Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

Апошні з магікан

Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
79.09 МБ
якія маглі б у той момант выклікаць хваляванне.
Манкальм цярпліва чакаў, калі закончыцца размова, што вялася напаўголасу: нарэшце ён падышоў да Мунро бліжэй і пачаў перамовы.
— Я прасіў гэтай сустрэчы з вашым начальнікам, маёр,— сказаў Манкальм,— з надзеяй даказаць яму, што ён ужо зрабіў усё неабходнае, каб падтрымаць гонар свайго караля, і ўгаварыць яго прыслухацца да голасу чалавекалюбнасці. Я заўсёды і ўсюды буду сцвярджаць, што ён мужна супраціўляўся і не саступіў, пакуль не знікла апошняя надзея адбіць непрыяцеля.
Дункан пераклаў гэты ўступ старому каменданту, і Мунро адказаў з вялікай годнасцю і даволі ветліва:
— Як бы ні паважаў я сведчанні маркіза дэ Манкальма, яны, як я думаю, зробяцца яшчэ больш важкімі, калі я ў поўнай меры заслужу іх.
Калі маёр Хейвард перадаў французскаму генералу адказ палкоўніка, Манкальм усміхнуўся і заўважыў:
— На жаль, усё, што я да гэтага часу ахвотна абяцаю, бачачы сапраўдную мужнасць, можа, стане для мяне непажаданым пасля непатрэбнай і дарэмнай упартасці. Ці не хацелі б вы, палкоўнік, агледзець наш лагер, каб асабіста ўпэўніцца, што нас вельмі шмат і вам не ўдасца далей паспяхова нам супраціўляцца?
— Я ведаю, што французскаму каралю добра служаць,— адказаў непарушны шатландзец,— аднак мой гасудар валодае такой жа моцнай і вернай арміяй.
— Але, на шчасце для нас, яна адсутнічае,— сказаў Манкальм, не чакаючы, у запале нецярпення, перакладчыкавых слоў.— На вайне бываюць абставіны, у якіх храбрыя воіны здаюцца з той жа мужнасцю, з якой яны глядзяць у варожы твар.
— Калі б я ведаў, што маркіз дэ Манкальм так выдатна валодае англійскай мовай, я б не турбаваў яго слых такім няўдалым перакладам,— суха сказаў раззлаваны Дункан, успомніўшы, як ён нядаўна перамаўляўся з Мунро.
— Прашу дараваць мне, сеньёр,— запярэчыў француз, і лёгкая чырвань афарбавала яго смуглыя шчокі.— Існуе вялікая розніца паміж правільным разуменнем мовы і здольнасцю выказвацца на замежнай мове, пагэтаму папрашу вас па-ранейшаму памагаць мне.— I пасля кароткага маўчання ён дадаў: — 3 гэтых узгоркаў вельмі зручна праводзіць разведку вашых ума-
цаванняў. I я так жа цудоўна дасведчаны пра ўсе слабыя бакі вашых пазіцый, колькі і вы самі.
— Спытайце, Хейвард, французскага генерала, ці можа ён праз свае падзорныя трубы бачыць Гудзон? — фанабэрыста сказаў Мунро.— А ці ведае ён таксама, калі і дзе мы павінны чакаць сіл генерала Веба?
— Няхай вам адкажа сам генерал Веб,— прамовіў хітры Манкальм і нечакана працягнуў Мунро разгорнутае пісьмо.— Вось адсюль вы ўведаеце, палкоўнік, што атрад генерала Веба не патрывожыць маёй арміі.
He чакаючы, каб Дункан пераклаў словы француза, ветэран схапіў паперыну, і па хуткасці гэтага руху было відаць, якую важнасць надаваў ён зместу перахопленага ліста. Вочы Мунро хутка бегалі па радках, яго твар паступова траціў выраз воінскай гордасці, якая змянялася адбіткам глыбокага смутку. Губы каменданта задрыжэлі, рукі выпусцілі лісток, ён упаў на зямлю, і стары апусціў галаву з выглядам чалавека, усе надзеі якога загінулі ад аднаго ўдару. Дункан падняў паперу і, нават не папрасіўшы выбачэння за сваю вольнасць, уведаў жорсткі змест ліста. Генерал Веб не раіў Мунро супраціўляцца, наадварот — гаварыў, што трэба хутка здаць форт, тлумачачы, што ён не можа выслаць на дапамогу каменданту крэпасці Уільям-Генры ні аднаго чалавека.
— Тут няма падману,— заўважыў Дункан, разглядваючы паперу з двух бакоў,— вось подпіс самога Веба. Відаць, гэта і ёсць перахопленае пісьмо.
— Ен мне здрадзіў! — з горыччу прамовіў Мунро.— Ен пакрыў ганьбаю дом, у якім яшчэ ніколі не ведалі сораму, ён абрушыў сорам на маю сівізну!
