• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

    Апошні з магікан

    Джэймс Фенімар Купер

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 318с.
    Мінск 1996
    79.09 МБ
    Размова магікан суправаджалася такімі выразнымі, натуральнымі жэстамі, што Хейвард лёгка адчуваў, пра што і як яны разважалі. Па тым, як часта індзейцы ўпаміналі сляды, абсочаныя імі ў лесе, ясна было, што яны настойваюць на праследванні па сушы, тады як Сакалінае Вока пастаяна працягваў руку па накірунку
    да Харыкена, з чаго можна было здагадацца, што ён настойвае на пагоні па вадзе.
    Магікане ўжо, відаць, пачалі браць верх у спрэчцы, як раптам разведчык падняўся і, пераадольваючы апатыю, загаварыў з усім мастацтвам туземнага красамоўства. Ен паказваў на шлях сонца, падымаючы руку столькі разоў, колькі дзён трэба для таго, каб споўніць ягоны план. Пасля ён абмаляваў доўгі, цяжкі шлях сярод гор і рэк. Старасць і слабасць соннага нічога не падазраваючага Мунро былі адлюстраваны знакамі, вельмі зразумелымі для таго, каб не памыліцца ў іх значэнні. Дункан заўважыў, што і пра яго гаварылі: разведчык працягнуў далонь і прамовіў імя «Шчодрая Рука» — прозвішча, дадзенае Дункану ўсімі сяброўскімі плямёнамі за яго шчодрасць. Затым паказаў лёгкія рухі лодкі ў процівагу няўпэўненым крокам стомленага чалавека. Ен закончыў паказам на скальп анайда і, відаць, настойваў на тым, што трэба адправіцца хутка, не пакідаючы за сабою слядоў.
    Магікане слухалі ўважліва. Прамова Сакалінага Вока зрабіла сваё ўражанне, і ўрэшце словы разведчыка сустрэлі звычайнымі ўхвальнымі ўсклікамі. Карацей кажучы, Ункас і яго бацька, поўнасцю перакананыя довадамі Сакалінага Вока, адмовіліся ад думкі, выказанай імі раней, з такой цярпімасцю і шчырасцю, што калі былі б яны сынамі вялікай і цывілізаванай нацыі, то гэта непаслядоўнасць прывяла б да краху іх палітычнай рэпутацыі.
    Як толькі пра ўсё як след дамовіліся, усе спрэчкі і ўсё звязанае з імі, акрамя дасягнутай згоды, імгненна былі забытыя. Сакалінае Вока, не звяртаючы ўвагі на адабрэнне, якое выяўлялася ў вачах яго слухачоў, спакойна выцягнуўся ва ўвесь свой высокі рост перад патухлым агнём і заплюшчыў вочы.
    Магікане, увесь час дбаючы пра чужыя інтарэсы, спажылі гэты момант, каб падумаць пра сябе. Голас суровага індзейскага правадыра адразу стаў мякчэйшы: Чынгачгук загаварыў з сынам пяшчотным, ласкавым, жартоўным тонам. Ункас радасна адказваў на бацькавыя сяброўскія словы, і, раней чым цяжкі храп разведчыка абвясціў, што ён заснуў, у вобліку яго спадарожнікаў адбылася поўная перамена.
    Немагчыма выказаць музычнасць іх мовы, асабліва заўважную ў смеху і пяшчотных словах; дыяпазон іх
    галасоў — найперш у голасе юнака — быў уражлівы: ад самага глыбокага баса ён пераходзіў да тонаў амаль жаночай пяшчоты. Бацькавыя вочы з яўным захапленнем сачылі за плаўнымі, гнуткімі рухамі сына; ён усміхаўся кожны раз у адказ на вясёлы ціхі смех Ункаса. Ад пяшчотных бацькоўскіх пачуццяў усякае адценне суровасці знікла з твару сагамора.
    Недзе з гадзіну індзейцы цешыліся сваімі лепшымі пачуццямі; затым Чынгачгук аб’явіў, што хоча легчы спаць, захутаў галаву ваўнянаю коўдраю і выцягнуўся на сырой зямлі. Весялосць Ункаса імгненна прапала. Юнак старанна падгроб вуголле так, каб іхняе цяпло сагравала бацькавыя ногі, і адшукаў сабе пасцель сярод развалін.
    Хейвард, прасякнуты пачуццём бяспекі, бачачы, што такія спакойныя ўсе сталыя жыхары лясоў, суцішыўся, прылёг, і задоўга да апоўначы людзі, якія ляжалі ўсярэдзіне развалін крэпасці, заснулі моцным сном.
    РАЗДЗЕЛ XX
    Албанія!.. Схіляю позірк. Вітаю, Карміцелька крутая непахісных!
    Байран. «Чайльд Гарольд».
    На небе яшчэ мігцелі зоркі, калі Сакалінае Вока пабудзіў усіх. Мунро і Хейвард падскочылі на ногі, як толькі пачулі ягоны голас каля ўвахода ў прыстанішча, дзе яны пераначавалі. Выйшаўшы са сваёй схованкі, яны ўбачылі разведчыка, які чакаў іх. Замест усякага прывітання мудры праваднік зрабіў шматзначны жэст, заклікаючы маўчаць.
    — He гаварыце ні слова,— шапнуў Сакалінае Вока, калі яны падышлі бліжэй.— Голас белага рэдка можа прызвычаіцца да лясной цішыні, як мы бачылі на прыкладзе гэтага беднага спевака... Ну,— працягваў ён, кіруючыся да абароненага месца крэпасці,— спусцімся ў роў з гэтага боку. Старайцеся ісці па каменнях і бёрнах.
    Спадарожнікі паслухаліся, хоць прычына такіх незвычайных перасцярог заставалася для іх тайнаю.
    Калі яны спусціліся ў нізкую спадзіну, што абкру-
    жала з трох бакоў земляны форт, то ўбачылі яго амаль зруйнаваным. Асцярожна і цярпліва рухаліся яны ўслед за разведчыкам, нарэшце выбраліся на пясчаны бераг Харыкена.
    — Гэта след, які можна ўнюхаць толькі носам,— сказаў разведчык з задавальненнем, азіраючыся на пройдзены цяжкі шлях.— Трава — здрадніцкі дыван для ўцекачоў, а на дрэве і на камені не пакідае следу макасін. Былі б на нас вайсковыя боты, можна было б, зрэшты, асцерагацца; але ў абутку з аленевай скуры, вырабленай як належыць, чалавек можа спакойна адпраўляцца ў горы... Падштурхні пірогу бліжэй, Ункас: тут на пяску сляды вельмі заўважныя... Цішэй, хлопча, цішэй! Яна не павінна датыкацца да берага, іначай нягоднікі даведаюцца, якім шляхам мы пайшлі адсюль.
    Юнак асцярожна пад’ехаў да берага. Разведчык перакінуў на карму дошку, што засталася ад развалін крэпасці, і жэстам запрасіў афіцэраў у пірогу. Пасля гэтага ўсё зноў было старанна заблытана і замаскавана. Сакалінаму Воку ўдалося дабрацца да пірогі, не пакінуўшы пасля сябе слядоў. Хейвард маўчаў, пакуль індзейцы, асцярожна грабучы вёсламі, не адплылі на некаторую адлегласць ад крэпасці пад шырокі цёмны цень, што падаў з гор на люстраную азёрную роўнядзь.
    — Дзеля чаго гэты патайны паспешлівы ад’езд? — спытаў ён нарэшце.
    — Калі б кроў анайды магла пакінуць след на вадзе, па якой мы плывём, то вам адразу стала б ясна, чаму мы гэта робім,— адказаў разведчык.— Хіба вы забыліся, каго забіў Ункас?
    — Канечне, не. Але вы гаварылі, што ён адзін, а мёртвых няма чаго асцерагацца.
    — Так, ён быў адзін у сваёй д’ябальскай справе! Але індзейцу рэдка прыходзіцца асцерагацца, што яго кроў пральецца без таго, каб неўзабаве не пачуўся перадсмяротны крык каго-небудзь з яго ворагаў.
    — Але наша прысутнасць, аўтарытэт палкоўніка Мунро, я думаю, паслужаць дастатковай абаронай ад гневу нашых жа саюзнікаў, асабліва тады, калі індзеец цэніць сваё жыццё. Спадзяюся, з-за такой дробязі вы ніколі не змянілі б задуманы маршрут.
    — Няўжо вы думаеце, што куля гэтага нягодніка звярнула б убок, калі нават на яе шляху аказаўся хоць
    сам кароль? — упарта запярэчыў разведчык.— Чаму ж гэты вялікі француз не перашкодзіў гуронам напасці на нашу калону, калі ўжо такі моцны, па-вашаму, уплыў белых на індзейцаў?
    Адказ Хейварда быў перапынены стогнам Мунро. Крыху памаўчаўшы, Хейвард сказаў:
    — Толькі бог ацэніць гэты ўчынак Манкальма.
    — Вось-вось. Зараз у вашых словах ёсць сэнс, бо вы зыходзіце з рэлігіі і сумленнасці. Адно — накіраваць полк сваіх салдатаў уціхамірыць лютую сутычку паміж індзейцамі і палоннымі, а зусім іншае — задобрыць гнеў дзікуна, каб ён забыў свой нож і ружжо, называючы яго сваім сынам. Не-не! — працягваў разведчык, азіраючыся на схаваныя ў тумане сцены форта Уільям-Генры, і, засмяяўшыся сваім ціхім шчырым смехам, сказаў: — Нас разлучае зараз вада. I калі толькі гэтыя чэрці не пасябруюць з рыбамі і не даведаюцца ад іх, хто раніцай праплыў па возеры, мы пройдзем увесь Харыкен, перш чым яны дапетраць, якім шляхам даганяць нас.
    — Ворагі наперадзе і ворагі за намі. Відаць, наша падарожжа будзе поўнае небяспекі.
    — Небяспекі? — спакойна паўтарыў Сакалінае BoKa.— He, яно будзе не такое ўжо небяспечнае. Тонкі слых і востры зрок памогуць нам перагнаць нягоднікаў на некалькі гадзін, а калі прыйдзецца ўзяцца за ружжо, то, ва ўсякім разе, трое з нас умеюць карыстацца ім так добра, як любы з тых, каго вы можаце сустрэць у гэтых мясцінах. Не-не, пра небяспеку няма чаго гаварыць, але, відаць, давядзецца ісці фарсіраваным маршам, як сказалі б вы. Можа, будзе на нас напад, сутычка, альбо іншая нейкая прыгода ў гэтым сэнсе, але схавацца будзе ўсюды зручна, і баявых прыпасаў хопіць у нас.
    Канечне, Хейвард зусім іначай думаў пра небяспеку, чым разведчык. Замест таго каб адказаць паляўнічаму, ён сядзеў моўчкі, пакуль пірога слізгала па вадзе. На досвітку яны прыплылі да азёрных пратокаў і пачалі хутка ды асцярожна прабірацца сярод незлічоных астраўкоў.
    Чынгачгук паклаў сваё вясло. Ункас і разведчык вялі лёгкае судна па заблытаных, пакручастых пратоках, дзе кожны лішні фут, зроблены імі, мог наблізіць да якой-небудзь небяспекі.
    Уважлівы позірк сагамора пераходзіў з вострава на астравок, з аднаго зарасніка на іншы; калі ж перад імі расхінулася ва ўсёй красе водная прастора, то яго востры позірк накіроўваўся ўздоўж аголеных скал і грозных лясоў, навіслых над вузкімі пратокамі.
    Хейвард, зачараваны прыгажосцю мясцін і ў той жа час адчуваючы трывогу, уважліва сачыў за ўсім і толькі падумаў, што трывога яго не мае сур’ёзных падстаў, як вёслы перапыніліся рухацца па сігнале, што падаў сагамор.
    — У-у-ух! — усклікнуў раптам Ункас амаль у тое ж імгненне, як лёгкі ўдар яго бацькі аб борт пірогі перасцярог пра тое, што набліжаецца небяспека.
    — Што такое? — спытаў разведчык.— Возера такое гладкае, быццам вецер ніколі нават не дыхнуў, і я магу бачыць на доўгія мілі наперад. I толькі чорная галава чомгі вынырнула з вады...
    Індзеец падняў вясло і паказаў у той бок, куды быў накіраваны яго пільны позірк.
    Дункан зірнуў у тым жа накірунку. У некалькіх дзесятках футаў ад лодкі ляжаў адзін з нізкіх лясістых астраўкоў; ён здаваўся такім спакойным і мірным, як быццам яго зацішак ніколі не парушаў чалавек.
    — Я нічога не бачу,— сказаў ён,— акрамя сушы і вады. Вельмі прыгожы выгляд...
    — Тсс! — перапыніў яго разведчык.— Канечне, сагамор, у цябе ёсць разумная прычына для кожнага ўчынку. Гэта толькі цень, але ён ненатуральны... Бачыце, маёр, быццам тумановую палоску над востравам?
    — Гэта — пара, што падымаецца над вадою.
    — Гэта ясна і дзіцяці. А вось што гэта за цёмная палоска акаймляе туман спадыспаду? Яе можна прасачыць аж да самай гушчэчы арэшніку. Яна ідзе ад вогнішча, але ўжо амаль астылага.
    — Ну дык пад’едзем да гэтага месца і зірнем, што там і да чаго,— сказаў нецярплівы Дункан.— Людзей, мабыць, няшмат, калі яны могуць змясціцца на такой лапінцы зямлі.