкім песням. Умовы салдацкага жыцця мала прыдатныя да паважных заняткаў.
— Мілагучны голас, як і ўсякі іншы талент, даецца чалавеку для таго, каб ён выкарыстоўваў яго на карысць сваім блізкім і не злоўжываў ім. Мяне ніхто не можа папікнуць у тым, што я даваў свайму таленту няправільны накірунак.
— Вы займаецеся толькі духоўнымі спевамі?
— Менавіта так. Як псалмы Давіда значна вышэй за ўсе іншыя паэтычныя творы, так і мелодыі, на якія яны пакладзеныя, значна вышэй за ўсе свецкія песні. Дзе б я не спыняўся, па якіх бы краінах не падарожнічаў — ні ў часе сну, ні ў хвіліны бадзёрасці я не разлучаюся з любімаю кнігай, выдадзенай у Бостане ў 1744 годзе пад загалоўкам «Псалмы, гімны і свяшчэнныя песні Старога і Новага запавету, перакладзеныя англійскімі вершамі для навучання і суцяшэння сапраўдных вернікаў у грамадскім і прыватным жыцці, пераважна ў Новай Англіі».
Пры гэтых словах дзівак дастаў з кішэні кніжку і, начапіўшы на нос акуляры ў металёвай аправе, разгарнуў томік з такой асцярогай і пачцівасцю, з якімі трэба абыходзіцца са святымі рэчамі. Потым, без далейшых разважанняў і тлумачэнняў, ён уклаў у рот якісьці дзіўны інструмент. Пачуўся пранізлівы, высокі гук. Услед за гэтым псалмаспявак узяў голасам ноту актавай ніжэй і нарэшце заспяваў. Панясліся пяшчотныя,
мілагучныя гукі, нават неспакойны бег каня не перашкодзіў спевам.
О, як усцешна гэта — Жыць дружна і ў бядзе, Нібыта мёд пахучы Цячэ па барадзе.
Псалмаспявак увесь час адстукваў такт праваю рукой. Апускаючы яе, ён злёгку датыкаўся да старонак кнігі; падымаючы ж, размахваў ёю з асаблівым спрытам. Яго рука не пераставала рухацца, пакуль не заціхаў апошні гук.
Лясная цішыня парушылася. Магуа павярнуўся да Дункана і прамармытаў некалькі слоў на ламанай англійскай мове, а Хейвард, у сваю чаргу, загаварыў з незнаёмцам, перапыніўшы яго музычнае захапленне.
— Цяпер, відаць, не будзе ніякай небяспекі, але ўсё ж дзеля простай асцярогі нам трэба ехаць без шуму. Мне трэба, Аліса, пазбавіць вас задавальнення і прасіць гэтага джэнтльмена адкласці спевы да больш зручнага часу.
— Сапраўды, вы пазбаўляеце мяне вялікага задавальнення,— з хітрай усмешкай адказала дзяўчына.— Далібог, мне яшчэ ніколі не прыходзілася чуць, каб так выдатна спявалі такія бессэнсоўныя словы! Я ўжо збіралася спытаць нашага спадарожніка, чаму ёсць гэтая дзіўная неадпаведнасць, але ваш грамавы бас, Дункан, перапыніў мае разважанні.
— He разумею, чаму вы называеце мой голас грамавым басам? — сказаў Хейвард, крыху пакрыўджаны яе словамі.— Я ведаю толькі адно, а менавіта: што ваша і сястры вашай бяспека нашмат важней, чым уся музыка Гендэля!1
Малады афіцэр замаўчаў і зірнуў на блізкі гушчар, пасля скоса і насцярожана цікнуў на Магуа, які ішоў па-ранейшаму спакойна. Убачыўшы гэта, малады чалавек усміхнуўся, цешачыся над сваімі трывогамі: хіба не палічыў ён толькі піто светлыя бліскаўкі на нейкіх зіхоткіх лясных ягадах за бліскучыя зрэнкі індзейца, які затаіўся ў лістоце! Цяпер маёр ехаў спакойна, працягваючы размову, якую перапыніла прамільгнулая ў яго свядомасці перасцярога.
Але Хейвард зрабіў вялікую памылку, дазволіўшы
1 Гендэль Георг-Фрыдрых (1685—1759) — нямецкі кампазітар.
свайму маладому самалюбству заглушыць голас асцярогі.
Ледзь толькі падарожнікі праехалі некалькі крокаў, як галіны кустоў асцярожна і ціхенька рассунуліся, і адтуль паказаўся суровы твар у грознай баявой афарбоўцы.
Злосная ўрачыстасць асвяціла цёмныя рысы ляснога жыхара, які пільна праводзіў позіркам невялікі бесклапотны атрад.
Лёгкія і зграбныя наезніцы то знікалі, то з’яўляліся сярод галін; за імі рухаўся смелы маёр на сваім выдатным кані, а за ўсімі — нястатны настаўнік спеваў. Нарэшце і яго постаць знікла сярод цёмных камлёў густога лесу.
РАЗДЗЕЛ III
А тут раней зіхцеў прастор Багатых ураджайных ніў, Стаяў сцяной дрымучы бор, I бурных рэк грымеў разліў, I біў фантан, спяваў ручэй Усё званчэй, усё званчэй.
Брайянт
Дазволім Хейварду, які нічога не прадчувае, і яго даверлівым спадарожнікам паглыбляцца ў лясныя нетры, населеныя вераломнымі жыхарамі, і, выкарыстоўваючы сваё аўтарскае права, перанясём месца дзеяння нашай аповесці на некалькі міль на захад ад той мясціны, дзе мы іх бачылі апошні раз.
У гэты дзень два чалавекі сядзелі каля невялікай, але вельмі хуткай плыні, што імкнулася сваім шляхам непадалёку, за адну гадзіну дарогі да лагера Веба. Відаць, яны чакалі падыходу нейкага чалавека альбо пачатку якіхсьці падзей. Магутная сцяна лесу даходзіла да самага берага рэчкі; галіны густых дрэў згіналіся да вады, кідаючы на яе цёмны цень. Сонца ўжо не пякло з такой сілай, дзённая спёка апала, і халаднаватая пара ручаёў ды крыніц лёгкай смугой вісела ў паветры. Непарушная цішыня, што панавала ў гэтым лясным кутку, часамі перапынялася не вельмі заўзятым дзятлавым стукам, рэзкім крыкам стракатай