Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
— Ен не памёр, ён збег.
Магуа недаверліва паківаў галавою:
— Хіба ён птушка і можа распраўляць крылы? Хіба ён рыба і ўмее плаваць, не дыхаючы паветрам? Белы правадыр лічыць гуронаў дурнямі?
— Праўда, Доўгі Карабін не рыба, але ён умее плаваць. Калі ўвесь яго порах быў спалены, а вочы гуронаў закрыла воблака, ён паплыў уніз па цячэнню.
— А чаму ж белы правадыр застаўся? — усё яшчэ недаверліва спытаў Магуа.— Хіба ён камень, які падае на дно? Або скальп пячэ яму галаву?
— Я не камень, гэта мог сказаць твой забіты сябра,
які ўпаў у вадаспад! — раздражнёна адказаў Дункан, у прыпадку злосці ўжываючы тыя выхвальныя выразы, што маглі ўзбудзіць . павагу індзейца.— Але белы лічыць, што толькі баязліўцы кідаюць жанчын.
Магуа прамармытаў праз зубы некалькі слоў і прадаўжаў уголас:
— А дэлавары плаваюць гэтак жа добра, як поўзаюць у кустах. Дзе Вялікі Змей?
Мяркуючы па гэтых канадскіх мянушках, Дункан зразумеў, што гуроны нашмат лепш ведалі яго нядаўніх сяброў, чым ён сам, і нехаця адказаў:
— Ен таксама паплыў па цячэнню.
— А Хутканогі Алень?
— Я не ведаю, каго ты называеш так,— адказаў Дункан, выкарыстоўваючы момант, каб зацягнуць размову.
— Ункаса,— адказаў Магуа, вымаўляючы імя з яшчэ болыпай цяжкасцю, чым англійскія словы.
— Ты гаворыш аб маладым дэлавары? Ен таксама паплыў па цячэнню.
Магуа адразу паверыў і гэтым паказаў, што мала думае ён пра ўцекачоў. Але яго сябрам уцекачы і былі патрэбныя.
Яны з характэрнаю для індзейцаў цярплівасцю, у поўным маўчанні чакалі, калі закончыцца размова афіцэра і Ліса. Калі Хейвард замоўк, дзікуны накіравалі позіркі на Магуа. Ліс паказаў ім на раку і патлумачыў усё нешматлікімі жэстамі і словамі.
Зразумеўшы, што адбылося, дзікуны паднялі страшны крык, што паказваў іхняе расчараванне. Адны кінуліся да берага ракі, ярасна размахваючы ў паветры рукамі; іншыя пачалі пляваць у ваду, як бы помсцячы ёй за тое, што яна па-здрадніцку пазбавіла іх несумненных правоў пераможцаў. Некаторыя, найбольш лютыя, кідалі на палонных спадылба позіркі, што гарэлі стрыманай ярасцю. Двое-трое нават выявілі злосныя пачуцці пагр.ажальнымі рухамі рук; відаць, ні прыгажосць, ні жаночая слабасць абедзвюх сясцёр не змаглі б абараніць іх ад ярасці індзейцаў. Малады афіцэр адчайна парываўся кінуцца да Алісы, калі адзін з гуронаў схапіў сваёй цёмнай рукой пасму яе пышных валасоў, што густымі хвалямі ўпалі ёй на плечы, і правёў нажом у паветры вакол яе галавы. Але калі толькі Хейвард зрабіў першы рух, як адчуў,
што індзеец, які кіраваў усімі дзікунамі, быццам абцугамі сціснуў яго плячук. Ен зразумеў, што не мае сэнсу барацьба з такой пераважнай сілаю, і скарыўся свайму лёсу, толькі ціха сказаў дзяўчатам, што дзікуны часам выказваюць пагрозы, якіх не выконваюць.
Але, спрабуючы прагнаць страх Коры і Алісы, Дункан і не думаў падманвацца сам. Ен добра ведаў, што аўтарытэт індзейскага правадыра быў умоўны і падмацоўваўся хутчэй кулакамі, чым маральнай перавагаю. I таму небяспека ўзрастала па меры таго, калькі будзе тут дзікуноў. Захоўваючы знешні спакой, Хейвард адчуў, як яго сэрца замірала, калі хто-небудзь з індзейцаў падыходзіў да бездапаможных сясцёр або змрочна акідваў позіркам кволыя дзявочыя постаці.
