Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

Апошні з магікан

Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
79.09 МБ
Махнуўшы рукою сваім сябрам, разведчык асцярожнымі крокамі пачаў спускацца са спадзістага схілу. Хейвард падтрымліваў сясцёр, і хутка ўсе апынуліся недалёка ад падножжа гары, на якую нядаўна ўзбіраліся з такою цяжкасцю.
Трымаючыся напрамку, які выбраў Сакалінае Вока, падарожнікі сышлі на раўніну насупраць заходніх варотаў форта Уільям-Генры. Крэпасць была зараз за паўмілі; густы туман хаваў падарожнікаў ад непрыяцельскіх вачэй. Аднак тут ім прыйшлося спыніцца і пачакаць, каб туманістая смуга ахутала сваім вільготным покрывам варожы лагер. Карыстаючыся прыпынкам, магікане выслізнулі з ляснога гушчару і пачалі азіраць акаляючую мясцовасць. Разведчык крочыў на невялікай адлегласці ад іх.
Праз некалькі імгненняў Сакалінае Вока вярнуўся з расчырванелым ад прыкрасці тварам.
— Хітры француз паставіў пікет якраз на нашым шляху,— сказаў ён.— Тут і чырванаскурыя, і белыя, і ў гэтым тумане мы з такім жа поспехам можам трапіць у рукі ворагаў, як і мінуць іх.
Ці нельга, зрабіўшы круг, абысці пікет, а калі небяспека міне, вярнуцца на сцяжынку? — спытаў Хейвард.
— Але хіба можна, пакінуўшы ў тумане раз выбраны накірунак, з упэўненасцю сказаць, калі і ў якую хвіліну зноў адшукаеш сваю дарогу? Туманы Харыкена — не тое, што дым люлькі міру або дым, які ўецца над вогнішчамі, раскладзенымі для таго, каб абараніцца ад маскітаў...
He паспеў ён дагаварыць, як пачуўся грукат гарматы; снарад пранёсся праз гушчар, ударыў у дрэва і, адскочыўшы ад яго ствала, упаў на зямлю.
Услед за страшным прадвеснікам імгненна паказаліся індзейцы. Ункас ажыўлена загаварыў на дэлаварскім дыялекце.
— Можа быць, і так, хлопчык,— прамармытаў разведчык, калі малады магіканін замоўк.— Хадземце, туман насоўваецца!
— He, стойце! — крыкнуў Хейвард.— Спачатку патлумачце: на што вы спадзеяцеся?
— Патлумачыць нашыя планы няцяжка, і ведайце, што ў нас мала надзеі на поспех. Аднак усё ж лепш мець якую-небудзь надзею. Ядро, якое вы бачыце,— дадаў Сакалінае Вока, адпіхваючы нагою бясшкодны снарад,— па дарозе з умацавання ўзрыла зямлю, і нам прыйдзецца адшукваць зробленую ім баразну, калі ўсе іншыя прыкметы шляху знікнуць. Зараз даволі слоў, ідзіце за мною, бо туман можа расплыцца, і ў такім выпадку, стоячы паміж сябрамі і ворагамі, апынемся пад іх перакрыжаваным агнём.
Хейвард зразумеў, што наступіла сапраўды вырашальная хвіліна, калі трэба дзейнічаць, а не гаварыць. Ен стаў паміж сёстрамі і хутка павёў іх наперад, не спускаючы позірку з малавыразнай у густым тумане постаці разведчыка. Хутка высветлілася, што Сакалінае Вока не перабольшваў тумановай гушчыні: менш чым праз дваццаць ярдаў іх ахуталі такія густыя клубы, што яны з цяжкасцю бачылі адзін аднаго.
Падарожнікі зрабілі невялікі круг у левы бок, пасля павярнулі направа. Хейвард уяўляў ужо, што яны прайшлі палову шляху, які аддзяляў іх ад умацавання сяброў, але раптам, відаць, за футаў' дваццаць ад іх, пачуўся рэзкі вокліч на французскай мове:
1 Ф у т — мера даўжыні, роўная 0,305 метра.
— Хто ідзе?
— Наперад! — шапнуў разведчык, паварочваючы налева.
У тую самую хвіліну з дзесятак галасоў паўтарыла гэтае пытанне, і ў кожным чулася пагроза.
— Гэта я! — крыкнуў па-французску Дункан і хутчэй пацягнуў, чым павёў за сабою сваіх спадарожніц.
— Дурань! Хто «я»?
— Сябра Францыі.
— А мне здаецца, ты больш падобны на ворага Францыі. Стой, a то, клянуся, я пераўтвару цябе ў д’яблавага сябра!.. Страляйце, сябры! Плі!
