Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
У той перыяд, пра які мы пішам, Манкальм быў у росквіце гадоў і дасягнуў зеніту сваёй славы. Але нават у гэтым становішчы ён быў ветлівы і столькі ж
славіўся ветлівасцю, колькі і рыцарскай мужнасцю. Дункан адвёў вочы ад постаці злоснага Магуа і павярнуўся да генерала.
— Маёр,— пачаў па-французску Манкальм,— я вельмі рады... Ба! Дзе ж перакладчык?
— Мне здаецца, ён нам не патрэбен,— сціпла па-французску адказаў Хейвард,— я крыху размаўляю на вашай мове.
— Ах, я вельмі рады! — сказаў Манкальм і, па-сяброўску ўзяўшы Дункана пад руку, адвёў яго ў глыбіню свайго шатра, далей ад слухачоў.— Я ненавіджу гэтых жулікаў: ніколі не ведаеш, як трымацца з імі. Значыць,— працягваў ён,— хоць я вельмі ганарыўся б, калі б мне ўдалося прыняць вашага начальніка, я шчаслівы, што ён палічыў патрэбным прыслаць сюды такога выдатнага афіцэра, як вы.
Дункан нізка схіліўся: камплімент яму спадабаўся, хоць ён меў цвёрдую задуму не паддавацца на хітрыя выкрунтасы Манкальма. Манкальм памаўчаў імгненне, быццам задумаўшыся, пасля зноў загаварыў:
— Ваш начальнік — храбры чалавек, добра здольны адбіваць мае напады. Але скажыце, маёр, ці не час вам прыслухацца да голасу міласэрнасці, адкінуўшы доказы вашай храбрасці, якая і без таго бясспрэчная? Міласэрнасць жа і храбрасць у роўнай ступені характарызуюць героя.
— На нашу думку, дзве гэтыя якасці звязаны непарыўна,— з усмешкаю адказаў Дункан.— Бачачы ў адказе вашага правасхадзіцельства прычыны, што ўзбуджаюць храбрасць, мы да гэтага часу не мелі выпадку адказаць вам міласэрнасцю на міласэрнасць.
У сваю чаргу, Манкальм злёгку нахіліўся, зрабіўшы гэта з выглядам чалавека, які прывык да ліслівасці і не звяртаючы на яе вялікай увагі. Падумаўшы імгненне, ён дадаў:
— Можа, мае падзорныя трубы падманулі мяне і вашы ўмацаванні лепш выносяць кананаду маіх гармат, чым я ўяўляў? Вы ведаеце нашы сілы?
— Звесткі, якія мы атрымліваем, розныя,— нядбайна заўважыў Дункан,— але вышэйшая лічба, якую далі нам, не перавышала дваццаці тысяч чалавек.
Француз закусіў губу і ўталопіўся позіркам у твар свайго субяседніка, як бы жадаючы прачытаць яго думкі. Але хутчэй з уласцівым для яго моцным
характарам ён працягваў гаварыць, быццам пацвярджаючы праўдзівасць лічбы, што ўдвая перавышала колькасць яго войска: .
— Непахвальна для нашай пільнасці, маёр, што нягледзячы на ўсе намаганні, мы ніяк не зможам утаіць сілы нашай арміі, а здавалася б, што гэта лягчэй за ўсё зрабіць у тутэйшых вялізных лясах. Мне сказалі, што камендантавы дочкі трапілі ў форт пасля пачатку аблогі.
— Гэта праўда, маркіз, але яны зусім не пазбаўляюць нас мужнасці; наадварот — самі даюць прыклад смеласці і цвёрдасці. Калі б толькі адна рашучасць была патрэбная, каб адбіць націск такога выдатнага генерала, як маркіз дэ Манкальм, я ахвотна даручыў бы абарону форта Уільям-Генры старэйшай з міс Мунро.
— Высакародныя якасці пераходзяць па спадчыне, а таму я ахвотна веру вам, хоць, як ужо сказаў раней, мужнасць мае свае межы і не трэба забываць пра ветлівасць. Спадзяюся, маёр, вы з’явіліся да мяне з прапановаю здаць крэпасць?
— Хіба ваша правасхадзіцельства лічыць нашу абарону да такой ступені хілай, што думае пра гэтую меру як самую неабходную?
— Мне было б сумна бачыць, што абарона зацягваецца. Яе працягласць раздряжняе маіх чырванаскурых сяброў,— працягваў Манкальм і, не адказваючы на запыт Дункана, акінуў позіркам гурт насцярожаных індзейцаў.— Нават зараз я з цяжкасцю стрымліваю іх.
Хейвард прамаўчаў, бо ў яго свядомасці ўваскрэслі сумныя ўспаміны пра тую небяспеку, якой ён нядаўна пазбег, і ўзніклі вобразы безабаронных істот, якія падзялілі гэтыя пакуты.
— Такія панове,— прадаўжаў Манкальм, карыстаючыся, як ён выдатна разумеў, перавагаю свайго становішча,— асабліва страшныя ў хвіліны раздражнёнасці, і не трэба казаць вам, як цяжка стрымліваць іх злосць. Дык што ж, маёр? Ці не пагаварыць нам пра ўмовы?
— Баюся, што вы, ваша правасхадзіцельства, падмануліся пра стан крэпасці Уільям-Генры і лік яе гарнізона.
— Я стаю не перад Квебекам — перада мною толькі земляныя ўмацаванні, абароненыя дзвюма тысячамі
трохстамі храбрых воінаў,— пачуўся лаканічны адказ.
— Канечне, нас акружаюць земляныя валы, форт не размешчаны на скалах мыса Дайманд, але ён узвышаецца на беразе, які быў такім пагібельным для абароны Дзіскау і яго атрада. А на адлегласці кароткага пераходу ад нашых умацаванняў стаіць моцнае войска, якое мы лічым чаеткаю нашых абаронных сродкаў.
— Шэсць або восем тысяч чалавек! — запярэчыў Манкальм, відаць, з поўнай раўнадушнасцю.— Кіроўца гэтых сіл лічыць, што яго салдаты знаходзяцца ў болыпай бяспецы за сценамі форта Эдвард, чым у адкрытым полі.
Зараз.Хейвард, у сваю чаргу, закусіў губу, са скрухаю пачуўшы, як холадна ўспомніў генерал пра атрад, лік якога, як малады чалавек ведаў, быў наўмысна перабольшаны. Абодва памаўчалі ў роздуме. Нарэшце Манкальм узнавіў размову, і зноў у такіх выразах, якія даказвалі, што ён уяўляе, быццам Хейвард з’явіўся да яго з адзінаю мэтаю — абгаварыць умовы здачы крэпасці; Хейвард жа асцярожна спрабаваў даведацца ад генерала, якія адкрыцці зрабіў ён, перахапіўшы ліст Веба. Аднак хітрыя выкрунтасы аднаго і другога ні да чога не прывялі, і пасля працяглай бясплённай гутаркі Дункан развітаўся з маркізам, несучы з сабою прыемны ўспамін пра ветлівасць і талент французскага камандуючага, але так і не даведаўшыся, для чаго заходзіў у яго палатку. Манкальм правёў Дункана да выхада, зноў прапаноўваючы каменданту форта прызначыць яму тэрміновае спатканне на раўніне паміж двума лагерамі.
Нарэшце яны развіталіся. Дункан вярнуўся да перадавога французскага паста — зноў у суправаджэнні французскага афіцэра, адтуль ён тут жа рушыў да сябе ў форт і адразу накіраваўся да свайго камандзіра.
РАЗДЗЕЛ XVI
Ліст спярша чытай, затым ідзі на бітву.
Шэкспір. «Кароль Лір»
Хейвард убачыў Мунро ў кампаніі Коры і Алісы. Аліса сядзела на каленях у палкоўніка, перабіраючы сваімі пальчыкамі ягоныя сівыя валасы; калі бацька
прытворна хмурыў бровы ад яе дзіцяцтва, яна супакойвала напускны гнеў старога, ласкава прыціскаючыся пунсовымі вуснамі да яго маршчыністага лба. Кора сядзела побач, са спакойнай усмешкаю пазіраючы на гэта, сочачы за рухамі сваёй малодшай сястры з той мацярынскай пяшчотаю, якая была характэрнай рысаю яе любові да Алісы. He толькі небяспека, так нядаўна перажытая дзяўчатамі, але і ўсё, што пагражала ім сёння-заўтра, здавалася, было забыта ў час гэтай пяшчотнай сямейнай сцэны. Здаецца, усе спяшаліся нацешыцца кароткімі хвілінамі перамір’я, спакою і бяспекі. Дзяўчаты забыліся пра свае насцярогі, а бацька-ветэран — пра свае турботы. Дункан, спяшаючыся даць вестку пра тое, што вярнуўся, спыніўся і некалькі імгненняў моўчкі цешыўся цудоўнай карцінаю. Але жвавы Алісін позірк хутка заўважыў адлюстраванне ягонай постаці ў люстэрку. Запунсавеўшы, яна саскочыла з бацькавых каленяў і гучна ўсклікнула:
— Маёр Хейвард!
— Ты хочаш ведаць, дзе ён? — спытаў Мунро.— Я паслаў яго папераліваць з пустога ў паройсняе з французам... Ах, сэр, вы малады, увішны і ўжо вярнуліся!.. Ну, гарэзніца, не забаўляй мяне сваёй балбатнёю. Хіба тут не даволі клопатаў салдату і без твайго шчабятання?
Аліса засмяялася і падалася за Корай — тая паімкнулася да дзвярэй, разумеючы, што ім заставацца няёмка.
Замест таго каб спытаць Дункана пра вынікі ягонай місіі, Мунро некалькі імгненняў хадзіў туды-сюды па пакоі, заклаўшы рукі за спіну і апусціўшы галаву, як чалавек, які глыбока ўвайшоў у свае думы. Нарэшце ён падняў вочы, поўныя бацькоўскай любові, і заўважыў:
— Гэта цудоўныя дзеці, Хейвард! Кожны бацька меў бы права пахваліцца імі.
— Вам зусім не трэба пытаць пра маю думку аб іх, сэр...
— Праўда, малады чалавек, праўда,— перапыніў яго нецярплівы стары.— Вы збіраліся паўней сказаць сваё слова наконт гэтага ў той дзень, калі ўвайшлі ў форт, але я палічыў, што старому салдату няварта гаварыць пра вясельнае блаславенне і свята ў такі час, калі ворагі яго караля могуць зрабіцца някліканымі гасцямі
ў час балю. Але я не меў рацыі, Дункан, мой хлопча, я памыляўся і ў гэтую хвіліну гатовы выслухаць вас.
— Нягледзячы на тое задавальненне, якое вашыя словы прыносяць мне, дарагі сэр, я павінен перш за ўсё перадаць вам даручэнне Манкальма...
— Няхай француз і ўсе ягоныя палкі выбіраюцца да д’ябла, сэр! — амаль крыкнуў запальчывы ветэран.— Ен яшчэ не авалодаў фортам Генры, ды і не авалодае ім, калі толькі Веб зробіць так, як павінен зрабіць. He, сэр, мы, дзякуй богу, яшчэ не ў такім цяжкім стане, каб хто-небудзь меў права сказаць, быццам бы Мунро так заклапочаны, што не здольны падумаць пра сябе і свае сямейныя клопаты. Ваша маці была адзінай дачкою майго сумленнага сябра, Дункан, і я выслухаю вас зараз, хоць бы ўсе рыцары ордэна святога Людовіка стаялі каля варот нашай крэпасці на чале з самім святым і прасілі міласці пагутарыць са мною!
Заўважыўіпы, што Мунро са злосным задавальненнем выказвае наўмысную пагарду да даручэння французскага генерала, Хейвард рашыў падпарадкавацца часоваму старэчаму капрызу, што, ён ведаў, не мог зацягнуцца надоўга, і таму паспрабаваў адказаць як мага спакайней.
— Як вам вядома, сэр, я асмеліўся заявіць прэтэнзіі на гонар зрабіцца вашым сынам.
— Так-так, мой хлопча, памятаю. Вашыя словы былі даволі шчырыя і зразумелыя. Але давайце адкажыце мне: ці так вось ясна вы гаварылі з маёй дачкою?
— Клянуся гонарам, не! — горача ўсклікнуў Дункан.— Калі б я скарыстаў выгоды майго становішча і выказаўся, то я парушыў бы ваш давер.
— У вас разуменне сапраўднага джэнтльмена, маёр Хейвард, і гэта вельмі ўхвальна. Але Кора Мунро — сціплая дзяўчына і не мае патрэбы ў чыёй-небудзь апецы, хоць бы ў апецы бацькоўскай.
— Кора?..
— Так, Кора. Мы ж гаворым пра вашу прэтэнзію на руку міс Мунро, сэр?
— Я... я... я... Здаецца, я не ўзгадваў імені,— запінаючыся, прамовіў Дункан.
— Дык чыёй жа рукі вы прасілі ў мяне, маёр Хейвард? — спытаў стары воін, не хаваючы пакрыўджаных пачуццяў.
— У вас ёсць яіпчэ адна і не менш прывабная дачка.
— Аліса?..— усклікнуў стары з такім жа здзіўленнем, з якім Дункан нядаўна паўтарыў імя яго старэйшай дачкі.