Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

Апошні з магікан

Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
79.09 МБ
Яго пажаданне споўнілі ўсе. Магікане ўвялі ў паўразвалены блакгаўз нараганзетаў; усе падарожнікі ў поўным маўчанні зайшлі туды ж.
Гукі крокаў, што набліжаліся, чуліся да таго ясна, што ўсякія сумненні зніклі. Хутка пачуліся і галасы. Людзі перагаворваліся на індзейскім дыялекце, і Сакалінае Вока шэптам сказаў Хейварду, што яны гавораць на мове гуронаў.
Калі дзікуны дайшлі да таго месца,.на якім коні звярнулі ў гушчар, што абкружаў блакгаўз, яны, відаць, згубілі след.
Мяркуючы па галасах, можна было падумаць, што набліжалася каля дваццаці чалавек, мусіць, яны сабраліся ўсе ў адным месцы, іх галасы зліліся ў гучны гул.
— Пэўне, гэтыя нягоднікі ведаюць, што нас нямнога,— прашаптаў Сакалінае Вока, які стаяў побач з Хейвардам, гледзячы ў шчыліну паміж бёрнамі,— інакш яны не асмеліліся б падымаць такі гармідар. Прыслухайцеся толькі! Здаецца, быццам у кожнага з іх па два языкі і ўсяго адна нага.
Нягледзячы на ўсю сваю храбрасць, Дункан не мог у хвіліну цяжкога чакання нічога адказаць на стрыманасць і трапную заўвагу разведчыка. Мацней сціснуўшы ружжо, ён пачаў яшчэ пільней і трывожней разглядваць праз вузкую адтуліну ў сцяне паляну, залітую месячным святлом. У натоўпе індзейцаў пачуўся гучны і ўладарны голас, усе астатнія змоўклі, і гэтая цішыня даказвала, што яны з павагаю слухаюць загады свайго правадыра. Зашалясцела лісце, пачуўся трэск сухога галля: відаць, дзікуны падзяліліся, ад-
праўляючыся шукаць згублены след. Да шчасця тых, хто хаваўся ў блакгаўзе, месячнае святло не было настолькі яркае, каб пранізаць густыя лясныя шаты. Пошукі чырванаскурых былі марныя; падарожнікі так хутка перасеклі невялікую прастору, што аддзяляла ледзь прыкметную сцяжынку ад гушчару, што іх слабыя сляды зніклі ў цяні.
Тым не менш шолах лісця і галля хутка паказаў, што нястомныя дзікуны старанна азіралі кустоўе і памалу падыходзілі да зарасніка маладых каштанаў, што абкружалі маленькую пляцоўку вакол блакгаўза.
— Здаецца, яны ідуць сюды,— прашаптаў Хейвард, спрабуючы прасунуць ствол свайго ружжа ў шчыліну паміж бярвеннямі.— Я думаю, калі яны будуць бліжэй, мы стрэлім!
— Схавайце ружжо,— запярэчыў Сакалінае BoKa.— Стукат крэменю або хоць бы пах пораху прывабіць гэтых нягоднікаў сюды. Ну, а калі ўсё ж бог зажадае, каб мы ўступілі ў барацьбу дзеля захавання нашых скальпаў, даверцеся сталасці і спрыту людзей, якія ведаюць норавы і звычаі індзейцаў і не часта ўцякаюць пры сігнале баявога клічу.
Дункан азірнуўся і ўбачыў, што баязлівыя дзяўчаты прыціснуліся ў аддаленым кутку блакгаўза, а магікане стаяць у цяні, відаць, рыхтуючыся да сутычкі. Малады афіцэр, утаймаваўшы ў сабе нецярплівасць, зноў вызірнуў вонкі і пачаў моўчкі чакаць, што будзе далей. У гэтае самае імгненне густое голле гушчару рассунулася, і на пляцоўцы паказаўся высокі ўзброены гурон. Ён павярнуўся да ціхага блакгаўза, і месячнае святло заліло яго цёмны твар, які выяўляў здзіўленне і цікавасць. 3 вуснаў індзейца сарваўся вокліч здзіўлення, і ён штосьці ціха сказаў. Да яго неўзабаве падышоў яго сябра.
Некалькі імгненняў гуроны стаялі побач, паказваючы пальцамі на паўразвалены будынак, і раіліся пра штосьці. Пасля яны рушылі наперад, аднак запаволенымі, асцярожнымі крокамі, час ад часу запыняючыся і пільна гледзячы на блакгаўз; дзікуны нагадвалі здзіўленых аленяў, цікаўнасць якіх змагаецца з трывогаю. Нага аднаго з гуронаў ступіла на магільны ўзгорак, і ён нахіліўся, каб разгледзець яго. У гэтае імгненне Хейвард убачыў, што Сакалінае Вока агаліў нож і апусціў рулю свайго ружжа. Малады чалавек зрабіў
тое ж і падрыхтаваўся да барацьбы, якая здавалася непазбежнай.
