Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

Апошні з магікан

Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
79.09 МБ
— Трэба паклікаць Ункаса. Індзеец можа пачуць тое, што схавана ад нас; я белы і не адмаўляю гэта.
Малады магіканін, які размаўляў з бацькам, уздрыг-
нуў, пачуўшы крык савы, ускочыў на ногі і пачаў узірацца ў цемру, быццам вышукваючы мясціну, адкуль данёсся гук. Разведчык крыкнуў яшчэ раз, і праз некалькі хвілін Дункан убачыў постаць Ункаса, які асцярожна прабіраўся ўздоўж вала да таго месца, дзе яны стаялі.
Сакалінае Вока перамовіўся з ім некалькімі словамі на дэлаварскай мове. Ледзь толькі Ункас даведаўся, навошта яго паклікалі, ён кінуўся ніц на зямлю. Дункану здалося, што ён ляжыць зусім спакойна, не рухаючыся. Уражаны нерухомай позай маладога воіна і хочучы даведацца, якім чынам ён здабывае патрэбныя звесткі, Хейвард зрабіў некалькі крокаў і нахіліўся над цёмнаю плямаю, з якой не зводзіў позірку. Ен убачыў, што Ункас знік, і разгледзеў толькі невыразныя абрысы нейкага ўзвышэння на насыпе.
— Дзе ж магіканін? — спытаў ён разведчыка, са здзіўленнем адступаючы назад.— Я бачыў, як ён упаў тут, і гатовы быў паклясціся, што ён застаўся на тым самым месцы.
— Тсс! Гаварыце цішэй. Мы ж не ведаем, чые вушы чуюць нас, а мінгі — хітрае племя. Што тычыцца Ункаса, то ён на раўніне, і калі тут ёсць макуасы, яны знойдуць праціўніка, які не саступіць ім у хітрасці.
— Вы думаеце, што Манкальм яшчэ не адклікаў усіх сваіх індзейцаў? Збяром нашых сяброў, каб узяцца за зброю. Тут нас пяцёра, звычных да бою.
— Нікому ні слова, калі шануеце жыццё! Паглядзіце на сагамора. Калі тут затаіўся хто-небудзь з ворагаў, ён ніколі не здагадаецца па твары сагамора, што мы чуем блізкую небяспеку.
— Але яны могуць выявіць яго, і гэта — смерць. Ягоная постаць занадта выразна відаць пры святле вогнішча, і ён стане першай, непазбежнай ахвярай.
— Нельга адмаўляць, што вы гаворыце праўду,— сказаў разведчык, выказваючы больш трывогі, чым звычайна,— але што ж рабіць? Адзін падазроны позірк можа выклікаць атаку, перш чым мы падрыхтуемся да яе. Чынгачгук чуў, як мы паклікалі Ункаса, і ведае, што мы напалі на нейкі след. Я скажу яму, што гэта след мінга; ён-то ведае, што рабіць.
Разведчык засунуў у рот пальцы і падаў ціхі шыпячы гук, прымусіўшы адхіснуцца Дункана, які палічыў яго за шыпенне змяі. Чынгачгук сядзеў у роздуме.
паклаўшы галаву на рукі, але, як толькі ён пачуў перасцерагальны гук паўзуна, імя якога ён насіў, падняў галаву і цёмныя вочы яго хутка і пранізліва агледзелі ўсё вакол. Выраз здзіўлення або трывогі абмяжоўваўся гэтым нечаканым і, можа, міжвольным рухам. Ружжо ляжала так блізка, што трэба было толькі працягнуць па яго руку. Тамагаўк выпаў на зямлю з-за пояса, расшпіленага для зручнасці, і ўся постаць дзікуна быццам нахілілася, як у чалавека, які дае адпачынак нервам і мускулам. Туземец стаў так, як і раней, перамяніўшы руку, як быццам бы толькі для таго, каб даць адпачыць другой, і пачаў чакаць падзей са спакоем і мужнасцю, што ёсць толькі ў індзейскага воіна.
Хейвард заўважыў, што для нявопытнага вока правадыр магікан здаваўся б сонным, але на самай справе ноздры яго раздзімаліся, галава была крыху павернута ў адзін бок, а жывы хуткі позірк бесперапынна пераходзіў з аднаго прадмета на другі.
— Зірніце на сагамора! — шапнуў Сакалінае Вока, датыкаючыся да рукі Хейварда.— Ен ведае, што самы маленькі ягоны рух або позірк можа парушыць нашы планы і аддасць нас у рукі гэтых нягоднікаў...