Загад тут жа выканалі: стрэлы пяці — дзесяці ружжаў разарвалі туман. На шчасце, цэль была няясная, і кулі праляцелі побач; аднак яны праляцелі так блізка ад уцекачоў, што нявопытнаму слыху Давіда і дзяўчат здалося, быццам яны празвінелі ў некалькіх дзюймах ад іх вушэй.
Зноў пачуліся вокрыкі, і Хейвард ясна зразумеў словы загаду не толькі працягваць страляць, але і наладзіць пагоню. Калі ён растлумачыў, што значылі варожыя крыкі, Сакалінае Вока спыніўся і, хутка прыняўшы рашэнне, цвёрда прамовіў:
— Стрэлім у іх усе адразу. Яны падумаюць, што нашы зрабілі вылазку, і адступяць або спыняцца, чакаючы падмацавання.
Гэты выдатна задуманы план не ўдаўся. Ледзь французы пачулі стрэлы, уся раўніна ажыла, ружжы заклацалі на ўсім яе працягу — ад берагоў возера і да самага аддаленага ляснога ўскрайку.
— Мы прыцягнем на сябе ўвесь атрад! — усклікнуў Дункан.— Сябра мой, вядзіце нас наперад, да форта, калі вам дарагое асабістае жыццё і нашае!
Разведчык быў бы рады здзейсніць яго жаданне, але ён і сам не ведаў цяпер, у якім баку знаходзіцца форт; дарэмна паварочваў ён да ветрыку то адну сваю шчаку, то другую, яны абедзве адчувалі аднолькавую прахалоду. У гэтую цяжкую хвіліну Ункас наткнуўся на разору, якую пракапала гарматнае ядро.
— Пусціце мяне наперад,— сказаў Сакалінае Вока, прыгледзеўся да накірунку баразны і хутка пакіраваўся па ёй.
Крыкі, праклёны, ружэйныя стрэлы зліваліся разам і гучалі з усіх бакоў. Але раптам моцная ўспышка
святла прарэзала густы туман, гарматныя стрэлы загрымелі над далінаю, і іх грукат адбіўся ў гарах і пячорах.
— Гэта з форта! — крыкнуў, павярнуўшыся, Сакалінае Вока.— А мы, як дурні, беглі да лесу, проста пад нож макуасаў!
Выявіўшы сваю памылку, маленькі атрад адразу пачаў наганяць патрачаны час; падарожнікі напружылі ўсе свае сілы. Дункан ахвотна даручыў Ункасу падтрымаць Кору, якая з радасцю ўспрыняла дапамогу маладога магіканіна. Было зразумела, што за ўцекачамі гналіся разгарачаныя праследаваннем салдаты, і кожнае імгненне ім пагражала палонам альбо пагібеллю.
— He шкадуйце! — па-французску крыкнуў адзін з праследавацеляў, здаецца, накіроўваючы дзеянні іншых.
— Трымайцеся! Рыхтуйцеся, мае храбрацы шасцідзесятага палка! — нечакана пачуўся голас зверху.— Спачатку разгледзьце ворага. Страляць уніз, калі я аддам загад.
— Татка, тата! — данёсся з туману пранізлівы крык.— Гэта я, Аліса, твая Эльсі! Пашкадуй, выратуй нас!
— Стой! — прагучаў той самы голас з такой трывогаю і сілаю, што яго гукі дасягалі лесу і адбіваліся рэхам.— Гэта яна! Бог вярнуў мне маіх дзяцей! Адчыніце вароты! Уперад, мае малойцы! He спускайце куркоў, каб не забіць маіх авечак! Адбіце французаў штыкамі...
Дункан пачуў рып іржавых завесаў; ён кінуўся на гэты гук і ўбачыў, што з варот крэпасці выходзяць воіны ў цёмна-чырвоных мундзірах. Ен пазнаў салдат свайго ўласнага батальёна і, узначаліўшы іх, хутка змусіў ворагаў адступіць.
На імгненне перапалоханыя Кора і Аліса спыніліся: яны былі здзіўлены нечаканым знікненнем Дункана і не змаглі зразумець, чаму ён іх пакінуў. Але, раней чым дзяўчаты паспелі загаварыць або хоць бы сабрацца з думкамі, з клубоў густога туману раптам з’явіўся высокі статны афіцэр, чые валасы пасівелі ад доўгіх гадоў ваеннай службы. Ен прыціснуў Кору і Алісу да сваёй грудзіны, і пякучыя слёзы пацяклі па яго ўпалых і маршчыністых шчоках.
— Дзякую табе, божа! Няхай цяпер насунецца любая небяспека — твой слуга гатовы сустрэць яе! — гулка ўсклікнуў ён з шатландскім акцэнтам.
РАЗДЗЕЛ XV
Тады пайшлі, каб выслухаць пасла, Хоць загадзя я вам сказаць магу, Куды гаворка схіліцца француза.
