Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
Разведчык адразу ж прыступіў да справы.
— Ты маеш рацыю, мой хлопчык,— адразу ж сказаў ён.— Індзеец, які п’е, заўсёды прывучаецца больш абапірацца на наскі, чым той, хто не п’е; п’яніца заўсёды ходзіць, рассунуўшы ногі, ці ён белы, ці чырванаскуры. I менавіта .такая шырыня і даўжыня слядоў! Зірні, сагамор, ты не раз мераў гэтыя сляды.
Чынгачгук згадзіўся выканаць жаданне разведчыка; пасля кароткага агляду ён устаў і спакойна прамовіў адно слова:
—1 Магуа.
— Ну, значыць, так і ёсць: тут прайшлі цёмнавалосая і Магуа.
— А Алісы не было з імі? — спытаў Хейвард.
— Мы яшчэ не бачылі ніякіх знакаў таго, што яна была тут,— адказаў разведчык, уважліва аглядваючы кусты, дрэвы і зямлю.— Што гэта там такое? Ункас,
прынясі тое, што хітаецца там, на цярновым кусце.
Індзеец зрабіў, што прасіў разведчык, і перадаў яму дзіўны прадмет.
Той падняў яго высока і засмяяўся нягучным шчырым смехам.
— Гэта інструмент спевака! Ункас, пашукай сляды бота, даволі вялікага, каб утрымаць на сабе шэсць футаў і два дзюймы чалавечага мяса,— сказаў ён.— Я пачынаю спадзявацца наконт гэтага дзяціны; здаецца, ён кінуў крычаць і пачаў рабіць штосьці лепшае.
— У крайнім выпадку,— сказаў Хейвард,— у Коры і Алісы ёсць хоць нейкі сябра.
— Так,— са зняважлівай усмешкай сказаў Сакалінае Вока,— ён зоймецца спевамі. Ці можа ён забіць аленя на абед, знайсці дарогу па тым, з якога боку на дрэвах расце мох, або перарэзаць горла гурону? Калі не, то любая пеўчая птушка разумнейшая за яго... Ну што ж, хлопчык, ці ёсць якія-небудзь доказы нашага меркавання?
— Вось тут нешта падобнае на чалавечы след у чаравіках. Ці не наш гэта сябра?
— Асцярожней датыкайцеся да лістоты, a то вытруцца абрысы слядоў. Гэта адбітак нагі цёмнавалосай. Спявак закрыў гэты след адной пятой.
— Дзе? Дайце мне зірнуць на сляды ног маёй дзяўчынкі! — сказаў Мунро, разгінаючы кусты і нахіляючыся над ледзь бачнымі слядамі.
Дотык нагі да зямлі, хоць лёгкі і непрацяглы, усё ж пакінуў след, ясна бачны і зараз. Стары воін разглядваў яго, і вочы затуманіліся слязьмі. Жадаючы адцягнуць увагу старога, Хейвард сказаў разведчыку:
— Паколькі мы бачылі сляды, то адразу рушым у дарогу. У такі час кожная хвіліна здаецца стагоддзем для палоннага.
— He таго аленя, які хутка бяжыць, цяжка злавіць,— запярэчыў Сакалінае Вока, працягваючы разглядваць сляды.— Мы ведаем, што тут прайшлі разбойнік-гурон, цёмнавалосая і спявак. Але дзе ж тая, у якой залатыя кучаравінкі і блакітныя вочы? Хоць і маленькага росту і зусім не такая смелая, як яе сястра, яна ўсё ж прыгожая і прыемная ў размовах. Хіба ў яе няма нікога, каб хто паклапаціўся пра яе?
— Ратуй бог, каб ёй калі-небудзь не хапала сяброў! Хіба мы не шукалі яе? У крайнім выпадку, я не пакіну
пошукаў, пакуль не знайду яе! — усклікнуў Хейвард.
— У такім разе нам, пэўна, давядзецца ісці рознымі шляхамі, бо яна не праходзіла тут: які ні лёгкі яе след, ён быў бы відаць.
Хейвард адышоўся. Здавалася, увесь запал яго імгненна прапаў.
Разведчык не пазважаў на нечаканую перамену ў настроі свайго субяседніка і, крышку падумаўшы, працягваў:
— Hi адна жанчына ў гэтай пустэльні не магла пакінуць такі след, акрамя цёмнавалосай або яе сястры. Мы ведаем, што першая была тут, але дзе сляды другой? Пойдзем далей па гэтых слядах і, калі нічога не знойдзем, прыйдзецца вярнуцца на раўніну і прайсці па іншым шляху... Ідзі наперад, Ункас, і не адрывай воч ад сухога лісця. Я ж буду назіраць за кустамі, а твой бацька будзе аглядваць зямлю. Ідзем, сябры мае: сонца садзіцца за ўзгоркі.