Зараз гуроны былі так блізка, што самы малы рух коней або чалавечы ўздых выявілі б, што якраз тут уцекачы. Аднак зразумеўшы, які ўзгорак быў пад іх нагамі, гуроны ажыўлена загаварылі паміж сабою. Іх галасы загучалі ціха і ўрачыста; здавалася, чырванаскурых ахапіла пачуццё пачцівасці, блізкае да страху. Замоўкнуўшы, дзікуны асцярожна адступілі, не адрываючы позірку ад развалін блакгаўза, быццам чакаючы, што з-за маўклівых сцен з’явяцца прывіды; нарэшце яны марудна зніклі ў маладым гушчары.
Сакалінае Вока апусціў на зямлю прыклад свайго «аленебоя» і, глыбока ўздыхнуўшы, прамовіў выразным шэптам:
— Ага, яны паважаюць мёртвых, і гэта выратавала іх уласнае жыццё, а можа быць, і жыццё людзей, якія лепшыя за іх.
Хейвард уважліва зірнуў на паляўнічага, але нічога не адказаў і зноў павярнуўся ў той бок, дзе былі дзікуны — яны ў гэтую хвіліну цікавілі яго болып за ўсё. Ен пачуў, як два гуроны выйшлі з кустоў, і хутка зразумеў, што астатнія чырванаскурыя абкружылі сваіх сяброў і ўважліва слухаюць іх расказ. Некалькі хвілін яны размаўлялі сур’ёзна і ўрачыста; гэтая гутарка была непадобная на іх першую шумную нараду. Хутка галасы чырванаскурых пачалі слабець і нарэшце зусім згубіліся ў глыбіні лесу.
Сакалінае Вока пачакаў, пакуль Чынгачгук дасць знак, што гуроны аддаліліся на вялікую адлегласць, і жэстам прапанаваў Хейварду вывесці коней з будынка і памагчы Коры і Алісе сесці на сёдлы.
Пасля маленькі атрад моўчкі рушыў у дарогу. Дзяўчаты спалохана азіраліся на магілу гуронаў і на струхлелы блакгаўз, і іхняя трывога асабліва ўзрасла, калі, пакінуўшы за сабой залітую месячным святлом палянку, яны заглыбіліся ў непраглядную лясную цемру.
3	таго часу, як падарожнікі спешна пакінулі блакгаўз, і да таго, як іх паглынула лясная цемра, ніхто не прамовіў ні аднаго слова.
РАЗДЗЕЛ XIV
Вартавы. Хто ідзе?
Жанна д'Арк. Сяляне, бедныя французы.
Шэкспір. «Генрых VI»
Сакалінае Вока зноў выйшаў наперад маленькага атрада, але зараз, нават пасля таго, як паміж ім і яго ворагамі была дастаткова вялікая адлегласць, паляўнічы ішоў з яшчэ большай асцярогай, чым у часіны ранейшага пераходу; ён, відаць, зусім не ведаў гэты кавалак лесу. He раз ён запыняўся, каб параіцца з магіканамі, паказваючы ім на месяц або ўважліва аглядваючы кару дрэў. У час такіх кароткіх прыпынкаў Хейвард і Кора з Алісаю напружвалі свой слых, абвостраны ад таго, што побач была вялікая небяспека, і намагаліся ўчуць якія-небудзь прыкметы, што маглі б перасцерагчы іх пра набліжэнне лютых гуронаў. Але ўсе гэтыя пустэльныя мясціны былі быццам ахутаны вечным сном; з лесу не даносілася ніякіх гукаў, акрамя аддаленага, ледзь чутнага цурчання ручая. Птушкі, звяры і людзі, калі толькі яны хаваліся сярод галін, здавалася, спалі глыбокім, непрабудным сном. Слабае, пяшчотнае цурчанне ручая пазбавіла праваднікоў ад немалых цяжкасцей. Сакалінае Вока і магікане адразу павярнулі туды, дзе чулася вадзяная плынь.