Яго перапынілі раптоўная ўспышка і ружэйны стрэл. Над вогнішчам, дзе сядзеў магіканін, узвіліся вогненныя іскры. Калі Хейвард зірнуў другі раз, то ўбачыў, што Чынгачгук знік.
Паміж тым разведчык трымаў ужо ружжо напагатове і з нецярпеннем чакаў хвіліны, калі з’явіцца непрыяцель. Але атака, відаць, скончылася гэтай адной марнай спробай. Разы два да слухачоў данёсся шолах кустоўя — у гушчар кінуліся нейкія постаці. Хутка Сакалінае Вока паказаў на ваўкоў, якія паспешліва беглі ад кагосьці, хто ўварваўся ў іхнія ўладанні. Пасля некалькіх хвілін нецярплівага, трывожнага чакання пачуўся ўсплёск вады і адразу за ім стрэл з другога ружжа.
— Гэта Ункас! — сказаў разведчык.— У дзяціны выдатнае ружжо. Я ведаю гук яго стрэлу так жа добра, як бацька ведае мову свайго дзіцяці, бо сам валодаў гэтым ружжом, пакуль не здабыў лепшае.
— Што гэта значыць? — спытаў Дункан.— За намі сочаць, і, відаць, мы асуджаны на пагібель!
— Вунь тыя галавешкі, што разляцеліся, паказваюць: задумвалася штосьці нядобрае, а гэты індзеец
можа засведчыць, што не адбылося ніякага зла для нас,— адказаў разведчык, апускаючы ружжо і ідучы да вала ўслед за Чынгачгукам, які толькі што зноў паказаўся ў святле агню.— Што гэта, сагамор? Мінгі сапраўды нападаюць на нас або гэта толькі адзін з тых падлюг, што прымазваюцца да ваеннага атрада, здымаюць скальпы з мёртвых і, вяртаючыся дахаты, хваляцца перад жанчынамі сваімі храбрымі ўчынкамі?
Чынгачгук спакойна сеў на сваё ранейшае месца і адказаў толькі пасля таго, як уважліва агледзеў галавешку, у якую трапіла куля, што ледзь не была смяртэльнай для яго. Тады ён задаволіўся тым, што падняў палец і сказаў па-англійску:
— Адзін.
— Я так і думаў,— заўважыў, сядаючы, Сакалінае Вока.— А паколькі яму ўдалося кінуцца ў возера раней, чым стрэліў Ункас, відаць, гэты нягоднік будзе расказваць усялякія небыліцы аб вялікай засадзе, куды ён трапіў, ідучы па слядах двух магікан і аднаго белага паляўнічага. Пра афіцэраў ён не будзе гаварыць: тут яны не ідуць у разлік. Ну, няхай расказвае, няхай! У кожным народзе знойдуцца сумленныя людзі, якія абарвуць нахабніка, калі ён пачне гаварыць штосьці неразумнае. Нягоднік паслаў кулю так, што яна прасвістала каля тваіх вушэй, сагамор.
Чынгачгук зноў усеўся са спакоем, якога не мог парушыць такі нікчэмны выпадак. Ункас далучыўся да астатніх і сеў каля агню з такім жа спакойным выглядам, як бацька.
Хейвард з глыбокай цікавасцю і здзіўленнем назіраў за ўсім, што адбывалася перад ім. Яму здалося, што паміж жыхарамі лясоў існуе нейкае патаемнае разуменне, якое не спасцігнуць яго розуму. Замест паспешлівага падрабязнага апавядання, у якім белы юнак спрабаваў бы перадаць -— а можа, і перабольшыць — падзеі, якія адбыліся на цёмнай раўніне, малады воін задавольваўся свядомасцю, што яго справы самі будуць гаварыць за яго. Сапраўды, для індзейца ў цяперашні час не было выпадку пахваліцца сваімі ўчынкамі, і, відаць, каб не спытаў Хейвард, не было б прамоўлена ні слова пра гэта.
— Што здарылася з нашым ворагам, Ункас? — спытаў Дункан.— Мы чулі ваш стрэл і спадзяваліся, што вы стралялі недарэмна.
Малады воін адхіліў складкі сваёй паляўнічай сарочкі і спакойна паказаў лёсаносную пасму валасоў — сімвал сваёй перамогі. Чынгачгук узяў у рукі скальп і ўважліва разглядваў яго на працягу некалькіх хвілін; пасля ён кінуў скальп, і найвялікшая агіда адбілася на яго энергічным твары.
— Анайда! — прамовіў ён.
— Анайда! — паўтарыў разведчык. Ен падышоў, каб зірнуць на крывавую эмблему.— Госпадзь, памілуй! Калі па нашым следзе ідуць анайды, то гэтыя д’яблы абкружаць нас з усіх бакоў! Для вачэй белых няма розніцы паміж скурай аднаго або іншага індзейца, а вось сагамор гаворыць, што гэта скура з галавы мінга, і нават называе племя, да якога належаў бедны дзяціна, так удала, як калі б скальп быў лістом кнігі, а кожны волас — літарай. Ну, а што скажаш ты, хлопчык? Да якога народа належаў нягоднік?
Ункас падняў вочы на разведчыка і адказаў:
— Анайда!
— Зноў анайда! Калі нават адзін індзеец робіць якую-небудзь заяву, яна звычайна аказваецца сапраўднай; але, калі яе падтрымліваюць людзі яго племені, тут не можа быць памылкі.
— Бедалага палічыў нас за французаў,— сказаў Хейвард,— ён не стаў бы рабіць замах на жыццё сяброў.
— Каб ён палічыў магіканіна ў ваяўнічай афарбоўцы за гурона! Гэта ўсё роўна, як калі б вы пераблыталі грэнадзёраў Манкальма ў белых мундзірах і чырвоныя курткі англійскіх гвардзейцаў,— запярэчыў разведчык.— Не-не, змяя выдатна ведала сваё, ды і вялікай памылкі не было, бо дэлавары і мінгі недалюбліваюць адзін аднаго, на чыім бы баку не змагаліся іх плямёны ў час міжусобіц белых. Пагэтаму, хоць анайды служаць англічанам, я не задумаўся б і сам прыстрэліць нягодніка, калі б зручны выпадак звёў нас.
— Гэта было б парушэннем нашай дамовы.
— Калі чалавеку прыходзіцца часта ўступаць у адносіны з якім-небудзь народам,— працягваў Сакалінае Вока,— і людзі там сумленныя, а сам ён не аіпуканец, то паміж імі ўзнікае любоў. Але любоў паміж магіканінам і мінгам вельмі падобная на «прыязнасць» чалавека да змяі.
— Сумна чуць гэта!
— Ну, што тычыцца мяне, то я люблю справядлі-
васць і пагэтаму не скажу, каб я ненавідзеў мінгаў. А ўсё ж толькі ноч зашкодзіла майму «аленебою» пусціць кулю ў гэтага анайду, які страляў у нас з засады.
Сакалінае Вока змоўк і адвярнуўся ад агню.
Хейвард пайшоў на вал. Ен не прывык да ваеннага жыцця ў лясах і пагэтаму не мог заставацца спакойным пры думцы, што могуць быць такія вераломныя напады.
Дункан даволі добра ведаў звычаі індзейцаў, каб зразумець, чаму агонь быў разведзены зноў і чаму воіны, не выключаючы Сакалінага Вока, селі на свае месцы каля дымнага вогнішча так важна і ўрачыста. Ен таксама сеў на краі вала, каб бачыць і пільна сачыць за тым, што адбывалася вакол.
Пасля кароткай і шматзначнай паўзы Чынгачгук закурыў люльку з драўляным цыбуком, вытачаную з мяккага каменя. Задаволіўшыся духмянасцю супакойлівага зелля, ён перадаў люльку ў рукі разведчыка. Люлька абышла такім чынам прысутных тры разы сярод цішыні. Ніхто не прамовіў ні слова. Затым сагамор як старэйшы па ўзросце і становішчы выказаў план дзеяння ў некалькіх словах, прамоўленых спакойна і з годнасцю. Яму адказваў разведчык. Чынгачгук загаварыў зноў, бо субяседнік не згаджаўся з яго думкаю. Малады Ункас сядзеў моўчкі, пачціва слухаючы старэйшых, пакуль Сакалінае Вока не спытаў яго думкі з-за далікатнасці. Па выразе твару і жэстах бацькі і сына Хейвард зразумеў, што яны прытрымліваліся аднолькавай думкі ў спрэчцы, тады як белы настойвае на іншым. Спрэчка ажыўлялася. I, нягледзячы на гэта, цярпенню і стрыманасці сяброў, якія спрачаліся, маглі б павучыцца самыя паважаныя міністры на любой нарадзе.
Словы Ункаса выслухоўваліся з такою ж глыбокаю ўвагаю, як і поўныя больш сталай мудрасці словы яго бацькі. Ніхто не выказваў ніякага нецярпення, і кожны адказваў толькі пасля некалькіх хвілін маўклівага роздуму.