Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
— Так, я люблю яе.
Малады чалавек моўчкі чакаў, што скажа на яго словы Мунро. Палкоўнік доўга хадзіў па пакоі; яго суровыя рысы твару падрыгваліся ад сутаргі, і, здавалася, ён паглыбіўся ў роздум. Нарэшце стары спыніўся насупраць Хейварда і, зірнуўшы яму ў вочы, загаварыў:
— Дункан, я любіў вас дзеля таго, чыя кроў цячэ ў вашых жылах; я любіў за вашы асабістыя якасці; нарэшце, любіў, думаючы, што вы прынясеце шчасце маёй дачцэ. Але ўся мая любоў пераўтварылася б у нянавісць, калі б тое, чаго я баюся, аказалася праўдаю.
— Я не магу ўявіць, каб які-небудзь мой учынак ці нават думка выклікалі такую страшную перамену! усклікнуў малады чалавек, вочы якога ні на хвіліну не апусціліся пад пранізлівым позіркам Мунро.
He дапускаючы думкі, што Дункан не разумее пачуццяў, якія хвалююць бацьку, стары змякчыўся, бачачы, што Хейвард з цвёрдасцю вытрымаў яго позірк, і ўжо значна болып спакайнейшым голасам дадаў:
— Вы жадаеце зрабіцца маім сынам, Дункан, хоць зусім не ведаеце гісторыі чалавека, якога імкняцеся назваць бацькам. Сядайце, малады чалавек, і я ў некалькіх словах адкрыю вам раны майго сэрца...
У гэтую хвіліну даручэнне Манкальма было ў аднолькавай ступені забытае і Дунканам, які яго прынёс, і Мунро, якому яно дасылалася. Абодва субяседнікі адсунулі крэслы, і пакуль ветэран некалькі хвілін думаў пра штосьці, відаць, вельмі сумнае, малады афіцэр спрабаваў прыглушыць нецярплівасць, хаваючы яе пад выглядам пачцівай увагі. Нарэшце Мунро перапыніў маўчанне.
— Маёр Хейвард,'— пачаў шатландзец,— вы ведаеце, што я родам са старажытнай і высакароднай сям’і, хоць, можа, грашовыя прыбыткі сям’і не адпавядалі яе высокаму становішчу. Я быў вашых гадоў, калі абмяняўся словам вернасці з Алісай Грэхем, адзінай дачкой заможнага шатландскага сквайра. Алісін бацька не жадаў нашага саюзу, і не толькі з-за таго, што быў я, так сказаць, бедны, пагэтаму я зрабіў, як патрабаваў гонар сумленнага чалавека: вярнуў маладой дзяўчыне
яе слова і пакінуў радзіму. Я пабачыў шмат чужых краін, праліў нямала крыві ў розных краінах. Нарэшце воінскі абавязак прывёў мяне на Вест-Індскія астравы. Там я сустрэўся з дзяўчынаю, якая праз нейкі час стала маёй жонкаю і маці Коры. Яна была дачкою джэнтльмена, ураджэнца гэтых астравоў, і жанчыны, якая, на сваю бяду, калі можна так сказаць,— з горыччу працягваў стары,— мела продкаў, якія належалі да абяздоленай расы людзей, бессаромна ператвораных у рабоў дзеля дабрабыту багатых і марнатраўцаў. Але калі мне калінебудзь сустрэнецца чалавек, які асмеліцца зняважыць поглядам маю дачку, ён адчуе ўвесь цяжар майго гневу! Зрэшты, маёр Хейвард, вы самі нарадзіліся на поўдні, дзе метысаў лічаць ніжэйшаю расаю.
— На жаль, так, сэр,— сказаў Дункан і міжволі са збянтэжаннем апусціў вочы.
— I вы кідаеце гэты папрок маёй дачцэ? Вы баіцёся прынізіць кроў Хейвардаў саюзам з такой «нізкай» істотаю, хоць Кора прывабная, добрая і шчырая? — раздражнёна ўсклікнуў Мунро.
— Ніколі ў мяне не можа быць такога нявартага і дзікага настрою,— адказаў Дункан.— Але, палкоўнік Мунро, разважлівасць, прыгажосць і чароўная краса вашай малодшай дачкі могуць поўнасцю патлумачыць мае памкненні, і вам няма падставы так несправядліва абвінавачваць мяне.
