Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

Апошні з магікан

Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
79.09 МБ
— Клянуся, паненкі, мне вельмі шкада, што так здарылася,— прамовіў малады салдат і прыязна прыклаў руку да брыля,— але што рабіць: зменлівасць вайны! Вы ўбачыце, што наш генерал — прыстойны чалавек і вельмі ветлівы з дамамі.
— Такі звычай вайскоўцаў,— па-французску сказала Кора, выдатна валодаючы сабою.— Да пабачэння. Жадаю, каб вам даручылі выкананне якога-небудзь больш прыстойнага абавязку.
Салдат ветліва і нізка схіліўся перад ёй, а Хейвард прамовіў: «Добрай ночы, дружа»,— і ўсе падарожнікі зноў павольна рушылі ў дарогу, даўшы магчымасць вартавому хадзіць туды-сюды па беразе маўклівага возера. He дапускаючы думкі, што ворагі маглі паступіць з такой вар’яцкай смеласцю, ён напяваў песенку, якая ўзнікла ў яго памяці пры выглядзе дзяўчат і, можа быць, пры ўспаміне аб сваёй любімай далёкай Францыі: «Vive le vin, vive 1’amour!»1
— Якое шчасце, што вам удалося паразумецца з гэтай шэльмай! — прашаптаў разведчык, мінуўшы возера.— Ен можа падзякаваць богу за тое, што прыязна
1 «Няхай жыве віно, няхай жыве каханне!»
абышоўся з вамі. У іншым выпадку сярод касцей яго суайчыннікаў знайшлося б месца і для яго шкілета...
Сакалінае Вока не мог працягваць; яго перапыніў працяглы і глухі стогн, што даносіўся ад маленькага возера; здавалася, быццам душы забітых сапраўды ўсё яшчэ блукалі каля сваёй вадзяной магілы.
— Ці не праўда, гэты салдат быў з плоці? — працягваў разведчык.— Hi адзін дух не мог бы так спрытна спраўляцца з ружжом.
— Так, гэта быў жывы чалавек, толькі ці застаўся бедалага жывы,— невядома, і ў гэтым можна сумнявацца,— адказаў Хейвард, азіраючыся вакол і бачачы, што побач няма Чынгачгука.
Пачуўся другі стогн, яшчэ цішэйшы, пасля пачуўся глухі ўсплёск вады, і зноў запанавала мёртвая цішыня.
Маленькі атрад стаяў у нерашучасці, не ведаючы, што рабіць. У гэты час з гушчэчы галін выслізнула постаць індзейца. Правадыр магікан падыходзіў да сваіх спадарожнікаў. Адной рукою ён прывязваў да свайго пояса скальп няшчаснага француза, а другой папраўляў скальпіравальны нож і тамагаўк, што былі заплямленыя крывёю маладога салдата. Індзеец спакойна вярнуўся на сваё ранейшае месца з выглядам чалавека, які выканаў ухвальны абавязак.
Разведчык апусціў прыклад свайгоружжаназямлю, паклаў рукі на яго рулю і спыніўся ў глыбокім задуменні. Нарэшце, сумна пахітаўшы галавою, ён прамармытаў:
— А ўсё-такі шкада, што гэта здарылася з вясёлым маладым чалавекам са старой краіны, а не з якім-небудзь мінгам!
— Хопіць! — сказаў Хейвард; ён баяўся, каб сёстры, якія яшчэ нічога не ведалі, не зразумелі прычыны прыпынку маленькага атрада.— Справа зроблена, і хоць было б лепш, каб не адбылося нічога такога, але зробленага не зменіш. Аднак мы, відаць, знаходзімся на лініі непрыяцельскіх вартавых.
— Так,— прамовіў, схамянуўіпыся ад роздуму, Сакалінае Вока,— сапраўды, не варта больш думаць пра тое, што здарылася. Так-так, як відаць, вакол форта сабралася шмат французаў і перад намі паўстала нялёгкая задача.
— Да таго ж у нас мала часу,— дадаў Хейвард,
падняўшы вочы на туманныя аблокі, якія хавалі месяц, што пачынаў заходзіць.
— Так, мала,— паўтарыў разведчык.— Але мы можам праслізнуць у форт двума шляхамі.
— Скажыце хутчэй як — час падганяе.
— Першы спосаб наступны: дзяўчаты павінны сысці з коней і адпусціць бедных жывёл на волю. Мы пашлём наперад магікан, і тады нам, можа быць, удасца прабіцца праз лінію варожых вартавых і ўвайсці ў форт па целах забітых французаў...
— Не-не,— перапыніў яго Хейвард.— Салдат яшчэ мог бы прарвацца такім чынам, але з нашымі спадарожніцамі пра гэта нельга і думаць.
— Сапраўды, гэта быў бы занадта крывавы і цярністы шлях для іх ног,— згадзіўся разведчык,— аднак з-за павагі да ўласнай мужнасці я лічыў сваім абавязкам успомніць пра яго. Значыць, нам прыйдзецца павярнуць і мінуць лінію французскіх умацаванняў, пасля зрабіць круты паварот да захаду і ўвайсці ў горы. Там я схаваю вас, што праклятыя наёмнікі не адшукаюць нашьіх слядоў.
— Няхай так і будзе, і чым хутчэй, тым лепш.
Далейшых парад і разваг не трэба было. Сакалінае Вока сказаў толькі: «Ідзіце за мною» — і рушыў назад па тым шляху, якім прывёў падарожнікаў да такога небяспечнага становішча.
Яны былі асцярожныя, іх ногі ступалі нячутна: амаль кожную хвіліну яны маглі сустрэць вартавога або французскі пікет, які залёг у засадзе.
Зноў мінуўшы возера, Хейвард і разведчык скоса паглядзелі на яго страшную, панылую ваду. Дарэмна іх позірк адшукваў цела таго, хто нядаўна пахаджваў па маўклівым беразе, толькі слабое калыханне даказвала ім, што вада яшчэ не зусім устаялася пасля крывавага пабоішча.
Сакалінае Вока змяніў накірунак і пайшоў да гор, якія былі заходняй мяжою вузкай нізіны; цяпер ён хуткімі крокамі вёў сваіх падарожнікаў, намагаючыся трымацца ў цяні высокіх зубістых вяршыняў. Шлях зрабіўся цяжэйшы: даводзілася ісці па няроўнай зямлі, усыпанай камянямі, перакрыжаванай равамі, і маленькі атрад пачаў рухацца марудней. 3 двух бакоў высіліся аголеныя чорныя горы, абуджаючы ў падарожнікаў усведамленне небяспекі. Нарэшце атрад
пачаў павольна падымацца па ўзгорыстай сцяжынцы, што звівалася паміж каменнямі і рэдкімі дрэвамі.
Па меры таго як падарожнікі падымаліся на гару, густы туман, што звычайна бывае перад пачаткам дзённага святла, пачаў рассейвацца. Выходзячы з-пад галля чэзлых дрэў, што чапляліся за аголеныя схілы гор, і ступіўшы на пляскатую імшыстую скалу, падарожнікі ўбачылі: пачало світаць над вяршынямі зялёных сосен, якія пакрывалі гару на супрацьлеглым беразе Харыкена.
Разведчык прапанаваў Коры і Алісе злезці з коней, раскілзаў нараганзетаў, зняў са стомленых жывёл сёдлы і даў магчымасць ім адшукваць сабе бедную ежу — скубці лісце кустоў і хілую траву.
— Ідзіце,— сказаў ён коням,— пастарайцеся адшукаць сабе харч там, дзе вам яго дасць прырода, ды глядзіце не трапляйце на зубы драпежных ваўкоў, якія блукаюць у гэтых гарах!
— Але хіба нам больш не патрэбныя коні? — спытаў Хейвард.
— Глядзіце і вырашайце самі,— сказаў разведчык, падыходзячы да ўсходняга краю гары і знакам запрашаючы ўсіх таксама зрабіць тое ж.— Калі б можна было так выразна бачыць людскія сэрцы, як лагер Манкальма з гэтых мясцін, мала б засталося крывадушных, і хітрасць мінгаў страціла б сілу.
Падышоўшы да абрыву, падарожнікі адразу выявілі, наколькі былі слушныя словы разведчыка і зразумелі, чаму ён прывёў іх на вяршыню гэтай гары.
Яна падымалася прыкладна на тысячу футаў і ўяўляла сабой высокі конус, адно з адгор’яў горнага ланцуга, які на шмат міль цягнуўся па заходнім беразе возера, сустракаючыся з іншымі аграмадзінамі на той бок Харыкена. Уся паўднёвая палова Харыкена ляжала зараз перад падарожнікамі як на далоні.
