Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

Апошні з магікан

Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
79.09 МБ
— Гэты нягоднік не з гуронаў,— сказаў ён,— і не належыць ні да аднаго з канадскіх плямён, аднак па яго адзенні відаць, што ён абрабаваў белага. Гэта, відаць, Манкальм для набегаў сабраў банду розных нягоднікаў. Вам не відаць, куды ён паклаў сваё ружжо або лук?
— У яго, пэўна, няма зброі, ды і наогул ён, здаецца, не мае злых намераў. Калі толькі ён не дасць сігналу сваім прыяцелям, якія, як вы бачыце, круцяцца каля вады, нам няма чаго яго баяцца.
Разведчык павярнуўся да Хейварда і глядзеў на яго нейкі час з непрыхаваным здзіўленнем. Пасля ён шырока адкрыў рот і засмяяўся нягучна, да чаго яго прывучыла звычка знаходзіцца ўвесь час у небяспецы.
— Прыяцелі, якія круцяцца каля вады! — паўтарыў ён і дадаў: — Вось яно што значыць вучыцца ў школах і жыць у гарадах! Але ў гэтага хлопца ногі
доўгія, і яму нельга давяраць. Трымайце яго на прыцэле, а я падбяруся да яго ззаду скрозь кусты і вазьму жывым. He страляйце ні ў якім разе!
Сакалінае Вока ўжо напалову схаваўся ў гушчары, калі Хейвард раптам працягнуў руку, спыніў яго і сказаў:
— А ці магу я стрэліць, калі ўбачу, што вы ў небяспецы?
Сакалінае Вока глядзеў на яго нейкі час, быццам не ведаючы, як зразумець яго пытанне, пасля пахітаў галавою і адказаў, зноў нягучна смеючыся:
— Страляйце хоць за цэлы ўзвод, маёр!
У наступнае імгненне ён схаваўся ў лістоце дрэў.
Дункан правёў некалькі хвілін у ліхаманкавым чаканні, перш чым зноў убачыў разведчыка. Адзенне Сакалінага Вока цяжка было адрозніць ад зямлі. Ен поўз ззаду індзейца, якога намерваўся захапіць у палон. На адлегласці ў некалькі футаў ад незнаёмца ён падняўся на ногі павольна і нягучна.
У гэтую хвіліну пачулася некалькі ўдараў па вадзе. Дункан павярнуўся якраз у час, каб убачыць, як сотня цёмных постацей адразу кінулася ў ваду. Ен зноў схапіў ружжо і перавёў позірк на індзейца, які стаяў побач з ім.
Дзікун, які нічога не падазраваў, зусім не спалохаўся і, выцягнуўшы шыю, здавалася, глядзеў на возера з тупой цікавасцю. У гэтае імгненне над ім паднялася рука Сакалінага Вока; але раптам яна апусцілася без усякай відавочнай прычыны, і ўладальнік яе выбухнуў новым прыпадкам смеху. Калі закончыўся гэты ўзрыў нястрыманага рогату, Сакалінае Вока, замест таго каб схапіць за горла сваю ахвяру, злёгку ўдарыў яго па плечуку і гулка крыкнуў:
— Ну што, мой сябра? Ці не збіраецеся вы вучыць псалмаспевам баброў?
— Менавіта так,— пачуўся хуткі адказ.
РАЗДЗЕЛ XXII
Аснова. Ці ўся наша кампанія сабралася?
.	Пігва. Усе тут. А вось выдатнае
патрэбнае месцейка для нашай рэпетыцыі.
Шэкспір. «Сон у летнюю ноч»
Чытач можа хутчэй уявіць сабе здзіўленне Хейварда, чым апісаць яго. Яго індзейцы, якія ўпотайкі падкрадаліся, ператварыліся ў чацвераногіх жывёл, возера,— у сажалку баброў, вадаспад — у запруду, зробленую гэтымі працалюбівымі і разумнымі жывёламі, а невядомы вораг — у выпрабаванага сябра, Давіда Гамута, настаўніка псалмаспеваў. Прысутнасць яго ўзбудзіла столькі нечаканых надзей наконт лёсу дзвюх сясцёр, што малады чалавек выскачыў з засады і пабег да дзвюх галоўных дзеючых асоб гэтай сцэны.
Узрыў весялосці Сакалінага Вока ўлёгся не хутка. Груба, без усякай далікатнасці, ён круціў Гамута ва ўсе бакі і некалькі разоў паўтараў, што гуроны праявілі густ пры выбары для яго касцюма. Пасля ён схапіў руку ціхмянага Давіда, паціснуў так моцна, што ў таго з’явіліся слёзы на вачах, і пажадаў яму поспеху ў яго новай справе.
— Вы толькі што сабраліся папрактыкаваць ваша горла сярод баброў, ці не праўда? — спытаў ён.— Хітрыя д’яблы ўжо крыху знаёмыя з гэтай справай, бо адбіваюць такт хвастамі, як вы самі чулі зараз. I зрабілі яны гэта своечасова, інакш мой «аленебой» першы загаварыў бы з імі. Я ведаў людзей, якія ўмелі чытаць і пісаць, але былі значна дурнейшыя за старога вопытнага бабра; але што тычыцца голасу, то яны нарадзіліся нямымі! А як вам падабаецца вось такая песня?
Давід заткнуў вушы, і нават Хейвард, які быў папярэджаны раней, зірнуў уверх, шукаючы птушку, калі ў паветры пачулася карканне вароны.
— Бачыце,— сказаў са смехам разведчык, паказваючы на астатніх падарожнікаў, якія з’явіліся недалёка, як толькі пачуўся сігнал,— вось гэта музыка мае сваю несумненную вартасць: яна дае мне два добрых ружжы, не кажучы ўжо пра нажы і тамагаўкі. Але мы бачым, што вам нічога не пагражае; раскажыце ж, што здарылася з дзяўчатамі?
— Яны ў палоне ў язычніка,— сказаў Давід,— і, хоць сэрца іх неспакойнае, яны ў бяспецы і ўладкаваныя з выгодамі.
— Абедзве? — задыхаючыся, спытаў Хейвард.
— Менавіта так! Хаця шлях наш быў цяжкі і правізія бедная, нам не было на што наракаць, акрамя насілля над нашымі пачуццямі, калі нас вялі палоннымі ў далёкую краіну.
— Ды аддзячыць вас бог за гэтыя словы! — усклікнуў дрыготкі Мунро.— Я атрымаю зноў маіх дзяўчынак здаровымі і цэлымі!
— He ведаю, ці хутка ім удасца вызваліцца,— запярэчыў Давід.— Правадыр гэтых дзікуноў занадта злы, і ўціхамірыць яго не можа ніхто, акрамя ўсявышняга. Я спрабаваў дзейнічаць на яго і на соннага, і на бадзёрага, але, відаць, на яго не дзейнічаюць ні гукі, ні словы.
— Дзе гэты нягоднік? — рэзка перапыніў разведчык.
— Сягоння ён палюе на ласёў са сваімі людзьмі, а заўтра, як я чуў, яны пойдуць далей у гэтыя лясы і бліжэй да мяжы Канады. Старэйшую дзяўчыну адправілі ў суседняе племя, буданы якога ляжаць за чорнай вяршыняй той гары; малодшая ж пакінута з жанчынамі гуронаў, жыллё якіх знаходзіцца толькі ў дзвюх мілях адсюль, на пласкагор’і, там, дзе агонь выканаў місію сякеры і тым самым падрыхтаваў месца для іх селішча.
— Аліса, мая бедная Аліса! — прамармытаў Хейвард.— Яна згубіла апошняе суцяшэнне — падтрымку сястры!
— Менавіта так! Але, калі ўхваленні і божыя псалмы могуць суцешыць засмучоную душу, яна не пакутавала.
— Хіба музыка дае ёй задавальненне?
— Самае сур’ёзнае, самае ўзвышанае задавальненне! Хоць я павінен прызнацца, што, нягледзячы на ўсе мае старанні, дзяўчына плача часцей, чым смяецца. У такія хвіліны я пазбягаю свяшчэнных песень. Але бываюць салодкія, спакойныя гадзіны добрага настрою, калі слых дзікуноў прыцягвае гучанне нашых галасоў.
— А чаму вам дазваляюць расхаджваць усюды без ніякага абмежавання?
Давід, набыўшы выгляд сціплай пакорлівасці, адказаў:
— Такому чарвяку, як я, няма чым хваліцца. Але, хоць сіла псалмаспеваў згубілася ў страшным крывавым полі, праз якое нам давялося прайсці, яна зноў пачала ўплываць на язычніцкія душы, і мне дазваляюць прыходзіць і адыходзіць куды захачу.
