Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
— Забівайце лайдакоў! He шкадуйце праклятых мінгаў!
Зусім неўзабаве прыклад Сакалінага Вока з сілаю
апусціўся на аголеную галаву праціўніка Хейварда, мышцы гурона адразу абмяклі, і ён мёртвы ўпаў на зямлю.
Забіўшы першага праціўніка, Ункас з лютасцю галоднага льва павярнуўся да новай ахвяры. Пяты гурон, які не прымаў удзелу ў першай сутычцы, пастаяў хвіліну і, убачыўшы, што ўсе вакол яго бязлітасна б’юцца, вырашыў зрабіць усё, каб як след адпомсціць. 3 моцным крыкам ён кінуўся да безабароннай Коры і здалёку кінуў у яе вострую сякеру. Тамагаўк зачапіў толькі плячо маладой дзяўчыны, разрэзаў вярбовыя дубцы, якімі Кора была прывязана да дрэва, і вызваліў яе. Ей удалося выслізнуць з рук дзікуна; забыўшыся пра асабістую небяспеку, яна кінулася да Алісы; паспешна, дрыготкімі пальцамі спрабавала яна разарваць дубцы, што трымалі яе сястру ў палоне. Такая велікадушная адданасць кранула б кожнага, але ў сэрцы гурона не было і прыкметы спачування. Ен схапіў Кору за яе густыя распушчаныя валасы, адарваў дзяўчыну ад Алісы і жорсткім рыўком шпурнуў на калені. Дзікун накруціў на сваю руку чорныя пасмы кудзерак Коры і, працягнуўшы руку, са злосным смехам падняў іх. Лязо яго нажа слізнула вакол яе чароўнай галоўкі. Аднак яму давялося дорага заплаціць за гэтае лютае задавальненне, ён страціў зручны выпадак зрабіць задуманае злачынства. Яго ўбачыў пільны Ункас. Малады магіканін нібы ўзвіўся ў паветры; ён куляй упаў на грудзіну ворага, адкінуў яго далёка ад дзяўчыны і зваліў на зямлю. Намаганне змусіла і самога Ункаса ўпасці побач са сваім ворагам. Абодва праціўнікі адразу ўскочылі на ногі, заблішчэлі нажы, і адзін і другі абліваліся крывёю. Але хутка паядынак скончыўся. Тамагаўк Хейварда і прыклад Сакалінага Вока апусціліся на чэрап гурона ў тую хвіліну, калі востры нож Ункаса быў усаджаны ў яго сэрца.
Бой закончыўся, толькі паміж Хітрым Лісам і Вялікім Змеем яшчэ цягнулася сутычка. Абодва воіны паказалі, што яны вартыя сваіх красамоўных прозвішчаў. Перад паядынкам яны некаторы час стаялі моўчкі і нерухома, пасля кожны з іх пусціў у праціўніка свой тамагаўк, і кожны спрытна ўхіліўся ад варожага ўдару; нарэшце яны нечакана рынуліся адзін на аднаго і ў цесных абдымках упалі на зямлю, выгінаю-
чыся як змеі. Калі пераможцы пазбавіліся ад сваіх ворагаў, толькі хмара пылу і лісця была відаць на тым месцы, дзе змагаліся Вялікі Змей і Хітры Ліс. Хмара гэтая рухалася ад цэнтра маленькай пляцоўкі і, быццам ад моцнага дыхання віхуры, неслася да аднаго з яе краёў. Хейвард, Сакалінае Вока і Ункас адразу кінуліся да пыльнага воблака. Але дарэмна Ункас намагаўся пранізаць гэты густы покрыў, каб працяць нажом даўняга ворага свайго бацькі; грознае ружжо Сакалінага Вока марна цэлілася, дарэмна сіліўся Дункан схапіць гурона сваімі мускулістымі рукамі. Пакрытыя пылам і крывёю, праціўнікі прадаўжалі душыць адзін аднаго ў жахлівых абдымках, звіваючыся так, быццам гэта было адно цела. Падобная на шкілет постаць старога магіканіна і цёмнае цела гурона так хутка мільгалі, што сябры Чынгачгука не маглі выбраць спрыяльнага моманту, каб нанесці ўдар ворагу. На імгненне зазіхацелі вогненныя вочы Магуа, як фантастычны позірк васіліска. Ліс, здавалася, чытаў на тварах ворагаў прадказанне зыходу гэтай барацьбы; аднак, раней чым рука якога-небудзь з яго праціўнікаў паспявала апусціцца на яго галаву, замест яе з’яўляўся хмурны твар Чынгачгука. Ад цэнтра пляцоўкі на ўзгоркавай вяршыні двое ворагаў скаціліся да самага яе краю. Раптам магіканін знайшоў магчымасць нанесці гурону моцны ўдар нажом; рукі Магуа нечакана аслабелі, і ён, відаць, мёртвы, упаў на спіну. Адным скачком Чынгачгук падняўся на ногі, і пад купалам лесу пранёсся яго пераможны кліч.