— He гаварыце гэтага! — усклікнуў Дункан.— Мы яшчэ гаспадары крэпасці і нашага воінскага гонару! Прададзім жа свае жыцці за такую цану, каб ворагі палічылі куплю занадта дарагой!
— Дзякую табе, мой дарагі! — сказаў стары, апамятаўшыся ад аслупянення.— Ты напомніў Мунро яго абавязак! Мы вернемся ў форт і за нашымі ўмацаваннямі падрыхтуем сабе магілу.
— Панове! — прамовіў Манкальм і зрабіў некалькі крокаў наперад.— Дрэнна вы ведаеце мяне, Луі дэ СенВерана, калі лічыце, што я здольны, карыстаючыся гэтым лістом, прынізіць храбрацоў або пастарацца на-
быць сумніцельную славу такім непрыстойным шляхам! Пачакайце, паслухайце мае ўмовы.
— Што гаворыць француз? — сурова спытаў ветэран.— Ці не хваліцца ўжо ён тым. што яму ўдалося захапіць разведчыка з лістом са штаба? Сэр, скажыце яму, каб ён лепш зняў асаду і пайшоў да форта Эдвард, калі спадзяецца запалохаць ворагаў сваімі словамі.
Дункан патлумачыў палкоўніку сэнс слоў Манкальма.
— Маркіз дэ Манкальм, мы слухаем вас,— спакойней прамовіў ветэран, калі Хейвард закончыў перакладаць маркізавы словы.
— Утрымаць у сучасны момант форт вы не зможаце,— паўтарыў велікадушны вораг,— і дзеля інтарэсаў маёй дзяржавы гэтае ўмацаванне павінна быць знішчана, аднак вам асабіста і вашым храбрым сябрам я дам такія-сякія прывілеі, каб воінскі салдацкі гонар не пакутаваў.
— Нашыя сцягі? — спытаў Хейвард.
— Адвязіце іх у сваю Англію і пакажыце вашаму каралю.
— Зброю?
— Застанецца ў вашых руках. Ніхто не можа карыстацца ёй лепш, чым вы.
— Наша выступленне і здача крэпасці?
— Усё будзе зроблена самым ганаровым чынам для вас.
Дункан павярнуўся да Мунро і пераказаў тое, што гаварыў яму Манкальм. Палкоўнік слухаў са здзіўленнем і, здавалася, быў крануты незвычайным і нечаканым велікадушшам.
— Ідзіце, Дункан,— сказаў ён.— Ідзіце з маркізам у яго палатку і там пра ўсё дамоўцеся. Ніколі я не fly­May, што мне прыйдзецца ўбачыць англічаніна, які баіцца падтрымаць сябра, і француза, занадта сумленнага, каб не скарыстаць выгоды свайго становішча.
Прамовіўшы гэта, ветэран зноў апусціў галаву на грудзіну і паволі вярнуўся да форта. Яго паныласць адразу паказала ўстрывожанаму гарнізону, што ён нясе сумныя весткі.
Мунро ўжо не было наканавана ачуняць ад гэтага нечаканага ўдару. 3 таго моманту ў яго цвёрдым характары пачаўся рэзкі злом, які паскорыў яго смерць.
Дункан застаўся з Манкальмам, каб вызначыць
умовы капітуляцыі форта. У час першай начной варты ён вярнуўся ў крэпасць і пасля кароткай нарады з камендантам зноў выйшаў з яе варот. Калі ён другі раз пайшоў, аб’явілі, што спыняюцца ваенныя дзеянні і што Мунро падпісаў дамову, паводле якой форт раніцай павінен перайсці ў варожыя рукі, гарнізон — захаваць зброю, сцягі, рыштунак і, адпаведна воінскага разумення, свой гонар.
РАЗДЗЕЛ XVII
Мы тчэм, мы тчэм, Прадзем мы ніць, Каб епешна Павуціну звіць.
Грай
Два варожыя войскі ў пустыні паблізу Харыкена правялі ноч 9 жніўня 1757 года прыкладна так, як, відаць, яны скарысталі б гэтыя гадзіны, каб знаходзіліся на раўнінах Еўропы. Пераможаныя былі маўклівыя, змрочныя, панурыя; пераможцы святкавалі. Але як у смутку, так і ў радасці ёсць мяжа: яшчэ да світання ўсё змоўкла, цішыня бязмежных лясоў парушалася толькі крыкам якогасьці маладога француза з перадавых пікетаў або пагрозай, якая гучала са сценаў форта і замінала ворагам набліжацца да бастыёнаў раней прызначанага часу. Аднак нават і гэтыя выпадковыя адрывістыя вокрыкі замоўклі ў пануры, туманны час, які папярэднічаў світанку.
