Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
Падарожжа цягнулася нядоўга. Сакалінае Вока
звярнуў з вузкай сцяжынкі, па якой рухаліся гуроны, заглыбіўся ў гушчар, пераехаў на мелкаводдзі вясёлы і гаманкі ручай і спыніўся ў вузкай даліне, аслоненай і зацененай галінамі густых вязаў. Падарожнікі знаходзіліся на адлегласці некалькіх сот сажйяў ад страшнага ўзгорка, і коні спатрэбіліся ім толькі на час пераправы праз мелкі ручай.
Разведчык і магікане, здавалася, добра ведалі зацішную мясціну, дзе яны цяпер запыніліся, бо, прыхіліўшы свае ружжы да ствалоў дрэў, пачалі раскідваць сухое лісце і хутка выкапалі невялікую ямінку ў сіняй гліністай глебе. 3 гэтага паглыблення ў той жа час пырскнула крынічка светлай, бліскучай гаварлівай вады. Сакалінае Вока агледзеўся, быццам адшукваючы штосьці, і на яго твары мільгнуў здзіўлены выраз; здавалася, ён не знайшоў рэчы, якую шукаў.
— Шкада! Гэтыя нядбайныя д’яблы махокі са сваімі братамі тускарорамі, канечне, былі тут і пілі ваду,— прамармытаў ён,— і дзесьці кінулі бутлю. Вось і рабі пасля гэтага дабро гэтым нядбайным сабакам! floepa ж яны аддзячылі нам! Тут, у гэтай глушэчы, з глыбокай зямлі б’е крынічка, у параўнанні з якой самы багаты аптэчны склад — нішто. Глядзі, дурні стапталі гліну, забрудзілі, абязвечылі цудоўную мясціну, як неразумныя звяры, а не чалавечыя істоты!
Паміж тым Ункас моўчкі падаў яму бутлю з гарбуза, якую Сакалінае Вока не заўважыў у парыве злосці, хоць яна вісела на галінцы вяза. Напоўніўшы яе, разведчык адышоў ад крыніцы на болып сухое і цвёрдае месца; тут ён спакойна сеў, з асалодаю зрабіў некалькі вялікіх глыткоў і пачаў уважліва аглядваць рэшткі таго з ежы, што была складзена ў мех, які вісеў у яго на руцэ.
— Дзякую табе, хлапчына,— прамовіў ён, вяртаючы пустую бутлю Ункасу.— Зараз мы паглядзім, чым ласаваліся гэтыя лютыя гуроны, калі хаваліся ў засадзе. Бачыш, махляры выразалі на алені лепшыя кавалкі. Але мяса засталося сырое; іракезы — сапраўдныя дзікуны! Ункас, вазьмі маё крэсіва і запалі цяпельца; смачная ежа паможа нам набрацца сілы пасля доўгай дарогі.
Хейвард памог Коры і Алісе злезці з коней і сеў на траву, з задавальненнем уяўляючы прыемны адпачынак пасля нядаўняй жахлівай крывавай сцэны.
Пакуль Сакалінае Вока рыхтаваў ежу, маёр завёў з ім размову.
— Як магло здарыцца, што вы так хутка заявіліся да нас, мой велікадушны сябра? — спытаў ён.— I без дапамогі ад гарнізона з форта Эдвард?
— Калі б мы адправіліся ў крэпасць, то, вярнуўшыся, маглі б толькі закідаць сухім лісцем вашы целы і нам, без сумнення, не ўдалося б захаваць вашыя скальпы,— спакойна адказаў паляўнічы.— Не-не, замест таго каб дарэмна траціць сілы і час на' пераход у форт, мы рашылі залегчы пад навіслымі берагамі Гудзона, чакаць і назіраць за ўсімі рухамі макуасаў.
— Значыць, вы бачылі ўсё, што адбылося?
— He, канечне, не ўсё. У індзейцаў занадта востры зрок, і іх нялёгка падмануць, але мы ўсё-такі былі непадалёку ад вас. Трэба сказаць шчыра, цяжка было стрымліваць вось гэтага маладога магіканіна і прымусіць яго сядзець у засадзе... Ах, Ункас, ты паводзіў сябе хутчэй як нецярплівая і цікаўная жанчына, чым як мужны і стойкі воін!
Ункас перавёў позірк на суровы твар паляўнічага, але не адказаў яму ні слова. Хейварду здалося, быццам пагардлівая ўсмешка мільганула на твары маладога магіканіна. Тым не менш Ункас стрымаў свой гнеў, у нейкай ступені з-за павагі да астатніх слухачоў, а ў нейкай ступені з-за пачцівасці да свайго старэйшага белага сябра.