— Малайцы, дэлавары! Перамога за магіканінам! — крыкнуў Сакалінае Вока, зноў падняўшы прыклад свайго звышзабойнага ружжа.— Мой апошні ўдар не адыме ў пераможцы гонару перамогі і не пазбавіць яго законных правоў на скальп пераможанага.
Але ў той самы момант, калі прыклад засвістаў, разразаючы паветра, хітры гурон выслізнуў, перакінуўся праз край пляцоўкі, пакаціўся па крутым схіле, пасля ўскочыў сярод зараснікаў нізкіх кустоў і праз імгненне знік. Дэлавары лічылі яго мёртвым; але, калі ўбачылі сваю памылку, яны закрычалі ад здзіўлення і з моцным лямантам кінуліся за ім, амаль як сабакі ўслед за аленем. Але пранізлівы крык Сакалінага Вока спыніў іх і змусіў вярнуцца назад на ўзгоркавую вяршыню.
— Гэта ён умее,— сказаў разведчык.— Ілжывы
ашуканец, нізкі хітрун! Сумленны дэлавар, пераможаны ў роўнай барацьбе, застаўся б на зямлі, яго б забілі ўдарам па галаве, але гэтыя хітрыя макуасы чапляюцца за жыццё як азвярэлыя дзікія кошкі. Пакіньце яго, няхай бяжыць — у яго ж няма ні ружжа, ні лука, і яго французскія сябры далёка. Ен, як грымучая змяя без ядавітых клыкоў, ужо не страшны. Глядзі, Ункас,— на дэлаварскім дыялекце дадаў паляўнічы,— твой бацька ўжо здымае скальпы. He замінала б агледзець усіх лайдакоў, якія ляжаць на зямлі, a то, бадай, яшчэ хто-небудзь з іх ускочыць і знікне ў лесе з гулкім крыкам і карканнем сойкі.
Сказаўшы гэта, праўдзівы, але няўмольны разведчык абышоў усіх забітых гуронаў, пранізваючы грудзі кожнага сваім доўгім нажом з такім спакоем, быццам бы перад ім ляжалі не людзі, а нейкія рэчы.
За гэты час Чынгачгук паспеў зняць з нерухомых галоў эмблемы перамогі — скальпы.
Ункас рушыў да дзяўчат і хутка вызваліў Алісу.
Падняўшыся з каленняў, Аліса кінулася да Коры, абняла яе і, плачучы, прамовіла ўголас імя свайго бацькі; у яе лагодных, як у галубкі, вачах заблішчэлі промні ажылай надзеі.
— Мы выратаваныя, выратаваныя! — шаптала яна.— Мы можам вярнуцца ў абдымкі дарагога бацькі. Якое шчасце! Яго сэрца не разарвецца ад гора... I ты таксама, Кора, мая дарагая сястра... ты таксама выратаваная... а таксама і Дункан...— дадала маладая дзяўчына, зірнуўшы на Хейварда з яснай усмешкаю.— Наш храбры і высакародны Дункан застаўся жывы!
Кора не адказала на гэтыя палкія, бязладныя словы; прыціснуўшы Алісу да сваіх грудзей, яна толькі нахілілася да яе і асыпала пяшчотнымі ласкамі. Мужны Дункан, не саромеючыся, плакаў, пазіраючы на радасць сясцёр. Заплямлены крывёю Ункас здаваўся раўнадушным гледачом гэтай сцэны, але яго вочы, вочы спакойнага магіканіна, ззялі радасцю і спачуваннем.
Паміж тым Сакалінае Вока насцярожана аглядваў забітых; калі ўпэўніўся, што ўсе ворагі мёртвыя, ён падышоў да Давіда і разрэзаў яго кайданы. Бедны псалмаспявак не рухаўся да апошняй хвіліны і стаяў, цярпліва чакаючы вызвалення.
— Вось,— заўважыў разведчык, адкідваючы апош-
ні вярбовы дубец,— вы зноў свабодныя, хоць, відаць, нават зараз можаце карыстацца вашаю свабодаю не менш, чым у хвіліны, калі ўпершыню з’явіліся на свет. Калі парада чалавека, які пражыў большую палову свайго жыцця ў дзікіх мясцінах, не пакрыўдзіць вас, я са шчырым задавальненнем выкажу вам свае думкі. Дык вось, раю вам развітацца з інструментам, які вы хаваеце ў кішэні камізэлькі. Прадайце яго першаму сустрэчнаму дурню і на здабытыя грошы купіце якуюнебудзь патрэбную зброю, хоць бы самы звычайны кавалерыйскі пісталет.