Паблізу берага ручая Сакалінае Вока, зрабіўшы другі прывал, зняў з ног макасіны і прапанаваў Хейварду ды Гамуту зрабіць тое ж самае. Пасля ўсе ўвайшлі ў ваду, і каля гадзіны маленькі атрад рухаўся па рэчышчы ручая, не пакідаючы пасля сябе слядоў. Месяц ужо схаваўся за велізарныя чорныя хмары, што грувасціліся ў заходнім баку небакраю, калі падарожнікі пакінулі звілісты ручай і зноў апынуліся на пясчанай, парослай лесам нізіне. Тут паляўнічы, відаць, адчуў сябе значна спакойней; зараз ён ішоў з упэўненасцю і хуткасцю чалавека, які ведаў, што робіць. Хутка сцяжынка зрабілася менш роўнай, і падарожнікі заўважылі, што яе з двух бакоў сціскаюць горы і што ім хутка прыйдзецца ўвайсці ў адну з горных цяснін.
Сакалінае Вока спыніўся і, пачакаўшы астатніх, сказаў напаўголасу:
— Лёгка вывучыць лясныя сцяжынкі, навучыцца адшукваць салёныя крыніцы і ручаі ў лясной глушэчы. Але нават той, хто бачыў гэтую мясціну, не адважыцца сказаць, што цэлы атрад зможа хавацца сярод маўклівых дрэў і каменных’схілаў.
— Значыць, мы ўжо недалёка ад форта УільямГенры? — спытаў Хейвард, ступіўшы крок да разведчыка.
— Яшчэ далёка, ды ў дадатак нам давядзецца ісці па вельмі нязручнай дарозе. Глядзіце,— сказаў паляўнічы, паказваючы на невялікі вадаём, на роўнядзі якога нерухома ляжалі адбіткі зор,— гэта Крывавае возера. Я не толькі часта бываў тут, але і сутыкаўся з ворагамі, змагаўся ад усходу і да заходу.
— Значыць, гэта і ёсць магіла храбрацоў, якія загінулі ў час змагання? Я чуў назву Крывавае возера, але ніколі не бачыў гэтага страшнага вадаёма.
— Так, пазмагаліся мы тут! — працягваў Сакалінае Вока, хутчэй аддаючыся плыні ўласных думак, чым адказваючы на заўвагу Дункана.— Нямала французаў знайшлі тут магілу. Уласнымі вачыма бачыў я, як гэтыя воды пачырванелі ад крыві, калі пасля пабоішча целы забітых былі кінуты ў возера.
— Ва ўсякім разе, гэта спакойная магіла для салдата,— заўважыў Дункан.— А вы, значыць, доўга служылі тут, на мяжы?
— Я? — горда ўсклікнуў разведчык.— Амаль усе гэтыя схілы паўтаралі гукі маіх стрэлаў, і паміж Харыкенам ды ракой не знойдзецца ні адной квадратнай мілі, на якой мой «аленебой» не забіў бы ворага або ляснога звера... А што тычыцца спакою падобнай магілы, дык ёсць і іншыя меркаванні. Гавораць, што душы забітых калі-нікалі пакідаюць гэты вадаём і блукаюць па яго берагах... Тсс! Вы нічога не бачыце на тым беразе возера?
— Наўрад ці ў гэтым цёмным лесе знойдзецца яшчэ такі ж беспрытульны, як мы.
— Такія істоты, як тая, мала клапоцяцца пра дом або прыстанак, і начная раса не звільготніць цела, якое са світанкам паглыбляецца ў ваду,— запярэчыў Сакалінае Вока і ўчапіўся за плячо Дункана з такою сутаргавай сілаю, што афіцэр зразумеў, які прымхлівы страх ахапіў гэтага звычайна смелага чалавека.— Клянуся небам, гэта жывы чалавек, і ён набліжаецца
да нас! Вазьміцеся за зброю, сябры, бо невядома: вораг ці сябра ідзе нам насустрач.
— Хто ідзе? — па-французску спытаў суровы голас.
— Што гэта значыць? — прашаптаў Сакалінае BoKa.— Ен гаворыць не па-англійску і не па-індзейску.
— Хто ідзе? — паўтарыў той жа голас.
Услед за пытаннем пачулася пстрыканне курка, а постаць незнаёмца стала ў пагражальную позу.
— Францыя! — па-французску крыкнуў Хейвард, выступіўшы з ценю дрэў на бераг возера, і спыніўся ў некалькіх ярдах ад вартавога.
— Адкуль вы і куды ідзяцё ў такі час? — спытаў грэнадзёр з акцэнтам ураджэнца старой Францыі.
— Вяртаюся з разведкі, спаць іду.
— Вы афіцэр караля?
— Ну, канечне, камрад. Няўжо не відаць адразу? Я капітан стралковага палка. (Хейвард паспеў заўважыць, што салдат належаў да аднаго з лінейных палкоў.) Са мною палонныя дочкі каменданта англійскай крэпасці... Ага! Ты чуў пра гэта? Я іх захапіў у палон каля форта і вяду да генерала.