Шэкспір. «Генрых V»
Французы наступалі з такімі сіламі, якім Мунро не мог з поспехам супраціўляцца. Здавалася, атрад Веба спакойна драмаў на берагах Гудзона і камендант форта Эдвард зусім забыўся пра цяжкі стан сваіх суайчыннікаў. Індзейцы, саюзнікі французаў, па загадзе Манкальма запаланілі ўсе лясы і пералескі; іх ваенныя крыкі чуліся ў брытанскім лагеры, змушаючы ледзянець кроў у людскіх сэрцах.
Натхнёны прыкладам сваіх начальнікаў, гарнізон форта, нягледзячы на ўсе нястачы, небяспеку блакады, сабраў усю сваю мужнасць і трымаўся з упартасцю, што рабіла гонар суроваму характару іх камандзіра.
Здавалася. Манкальм задаволіўся тым, што цяжкі, стамляльны пераход па пустынных лясах быў закончаны. Нягледзячы на свой вялікі ваенны вопыт, ён не спрабаваў захапіць бліжэйшыя горы, з якіх амаль беспакарана мог бы разграміць акружаных.
Дзіўная пагарда да ўзвышшаў — лепш сказаць боязь цяжкіх пад’ёмаў — можна было б назваць самай галоўнай слабасцю вядзення ваенных дзеянняў таго часу. Гэтая памылка была народжаная звычкаю да няцяжкай барацьбы з індзейцамі, у час якой рэдка будаваліся крэпасці і амаль маўчала артылерыя.
На пяты дзень аблогі і на чацвёрты свайго знаходжання ў крэпасці маёр Хейвард скарыстаў перамовы, якія завязаліся з непрыяцелем, і падняўся на сцяну аднаго з бастыёнаў, каб падыхаць свежым паветрам, якое павявала ад возера; акрамя таго, ён хацеў паглядзець, ці намнога прасунуўся праціўнік. Хейвард быў адзін, калі не лічыць вартавога, які паходжваў уперад і назад па вале. Стаяў цудоўны, спакойны вечар; ад празрыстых азёрных вод нёсся свежы, мяккі ветрык. Можна было падумаць, што разам з заканчэннем
грукату гармат і свісту ядраў сама прырода пажадала паказацца ў сваім самым лагодным і прываблівым выглядзе. Сонца залівала зямлю святлом заходзячых промняў, але ўжо без стамляльнай спёкі, якая асабліва тут пякельная ў летнія месяцы. Апранутыя свежай зелянінаю горы радавалі позірк, паўпразрыстыя воблакі кідалі на іх лёгкія цені. Шматлікія астраўкі ляжалі ў спакоі на ўлонні Харыкена; адны, нізкія, нібы тапіліся ў вадзе або былі ўсунутыя ў возера, іншыя быццам віселі над вадзянымі люстрамі, падобныя на зялёныя аксамітныя купіны. Паміж гэтымі астраўкамі былі відаць лодачкі рыбаловаў. Гэта салдаты з непрыяцельскай арміі вырашылі палавіць рыбу. Іхнія лодачкі то мірна слізгалі пад вёсламі па люстраной азёрнай роўнядзі, то стаялі нерухома.
Развяваліся два маленькія бялюткія сцяжкі: адзін — на выступаючым наперад куце форта, другі — на батарэі французаў; абодва служылі эмблемай перамір’я, дзякуючы якому наступіў перапынак не толькі ў ваенных дзеяннях, але, здавалася, і ў варожасці непрыяцеляў, якія змагаліся адзін з адным. Далей, то разгортваючыся, то зноў павісаючы і ўтвараючы складкі, хваляваліся шаўковыя сцягі Англіі і Францыі.
Каля сотні вясёлых, бесклапотных французаў лавілі рыбу; моладзь весела цягнула сетку па камяністай водмелі ў небяспечным суседстве са змрочнаю, цяпер маўкліваю гарматай форта; усходнія схілы гор паўтаралі гулкія крыкі і звонкі смех, што суправаджалі гэты занятак. Адныя з асалодаю плёскаліся ў вадзе; іншыя з цікаўнасцю, уласціваю французам, адправіліся аглядваць суседнія ўзгоркі. Французскія вартавыя назіралі за акружэнцамі; акружэнцы ж не прымалі ўдзелу ў гэтых забаўках, сачылі за імі з выглядам бестурботных, але спачувальных гледачоў. Дзе-нідзе чуліся песні; некаторыя салдаты танцавалі, і гэта прыцягвала змрочных індзейцаў, якія выходзілі са сваіх лясоў, каб паглядзець на забаўкі белых. Словам, здавалася, быццам гэтыя людзі цешацца адпачынкам святочнага дня, а не кароткімі хвілінамі перамір’я паміж крывавымі і жорсткімі баямі.