— He маё гэта: бразгаць зброяй, трубныя гукі перад бітваю, хвалебныя і ўдзячныя гімны — перамозе,— адказаў вызвалены Давід.— Сябра,— дадаў ён і ласкава працягнуў сваю тонкую, худую руку паляўнічаму, у гэтую хвіліну яго павекі пачалі хутка міргаць, а вочы завільготнелі,— я ўдзячны табе за тое, што мае валасы засталіся там, дзе іх змясціла прырода. Канечне, валасы іншых людзей, можа, мякчэйшыя, больш шаўкавістыя і кучаравяцца больш прыгожымі кудзеркамі, аднак я заўсёды лічыў, што мае валасы болей прыдатныя для той галавы, якую яны пакрываюць. Я не ўступаў у барацьбу не толькі таму, што змалку маю прыроджаную агіду да бітваў, але таму, што на мне былі накінутыя язычнікамі ланцугі. Адважным і спрытным быў ты ў барацьбе, і я хачу падзякаваць табе, раней чым пачаць спаўняць іншыя, больш важныя абавязкі. Я раблю гэта, бо ты даказаў, што годны пахвалы хрысціяніна.
— Мая паслуга — дробязь, аб якой не варта ўспамінаць. Калі вы застанецеся з намі, то ўбачыце шмат такіх жа крывавых сутычак,— адказаў паляўнічы, палагоднеўшы, калі ўбачыў шчыры выраз удзячнасці псалмаспевака.— Я вярнуў сабе майго старога сябра і спадарожніка. Вось ён, верны «аленебой»,— дадаў Сакалінае Вока, пагладжваючы прыклад свайго ружжа,— і гэта адно ўжо — перамога! Іракезы хітрыя, але яны перамудрылі, паклаўшы зброю так далёка ад месца свайго адпачынку. Калі б толькі Ункас і яго бацька валодалі звычайнай цярплівасцю індзейцаў, мы паспелі б узяць зброю і дружным залпам расправіліся з усёй зграяй і з ашуканцам, які збег ад нас.
Разведчык сеў на камень і пачаў уважліва азіраць сваё ружжо.
Гамут таксама апусціўся на зямлю і выцягнуў з кішэні маленькую кніжачку, а таксама акуляры ў жалезнай аправе. Узняўшы вочы да неба, ён прамовіў:
— Давайце, сябры мае, разам са мною ўзнясём хвалу за наш незвычайны паратунак ад варварскіх рук няверных паганцаў. Прашу вас, выліце вашы пачуцці ў чароўнай і ўрачыстай песні пад назваю «Нарсгамптон».
Пасля такога ўступу ён паказаў старонку і верш, з якога пачыналіся выбраныя ім строфы; паднёс да губ свой камертон, робячы ўсё гэта з той урачыстасцю, з якой ён вось так рыхтаваўся спяваць пад купалам храма. Але на гэты раз ніхто з прысутных не падтрымаў яго. Кора і Аліса ў гэтую хвіліну аддаваліся шчырай пяшчоце адна да адной, а Хейвард не адрываў ад іх позірку. He бянтэжачыся малалікасцю сваіх слухачоў, якая складалася з аднаго толькі нахмуранага разведчыка, Гамут заспяваў і давёў свяшчэнную песню да канца без усялякіх перашкод.
Сакалінае Вока слухаў спакойна, папраўляючы крэмень ружжа і зараджаючы яго; гімн не абудзіў хвалявання ў душы Сакалінага Вока. Ніколі яшчэ спявак не выяўляў свайго таленту перад такой нячулай аўдыторыяй.
Паляўнічы пахітаў галавою і прашаптаў некалькі незразумелых слоў, сярод якіх было чуваць толькі «горла» і «іракезы», пасля падняўся з месца і адышоў, каб сабраць і агледзець гатоўнасць усяго арсеналу гуронаў. Чынгачгук, памагаючы яму, адшукаў ружжо Ункаса і сваё ўласнае. Хутка нават Хейвард і Давід ужо мелі зброю; куль і пораху таксама хапала. Калі жыхары лясоў падабралі ўсё неабходнае і падзялілі трафеі, Сакалінае Вока аб’явіў, што пара рушыць у дарогу. У гэты час Давід Гамут закончыў спевы, а сёстры паспелі апамятацца. Падтрыманыя пад локці Дунканам і малодшым з магікан, дзяўчаты спусціліся з крутога, абрывістага ўзгорка, на які нядаўна падымаліся зусім пры іншых абставінах і чыя вяршыня ледзь не з’явілася сведкай іхняй пагібелі. Ля яго падножжа яны ўбачылі нараганзетаў, якія скублі траву і лісце кустоўя. Аліса і Кора селі на коней і падаліся ўслед за правадніком, які толькі што яшчэ раз паказаў ім сваю дружбу.