На самым беразе возера, бліжэй да яго заходняга боку, былі відаць доўгія земляныя валы і нізкія пабудовы крэпасці Уільям-Генры. Хвалі абмывалі падмурак двух невысокіх бастыёнаў, а глыбокі роў і вялікае балота ахоўвалі астатнія бакі і куты форта. Вакол умацаванняў лес быў высечаны, але ўсе астатнія краявіды прырода ахутвала зялёным покрывам, апроч тых мясцін, дзе празрыстыя воды лашчылі вока або грозныя скалы падымалі свае аголеныя галовы. Пад крэ-
паснай лініяй стаялі вартавыя; за сценамі падарожнікі ўбачылі салдат, якія драмалі пасля бяссоннай ночы. На паўднёвым усходзе, зусім па суседстве з фортам, рассцілаўся абаронены траншэямі лагер; ён месціўся на скалістым узгорку, што быў найболып зручнай мясцінаю для крэпасці. Сакалінае Вока паказаў сваім спадарожнікам той атрад, які пакінуў форт Гудзон адначасова з маёрам. Крыху паўднёвей з лесу падымаліся цёмныя клубы дыму; відаць, там заселі значныя варожыя сілы.
Аднак маладога афіцэра больш за ўсё цікавіла тое, што ён бачыў на заходнім беразе возера. На паласе зямлі, якая яму здавалася занадта вузкай для вялікага атрада. Батарэі былі ўмацаваныя наперадзе, і якраз у той час, калі падарожнікі глядзелі на гэтую карціну, якая рассцілалася, як карта, перад імі, грукат артылерыі даляцеў з даліны і пранёсся ўздоўж усходніх гор, абуджаючы ў скалах грымотныя водгукі.
— Ранішнія промні ледзь-ледзь асвятлялі іх там, унізе,— спакойна і як бы ў задуменні сказаў разведчык,— і вартавыя надумаліся пабудзіць тых, хто спіць, гарматным стрэлам. Мы спазніліся на некалькі гадзін! Манкальм ужо напоўніў лясы сваімі праклятымі іракезамі.
— Сапраўды, крэпасць абкладзена,— адказаў Дункан.— Але хіба нельга прыдумаць спосаб прабрацца ў форт? Лепш трапіць у палон у сценах форта, чым зноў апынуцца ў руках індзейцаў.
— Паглядзіце! — усклікнуў разведчык, міжволі прымусіўшы Кору звярнуць увагу на той акраек форта, дзе стаяў дом яе бацькі.— Глядзіце, як ад стрэлу паляцелі каменні каменданцкага дома! Французы разбураць яго хутчэй, чым ён быў пабудаваны, хоць будынак моцны і сцены яго тоўстыя.
— Хейвард, мне невыносна цяжка, што мой бацька знаходзіцца ў небяспецы і я не магу падзяліць яе! — з хваляваннем сказала бясстрашная Кора.— Хадзем да Манкальма, папросім яго даць мне пропуск. Ен не асмеліцца адмовіць у гэтай даччыной просьбе.
— Наўрад ці вы надыдзеце да шатра француза, захаваўшы валасы на галаве,— шчыра сказаў разведчык.— Вось калі б у мяне была хоць адна з тысячы лодак, якія без карысці стаяць там, уздоўж берага, мы яшчэ маглі б прабрацца ў непрыяцельскі лагер.
Але глядзіце, хутка стральба спыніцца: насоўваецца туман, які ператворыць дзень у ноч і зробіць індзейскую стралу небяспечней выдатнейшай гарматы. Калі вы маеце даволі сілы, каб ісці ўслед за мною, я пайду паперадзе, бо жадаю ўвайсці ў форт Уільям-Генры хоць бы для таго, каб разагнаць гэтых сабак мінгаў, якія, як я бачу, хаваюцца на ўскрайку бярозавага гайка.
— Так, мы адчуваем сябе даволі моцнымі,— цвёрда сказала Кора,— і гатовы сустрэцца з любою небяспекаю.
Разведчык павярнуўся да яе з усмешкай сардэчнай пахвалы і адказаў:
— Шчыра кажучы, я хацеў бы, каб у мяне была тысяча мужных малайцоў, якія так жа мала баяліся б смерці, як вы. Тады менш чым праз тыдзень я адагнаў бы французаў у іх бярлогу... Але,— дадаў Сакалінае Вока, звяртаючыся да астатніх спадарожнікаў,— туман паўзе так хутка, што мы ледзь-ледзь паспеем захапіць яго ў раўніне і схавацца ў яго клубах. Помніце ж, калі са мною што-небудзь здарыцца, трымайцеся так, каб вецер абвяваў вашу левую шчаку, а яшчэ лепш — ідзіце ўслед за магіканамі: ні днём, ні ноччу яны не саб’юцца з дарогі.