Аднак яго насцярога аслабла, калі ён убачыў, што правадыр паклікаў на савет усіх воінаў. Іх спрэчкі працягваліся нядоўга і, мяркуючы па маўчанню большай паловы індзейцаў, хутка яны аднадушна прыйшлі да згоды. Той-сёй з прамоўцаў часта паказваў у бок, дзе быў лагер Веба, відаць, асцерагаючыся нападу адтуль. Думка пра англійскі атрад, мусіць, прымусіла іх хутка на штосьці рашыцца і паскорыла ўсё, што адбылося пасля.
Дзікуны перанеслі лёгкую пірогу да таго месца ракі, што знаходзілася паблізу выхада са знешняй пячоры. Калі гэта было зроблена, кіраўнік гуронаў знакам загадаў палонным спусціцца да ніжніх каменняў і сесці ў пірогу.
Супраціўляцца было немагчыма, таму Дункан паказаў прыклад пакорлівасці, накіраваўшыся да пірогі, і хутка ўжо сядзеў у лодцы разам з дзвюма сёстрамі і ўсё яшчэ здзіўленым Давідам. Хоць гуроны не маглі ведаць вузкага фарватэра паміж вірамі і хуткаплынню, але ім былі вельмі добра вядомыя агульныя прыкметы небяспечных месц, каб яны маглі як-небудзь істотна памыліцца. Калі лоцман, выбраны для таго, каб весці пірогу, сеў на сваё месца, індзейцы зноў кінуліся ў раку, пірога слізганула па цячэнню, і праз некалькі секунд палонныя апынуліся на паўднёвым беразе ракі, амаль насупраць той скалы, на якую яны высадзіліся напярэдадні.
Тут дзікуны зноў сур’ёзна, але нядоўга раіліся паміж сабою. У той жа час яны прывялі з лесу коней, якіх
іх уладальнікі лічылі прычынай свайго няшчасця. Цяпер натоўп гуронаў падзяліўся. Галоўны правадыр 'сеў на каня Хейварда і рушыў праз раку, а ўслед за ім кінулася ў ваду і большая палова яго спадарожнікаў. Хутка ўсе яны зніклі ў лесе. Палонныя засталіся пад наглядам шасці дзікуноў, якімі кіраваў Хітры Ліс. 3 нарастаючым хваляваннем Хейвард назіраў за дзеяннямі дзікуноў. Бачачы незвычайную стрыманасць індзейцаў, Хейвард спадзяваўся, што яны адвядуць яго да Манкальма як свайго палоннага. Мозг людзей, якія трапілі ў бяду, ніколі не дрэмле, а надзея, хоць бы і самая невялікая, дае падставу ўяўленню, таму Дункану ўжо здавалася, што Манкальм паспрабуе выкарыстаць бацькоўскія пачуцці Мунро на тое, каб іх не пераступіць і змусіць ветэрана забыць пра вернасць англійскаму каралю. I, хоць усе ведалі, што французскі камандуючы валодаў мужным і прадпрыймальным характарам, лічылася, што ён з’яўляецца знаўцам усякіх палітычных інтрыг, якія не мелі ні шчырасці, ні дабрыні, і якія вельмі зганьбілі еўрапейскую дыпламатыю таго часу.
Але паводзіны гуронаў адразу разбурылі ўсе гэтыя Дунканавы ўяўленні. Тым часам тыя індзейцы, якія рушылі ўслед за чырванаскурым волатам, накіраваліся да Харыкена, і Хейвард зразумеў, што яго самога і яго спадарожнікаў чакае страшны палон у дзікуноў. Жадаючы ведаць усё, нават самае горшае, і вырашыўшы ў крайнім выпадку паспрабаваць адкупіцца грашыма, ён пераадолеў агіду да Магуа і звярнуўся да свайго былога правадніка з самым дружалюбным, давяральным тонам, які ён толькі змог выявіць.
— Я хацеў бы пагаварыць з Магуа пра тое, што вартае толькі слыху такога вялікага правадыра.
Індзеец пагардліва зірнуў на маладога афіцэра і адказаў:
— Гавары. У дрэў няма вушэй.
— Але гуроны не глухія, а тыя словы, якія вартыя для вялікіх правадыроў, могуць ап’яніць юных воінаў. Калі Магуа не хоча слухаць, афіцэр караля здолее маўчаць.
Індзеец кінуў некалькі нядбайных слоў сваім сябрам, якія так-сяк сядлалі коней для маладых дзяўчат; пасля Ліс адышоў убок і асцярожным рухам паклікаў за сабою Дункана.
— Цяпер гавары,— сказаў ён,— калі твае словы прыдатныя для Магуа.
— Хітры Ліс даказаў, што ён дасягнуў ганаровага прозвішча, якое далі яму канадскія бацькі,— пачаў Хейвард.— Я бачу ўсю яго мудрасць, разумею, як шмат ён для нас зрабіў, і не забуду гэтага ў час падзякі. Так, Ліс не толькі вялікі правадыр — ён умее абдурваць сваіх ворагаў.
— Што ж зрабіў Ліс? — холадна спытаў індзеец.
— Хіба ён не бачыў, што лес перапоўнены прытоенымі ворагамі? Хіба ён не заўважыў, што нават змяя не змагла б незаўважна прапаўзці каля іх? Хіба ён не заблудзіўся наўмысна, каб асляпіць вочы гуронаў? Хіба Магуа не прыкінуўся, быццам бы ён вяртаецца да свайго племені, якое так дрэнна абышлося з ім і, як сабаку, выгнала яго са сваіх вігвамаў? А мы? Хіба, заўважыўшы яго намеры, мы не памаглі яму, каб гуроны думалі, быццам белы чалавек палічыў свайго сябра ворагам? Ці не праўда? О, калі Хітры Ліс сваёй мудрасцю асляпіў вочы гуронаў, яны забыліся, што калісьці зрабілі яму шмат зла і змусілі бегчы да махокаў! Яны пакінулі Магуа на паўднёвым беразе з палоннымі, а самі, як вар’яты, накіраваліся на поўнач. Я ведаю: Ліс хоча, як сапраўдны ліс, павярнуцца і адвесці да ссівелага багатага шатландца яго дачок. Так, Магуа, бачу ўсё і падумаў ужо пра тое, як належыць заплаціць табе за мудрасць. Перш за ўсё старшы форта Уільям-Генры дасць Лісу тое, што абавязаны даць такі вялікі правадыр за вялікую паслугу; у Ліса будзе залаты медаль, яго парахаўніцу перапоўніць порах, у яго ў торбе зазвініць столькі долараў, колькі каменьчыкаў валяецца на ўзбярэжжы Харыкена, і алень пачне лізаць яму рукі, ведаючы, што не ўцячы ад стрэлаў таго ружжа, якое атрымае правадыр. Я ж не ведаю, як быць больш шчодрым за шатландца... Пачакай. Я... так, я табе...
— Што ж дасць мне малады правадыр, які прыйшоў з усходу сонца? — запытаў гурон, заўважыўшы, што Хейвард запнуўся.
— 3 астравоў, якія ляжаць на Салёным возеры, ён правядзе струмень вогненнай вады. Гэтая вадкасць пацячэ перад вігвамамі Магуа і не спыніцца, пакуль сэрца індзейца не стане лягчэй пушынкі, а яго дыханне не зробіцца саладзей духмянасці дзікай медуніцы...
Marya сур’ёзна слухаў запаволеную прамову Хейварда. Калі малады чалавек напомніў пра тое, што яму здаецца, быццам індзеец хітра ашукаў гуронаў, твар яго слухача набыў выраз асцярожнай стрыманасці. Калі Хейвард напомніў пра абразы, якія выгналі гурона з вігвамаў яго племені, Лісавы вочы ўспыхнулі лютым бляскам, і Дункан зразумеў, што ён закрануў якраз тую самую струну, да якой яму належала дакрануцца. Калі ж ён дайшоў да фраз, якімі хітра падбухторваў і дзікунову прагу помсты, і яго прагнасць, ён, ва ўсякім разе, узбудзіў яго глыбокую ўвагу. Ліс задаў сваё апошняе пытанне, пра ўзнагароду, спакойна, са звычайнай індзейскай важнасцю, аднак, мяркуючы па задумлівым выразе яго твару, было ясна, што яму належала адказаць прадбачліва хітра. Некалькі імгненняў гурон маўчаў, пасля, паклаўшы сваю руку на грубую перавязку, якая прыкрывала яго раненае плячо, сказаў:
— Хіба сябры пакідаюць такія знакі?
— Няўжо Доўгі Карабін нанёс бы такую лёгкую рану ворагу?
— А хіба дэлавары падпаўзаюць, як змеі, да тых, каго яны любяць, каб нанесці ўдар?
— Няўжо Вялікі Змей дазволіў бы пачуць сваё набліжэнне да таго, каго жадаў бы бачыць глухім?
— А белы правадыр часта паліць порах перад тварам сваіх сабратаў?
— Ці прамахнецца ён, калі сапраўды хоча забіць? — з добра прытворнай усмешкаю адказаў Дункан.
Пасля гэтых хуткіх запалістых пытанняў і адказаў наступіла доўгае маўчанне. Дункан заўважыў ваганні Магуа і, жадаючы замацаваць сваю перамогу, хацеў зноў пачаць пералічваць узнагароды, але Магуа спыніў яго выразным рухам рукі і прамовіў: