Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
Дункан некалькі хвілін не адрываў вачэй ад гэтых сцэн; раптам ён выпадкова зірнуў туды, дзе былі заходнія вароты. Афіцэра завабіў гук крокаў, што набліжаліся. Ен выйшаў на кут бастыёна і ўбачыў, што да
атрада, які ахоўваў форт, падыходзіў разведчык з суправаджаючым французскім афіцэрам. Стомлены твар Сакалінага Вока выяўляў і разгубленасць, і заклапочанасць; здавалася, ён перажываў найвялікшае прыніжэнне, апынуўшыся ў руках ворагаў. 3 ім не было яго любімага ружжа, і рамяні з аленевай скуры звязвалі за спіной яго рукі. У апошні час белыя сцягі, якія служылі ўмовай бяспекі парламенцёраў, з’яўляліся так часта, што Хейвард спачатку няўважліва зірнуў на падыходзячых; яму здавалася, што ён убачыць варожага афіцэра, які з’явіўся з нейкай прапановаю. Але маёр пазнаў высокую постаць і горды, хоць і засмучаны, твар свайго сябра, ляснога жыхара, уздрыгнуў ад здзіўлення і павярнуўся, каб спусціцца з бастыёна і даведацца, што тут і да чаго.
Аднак гукі знаёмых галасоў прыцягнулі ўвагу Дункана і змусілі яго імгненна забыць на свой першапачатковы намер. Агінаючы адзін з унутраных выступаў вала, ён сустрэў Кору і Алісу, якія прагульваліся, жадаючы падыхаць свежым паветрам і адпачыць ад стамляльнага зняволення. Малады афіцэр не бачыў іх з той цяжкай хвіліны, калі яму прыйшлося пакінуць дзяўчат перад фортам — зрэшты, з адзінаю мэтаю выратаваць іх. Хейвард у апошні раз бачыў Кору і Алісу, калі яны былі змучаныя турботамі і стомаю; цяпер дзяўчаты ззялі прыгажосцю і свежасцю, хоць сляды трывогі і страху ўсё яшчэ ляжалі на іх тварах. Нядзіўна, што пры гэтай сустрэчы малады чалавек забыў на час пра ўсё іншае і толькі жадаў пагутарыць з імі. Але не паспеў Хейвард прамовіць і слова, як пачуўся галасок юнай Алісы.
— А-а, здраднік! О, няверны рыцар, які пакінуў сваіх паненак у бядзе! — хітра сказала яна.— Доўгія дні... не, многія стагоддзі чакалі мы, што вы кінецеся да нашых ног, просячы міласэрна забыць пра вашае вераломнае адступленне — дакладней, пра вашыя ўцёкі... Праўду кажучы, вы беглі з такой хуткасцю, з якой не мог бы паспрачацца ранены алень, як кажа ваш сябра — разведчык.
— Вы разумееце, што гэтымі словамі Аліса хоча выказаць, як мы ўдзячны вам, як мы вас бласлаўляем,— дадала сур’ёзная і больш стрыманая Кора.— Праўда, мы крышку здзіўлены, чаму вы так упарта пазбягаеце зараз дом, дзе вас чакае не толькі ўдзяч-
насць дачок, але і ўдзячнасць іхняга бацькі.
— Ваш бацька можа пацвердзіць, што хоць я і не быў з вамі, я не зусім забыў пра вашую бяспеку,— адказаў малады чалавек.— Усе гэтыя дні ішла жорсткая барацьба за валоданне вось той вёскаю,— дадаў ён, паказваючы на суседні з фортам і абнесены акопамі лагер.— Той, хто завалодае ёю, можа з упэўненасцю сказаць, што ён набудзе і форт і ўсё, што ў ім знаходзіцца. 3 хвіліны нашай ростані я праводзіў там усе дні і ночы, бо лічыў, што гэта мой абавязак. Але,— працягваў Дункан з засмучанасцю, якую дарэмна стараўся схаваць,— калі б я ведаў, што мой учынак, які я лічыў салдацкім абавязкам, будзе вытлумачаны як уцёкі, вядома, мне сорамна было б паказацца вам на вочы!
— Хейвард! Дункан! — усклікнула Аліса і нахілілася, каб паўзірацца ў засмучаны твар маёра; адна з залацістых пасмаў упала на расчырванелую шчаку дзяўчыны і часткова схавала слёзы, якія выступілі на яе вачах.— Калі б я думала, што мая пустая балбатня так пакрыўдзіць вас, лепш бы я анямела! Кора можа сказаць, як шчыра і высока мы ацанілі вашы паслугі, як глыбока... ледзь не сказала: як горача... мы ўдзячныя вам!
— А Кора пацвердзіць праўдзівасць вашых слоў? — спытаў Дункан, і ўсмешка задавальнення сагнала змрочнае воблачка з яго твару.— Што скажа Кора? Ці даруе яна таму, хто пагрэбаваў рыцарскім абавязкам у імя салдацкага абавязку?
Кора адказала не адразу; яна адвярнулася і пазірала на празрыстыя воды возера Харыкен. Калі ж старэйшая Мунро зноў накіравала свае цёмныя вочы на маладога чалавека, у іх усё яшчэ таіўся выраз такой пакуты, што адразу прымусіла Дункана забыць усё на свеце, акрамя пяшчотнага спачування да дзяўчыны.
— Ці не хворая вы, дарагая міс Мунро? — усклікнуў Дункан.— Мы балбочам і жартуем, а вы пакутуеце.
— Нічога,— адказала яна стрымана.— Я не магу быць такой жыццярадаснай, як наша Аліса, і гэта прычына, можа быць, няшчаснага майго жыцця. Паглядзіце...— працягвала Кора, як бы жадаючы перамагчы сваю хвілінную слабасць усведамленнем абавязку,— паглядзіце вакол, маёр Хейвард, і скажыце, што павінна думаць дачка салдата, самае вялікае шчасце якога
заключаецца ў захаванні свайго гонару і сумленнага імені?
— Hi тое, ні другое не азмрочыцца з-за абставін, якімі ён не можа кіраваць! — горача адказаў Дункан.— Але вашыя словы напомнілі мне пра мае абавязкі. Я павінен ісці да вашага храбрага бацькі, каб даведацца, чым і як ён рашыў абараняцца. Ды няхай пашле вам бог усялякага шчасця, высакародная... Кора! Я магу і павінен называць вас так.
Яна шчыра працягнула яму руку, хоць яе вусны ўздрыгнулі, а шчокі пабялелі.
— Да пабачэння, Аліса,— дадаў Дункан, і захапленне, якое пачулася ў яго голасе пры звароце да Коры, змянілася пяшчотаю.— Да пабачэння, Аліса, мы хутка ўбачымся, і спадзяюся — пасля перамогі.
He чакаючы адказу, Хейвард спусціўся з парослых травою лесвіц бастыёна, хутка перасёк пляц і праз некалькі хвілін апынуўся перад Мунро.
Палкоўнік вялізнымі крокамі хадзіў уперад і назад па сваім цесным памяшканні; хваляванне выступіла на яго твары.
— Вы апярэдзілі маё жаданне, маёр Хейвард,— сказаў ён.— Я толькі што сабраўся прасіць вас прыйсці да мяне.
— На жаль, я бачыў, што пасланец, якога так горача рэкамендаваў вам, вярнуўся пад каравулам француза. Спадзяюся, няма прычын усумніцца ў яго вернасці?
— Я даўно ведаю вернасць Доўгага Карабіна,— адказаў Мунро,— ён ні ў чым не падазраецца, але, думаю я, на гэты раз шчасце здрадзіла яму. Манкальм захапіў нашага разведчыка і ў сілу праклятай ветлівасці сваёй нацыі прыслаў яго да мяне са словамі, быццам бы ён, ведаючы, як я паважаю гэтага чалавека, не можа затрымаць яго ў сябе.
— Але дапамога ад генерала Веба?
— Хіба па дарозе да мяне вы нічога не бачылі? — з горкай усмешкаю сказаў стары.— Цішэй, цішэй вы, нецярплівы малады чалавек! Патрэбна даць гэтым джэнтльменам час на пераход з форта Эдвард да нашай крэпасці.
— Значыць, яны ідуць? Разведчык гэта сказаў?
— Так. Але калі прыйдуць? Па якой дарозе? Гэтага я не ведаю, бо дурань не сказаў мне пра гэта. Але,
здаецца, было напісана пісьмо, і ў гэтым заключаецца адзіны радасны бок пытання. Калі б вестка была дрэнная, гэты французскі месье ветліва пераслаў бы яго нам.
— Значыць, ён пакінуў у сябе пісьмо, хоць і адпусціў ганца!
— Так. Вось яна, хвалебная «дабрадушнасць» французаў!
— А што гаворыць разведчык? У яго ёсць вочы, вушы і язык. Што ён данёс на словах?