— Вы маеце рацыю, сэр,— адказаў стары, і яго тон зноў зрабіўся спакойны, дакладней, мяккі.— Гэтая дзяўчынка як дзве кроплі вады падобная на сваю маці ў тыя гады, калі міс Грэхем яшчэ не пазнаёмілася з жалобаю. Калі смерць пазбавіла мяне першай жонкі, я вярнуўся ў Шатландыю. I — падумайце, Дункан! — Аліса Грэхем дваццаць гадоў жыла ў адзіноце, не беручы шлюбу ў знак памяці чалавека, які быў здольны здрадзіць ёй. Болып таго, сэр: яна забыла пра маю нявернасць і, паколькі ўсе перашкоды зніклі, згадзілася стаць маёй жонкай.
— I стала Алісінаю маці? — усклікнуў Дункан.
— Так,— сказаў стары.— Усяго год пражыў я з ёю. Гэта было нядоўгае шчасце для той, чыя маладосць звяла сярод безнадзейнага смутку.
У маркоце старога было нешта велічна-суровае, і Хейвард не асмеліўся прамовіць словы суцяшэння. Мунро сядзеў, забыўшы пра тое, што тут, побач, Дункан.
Ен не закрываў твару, на якім адбіваўся боль пакуты, і цяжкія буйныя слёзы выплывалі з ягоных вачэй. Нарэшце палкоўнік паварушыўся. Нібы схамянуўіпыся, ён падняўся з месца, абышоў пакой, спыніўся насупраць Дункана і спытаў яго сурова:
— Помніцца, маёр Хейвард, вы павінны былі перадаць мне нейкае даручэнне ад маркіза дэ Манкальма?
У сваю чаргу, Дункан на імгненне збянтэжыўся, але, зрэшты, хутка авалодаў сабою і блытана пачаў перадаваць паўзабытае маркізава даручэнне.
— Вы сказалі годна, маёр Хейвард! — усклікнуў раззлаваны стары.— Таго, што я чуў, даволі, каб напісаць цэлыя тамы трактатаў пра французскую ветлівасць. Толькі падумаць: гэты джэнтльмен запрашае мяне для перамоваў, і, калі я адпраўляю да яго заслужанага і здольнага намесніка — нягледзячы на вашу маладосць, Дункан, пра вас можна сказаць гэта,— ён адказвае мне нейкай загадкаю!
— Можа, маркіз склаў сабе не такую спрыяльную думку пра вашага пасланца, сэр! Прашу вас успомніць, што запрашэнне, якое ён зараз паўтарае, было пасланае каменданту форта, а не яго памочніку!
— Але, сэр, хіба намеснік не мае ўсю ўладу і значнасць таго, хто дае яму даручэнне? Француз жадае раіцца з Мунро? Сказаць шчыра, сэр, я адчуваю вялікае жаданне выканаць патрабаванне гэтага чалавека хаця б толькі для таго, каб паказаць яму, што мы яшчэ не страцілі цвёрдасці, нягледзячы на шматлікасць яго войска і ўсе яго прэтэнзіі. Я думаю, малады чалавек, што такі ўчынак будзе нядрэннай палітыкай.
Дункан, які лічыў, што важней за ўсё хутчэй уведаць змест ліста, перахопленага ў разведчыка, ахвотна згадзіўся з Мунро.
— Без сумнення, французскі генерал не атрымае вялікага задавальнення, калі ўбачыць ваш спакой, сэр,— сказаў ён.
— Ніколі вы не выказалі больш справядлівай заўвагі!
— Якое ж рашэнне прымеце вы адносна задуманай сустрэчы?
— Я сустрэнуся з французам, зраблю гэта неадкладна і без усякага страху. Ідзіце, маёр Хейвард! Адпраўце вестуна, які аб’явіў бы французам, хто накіроўваецца
ў іх лагер. Мы пойдзем з маленькім атрадам. I паслухайце, Дункан,— дадаў ён амаль шэптам, хоць у пакоі яны былі ўдвух,— можа, дзеля перасцярогі нам трэба размясціць паблізу дапаможны атрад на той выпадак, калі ва ўсім гэтым хаваецца здрада?
Малады чалавек выйшаў з пакоя і, паколькі дзень ужо хіліўся на вечар, паспяшаўся зрабіць усё, што яму загадаў камендант. Праз некалькі хвілін ён пастроіў салдат у шарэнгу і паслаў у французскі лагер ардынарца са сцягам, даручыўшы аб’явіць ворагам пра тое, што да іх набліжаецца камендант форта. Зрабіўшы ўсё гэта, Хейвард адвёў маленькі эскорт да Заходніх варотаў і там ужо заспеў свайго начальніка, які быў амаль гатовы адправіцца да Манкальма і толькі чакаў маёра. Ледзь скончыліся звычайныя цырымоніі, камендант і яго малады сябра пакінулі крэпасць разам з эскортам.