I вось сярод глыбокай цішыні палатняныя полкі адной вялікай палаткі ў французскім лагеры рассунуліся, і з яе выйшаў высокі чалавек. Ен быў захутаны ў плашч, які мог яму служыць абаронай ад халоднай лясной расы і ў той жа час закрываць усю яго постаць. Грэнадзёр, які вартаваў сон французскага камандзіра, вольна прапусціў яго. Салдат нават адсалютаваў яму ў знак ваеннай пашаны. Афіцэр хутка прайшоў праз маленькі горад палатак, накіроўваючыся да форта Уільям-Генры.
Калі невядомы сустракаў аднаго са шматлікіх вартавых, якія загароджвалі яму дарогу, ён даваў хуткія і, здавалася, здавальняючыя адказы на іх пытанні;
у крайнім выпадку ніхто не замінаў яму ісці далей.
Калі не лічыць гэтых, што часта паўтараліся, але кароткіх прыпынкаў, ён бесперапынна і моўчкі рухаўся з сярэдзіны лагера да аванпастоў; нарэшце падышоў да салдата, які стаяў на варце, аберагаючы самы бліжэйшы да непрыяцельскага форта пост. Пачулася звычайнае пытанне:
— Хто ідзе?
— Францыя! — быў адказ.
— Пароль?
— Перамога,— адказаў падарожны і наблізіўся да вартавога так блізка, каб салдат мог пачуць яго гулкі шэпт.
— Добра,— адказаў вартавы, ускінуўшы ружжо на плячо.— Вы вельмі рана гуляеце.
— Самая звычайная пільнасць, дзіця маё,— адказаў той. Затым адкінуў з твару плашч, зазірнуў у вочы вартавому і пайшоў далей, па-ранейшаму кіруючыся да англійскай крэпасці.
Вартавы ўздрыгнуў, апусціў сваё ружжо і выставіў яго наперад, аддаючы незнаёмаму самую пачцівую вайсковую пашану; калі ж салдат зноў узяў ружжо на плячо і, зрабіўшы паварот, накіраваўся да свайго паста, той міжволі прамармытаў праз зубы:
— Сапраўды, трэба быць вельмі пільным! Мне здаецца, наш генерал ніколі не спіць.
Афіцэр ішоў далей, не паказаўшы, што ён чуў захапляльныя словы, якія вырваліся з вуснаў вартавога, і не спыняўся, пакуль не дайшоў да нізкага берага возера і не апынуўся ў небяспечным суседстве з заходнім бастыёнам Уільям-Генры. Лёгкія воблакі зацягнулі месяц, аднак яго слабае святло дазваляла бачыць, хоць і не зусім выразна, абрысы акаляючых прадметаў. 3-за перасцярогі афіцэр прыхіліўся да ствала дрэва і даволі доўга стаяў так, відаць, з глыбокай увагаю азіраючы цёмныя і маўклівыя валы англійскіх умацаванняў. Ен глядзеў на крэпасць не так, як глядзіць цікаўны альбо бесклапотны глядач; наадварот, яго позірк пераходзіў ад аднаго пункта да другога, паказваючы, што чалавек ведае вайсковую справу. Нарэшце назіранні, здавалася, задаволілі чалавека ў плашчы; ён нецярпліва падняў вочы да вяршыні паўднёвай гары, нібы чакаючы, калі наступіць раніца, і ўжо збіраўся павярнуць назад, як раптам нейкі лёгкі шум над выступам
бліжэйшага бастыёна дасягнуў яго слыху і прымусіў зноў спыніцца.
Якраз у гэтую хвіліну высокая постаць падышла да краю бастыёна і застыла на месцы, відаць, у сваю чаргу, гледзячы на аддаленыя палаткі французскага лагера. Галава гэтага чалавека была павернута на ўсход; здавалася, ён таксама трывожна чакаў раніцы. Пасля яго цёмная постаць прыхілілася да вала, быццам гледзячы на люстраную азёрную роўнядзь, што, нібы падводны небасхіл, блішчэла тысячамі мігатлівых зорак. Самотная пастава, ранні час, а таксама абрысы постаці рослага чалавека, які стаяў у задуменні, прыхіліўшыся да англійскіх умацаванняў, выразна тлумачылі назіральніку, хто гэта быў. Пачуццё асцярожнасці прымусіла афіцэра з французскага лагера схавацца; ён слізгануў за ствол дрэва. У гэтую секунду яго ўвагу прыцягнуў новы гук, і ён зноў замёр на месцы. Да яго данёсся ціхі, ледзь чутны ўсплёск вады, услед за тым рыпнулі каменьчыкі на беразе. Цёмная постаць вынырнула з возера і пачала нягучна падкрадвацца да таго месца, дзе стаяў француз. Затым павольна паднялася руля ружжа, але раней, чым пачуўся стрэл, рука французскага афіцэра выцягнулася і лягла на курок.