Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
— Калі вы будзеце меркаваць пра хітрасць індзейцаў па правілах, адшуканых у кнігах, то гэта прывядзе вас да памылак, калі не да смерці,— запярэчыў Сакалінае Вока, азіраючы прыкметы мясцовасці з належнай яму пранікнёнасцю.— Калі мне будзе дазволена
гаварыць, дык я сказаў бы, што нам застаецца на выбар: можа, вярнуцца і адмовіцца ад думкі праследаваць гуронаў...
— Ніколі! — ускрыкнуў Хейвард занадта гулкім голасам пры сітуацыі, што цяпер была.
— Ну-ну,— працягваў Сакалінае Вока, робячы паспешлівы жэст, каб спыніць парыў нецярплівасці маладога чалавека,— я і сам той жа думкі, але лічу, што павінен сказаць усё. Значыць, мы павінны плысці далей і, калі ў пратоках знаходзяцца індзейцы або французы, павярнуць пірогу і прабіцца паміж тымі навіслымі скаламі. Ці праўду я гавару, сагамор?
Індзеец замест адказу апусціў вясло ў ваду і хутчэй пагнаў пірогу. Паколькі ён кіраваў яе ходам, то гэты рух ясна гаварыў пра тое, што ён задумаў. Усе моцна налягалі на вёслы і праз некалькі хвілін даплылі да мясціны, адкуль перад імі адкрываўся ўвесь паўночны бераг вострава, схаваны да гэтага часу.
— Вось яны,— прашаптаў разведчык,— дзве лодкі і дым. Нягоднікі яшчэ не разгледзелі нас з-за туману, а не то мы пачулі б баявы кліч... Напружвайцеся мацней, сябры! Мы аддаляемся і амаль ратуемся ад іхніх куль...
Добра вядомы ружэйны ляскат, куля, што слізганула па спакойнай паверхні праліву, і пранізлівы крык, які пачуўся з вострава, перапынілі яго словы і паказалі, што іх лодку заўважылі. Праз некалькі імгненняў яны ўбачылі, што дзікуны кінуліся ў лодкі і пусціліся ўслед за ўцекачамі. Наколькі мог бачыць Дункан, нішто не памянялася ні ў выразе твару, ні ў рухах трох праваднікоў, толькі ўзмахі іх вёсел сталі даўжэйшыя і раўнейшыя, і маленькая лодка паслухмяна няслася наперад.
— Трымай іх на такой адлегласці, сагамор,— сказаў Сакалінае Вока, спакойна азіраючыся праз левае плячо і працягваючы працаваць вяслом,— менавіта на такой адлегласці. У гэтых гуронаў ва ўсім племені не знойдзецца ружжа, што магло б трапіць так далёка. Ну, а на майго «аленебоя» можна разлічваць.
Упэўніўшыся, што магікане могуць удвух трымаць патрэбную дыстанцыю, разведчык рашуча паклаў вясло і падняў сваё небяспечнае ружжо. Тры разы ён ускідваў яго да пляча і тры разы, калі сябры чакалі стрэлу, апускаў яго, патрабуючы, каб індзейцы не за-
міналі наблізіцца ворагам. Нарэшце яго дакладны і патрабавальны позірк, здавалася, быў задаволены, і, паклаўшы ствол на левую руку, ён пачаў павольна падымаць рулю, як раптам усклік Ункаса, які сядзеў на носе лодкі, прымусіў яго зноў устрымацца ад стрэлу.
— Што такое, хлопчык? — спытаў Сакалінае BoKa.— Ты выратаваў аднаго з гуронаў ад перадсмяротнага крыку. Ці ёсць у цябе якое-небудзь апраўданне для гэтага?
Ункас паказаў на камяністы бераг крышку наперадзе іхняй пірогі, адкуль вылецела яшчэ адна баявая пірога, якраз наперарэз ім.
Цяпер небяспека зрабілася відавочнай. Разведчык паклаў ружжо і ўзяў вясло. Чынгачгук накіраваў нос пірогі бліжэй да заходняга берага, каб павялічыць адлегласць паміж сабой і новымі ворагамі. У той жа час нападаючыя на ўцекачоў ззаду напаміналі ім пра сябе дзікімі крыкамі. Гэта жахлівая сцэна вывела з апатыі нават Мунро.
— Высадзімся на бераг,— сказаў ён голасам вопытнага воіна,— і дадзім бой дзікунам.
— Хто жадае выйграць у вайне з індзейцамі, не павінен быць настолькі горды, каб адмовіцца ад хітрасці,— адказаў разведчык.— Трымайся бліжэй да берага, сагамор. Мы абмінаем шарлатанаў, і, можа, яны паспрабуюць перастрэць нас.
Сакалінае Вока не памыліўся. Гуроны павярнулі з прамога шляху і з-за гэтага страцілі хуткасць. Пірогі слізгалі па адной лініі на адлегласці двухсот ярдаў адна ад адной. Зараз гэта стала спаборніцтвам на хуткасць. Лёгкія судны рухаліся так хутка, што вада ў возеры пенілася паперадзе іх, і пірогі гайдаліся на хвалях, што падымаліся хуткасцю іхняга руху. Відаць, па гэтай прычыне і з-за таго, што ўсім трэба было быць на вёслах, гуроны не ўжылі яшчэ зброю. Уцекачам даводзілася рабіць занадта шмат намаганняў, і яны пачыналі ўжо стамляцца. Тыя, хто ішоў упагон, мелі большую сілу. Дункан з неспакоем заўважыў, што разведчык пачаў трывожна азірацца, быццам шукаючы яшчэ нейкіх хітрыкаў, каб выратавацца ўцёкамі.
— Павярні крыху ўбок ад сонца, сагамор,— сказаў упарты лясны жыхар.— Бачу я, зладзюгі вырашылі прынесці аднаго чалавека ў ахвяру. Павярні далей ад сонца, і мы паставім востраў паміж сабой і імі.
Гэты манеўр быў удалы. Недалёка ляжаў доўгі нізкі востраў.
Пірога ўцекачоў прайшла ўздоўж аднаго берага, праследавацелям прыйшлося плысці ўздоўж другога. Разведчык і яго сябры скарысталіся гэтай перавагаю і пад прыкрыццём кустоў падвоілі свае намаганні, і без таго здзіўляльныя. Абедзве лодкі абышлі апошнюю, самую нізкую астраўную мясціну, быццам два скакуны, якія нясуцца ва ўсю сілу; уцекачы былі паперадзе.
— Ты недарэмна выбраў менавіта гэтую пірогу, Ункас,— сказаў, усміхаючыся, разведчык, здаецца, радуючыся хуткасці сваёй пірогі больш, чым магчымасці выратавацца.— Д’яблы зноў налягалі з усёй сваёй сілы на вёслы, і нам, каб захаваць свае скальпы, прыходзіцца больш спадзявацца на кавалкі абгабляванага дрэва, чым на ружжы і пільнасць вока... Ну, сябры, шырэй замах, грабіце дружней!
— Яны рыхтуюцца страляць,— сказаў Хейвард,— а паколькі мы на адной лініі з імі, то стрэл, бясспрэчна, трапіць.
— Дык кладзіцеся на дно лодкі,— запярэчыў разведчык.— Вы і палкоўнік — тады будзе менш мішэняў.
Хейвард адказаў, усміхаючыся:
— Дрэнны быў бы прыклад, калі б старшыя па званні карысталіся хітрыкамі, калі воіны знаходзяцца пад агнём!
— Божа! Божа! Вось яна, мужнасць белага чалавека, што мяжуецца з неразумнасцю, як і многія іншыя ўчынкі белых! — усклікнуў разведчык.— Няўжо вы думаеце, што сагамор, або Ункас, альбо нават я пачалі б вагацца, ці трэба схітрыць, калі нельга змагацца адкрыта?
— Усё, што вы гаворыце, справядліва, мой сябра,— адказаў Хейвард,— але нашы звычкі не дазваляюць зрабіць так, як вы жадаеце.
Залп з ружжаў гуронаў перапыніў іх размову. Калі кулі засвісталі вакол іх, Дункан убачыў, што Ункас павярнуўся і паглядзеў на яго і Мунро. Нягледзячы на блізкасць непрыяцеля і пагражальную яму асабіста небяспеку, на твары маладога воіна не заўважалася ніякага хвалявання; ён выяўляў толькі здзіўленне, што знаходзяцца людзі, якія жадаюць бессэнсоўна рызыкаваць. Чынгачгук, відаць, быў больш знаёмы з разу-
меннем белых людзей, бо ні разу не зірнуў на іх і не адарваў вачэй ад той мясціны, куды накіроўваў пірогу. Куля хутка выбіла з рук правадыра гладкае вясло: праляцеўшы ў паветр'ы, яно ўпала далёка ад лодкі. Гуроны закрычалі і стрэлілі яшчэ раз. Ункас правёў па паветры дугу лопасцю свайго вясла; пірога вільнула ўбок, і Чынгачгук злавіў сваё вясло, высока падняў яго і выкрыкнуў баявы кліч магікан і зноў узяўся за сваю важную работу.
3 тых пірог пачуліся гулкія ўсклікі: «Вялікі Змей!», «Доўгі Карабін!». «Хуткі Алень!». Здавалася, гэтыя крыкі надалі яшчэ больш старання праследавацелям. Разведчык схапіў сваё ружжо і, падняўшы яго над галавою, з пераможным выглядам патрос ім у паветры. Дзікуны адказалі на знявагу страшнымі крыкамі, і тут жа пачуўся новы залп. Кулі запляскалі па вадзе вакол маленькага судна, і адна з іх нават прабіла яго борт. Hi самага малога хвалявання не было відаць у магікан у гэтую жудасную хвіліну: іх застылыя твары не выяўлялі ні надзеі, ні трывогі. Але разведчык зноў павярнуўся і сказаў Хейварду са сваім нягучным смехам:
— Ашуканцы любяць слухаць гукі сваіх ружжаў, але сярод мінгаў не знойдзецца вока, якое магло б дакладна прыцэліцца ў пірогу, якая нясецца! Вы бачыце, д’яблы знялі з вёсел аднаго з людзей, каб зараджаць ружжы, а, па маім самым сціплым падліку, мы праходзім тры футы ў той час, як яны робяць два.
Дункан зарадаваўся, што іх лодка значна апярэдзіла дзікуноў. Гуроны зноў стрэлілі, і адна з куль трапіла ў лопасць вясла Сакалінага Вока, не зрабіўшы ніякай шкоды.
— Хопіць! —, сказаў разведчык, з цікавасцю разглядваючы невялікую выбоіну.— Гэта не падрапала б і дзіцячай скуры... Ну, маёр, калі вы паспрабуеце зладзіць з гэтым кавалкам абгабляванага дрэва, я прымушу «аленебой» прыняць удзел у размове.
Хейвард схапіў вясло і ўзяўся веславаць з такой заўзятасцю, што замяняла ўмельства, а Сакалінае Вока праверыў, ці зараджанае ружжо, пасля хутка прыцэліўся і стрэліў. Гурон, які знаходзіўся на носе пярэдняй пірогі, падняўся, збіраючыся страляць, але ўпаў ніцма, і ружжо выпала ў яго з рук у ваду. Аднак праз імгненне ён зноў ускочыў на ногі з дзікімі, вар’яцкімі жэстамі. У тую ж хвіліну яго сябры апусцілі вёслы,
пірогі сабраліся ў адно месца і спыніліся. Чынгачгук і Ункас выкарысталі гэта, каб паставіць пірогу па ветры, а Дункан працягваў працаваць вёсламі з нястомнай энергіяй. Бацька і сын абмяняліся спакойнымі запытальнымі позіркамі, каб даведацца, ці не пашкодзілі каго стрэлы; абодва выдатна ведалі, што ні адзін не дазволіў бы сабе крыкнуць або сказаць хоць слова, калі б штосьці здарылася з ім. Некалькі буйных кропель крыві сцякала з пляча сагамора. Калі ён заўважыў, што вочы Ункаса спыніліся на гэтых кроплях, ён зачэрпнуў далонню вады і змыў пляму, даўшы тым самым зразумець, што рана нязначная.
— Цішэй, цішэй вяслуйце, маёр! — сказаў разведчык; да гэтага часу ён зноў зарадзіў ружжо.— Мы адарваліся занадта далёка для таго, каб ружжо магло паказаць усе свае якасці, а вы бачыце — мінгі раяцца. Няхай яны падыдуць на адлегласць стрэлу — на маё вока можна спадзявацца ў дадзеным выпадку,— і я прымушу ашуканцаў плысці за намі на працягу ўсяго Харыкена, нават абяцаю, што, у горшым выпадку, іхнія кулі толькі падрапаюць нам скуру, мой жа «аленебой» з трох жыццяў возьме дзве.
— Мы забываем пра наша галоўнае,— заўважыў Дункан.— Скарыстаем лепш нашу перавагу і аддалімся ад ворага.
— Вярніце мне маіх дзяцей! — хрыпла прамовіў Мунро.— He жартуйце з горам бацькі, аддайце мне маіх дзяцей!
Пастаянная і звычная павага да наказу старэйшых прывучыла разведчыка падпарадкоўвацца, таму, кінуўшы апошні позірк на далёкія пірогі, ён адклаў ружжо ўбок і, падмяніўшы стомленага Дункана, узяўся за вясло. Магікане падтрымалі яго намаганне, і некалькіх хвілін было даволі, каб паміж імі і ворагамі выйшла такая прастора, што Хейвард зноў уздыхнуў з палёгкай.