Яны адышлі не больш ста ярдаў ад умацаванняў, калі ўдалечыні паказалася світа французскага генерала, якая рухалася па лагчыне, што служыла жолабам для ручая, які аддзяляў батарэі акружаючых ад форта. 3 таго моманту, калі Мунро пакінуў крэпасць, яго пастава стала велічнай, а твар набыў горды выраз. Пры выглядзе белага пяра, што гайдалася на Манкальмавым капелюшы, палкоўнікавы вочы заіскрыліся, і ўся яго вялізная, моцная постаць, здавалася, памаладзела.
— Загадайце нашым салдатам быць напагатове, сэр,— шэптам сказаў Мунро Дункану.
Барабанны бой падыходзячага французскага атрада перапыніў словы старога. Англічане імгненна адказалі такім жа салютам. 3 кожнага атрада выехала па ардынарцу з белым сцягам, і асцярожны шатландзец спыніўся. Эскорт размясціўся паблізу яго. Пасля кароткіх ваенных прывітанняў Манкальм хутка і лёгка пайшоў насустрач Мунро. Ен агаліў галаву перад ветэранам, і пры гэтым бялюткае ягонае пяро амаль даткнулася да зямлі.
У манерах Мунро было больш велічы і мужнасці, але ў іх не заўважалася спакою і падманлівай ветлівасці француза. Некалькі імгненняў ні адзін з іх не прамовіў ні слова. Яны абменьваліся ўважлівымі позіркамі. Нарэшце, як таго патрабаваў вышэйшы чын Манкальма і характар сустрэчы, француз першы парушыў маўчанне. Пасля звычайных прывітанняў ён звярнуўся да
Дункана і, усміхнуўшыся яму, як знаёмаму, сказаў па-французску:
— Я вельмі рады, маёр, што вы будзеце прысутнічаць пры нашай размове. Цяпер у нас няма патрэбы прасіць памагчы перакладчыка, бо, я ведаю, вы перадасцё мае словы з такой дакладнасцю, быццам бы я сам размаўляю на вашай мове.
Дункан нахіліўся.
Манкальм павярнуўся да свайго эскорта, які, пераймаючы маленькі англійскі атрад, трымаўся бліжэй да яго, і прамовіў:
— Назад, сябры! Адступіце крыху!
Раней чым маёр Хейвард паспеў паўтарыць той жа загад як доказ свайго даверу, ён абвёў вачыма даліну і з трывогаю заўважыў у лясных гушчарах шмат індзейцаў, якія з цікавасцю назіралі за сустрэчаю двух палкаводцаў.
— Маркіз дэ Манкальм, канечне, бачыць рознае нашае становішча,— з лёгкім збянтэжаннем сказаў ён, паказваючы на чырванаскурых, якія бачыліся амаль з усіх бакоў.— Адпусціўшы нашых целаахоўнікаў, мы апынуліся б поўнасцю ў вашых руках.
— Маёр, вам дадзена слова, яно ахоўвае вас ад небяспекі,— адказаў Манкальм, выразна прыціскаючы руку да сэрца.— Гэтага, мне здаецца, даволі.
— Канечне! Адступіце,— дадаў Дункан, звяртаючыся да афіцэра, які стаяў на чале англійскага эскорта.— Адыдзіце так, каб вам не была чуваць наша размова, і чакайце загаду.
3 заўважнай трывогаю Мунро ўбачыў, як адыходзіла яго ахова, і адразу запатрабаваў патлумачыць.
— He ў нашых інтарэсах, сэр, выказваць недавер,— запярэчыў Дункан.— Маркіз дэ Манкальм словам гонару ручаецца, што мы ў бяспецы, і я загадаў эскорту адступіць, каб даказаць яму, што мы верым яго слову.
— Можа, усё гэта справядліва, сэр, але я не маю вялікага даверу да маркізавых слоў.
— Дарагі сэр, вы забываеце, што мы гаворым з афіцэрам, які праславіўся і ў Еўропе, і ў Амерыцы. Нам няма чаго асцерагацца чалавека з такой рэпутацыяй.
Стары развёў рукамі, як бы падпарадкоўваючыся непазбежнасці, хоць злы твар яго па-ранейшаму выяўляў упарты недавер, які быў хутчэй ад звычайнай пагарды да ворага, чым ад іншых якіхсьці прыкметаў,