— А я нічога не магу зрабіць? — трывожна спытаў Хейвард.
— Вы? — сказаў разведчык, які пайшоў паперадзе са сваімі чырванаскурымі сябрамі.— Можаце. Ідзіце за намі, каб не затаптаць сляды!
Прайшоўшы некалькі дзесяткаў футаў, індзейцы спыніліся і пачалі разглядваць штосьці на зямлі з большай, чым раней, увагаю. Бацька і сын гаварылі хутка і гучна, гледзячы то на прадмет іх агульнага захаплення, то адзін на аднаго.
— Яны знайшлі след маленькай нагі? — спытаў разведчык, спяшаючыся за імі.— Што гэта? Тут была размешчана засада?.. He, клянуся сваім ружжом, тут былі коні, якія перастаўляюць адразу дзве нагі з аднаго боку!.. Ну, зараз тайна раскрыта, і ўсё ясна, як паўночная зорка ў поўнач. Так, тут яны селі на коней. Коні былі прывязаныя вось да гэтага дрэўца, а вунь там бяжыць дарога на поўнач, проста да Канады.
— Але ўсё ж няма ніякіх слядоў Алісы, малодшай міс Мунро,— сказаў Дункан.
— Калі не лічыць бліскучай дробязі, якую Ункас толькі што падняў з зямлі... Дай сюды, хлопчык, мы разгледзім яе добра...
Хейвард тут жа пазнаў медальён, які любіла насіць Аліса. Памяць закаханага чалавека напомніла яму, што
ён бачыў яго на шыі сваёй любімай раніцай страшэннай бойні.
Ен схапіў дарагую рэч, прыціснуў яе да сэрца, і ў тое ж імгненне яна знікла з вачэй здзіўленага разведчыка, які марна шукаў яе на зямлі.
— Эх,— прамовіў з засмучэннем Сакалінае Вока, перастаючы варушыць лісце канцом ружжа,— калі зрок пачынае слабець, гэта верная прыкмета старасці! Такая бліскучая бразготка — і не бачыць яе! Але ўсё ж я бачу даволі добра, каб разлічыцца з мінгам. А ўсё-такі мне хацелася б знайсці гэтую рэч, хоць бы для таго, каб аднесці яе да законнай уладальніцы, а гэта значыла б злучыць два канцы доўгага-доўгага следу, бо ў цяперашні час нас разлучае шырокі заліў Святога Лаўрэнція, а можа быць, і Вялікія азёры.
— Тым больш не трэба адкладваць, трэба ісці далей,— заўважыў Хейвард.— Ідзём жа!
— Маладая кроў і кроў гарачая — гэта, гавораць, амаль адно і тое ж. Мы ж адпраўляемся не на паляванне на вавёрак, не аленя нам заганяць у Харыкен. Нам прыйдзецца блукаць дні і ночы і ісці па пустыні, па якой рэдка ступае нага чалавека і дзе не дапамогуць ніякія кніжныя веды. Індзеец ніколі не адпраўляецца ў такое падарожжа, не выкурыўшы папярэдне каля вогнішча люльку рады, і, хоць я белы, я паважаю гэты звычай, бо ён разумны і мудры. Пагэтаму мы вернемся на разваліны старой крэпасці і запалім там агонь, a заўтра раніцай устанем свежымі і гатовымі да справы, як належыць мужчынам, а не пляткарным жанчынам або нецярплівым хлапчукам.
Па тоне разведчыка Хейвард упэўніўся ў бессэнсоўнасці спрэчкі. Мунро зноў ахапіла апатыя — з яе, відаць, яго магло вывесці толькі новае моцнае ўзрушэнне. Давялося скарыцца неабходнасці; малады чалавек узяў пад руку ветэрана і пайшоў услед за індзейцамі і разведчыкам, якія павярнулі ўжо на дарогу да раўніны.
РАЗДЗЕЛ XIX
Саларына. Ну, я ўпэўнены, калі ён і зацягне, не будзеш жа ты патрабаваць з яго фунт мяса. На што яно вартае?