— Вы бачылі, як нас захапілі ў палон? — працягваў Хейвард свае пытанні.
— Мы чулі гэта,— прагучаў шматзначны адказ.— Індзейскі кліч выразны і зразумелы для людзей, якія жывуць у лясах. Але, калі вы апынуліся на супрацьлеглым беразе ракі, нам прыйшлося, як змеям, паўзці пад густою лістотаю, і мы хутка зусім страцілі вас з поля зроку, да той самай хвіліны, калі вы былі прывязаныя ўжо да дрэваў і, бяссільныя, чакалі смерці.
— Дзіва, што вы не памыліліся выбраць сцяжынку! Хеўра ж гуронаў падзялілася, і ў двух атрадах былі коні.
— Так, мы сапраўды былі збітыя з панталыку і ледзь не згубілі ваш след, але нам памог Ункас. Мы спачатку рушылі па сцяжынцы, якая вяла ў глыбіню лесу, мяркуючы, што дзікуны павядуць сваіх палонных у гушчар. Але, прайшоўшы некалькі міль і не ўбачыў-
шы ні адной зломанай галінкі, я пачаў сумнявацца, ці туды мы ідзём, асабліва калі заўважыў, што на зямлі былі толькі сляды конскіх капытоў і ног, абутых у макасіны.
— Нашы пераможцы з-за асцярогі прымусілі нас абуць індзейскія макасіны,— сказаў Дункан.
— Так-так, яны зрабілі разумна, гэта іх заўсёдны звычай, аднак такая простая хітрасць не змагла б збіць нас з сапраўднага следу.
— Каму ж тады мы абавязаны нашаму вызваленню?
— Да майго сораму, я павінен прызнацца: маладому магіканіну і яго мудрасці. Зрэшты, нават зараз, калі я на свае вочы бачу, што ён меў рацыю, я з цяжкасцю ва ўсё веру.
— Ці не патлумачыце вы нам гэтую загадку?
— Ункас заўважыў,— працягваў Сакалінае Вока, азіраючы нараганзетаў Коры і Алісы,— што коні, на якіх ехалі дзяўчаты, амаль у адзін час ставяць на зямлю пярэднюю і заднюю ногі з аднаго боку. Hi адна з жывёлін, якая мае чатыры нагі, наколькі я ведаю, не робіць так, за выключэннем мядзведзя.
— Такая хада — галоўная годнасць нараганзетаў. Але калі-нікалі і іншых коней прывучаюць да гэтай трушкі — інахадзі.
— Можа быць, можа быць,— сказаў Сакалінае BoKa, уважліва выслухаўшы тлумачэнне маладога афіцэра.— Я лепш разбіраюся ў аленях ды бабрах, чым у ўючных жывёлінах. Зрэшты, якой бы хадою ні хадзілі коні,— ці перастаўлялі адразу дзве нагі з аднаго боку або інакш,— ва ўсякім разе, Ункас заўважыў асаблівасць руху гэтых жывёл, і іхні след прывёў нас да паламаных кустоў. Адна галіна паблізу слядоў нараганзетаў была надломленая і загнутая ўверх — відаць, так жанчыны зрываюць кветку са сцябла. Усе астатнія галінкі, жорстка зломленыя, змардаваныя, звісалі ўніз — відаць, недалікатная мужчынская рука ламала іх. Таму я і падумаў: відаць, хтосьці з гуронаў заўважыў, што лэдзі зламала галінку, і пачаў ламаць астатнія, каб мы ўявілі, быццам бы малады алень заблытаўся ў кустах і намагаўся вырвацца з гушчару.
— Вашая праніклівасць не падманула вас: менавіта так і было.
— Заўважыць паламаныя галінкі і здагадацца, што тут і да чаго, было лёгка,— дадаў разведчык, зусім не ўсвядомліваючы, якую тонкую і незвычайную праніклівасць выказаў ён.— Гэта лягчэй, чым прыкмеціць хаду па слядах каня. Каля паламанага куста я сказаў сабе, што мінгі рушаць да крыніцы, бо яны выдатна ведаюць якасці яе вады.
— Але хіба гэтая вада такая славутая? — спытаў Хейвард, з вялікай цікавасцю азіраючы прыгожую нізіну і цурлівую ваду.
— Мала хто з індзейцаў, якія былі паўднёвей і ўсходней Вялікіх азёраў, не чуў пра смак гэтай крыніцы. Ці не хочаце вы самі пакаштаваць вады?