— О, сэр, ён валодае ўсімі органамі пачуццяў і можа сказаць усё, што ён бачыў і чуў. Зрэшты, з яго расказу вядома наступнае: на берагах Гудзона стаіць крэпасць яго вялікасці пад назваю форт Эдвард, названая так, як вам вядома, у гонар яго вялікасці прынца Еркскага. Форт гэты забяспечаны патрэбнай колькасцю воінаў.
— Але хіба там не збіраюцца выступаць нам на дапамогу?
— У крэпасці адбываюцца ранішнія і вячэрнія вучэнні. Калі адзін з навабранцаў рассыпаў порах над поліўкаю, парушынкі, якія трапілі на вуголле, проста згарэлі...— I раптам, перамяніўшы свой горкі, іранічны тон і загаварыўшы больш удумліва і сур’ёзна, Мунро дадаў: — А паміж тым у гэтым пісьме магло... не, павінна было быць што-небудзь, патрэбнае для нас!
— Нам патрэбна прыняць хуткае рашэнне,— сказаў Дункан, карыстаючыся пераменай настрою свайго начальніка, каб перайсці да самага найважнага ў гутарцы.— He магу схаваць ад вас, сэр, што лагер не зможа доўга пратрымацца, і са скрухаю дадам, што і ў самім форце, відаць, абставіны не нашмат лепшыя: болып паловы гармат узарваныя.
— А хіба магло быць інакш? Нямала гармат мы вылавілі з дна возера, іншыя ржавелі ў лясах з часу адкрыцця гэтай краіны, а некаторыя ніколі і не былі гарматамі — забаўкі, і толькі. Няўжо вы думаеце, сэр, што ў гэтай пустыні, за тры тысячы міль ад Вялікабрытаніі, можна мець добрыя гарматы?
— Сцены абвальваюцца, правізія заканчваецца,— працягваў Хейвард.— Нават сярод салдат заўважаюцца прыкметы незадавальнення і трывогі.
— Маёр Хейвард,— сказаў палкоўнік і павярнуўся з годнасцю да свайго маладога сябра,— дарэмна праслужыў бы я паўстагоддзе, пасівеўшы на службе, калі б не ведаў усяго, што вы сказалі, і не разумеў
нашых нягод і нястач. Тым не менш мы павінны помніць, што гонар нашай арміі і наш уласны яшчэ не закратуныя. Да таго часу, пакуль не знікне надзея на падмацаванне ад генерала Веба, я павінен абараняць гэтую крэпасць, хоць бы камянямі, сабранымі на беразе возера! Зараз нам важней за ўсё ўбачыць пісьмо начальніка форта Эдвард.
— Ці магу я вам нечым дапамагчы?
— Так, сэр, можаце. У дадатак да ўсіх сваіх астатніх ветлівасцей маркіз дэ Манкальм просіць мяне сустрэцца з ім на паляне паміж гэтай крэпасцю і яго ўласным лагерам, жадаючы, як ён гаворыць, паведаміць нам нейкія дадатковыя звесткі. Я лічу, не зусім разумна паказваць яму празмернае імкненне пабачыцца з ім, а таму хацеў бьі паслаць да яго вас, аднаго з вышэйшых афіцэраў, як майго намесніка.
Дункан ахвотна згадзіўся замяніць начальніка на той час, на які меркавалася сустрэча.
Малады чалавек, пачуўшы неабходныя ўказанні, пайшоў. -
Дункан мог дзейнічаць толькі як прадстаўнік каменданта форта, а таму ўрачыстасць, якая, без сумнення, суправаджала б сустрэчу двух начальнікаў варожых бакоў, была адменена. Праз дзесяць хвілін пасля размовы з Мунро Дункан выйшаў з крапасных варотаў пад гукі барабаннага бою, пад абаронай маленькага белага сцяга.
Насустрач Дункану выступіў французскі афіцэр і са звычайнымі фармальнасцямі правёў яго да аддаленай палаткі Манкальма.
Французскі генерал сустрэў маладога пасланца з варожага лагера, стоячы пасярод сваіх афіцэраў і цёмнаскурага натоўпу туземных правадыроў, якія прымалі ўдзел у вайне, кожны на чале воінаў свайго племені. Хутка акінуўшы позіркам цёмны натоўп чырванаскурых і нечакана ўбачыўшы сярод іх злы твар Магуа, які пазіраў на яго спакойным, але пільным позіркам, Хейвард спыніўся; міжволі ціхі ўсклік вырваўся з ягоных вуснаў, аднак маёр хутка ўтаймаваў прыкметы свайго хвалявання і павярнуўся да варожага камандзіра. Манкальм ужо зрабіў крок яму насустрач.