Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
У гэты час пачуўся сігнал да выступлення, і перадавая часць англійскай калоны рушыла. Трубны гук прымусіў уздрыгнуць сясцёр; яны азірнуліся вакол і ўбачылі белыя мундзіры французскіх грэнадзёраў, якія падышлі да варот крэпасці. Над іх галовамі пранеслася нібы вялізнае воблака, і, зірнуўшы ўверх, яны заўважылі, што спыніліся пад шырокімі складкамі французскага сцяга.
— Хадзем,— сказала Кора.— Дочкам англійскага салдата не належыць заставацца на гэтым месцы.
Аліса прыціснулася да сястры, і, акружаныя вялікім натоўпам, абедзве пакінулі пляц крэпасці.
Калі дзяўчаты выходзілі з варот, французскія афіцэры нізка кланяліся ім, аднак не прапаноўвалі ніякіх паслуг, якія, як яны разумелі, маглі быць толькі прыемныя для дачок Мунро. На ўсіх экіпажах, на ўсіх уючных конях былі хворыя і параненыя, і Кора палічыла за лепшае адчуць усе цяжкасці пешага пераходу, але не забіраць месца ў больш слабых. Сапраўды, з-за таго, што не хапала коней і фурманак, многія скалечаныя і хворыя салдаты вымушаны былі цягнуцца на сваіх слабых нагах ззаду атрада. Раненыя стагналі; іхнія
сябры крочылі моўчкі і панура; жанчыны і дзеці дрыжэлі ад жаху перад невядомасцю. Калі нясмелы натоўп выйшаў з варот крэпасці на адкрытую нізіну, перад ім адкрылася сумная карціна: непадалёку з правага боку стаяла французская армія, бо ледзь салдаты Манкальма ўвайшлі ва ўмацаванне, генерал сцягнуў да форта ўсе свае атрады. Французы моўчкі, але ўважліва назіралі за рухам пераможаных, аддаючы ім устаноўленыя вайсковыя ўшанаванні; ніхто з пераможцаў ва ўсведамленні свайго поспеху не кідаў ворагам ні насмешкі, ні знявагі.
Атрады англічан, якія налічвалі каля трох тысяч чалавек, павольна рухаліся праз нізіну, сцякаючыся да абароннага пункта ў тым месцы, дзе дарога да Гудзона зварочвала ў лес. На густой паляне лесу паказаліся індзейцы. Чырванаскурыя пільна глядзелі на сваіх ворагаў; некаторыя, як коршакі, рухаліся ўслед за імі і, здавалася, не адважваліся кінуцца на здабычу толькі таму, што прысутнасць шматлікага французскага войска стрымлівала іх. Некаторыя гуроны ўціснуліся ўсётакі ў рады пераможаных і са змрочнымі і незадаволенымі тварамі ўважліва пазіралі за натоўпам, які рухаўся, хоць і не адважваліся смела выявіць сваю варожасць.
Авангард пад кіраўніцтвам Хейварда дайшоў да цясніны і паступова знік з вачэй. Раптам Кора пачула гукі сваркі і павярнулася туды, адкуль чуліся раздражнёныя галасы. Адзін з салдат адстаў ад свайго атрада і быў пакараны за сваё непаслушэнства тым, што хтосьці адабраў у яго ўзятыя ім рэчы.
Гэта быў вельмі рослы хлапчына, даволі прагны, каб не саступіць без барацьбы захопленае ім дабро. У сутычку ўмяшаліся староннія: адны заступіліся за салдата, іншыя — за яго крыўдзіцеля. Галасы зрабіліся ўсё болып моцныя, злосныя. З’явілася каля сотні дзікуноў; яны, як па чараўніцтве, паўсталі там, дзе хвіліну перад тым было чалавек дванаццаць гуронаў. Хутка Кора заўважыла, што Магуа слізнуў у натоўп сваіх суайчыннікаў і звярнуўся да іх, карыстаючыся ўсімі прыёмамі свайго злавеснага красамоўства. Жанчыны і дзеці спыніліся, збіўшыся разам, быццам чарада напалоханых птушак.
Maryа прыклаў рукі да вуснаў: пачуўся злавесны і застрашальны лямант. Індзейцы, якія рассыпаліся
па лесе, уздрыгнулі пры гуках гэтага добра вядомага ім крыку. У гэты ж час па ўсёй раўніне пранеслася дзікае выццё; пачулася яно і пад шатамі лесу. Гэта быў крык, які не часта вырываецца з чалавечага горла.
Ен паслужыў страшным сігналам: больш двух тысяч дзікуноў высыпала з лесу; усе яны раптам запоўнілі злашчасную раўніну. Пачалася страшэнная, крывавая разня. Паўсюль запанавала смерць у самым жахлівым, агідным выглядзе. Супраціўленне толькі распаляла забойцаў; дзікуны працягвалі наносіць удары нават мёртвым. Кроў цякла ручаём. Гуроны ўсё болып і болып успламяняліся ад відовішча гэтай крыві...
Дысцыплінаваныя атрады хутка выстраіліся ў самкнутыя рады і спрабавалі спыніць агрэсіўных дзікуноў унушальным выглядам ваеннага фронту. Гэта крыху ўдалося ім. Многія салдаты, спадзеючыся ўціхамірыць звар’яцелых дзікуноў, кінуліся на іх, размахваючы прыкладамі сваіх незараджаных ружжаў, аднак індзейцы выхоплівалі ў іх ружжы і гэтым самым не давалі ім як след абараняцца.
Як заўсёды, у час такіх падзей ніхто не мог зразумець, колькі часу прайшло з пачатку разні. Можа, страшная сцэна працягвалася дзесяць хвілін, але яны здаліся стагоддзем. Уражаныя жахам, абяссіленыя ад страху, Кора і Аліса стаялі нібы прыкутыя да аднаго месца. Натоўп жанчын, якія акружалі сясцёр, замінаў ім бегчы; пасля страх і смерць разагналі натоўп; аднак бегчы не было куды — дзяўчаты трапілі б проста пад тамагаўкі сваіх ворагаў. Паўсюль чуліся крыкі, стогны, маленні і праклёны. Але вось Аліса ўбачыла высокую постаць свайго бацькі. Мунро хутка рухаўся праз нізіну і, здавалася, накіроўваўся да французскага лагера. He звяртаючы ўвагі на небяспеку, ён спяшаўся да вераломнага Манкальма, каб запатрабаваць ад яго абароны і запозненага эскорта для жанчын. Мноства бліскучых сякер і ўпрыгожаных пер’ямі коп’яў былі гатовыя забіць яго насмерць, аднак нават звар’яцелыя дзікуны спыняліся, бачачы спакойны яго твар. Усё яшчэ энергічная рука ветэрана спакойна адпіхвала ад сябе страшную зброю, калі-нікалі ж і самі гуроны, прыстрашыўшы яго смерцю, здавалася, не мелі патрэбнай мужнасці, каб выканаць сваю пагрозу, і апускалі коп’і і тамагаўкі. На шчасце, Магуа шукаў сваю ахвяру там, дзе яе ўжо не было.
— Бацька, бацька! Мы тут, тут! — усклікнула Аліса, калі Мунро праходзіў непадалёку ад дачок, відаць не заўважыўшы іх.— Да нас, бацька, або мы загінем!
Яна паўтарала гэты ўсклік такім тонам, што самае каменнае сэрца магло б растаць; але адказу не было. Нарэшце стары, быццам адчуўшы гукі яе голасу, запыніўся і прыслухаўся; але ў гэтую хвіліну Аліса без пачуццяў апусцілася на зямлю, а Кора села каля яе на калені і з пяшчотаю нахілілася над яе безжыццёвым целам. Мунро з адчаем пахітаў галавою і пайшоў далей, спяшаючыся выканаць высокія абавязкі камандзіра.
— Лэдзі...— сказаў Гамут; бездапаможны і бескарысны ў гэтую хвіліну, ён усё ж не думаў пакідаць даручаных яму дзяўчат.— Лэдзі, гэта свята д’яблаў, і хрысціянам не трэба знаходзіцца ў гэтым месцы. Ідземце, бяжым!
— Ідзіце,— адказала Кора, не спускаючы вачэй са сваёй сястры,— ратуйцеся, вы мне не зможаце памагчы.
I просты, але выразны рух дзявочай рукі, які суправаджаў гэтыя словы, паказаў Давіду тое, што яна задумала сваё непахісна. Некалькі імгненняў ён глядзеў на цёмныя постаці гуронаў, якія рабілі сваю страшную справу; яго стан выпрастаўся, ён глыбока ўздыхнуў, усе рысы ажывіліся ад хвалявання, яскрава гаворачы пра пачуцці, што напаўнялі яго душу.
— У бібліі напісана, што слабы хлопчык Давід утаймаваў цара Саула гукамі арфы і словамі сваіх спеваў,— сказаў ён.— I я таксама паспрабую ў гэтую страшную хвіліну паказаць магутнасць музыкі.
I вось, узвысіўшы свой голас, ён заспяваў ва ўсю сілу з такім напружаннем, што свяшчэнны гімн быў чуваць нават сярод шуму і тлуму, што напаўнялі крывавае поле. Многія дзікуны кідаліся да спевака і дзяўчат, спадзеючыся абрабаваць безабаронных і знесці з сабою іх скальпы, але пры выглядзе дзіўнай нерухомай постаці натхнёнага спевака яны спыняліся. Іх здзіўленне хутка ператваралася ў захапленне, і яны накіроўваліся да менш мужных ахвяр, усхваляючы цвёрдасць, з якой белы воін спяваў перадсмяротную песню. Узбадзёраны і падмануты гэтым поспехам, Давід павысіў голас, каб узмацніць, як ён палічыў, уздзеянне святога гімна. Але здарылася якраз наадварот. Гукі яго песні звярнулі на сябе ўвагу індзейца, які бег
наўзбоч. Гэта быў Магуа. Зразумеўшы, што яго былыя палонніцы зноў могуць апынуцца ў яго руках, Хітры Ліс з дзікім і радасным вокрыкам кінуўся да іх.
— Хадзем! — сказаў ён, хапаючы скрываўленай рукой сукенку Коры.— Вігвам гурона ўсё яшчэ адчынены для цябе. Хіба яго жытло не лепшае за гэтую мясЦіну?
— Прэч! — крыкнула Кора і захінула рукой вочы, каб не бачыць лютага твару.
Індзеец, смеючыся, падняў сваю акрываўленую руку:
— На гэтай руцэ кроў чырвоная, але яна з целаў белых!
— Пачвара! Гэта ты наладзіў разню!
— Магуа — вялікі правадыр,— самазадаволена адказаў дзікун.— Ці пойдзе цёмнавалосая да яго племені?
— Нізашто! Лепш забі мяне адразу!
Імгненне Магуа вагаўся, пасля, падхапіўшы, як пушынку, непрытомную Алісу, хутка рушыў да лесу.
— Стой! — пранізліва ўскрыкнула Кора, кідаючыся за ім.— Пакінь дзіця, бандзюга! Што ты робіш?
Але Магуа, здавалася, не чуў яе голасу.
— Стойце, лэдзі, стойце! — клікаў Гамут Кору, якая не звяртала на яго ўвагі.— Язычнікі адчулі святасць песні, і хутка дзікі разгул скончыцца!
Аднак, заўважыўшы, што Кора не спыняецца, верны Давід пабег за ёю і зноў заспяваў святую песню, адбіваючы такт сваёй худой рукою. Такім чынам яны перасяклі даліну, абмінаючы ўцекачоў, параненых і мёртных. Разлютаваны гурон мог выдатна абараніць сябе і сваю ахвяру, якая ляжала на яго руках. Кора ж, канечне, упала б пад ударамі дзікуноў, калі б не дзіўны чалавек, які крочыў услед за ёю і здаваўся звар’яцелым; а вар’яцтва, узбуджаючы пачуццё страху і пачцівасці ў індзейцаў, служыла аховай Гамуту.
Магуа, які ўмеў пазбягаць небяспек і выслізваць ад праследавання, апусціўся ў вузкую лагчыну і па ёй увайшоў у лес; там ён хутка адшукаў нараганзетаў, з якімі зусім нядаўна разлучыліся падарожнікі. Іх пільнаваў такі ж суровы чырванаскуры, як ён сам. Перакінуўшы Алісу праз сядло аднаго з коней, Ліс загадаў Коры сесці на другога.
Дзяўчына адчувала жах пры выглядзе свайго выратавальніка, але ўсё ж мела нейкую палёгку пры думцы,
што яна хутка будзе ўдалечыні ад месца страшнага кровапраліцця. Яна ўскочыла на каня і працягнула рукі да сястры; у гэтым руху выказалася столькі любові і мальбы, што нават суровы гурон не змог адмовіць ёй. Ен перанёс Алісу на каня Коры, схапіў нараганзета за повад і накіраваўся ў дарогу, паглыбляючыся ў гушчар лесу. Калі Давід убачыў, што яго пакінулі, відаць, лічачы занадта нікчэмным нават для таго, каб забіць, ён перакінуў сваю доўгую нагу праз спіну неасядланага каня, якога пакінулі індзейцы, і паімкнуўся ўслед за палоннымі.
Хутка дарога пайшла пад гару. Ад руху Аліса пачала апамятвацца, але Кора была занадта заклапочаная стогнам сястры, а таксама лямантам, што даносіўся з раўніны, каб запамятаць шлях, па якім яны ехалі. Але калі яны дасягнулі плоскай вяршыні ўзгорка і пад’ехалі да яго з паўднёвага краю, Кора пазнала тое месца, дзе некалі была ўжо ў болып прыемнай кампаніі паляўнічага. Тут Магуа загадаў дзяўчатам злезці з коней. Страх не здушыў у дзяўчат цікаўнасці, і, не зважаючы на тое, што ў палоне, яны асмеліліся зірнуць уніз, дзе ім адкрылася страшная карціна.