Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

Апошні з магікан

Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
79.09 МБ
— Хопіць! Ліс — мудры правадыр, а тое, што ён зробіць, будзе відаць. Ідзі і не раскрывай вуснаў. Калі Магуа загаворыць, ты паспееш адказаць яму.
Хейвард заўважыў, што Ліс з перасцярогаю азіраецца на астатніх гуронаў, і тут жа адышоў, каб яны не насцярожыліся, іпто ён шэпчацца з іхнім правадыром. Магуа падышоў да коней і прыкінуўся, што ён вельмі задаволены стараннасцю сваіх падначаленых. Затым знакам паказаў Хейварду памагчы Коры і Алісе
сесці на іхніх нараганзетаў. Больш не было спрыяльнай зачэпкі для затрымкі, і Хейвард мусіў падпарадкавацца. Памагаючы Коры і Алісе, якія амаль не падымалі вачэй, баючыся ўбачыць лютыя твары гуронаў, сесці на коней, Дункан шапнуў ім пра свае ажылыя надзеі.
Індзейцы, якія адправіліся за волатам, забралі з сабою каня Давіда, а таму Гамут і Дункан былі вымушаны ісці пехатою. Аднак Хейвард не асабліва шкадаваў пра гэта, бо, рухаючыся павольна, ён мог затрымаць увесь атрад. Яго позірк усё яшчэ з надзеяй звяртаўся ў той бок, дзе быў форт Эдвард, і ён чакаў, што з лесу данясецца шум, які падасць добрую вестку: набліжаюцца выратавальнікі.
Калі ўсё было гатова, Магуа рушыў паперадзе ўсіх. За ім ішоў Давід, які па меры таго як рана перастала балець, паволі пачаў усведамляць сваё сапраўднае становішча. Далей ехалі сёстры. Хейвард трымаўся побач з імі, а індзейцы крочылі абапал палонных і замыкалі шэсце. Пільнасць іх не аслаблялася ні на хвіліну.
Усе маўчалі, толькі Дункан час ад часу звяртаўся са словамі суцяшэння да Алісы і Коры ды Гамут даваў волю сваёй душы ў жаласных воклічах. Падарожнікі накіраваліся на поўдзень па дарозе, зусім супрацьлеглай да форта Уільям-Генры. Нягледзячы на гэта, Хейвард усё ж не хацеў нават думаць пра тое, што Магуа так хутка забыўся на абяцаную яму ўзнагароду; да таго ж гурону была неабходна асцярожнасць.
Міля за міляй рухаліся падарожнікі па бясконцым лесе, але канца гэтаму стамляльнаму пераходу не прадбачылася.
Хейвард сачыў за паўдзённымі сонечнымі промнямі, якія прабіваліся праз галіны дрэў, жадаў таго імгнення, калі Магуа пойдзе па шляху, зручнаму для падарожнікаў.
Кора, помнячы развітальныя павучанні разведчыка, як толькі можна было, працягвала руку, каб заламаць вецце, але пільнасць гуронаў замінала ёй рабіць гэта часта і добра. Сустракаючы насцярожаныя позіркі дзікуноў, дзяўчына прыкідвалася напалоханай чымсьці або пачынала папраўляць свае ўборы. Толькі адзін раз яна як след зламала адну галіну; у тую ж хвіліну ёй прыйшло ў галаву ўпусціць на зямлю пальчатку.
Гэты знак, прызначаны для сяброў, быў заўважаны адным з гуронаў; індзеец падаў Коры пальчатку і адразу ж змяў і зламаў усё астатняе голле куста, каб здавалася, быццам бы яно было знявечана якой-небудзь жывёлінаю, якая заблыталася ў гушчары. Пасля гэтага гурон апусціў руку на свой тамагаўк з такім шматзначным выглядам, што Коры прыйшлося адмовіцца ад думкі пакідаць меткі на кустах.
У двух атрадах індзейцаў былі коні, а таму палонныя страцілі надзею, што іх знойдуць па конскіх слядах.
Калі б змрочны Магуа хоць чым-небудзь падбадзёрыў Хейварда, маёр, канечне, загаварыў бы з ім. Але Ліс рэдка паварочваўся назад і ні разу не прамовіў слова. Кіруючыся толькі сонцам ды тымі ледзь заўважнымі прыкметамі, што вядомыя адным тубыльцам, Ліс ішоў па аголенай глебе сасновага лесу або перапраўляўся праз ручай, чуццё спрыяла яму рухацца амаль па такой жа прамой лініі, як ляціць птушка. Ен ні разу не задумаўся. Ці была перад ім ледзь прыкметная сцяжынка, ці знікала зусім або цягнулася даволі выразная тупкая сцяжынка, ён ні разу не замарудзіў і не паскорыў крок. Здавалася, што яму невядомая стома. I калі б вочы падарожнікаў не адрываліся ад дарогі, засланай апалай лістотаю, і не імкнуліся б наперад — паміж стваламі дрэў увесь час відаць была цёмная постаць Магуа. Ен ішоў не паварочваючы галавы, і светлае пер’е ў яго валасах пагойдвалася ад ягоных крокаў.
Нарэшце Магуа прайшоў праз нізкую лагчынку, па якой бег вясёлы ручай, і пачаў падымацца на гару па такім крутым схіле, што Кора і Аліса вымушаны былі сысці з коней. Калі падарожнікі дасягнулі вяршыні ўзгорка, яны апынуліся на роўнай пляцоўцы, сям-там зарослай дрэвамі. Пад адным з іх распласталася цёмная постаць Магуа, якому, відаць, хацелася скарыстаць адпачынак, неабходны і для ўсіх астатніх.
РАЗДЗЕЛ XI
Хай праклянуць мой род, Калі яму дарую я.
Шэкспір. «Венецыянскі купец»
Індзеец выбраў месцам стаянкі адзін з крутых пірамідальных, падобных на чалавечымі рукамі насыпаныя, узгоркаў, што так часта сустракаюцца на амерыканскіх раўнінах. Вяршыня гэтага ўзвышку ўяўляла сабою роўную пляцоўку, а адзін са схілаў вызначаўся незвычайнай абрывістасцю. Узгорак здаваўся пазіцыяй, на якую ніяк нельга было нечакана напасці, і, відаць, пагэтаму хітры Магуа выбраў яго месцам стаянкі. Хейвард абыякава і непарушна агледзеў гэты ўзгорак, не спадзеючыся больш на тое, што з’явіцца падмога, пасля цалкам аддаўся клопатам пра сваіх спадарожніц, намагаючыся заспакоіць іх, падбадзёрыць. Нараганзетаў раскілзалі і дазволілі ім паласавацца галінкамі дрэў і кустоў, раскіданых па вяршыні ўзгорка. Дункан расклаў рэшткі таго, што было есці, у цені высокага бука, прамое і густое голле якога, быццам вялікі балдахін, навісла над дзяўчатамі.
Нягледзячы на тое, што падарожнікі рухаліся бесперастанку, адзін з індзейцаў усё ж паспеў пусціць стралу ў маладую казулю, якая заблыталася ў гушчары, забіў яе, і адрэзаўшы найбольш смачныя кавалкі жывёліны, цярпліва нёс іх на сваіх плячах. Зараз ён і яго сябры елі сырое мяса, разрываючы яго рукамі; толькі Магуа не далучыўся да гэтага банкету; ён сядзеў, відаць, цалкам захоплены глыбокімі думкамі.
Такая стрыманасць, дзіўная ў.індзейца, асабліва калі ён можа без цяжкасцей задаволіць свой голад, прыцягнула ўвагу Хейварда. Малады чалавек лічыў, што гурон у гэтую хвіліну прыдумвае надзейны ход, каб пазбавіцца ад пільнасці сваіх сяброў. Жадаючы памагчы гурону прыдумаць лоўкі план, падказаўшы яму якую-небудзь думку, Дункан выйшаў з букавага ценю і быццам так сабе накіраваўся да Ліса.
— Хіба Магуа недастаткова доўга ішоў тварам да сонца і ўсё яшчэ баіцца канадцаў? — спытаў Хейвард, прыкідваючыся, што ён цалкам упэўнены ў дружалюбнасці індзейца.— Хіба начальнік форта Уільям-Генры не з вялікім задавальненнем убачыць сваіх дачок pa-
ней, чым новая ноч зацьміць у яго сэрцы смутак пра іх, і ён будзе менш шчодры на ўзнагароды?
— Няўжо раніцай бледнатварыя любяць дзяцей менш, чым вечарам? — стрымана спытаў Магуа.
— Канечне, не,— адказаў Хейвард, жадаючы паправіць сваю міжвольную памылку.— Праўда, калі-нікалі белыя забываюць сваіх продкаў, але любоў бацькоў да дзяцей ніколі не памірае.
— А ці мяккае сэрца сівавалосага бацькі? Ці думае ён смуткаваць пра дзяцей, якіх яму далі жонкі? Ен жорстка абыходзіцца са сваімі воінамі, і ў яго каменны позірк.
— Ен бывае суровы з гультаямі і нядбайнымі салдатамі, але для цвярозых і храбрых Мунро — праўдзівы і чалавекалюбны начальнік. Я ведаў многіх ласкавых і клапатлівых бацькоў, але мне ніколі не прыходзілася сустракаць чалавека з сэрцам, больш поўным чалавечай любові. Канечне, Магуа, табе здаралася бачыць старога толькі на чале воінаў, я ж бачыў, як на яго вачах выступалі слёзы, калі ён гаварыў пра сваіх дачок...
Хейвард перапыніў сваю гутарку; ён не ведаў, чым патлумачыць дзіўны выраз, што раптоўна мільгнуў на твары індзейца, які ўважліва слухаў яго словы. Спачатку маладому чалавеку падалося, быццам у дзікунскай душы прачнулася думка пра дарункі, абяцаныя яму, але пакрысе выраз радасці змяніўся на твары індзейца адбіткам лютага, злога святкавання, народжанага, відаць, не прагаю, а іншай страсцю.
— Паслухай,— сказаў гурон, і твар яго зноў застыў у непарушным спакоі,— падыдзі да цёмнавалосай дачкі сівавалосага і скажы ёй, што Магуа хоча з ёй гаварыць. Бацька будзе помніць, што абяцае яго дзіця.
Дункан падумаў, што прагны да грошай індзеец хоча пачуць новае пацверджанне абяцаных узнагарод, і хоць марудна ды неахвотна, але ўсё ж пакіраваўся да таго месца, дзе цяпер адпачывалі дзяўчаты. Падышоўшы да іх, Хейвард сказаў Коры пра тое, што хоча Магуа.
— Вы ўжо ведаеце, чаго жадае Магуа,— сказаў Дункан, падводзячы яе да гурона,— пагэтаму не скупіцеся, абяцаючы порах і чапракі. Але помніце, што спіртныя напіткі цэняць больш за ўсё. Добра, калі вы падакляруеце даць яму таксама што-небудзь і ад сябе.
Помніце, Кора, што ад вашага самавалодання і вынаходлівасці залежыць ваша жыодё і жыццё Алісы.
— I ваша, Хейвард!
— Маё жыццё — такой бяды. Мяне не чакае бацька, не многія сябры пашкадуюць пра маю сумную долю... Але хопіць, мы падышлі да індзейца... Магуа, вось тая, з якой ты хацеў гаварыць.
Індзеец павольна падняўся і з хвіліну стаяў моўчкі і нерухома, пасля знакам паказаў Хейварду, каб ён адышоў, і холадна прамовіў:
— Калі гурон размаўляе з жанчынамі, яго племя страчвае свой слых.
Дункан вагаўся, не жадаючы падпарадкоўвацца, але Кора са спакойнай усмешкаю сказала:
— Вы чулі, Хейвард, чаго жадае індзеец. Ідзіце да Алісы, падбадзёрце яе і раскажыце пра наш план.
Кора пачакала, пакуль малады чалавек адыдзе, пасля звярнулася да гурона і з вялікай годнасцю прамовіла:	.
— Што Хітры Ліс жадае сказаць дачцэ Мунро?
— Слухай,— адказаў індзеец, апусціўшы руку на плячо дзяўчыны, як бы змушаючы яе з вялікай увагаю аднесціся да слоў, якія ён намерваўся ёй сказаць; аднак Кора рашуча, хоць і зусім спакойна, адхілілася ад дзікуна.— Магуа народжаны правадыром і воінам племені чырванаскурых прыазёрных гуронаў. Ен дваццаць разоў бачыў, як ад летняга сонца раставаў снег дваццаці зім, ператвараючы гурбы ў ручаі, перш чым сустрэў першага бледнатварага. Ён быў шчаслівы тады! Пасля белыя людзі ўварваліся ў яго лясы, навучылі яго піць вогненную ваду, і ён зрабіўся абібокам. Тады гуроны вытурылі Магуа з лясоў яго продкаў, як калматага бізона. Ен збег да берагоў возера і нарэшце ўбачыў Горад Гармат. Тут ён паляваў і лавіў рыбу, пакуль мясцовыя жыхары не выгналі яго з лесу і не піхнулі ў рукі ворагаў. Магуа, народжаны правадыром гуронаў, зрабіўся воінам сваіх ворагаў махокаў.
— Я ўжо чула пра гэта,— сказала Кора, заўважыўшы, што гурон замоўк.