Шэйлак. Рыбу вудзіць на яго! Няхай ніхто не насыціцца ім, яно насыціць помсту маю. -
Шэкспір. «Венецыянскі купец»
У цемры ночы яшчэ страшней здаваліся мясціны, калі падарожнікі вярнуліся да развалінаў крэпасці Уільям-Генры. Разведчык і яго сябры адразу ж пачалі ладзіць начлег. Да пачарнелай сцяны прыставілі некалькі бэлек; Ункас злёгку прыкрыў іх галлём, і ўсе задаволіліся гэтым часовым прыстанішчам. Малады індзеец, закончыўшы работу, паказаў на сваю сціплую хаціну, і Хейвард, зразумеўшы сэнс маўклівага жэсту, мякка прапанаваў Мунро ўвайсці туды. Пакінуўшы асірацелага старога гараваць, Дункан адразу ж выйшаў на паветра. Ен быў занадта ўсхваляваны, каб адпачываць.
Пакуль Сакалінае Вока і індзейцы распальвалі вогнішча і сціпла вячэралі вяленым мядзведжым мясам, малады чалавек пайшоў у той бок разбуранай крэпасці,. што выходзіла на Харыкен. Вецер сціх, і хвалі набягалі на пясчаны бераг павольней і цішэй. Хмары, нібы стаміўшыся ад вар’яцкага бегу, разрываліся; больш цяжкія збіраліся чорнымі ахапкамі на небакраі; лёгкія аблокі яшчэ насіліся над вадою або кружыліся сярод горных вяршыняў, быццам птушыная чарада, якая пырхала каля сваіх гнёздаў. Часамі сярод аблокаў, што рухаліся, прабівалася чырвоная вогненная зорка, скупа асвятляючы змрочнае неба. Сярод акаляючых гор панавала ўжо непранікальная цемра. Раўніна ляжала быццам вялізны магільны склеп; ніякі шолах, ніякі подых не парушаў мёртвай цішыні.
Дункан некалькі хвілін стаяў, паглыблены ў сузіранне. Ен з жахам успамінаў, што адбывалася тут зусім нядаўна. Позірк ягоны пераходзіў ад вала, дзе жыхары лясоў сядзелі вакол яркага агню, да цемры, якая згусцілася там, дзе ляжалі мёртвыя. Яму неўзабаве здалося, што адтуль даносяцца нейкія невытлумачальныя гукі. Маладому чалавеку стала сорамна за свой сполах. Ен
павярнуўся да возера, намагаючыся запыніць сваю ўвагу на адлюстраванні зорак, што слаба зіхацелі на паверхні вады. Але занадта напружаны слых працягваў лавіць слабыя гукі. Нарэшце яму даволі выразна падаўся ў цемры тупат. Ахоплены хваляваннем, Дункан ціхім голасам паклікаў разведчыка. Сакалінае Вока ўскінуў на плячо ружжо і падышоў да Хейварда са спакойным выглядам, які гаварыў пра тое, наколькі ён быў упэўнены ў бяспецы як сваёй, так і спадарожнікаў.
— Прыслухайцеся,— сказаў Дункан,— на раўніне чуваць нейкія гукі. Можа, Манкальм яшчэ не пакінуў месца сваёй перамогі.
— Ну, значыць, вушы лепшыя за вочы,— запярэчыў разведчык усё гэтак жа непарушна; ён толькі што паклаў у рот кавалачак мядзведжага мяса і гаварыў няясна і павольна, як чалавек, рот якога выконвае двайную работу.— Я бачыў сам, што ён засеў у Тэйе з усім сваім войскам: французы любяць пасля ўдалай справы вярнуцца дадому, патанцаваць і павесяліцца з жанчынамі.
— He ведаю. Індзейцы рэдка спяць у час вайны, і які-небудзь гурон мог застацца тут для таго, каб парабаваць. Добра б было патушыць агонь і паставіць вартавога... Прыслухайцеся! Чуеце гул, пра які я гавару?
— Яшчэ радзей індзейцы блукаюць вакол магіл. Хоць яны заўсёды гатовы на забойства, але звычайна задавальняюцца скальпам...
— Чуеце?.. Зноў! — перапыніў яго Дункан.
— Так-так, ваўкі становяцца смелыя, калі ў іх бывае занадта мала або занадта шмат ежы,— сказаў спакойна разведчык.— Каб было больш святла і часу, можна было б здабыць некалькі шкур гэтых д’яблаў. А зрэшты... Што гэта магло б быць?
— Гэта, значыць, не ваўкі?
Сакалінае Вока марудна паківаў галавою і зрабіў знак Дункану ісці за ім да мясціны, куды не дасягала святло вогнішча. Перасцярогшыся, ён доўга і напружана прыслухоўваўся, ці не паўторыцца ціхі гук, які так уразіў яго. Аднак яго намаганні былі дарэмныя, бо праз хвіліну ён шапнуў Дункану: