Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
чыў дваццаць альбо трыццаць постацей, якія падымаліся па чарзе з высокай травы перад будынінамі і знікалі, быццам яны правальваліся праз зямлю. Яны з’яўляліся і знікалі так нечакана, што здаваліся Дункану хутчэй нейкімі цёмнымі прывідамі, чым істотамі, зробленымі з плоці і крыві. Вось на імгненне з’явілася худая голая постаць; яна дзіка ўзмахнула рукамі і знікла, а ў іншым месцы тут жа з’явілася яшчэ адна такая ж таямнічая постаць.
Давід, заўважыўшы, што яго сябра спыніўся, паглядзеў туды, куды ён пазіраў, і загаварыў, паспрыяўшы Хейварду апамятацца.
— Тут шмат жыватворнай зямлі, яшчэ не апрацаванай,— сказаў ён,— і магу дадаць, зусім не цешачыся пахвальбою, што за час майго кароткага знаходжання ў гэтых паганскіх мясцінах нямала добрага насення было пасеяна па шляху.
— Гэтыя плямёны больш любяць паляванне, чым які-небудзь іншы від заняткаў,— заўважыў уражаны і расхваляваны Дункан, працягваючы глядзець на дзіўныя постаці.
— Я правёў тут тры ночы, і тры разы я збіраў хлопчыкаў, каб яны прынялі ўдзел у свяшчэнных спевах. I яны адказалі на мае старанні крыкамі і выццём, якія ледзянілі мне душу.
— Пра каго вы гаворыце?
— Пра дзяцей д’яблаў, якія марнуюць каштоўныя хвіліны вось там у пустых крыўляннях. Ах! У гэтай краіне бяроз нідзе не відаць дубца, і пагэтаму для мяне ніколькі не дзіўна, што вышэйшая нябесная дабрыня разменьваецца на такія крыкі!
Давід затуліў вушы, каб не чуць жахлівых пранізлівых крыкаў, якія чуліся ў лесе. На губах Дункана з’явілася грэблівая ўсмешка.
— Ідзём наперад! — цвёрда прамовіў ён.
РАЗДЗЕЛ XXIII
Ды нават звер, што быў прытрыманы да ловаў, Спускаецца на нейкі момант з ланцуга, Яму даюць крыху пабегаць укруга,
I вольны ён_. пакуль не звяжуць адмыслова. Але хто бачыў дзе, каб ставілі наўперад У пастцы, скажам, ліса ці другога звера.
В. Скот. «Панна Возера»
Індзейцы не маюць звычак, як белыя, выстаўляць вартавых для аховы сваіх селішчаў. Іх разведчыкі паведамляюць пра небяспеку, калі яна яшчэ далёка, і пагэтаму індзейцы звычайна адпачываюць спакойна, бо добра ведаюць усе лясныя гукі, як ведаюць і тое, што доўгія цяжкапраходныя сцяжынкі аддзяляюць іх ад тых, каго ім трэба баяцца.
Вораг жа, які па шчасліваму збегу абставін падмануў пільнасць разведчыкаў, рэдка сустрэне вартавых каля дома.
Пагэтаму, калі Дункан і Давід апынуліся сярод дзіцячага натоўпу, які забаўляўся гульнямі, дык тое, што яны з’явіліся тут, было амаль нечаканым. Як толькі дзятва заўважыла іх, яна закрычала дружным пранізлівым перасцерагальным крыкам і потым, быццам па чараўніцтве, схавалася з вачэй прышэльцаў. Аголеныя смуглыя целы хлопчыкаў, якія прыпалі да зямлі, так хораша зліваліся па афарбоўцы з завялай травою, што спачатку здавалася, быццам зямля сапраўды праглынула іх. Але калі Дункан прыгледзеўся ўважліва, ён убачыў, што на яго адусюль пазіраюць чорныя хуткія вочы.
Дапытлівыя, недружалюбныя позіркі збянтэжылі на імгненне рашучасць маладога чалавека, але адступаць было позна. На крык дзяцей з бліжэйшай будыніны выйшлі дзесяць воінаў, якія стоўпіліся каля парога змрочным ваяўнічым гуртам, з непарушным спакоем чакаючы набліжэння чужых людзей.
Давід, да вядомай ступені прывычны да гэтага відовішча, накіраваўся напрасткі да іх з цвёрдасцю, якую, здаецца, нялёгка было пахіснуць. Гэта была галоўная будыніна селішча — просты будан з кары і галля. У ім адбываліся нарады і сходкі племені. Дункану цяжка было надаць свайму твару такі неабходны выраз раўнадушша ў момант, калі ён прабіраўся паміж цём-
нымі магутнымі індзейскімі постацямі. Але, усведамляючы, што жыццё яго залежыць ад самавалодання, ён даверыўся на разважнасць свайго сябра, услед за якім ішоў, намагаючыся прывесці да ладу свае думкі. Кроў стыла ў яго жылах, калі гэтак блізка бачыў лютых і бязлітасных ворагаў, але ўрэшце ён настолькі авалодаў сабой, што нічым не выдаў слабасці. Беручы прыклад з мудрага Гамута, ён выцягнуў абярэмачак пахкага хмызняку з кучы, што займала куток хаціны, і моўчкі сеў на яго.
Як толькі іхні госць зайшоў у будыніну, воіны, якія стаялі паблізу парога, пачалі таксама вяртацца туды і цярпліва чакалі, калі чужаземец загаворыць. Многія індзейцы ў лянівай, бесклапотнай паставе стаялі, прыхіліўшыся да слупоў, што падтрымлівалі хілую пабудову. Трое або чацвёра самых старых і славутых правадыроў змясціліся на доле крыху наперадзе.
Запалілі факел, што ўспыхнуў яркім полымем, і ў яго хісткім чырванаватым святле са змроку выплывалі то адзін, то другі твар і постаці. Дункан намагаўся прачытаць на тварах сваіх гаспадароў, які прыём ён можа чакаць ад іх. Але індзейцы, якія сядзелі паперадзе, амаль не глядзелі на яго; вочы іхнія былі апушчаныя долу, а на твары быў такі выраз, які можна было вытлумачыць і як пачцівасць, і як недавер да госця. Людзі, якія стаялі ў цяні, былі менш стрыманыя. Дункан хутка заўважыў іх выпрабавальныя і ў той жа час невыразныя позіркі; яны вывучалі яго твар і вопратку; ні адзін яго жэст, ні адзін штрых у афарбоўцы, ні адна падрабязнасць у кроі яго адзення не засталіся па-за іхняй увагай.
Нарэшце адзін індзеец, мускулісты і моцны, з сівізною ў валасах, выступіў з цёмнага кутка будыніны і падаў голас. Ен гаварыў на мове вейандотаў або гуронаў, словы яго былі незразумелыя Дункану. Мяркуючы па жэстах, якімі суправаджаліся гэтыя словы, можна было падумаць, што яны мелі хутчэй дружалюбны, чым варожы сэнс. Хейвард паківаў галавою і жэстам даў зразумець, што не можа адказаць.
— Хіба ніхто з маіх браццяў не гаворыць ні пафранцузску, ні па-англійску? — запытаў ён па-французску, азіраючы па чарзе ўсіх прысутных у надзеі, што хто-небудзь сцвярджальна хітне галавою.
Хоць многія павярнулі галаву, як бы жадаючы
ўлавіць сэнс яго слоў, але адказу не пачулася.
— Мне было б сумна ўпэўніцца,— прамовіў Дункан па-французску, выбіраючы найбольш простыя словы,— што ні адзін прадстаўнік гэтага мудрага і храбрага народа не разумее мовы, на якой Вялікі Бацька гаворыць са сваімі дзецьмі. Ен засмуціўся б, калі б даведаўся, што чырванаскурыя воіны так мала паважаюць яго.
Наступіла працяглая, цяжкая паўза — за гэты час ні адзін рух, ні адзін позірк індзейцаў не выдалі ўражання, якое зрабіла гэтая заўвага.
Дункан, які ведаў, што маўчанне лічылася прыстойнай рысай сярод яго гаспадароў, з радасцю скарыстаў гэта, каб сабрацца з думкамі.
Нарэшце той жа самы воін, які звяртаўся да яго раней, суха адказаў яму на канадскім дыялекце:
— Калі наш Вялікі Бацька гаворыць са сваім народам, то хіба ён размаўляе на мове гуронаў?
— Ен не робіць розніцы паміж сваімі дзецьмі, якім бы ні быў колер скуры — чырвоны, чорны або белы,— адказаў Дункан наўмысна няпэўна,— хоць больш за ўсё ён задаволены храбрымі гуронамі.
— А што ён скажа,— спытаў асцярожны правадыр,— калі ганцы пералічаць перад ім скальпы, якія пяць начэй таму знаходзіліся на галаве інгізаў?
— Яны былі яго ворагамі,— сказаў, міжволі ўздрыгнуўшы, Дункан,— і няма сумненняў, што ён скажа: «Гэта добра, мае гуроны — вельмі храбры народ».
— Наш бацька ў Канадзе так не думае. Замест таго каб, клапоцячыся пра будучыню, узнагароджваць індзейцаў, ён звяртае свае позіркі ў мінулае. Ен бачыць мёртвых інгізаў, але не гуронаў. Што можа гэта значыць?
— У такога вялікага правадыра, як ён, больш думак, чым слоў. Ен клапоціцца пра тое, каб на яго шляху не было ворагаў.
— Пірога мёртвага воіна не паплыве па Харыкене,— змрочна запярэчыў індзеец.— Яго вушы адкрыты дэлаварам, якія варожыя нам, і яны напаўняюць іх ілжывасцю.
— Гэтага не можа быць. Слухай, ён загадаў мне, чалавеку, дасведчанаму ў мастацтве лячэння, пайсці да яго дзяцей — чырванаскурых, якія жывуць па бера-
гах Вялікіх азёраў,— і спытаць, ці няма ў іх хворых.
Пасля гэтых слоў Дункана зноў наступіла маўчанне.
Вочы ўсіх амаль у адзін час накіраваліся на яго, як бы жадаючы даведацца, праўда ці хлусня хаваецца ў яго заяве, і такія розум і пранізлівасць свяціліся ў гэтых вачах, што Хейвард здрыгануўся. Але з гэтага непрыемнага становішча яго вывеў індзеец, які толькі што размаўляў з ім.
— Хіба вучоныя людзі з Канады расфарбоўваюць сваю скуру? — холадна працягваў гурон.— Мы чулі, як яны хваляцца, што іх твары белыя.
— Калі індзейскі правадыр прыходзіць да сваіх братоў белых,— запярэчыў Дункан з большай упэўненасцю,— ён здымае сваю вопратку са скуры бізона, каб апрануць падараваную яму сарочку. Mae браты расфарбавалі мяне, і таму я хаджу афарбаваным.
Стрыманы шэпт адабрэння паказаў, што гэты камплімент племені зрабіў зычлівае ўражанне. Пажылы правадыр паказаў ухвальны жэст, які паўтарылі большасць яго сяброў. Дункан пачаў дыхаць вальней; адчуваючы, што самая цяжкая палова яго выпрабавання мінула, а паколькі ён падрыхтаваў ужо просты расказ, які павінен быў надаць праўдзівасць яго выдумцы, то яго надзеі на поспех умацаваліся.
Пасля маўчання, што цягнулася некалькі хвілін, якое індзейцы захоўвалі як бы для таго, каб упарадкаваць свае думкі і даць прыстойны адказ на заяву іхняга госця, яшчэ адзін воін падняўся са свайго месца, стаўшы ў позу, што сведчыла пра ягонае жаданне гаварыць. Але ледзь ён разамкнуў вусны, як з лесу данёсся ціхі, але жахлівы гук, за якім адразу пачуўся высокі пранізлівы крык, падобны на жаласнае завыванне ваўка. Гэтая нечаканая страшная перашкода прымусіла Дункана ўскочыць са свайго месца і забыць пра ўсё, акрамя ўражання, якое зрабіў на яго жахлівы крык. У тое ж самае імгненне воіны гуртам хлынулі з будыніны, і паветра агаласілася гулкімі крыкамі, якія амаль заглушалі жахлівыя гукі, што яшчэ звінелі пад купаламі дрэў. Дункан, не могучы як след валодаць сабою, сарваўся з месца і стаў на самай сярэдзіне нястройнага натоўпу. Мужчыны, жанчыны і дзеці, старыя, нямоглыя і дужыя — усе выйшлі з будынін; адны гучна крычалі, іншыя з вар’яцкай радасцю пляскалі рукамі — словам, усе выяўлялі дзікую радасць з-за
таго, што была нейкая нечаканая падзея. Дункан, аглушаны спачатку крыкамі, хутка зразумеў прычыну гэтага радаснага ўзбуджэння.
Было яшчэ даволі светлавата для таго, каб убачыць яркія прасветы паміж вяршынямі дрэў, там, дзе некалькі сцяжынак вялі ў глыбіню гушчару. На адной з гэтых сцяжынак паказаўся гурт воінаў, якія павольна набліжаліся да жытла.