Разведчык засмяяўся і даў, можа, больш здавальняючае тлумачэнне дзіўнай паблажцы дзікуноў:
— Індзейцы ніколі не чапаюць чалавека, калі ён не ў сваім розуме. Але чаму, калі перад вамі ляжаў вольны шлях і вы маглі вярнуцца па сваіх уласных слядах — яны крышку выразней, чым сляды вавёркі,— вы не прынеслі вестак у форт Эдвард?
Разведчык, помнячы толькі пра свой цвёрды і непахісны характар, патрабаваў ад Давіда таго, што той ні пры якіх умовах не мог зрабіць. Але Давід усё з той жа сціпласцю і пакорлівасцю адказаў:
— Хоць душа мая ўзрадавалася б, калі б мне не прыйшлося яшчэ раз наведаць хрысціянскае жытло, ногі мае не змаглі павярнуць у іншы бок, ведаючы, што даручаныя мне далікатныя душы пакутуюць у палоне і скрусе.
Цяжка было зразумець мудрагелістую мову Давіда, але шчыры, поўны цвёрдасці выраз яго вачэй і чырвань, што ўспыхнула на яго сумленным твары, не пакідалі ніякага сумнення. Ункас падышоў бліжэй да Давіда і з задавальненнем зірнуў на яго, у той час як Чынгачгук падаў пахвальны вокліч.
Сакалінае Вока працягнуў псалмаспеваку яго каштоўны інструмент:
— Вось, сябра, я хацеў запаліць агонь тваёй свісцёлкай, але, калі яна дарагая табе, забірай і старайся на ўсю моц.
Гамут узяў камертон, выявіўшы сваё задавальненне настолькі, наколькі дазвалялі, на яго думку, важныя абавязкі, што ён выконваў. Выпрабаваўшы некалькі разоў ягоную годнасць і параўнаўшы са сваім голасам, ён упэўніўся, што камертон не сапсаваны, і выказаў сур’ёзны намер праспяваць некалькі радкоў з маленькага томіка, пра які мы так часта гаварылі.
Але Хейвард спешна спыніў яго набожнае старанне і пачаў задаваць пытанні пра дзяўчат; ён распытваў пра ўсё значна падрабязней, чым на пачатку размовы.
калі гаварыць замінала ўсхваляванае пачуццё. Давід, хоць і паглядваў прагным позіркам на свой скарб, але змушаны быў адказваць, тым больш што бацька дзяўчат таксама паімкнуўся да яго з роспытам. I разведчык устаўляў слова-другое, калі падыходзіла спрыяльная хвіліна. Такім чынам, нягледзячы на частыя перапынкі, запоўненыя гукамі вернутага інструмента, праследавацелі ўсё ж уведалі амаль усё з галоўнага, што магло быць карыснае для таго, каб дабіцца задуманага. Давідаў расказ быў просты і не багаты фактамі.
Магуа пачакаў на гары, пакуль не мінула небяспека, пасля спусціўся і пайшоў па дарозе ўздоўж заходняга боку Харыкена, па шляху да Канады. Шустры гурон добра ведаў усе сцежкі, ведаў таксама, што ім не хутка пагражае пагоня, і таму рух наперад быў павольны і няцяжкі. 3 падрабязнага Давідавага апавядання было відаць, што ён не падабаецца індзейцам: спевака цярпелі толькі таму, што нават сам Магуа не быў зусім пазбаўлены пачуцця глыбокай павагі, з якім індзейцы ставяцца да ўсяго, што тычыцца рэлігійных тайнаў.
Ноччу яны асабліва клапаціліся аб палонніцах, пра тое, каб захаваць іх ад лясной вільгаці і ў той жа час заміналі ім уцячы. Каля крыніцы, як ужо вядома, коней адпусцілі на волю, і тут індзейцы скарысталі ўсе хітрыкі, каб схаваць сляды. Калі дабраліся да лагера Магуа, гуроны, падпарадкоўваючыся сваім звычкам, падзялілі палонніц. Кору адаслалі да нейкага племені, якое часова займала адну з суседніх лагчын. Давід быў занадта мала знаёмы з туземскімі звычаямі і не мог вызначыць, што гэта за племя. Ен толькі ведаў, што яны не ўдзельнічалі ў апошнім нападзе на крэпасць Уільям-Генры, але былі саюзнікамі Манкальма, так як і гуроны.
Магікане і разведчык слухалі яго малазразумелы блытаны расказ з узрастаючай цікавасцю. У той час, як Давід спрабаваў патлумачыць, чым займаецца індзейскае племя, дзе жыла Кора, разведчык раптам перапыніў яго пытаннем:
— Ці не бачылі вы, якія ў іх былі нажы? Англійскага ці французскага ўзору?