Хейвард узяў біклагу, зрабіў некалькі глыткоў і кінуў яе, зморшчыўшыся. Разведчык засмяяўся сваім ціхім, але шчырым смехам і задаволена паківаў галавою:
— Ага, вам гэтая вада нясмачная, бо вы не прывыклі да яе! У свой час і мне яна не падабалася, але цяпер мне заўсёды хочацца піць з гэтай крыніцы, як аленю палізаць соль. Вашы вострыя віны менш прывабліваюць жыхароў гарадоў, чым гэтая вада — чырванаскурых, асабліва калі яны адчуваюць сябе не зусім здаровымі... Але Ункас развёў вогнішча, і пара падумаць пра вячэру і падмацаваць нашыя сілы: нас чакае яшчэ доўгае падарожжа.
Нечакана перапыніўшы размову, паляўнічы агледзеў мяса, якое засталося ад шчодрай вячэры гуронаў. Прыгатавалі простую страву, і паляўнічы са сваімі чырванаскурымі сябрамі ўзяліся за ежу са спакоем і стараннасцю людзей, якім трэба было сабраць сілы перад сур’ёзнай і важнай справай.
Калі прыемны занятак закончыўся, кожны лясны жыхар нахіліўся і выпіў доўгі развітальны глыток з гэтай зацішнай крыніцы. Потым Сакалінае Вока аб’явіў, што час зноў рушыць у дарогу. Сёстры селі на сёдлы, Дункан і Давід паднялі свае ружжы і рушылі ўслед за дзяўчатамі. Сакалінае Вока ішоў паперадзе, магікане ж сталі ў ар’ергард. Маленькі атрад выбраў вузкую сцяжынку, якая вяла на поўнач, дазволіўшы гаючым водам злівацца з цячэннем ручая, а целам гуронаў ляжаць на пляцоўцы суседняга ўзгорка.
РАЗДЗЕЛ XIII
Я буду шукаць дарогу лягчэйшую.
Парнел
Шлях, што выбраў Сакалінае Вока, ляжаў праз пясчаныя роўнядзі, якія часам мяняліся на зялёныя даліны і ўзгоркі. Гэтай жа дарогай ішлі яны раніцай, калі іх вёў здраднік Магуа. Сонца ўжо села за вяршыні далёкіх гор; падарожнікі рухаліся лесам, і спёка больш не прыгнятала іх. I задоўга да таго, як згусціўся змрок, атрад прайшоў болыпы адрэзак свайго стамляльнага шляху.
Сакалінае Вока, як і Магуа, замест якога ён цяпер быў правадніком, вёў свой атрад, кіруючыся ледзь прыкметнымі знакамі. Шпарка, скоса паглядваў ён на мох, што пакрываў дрэвы, час ад часу падымаў вочы на той бок неба, дзе гарэла зусім нізкае сонца, альбо пазіраў на цячэнне шматлікіх ручайкоў, якія ім даводзілася пераходзіць уброд; і гэтага было даволі, каб знішчыць у ім усякія ваганні і сумненні. Паміж тым адценні зеляніны і лесу пачалі мяняцца: яркія фарбы пацямнелі, што прадказвала наступленне вечара.
Сонца запальвала залацістыя пляміны на воблаках, упрыгожвала барвянасцю вузкія краі хмар, што згусціліся над заходнімі гарамі. Сакалінае Вока раптам павярнуўся і, паказваючы рукою на гэтае цудоўнае відовішча, сказаў:
— У гэтую часіну чалавеку трэба падмацаваць свае сілы і адпачыць. Чалавек рабіў бы лепш і мудрэй, калі б разумеў прыродную мову і браў прыклад з птушак і палявых звяроў... Зрэшты, наша ноч хутка скончыцца, бо, як толькі ўзыдзе месяц, мы зноў рушым у дарогу. Я помню, што менавіта тут я змагаўся з макуасамі ў час свайго першага бою, які змусіў мяне праліць чалавечую кроў. Тады, ратуючы свае скальпы, мы склалі з бёрнаў і камянёў нешта накшталт умацаванняў. Калі я правільна вас вёў, мы хутка ўбачым блакгаўз: ён павінен быць дзесьці тут, леваруч.
He чакаючы адказу ад спадарожнікаў, суровы паляўнічы смела ўвайшоў у гушчар каштанавых дрэў, маладыя атожылкі якіх амаль закрывалі зямлю. Памяць не падманула яго. Ен прайшоў праз гушчар і апынуўся на паляне, якая акаляла нізкі зялёны ўзго-
рак. На маленькім узвышшы стаяў паўразвалены блакгаўз. Дах, накрыты карою, ужо даўно абваліўся, струхлеў і змяшаўся з зямлёю, але вялізныя, сасновыя, на скорую руку складзеныя бярвёны ўсё яшчэ былі на месцы, хоць адзін бок пабудовы, найбольш састарэлы ад часу, асеў, пагражаючы абваліцца і зусім разбурыць праставатую пабудову.