Апошні з магікан  Джэймс Фенімар Купер

Апошні з магікан

Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
79.09 МБ
Адзін з іх, які ішоў паперадзе, нёс кароткую жэрдачку — на ёй, як выявілася неўзабаве, вісела некалькі чалавечых скальпаў. Дзіўныя крыкі, якія чуў Дункан, былі тымі, якія белыя даволі трапна называюць «клічам смерці», і кожны паўтор гэтых крыкаў меў мэту аб’явіць племені пра лёс ворагаў. Да гэтага часу звесткі, якія меў Хейвард пра жыццё індзейцаў, памагалі яму разумець сэнс таго, што адбывалася перад яго вачыма. Паколькі ён цяпер ведаў, што яго тлумачэнне індзейцам перапыніла вяртанне пераможнага воінскага атрада, то ён поўнасцю заспакоіўся і ў душы павіншаваў сябе з нечаканым паляпшэннем свайго становішча^ бо індзейцы, вядома, забыліся пра яго.
Прышлыя воіны спыніліся на адлегласці некалькіх футаў ад жылля. Іх жаласныя, страшныя крыкі, што апавяшчалі адначас пра сумны лёс забітых і пра ўрачыстасць пераможцаў, змоўклі. Адзін з воінаў гучна пракрычаў нейкія словы, у якіх, відаць, не было нічога страшнага, але зразумець іх было так жа цяжка, як і ранейшыя раз’юшаныя крыкі. Немагчыма даць правільнае ўяўленне пра дзікае захапленне, з якім была ўспрынята навіна. Увесь лагер у адно імгненне стаў арэнай раз’юшанай мітусні і разгубленасці. Воіны выхапілі свае нажы і, размахваючы імі, пастроіліся ў дзве лініі, паміж якімі заставаўся праход, што цягнуўся ад атрада да будынін.
Жанчыны схапілі дубіны і сякеры і, у сваю чаргу, накіраваліся да радоў індзейцаў, каб прыняць удзел у жахлівай гульні, якая павінна была зараз пачацца. Нават дзеці далучыліся: хлопчыкі выцягнулі тамагаўкі з-за паясоў сваіх бацькоў і пракраліся ў рады, пераймаючы варварскія звычаі сваіх прадзедаў.
Каля ўзлеску былі раскіданыя вялікія абярэмкі галля; пажылая жанчына падпальвала іх. Пры святле ўспыхнутага полымя паблякла святло патухлага дня, абрысы ўсіх прадметаў сталі ў адзін і той жа час і больш
выразныя і болып страшныя. Уся сцэна ўяўляла сабой здзіўляльную карціну, рамкай якой служыла цёмная і высокая кайма з сосен. На самым аддаленым фоне гэтай карціны бачыліся постаці воінаў, якія толькі піто вярнуліся. Крыху паперадзе стаялі два мужчыны — яны, відаць, мусілі мець галоўную ролю ў відовішчы. Святло вогнішча было не зусім моцнае для таго, каб можна было разгледзець рысы іх твару. Аднак кідалася ў вочы, што адзін з іх стаіць цвёрда і прама, гатовы сустрэць свой лёс як герой; галава другога была схілена на грудзіну, быццам бы ён быў паралізаваны жахам або знявечаны сорамам. Дункан адчуў прыліў сімпатыі да першага з іх. Ен пільна сачыў за ўсімі, нават самымі нязначнымі рухамі незнаёмца. Узіраючыся ў абрысы яго дзіўна хораша складзенай постаці, Дункан намагаўся ўпэўніць сябе, што малады палонны павінен выйсці пераможцам з хуткага страшнага выпрабавання. Незаўважна для самога сябе малады чалавек наблізіўся да цёмных радоў гуронаў і з цікавасцю, стаіўшы дыханне, чакаў відовішча, якое павінна было адбыцца. Пачуўся страшны крык: гэта быў сігнал. Імгненна цішыня змянілася ўзрывам крыкаў, што па сіле былі шмат мацнейшыя за тыя, што чуліся раней. Палонны, у якога быў прыгнечаны, бездапаможны выгляд, застаўся нерухомым; другі ж, пачуўшы крык, сарваўся са свайго месца з жвавасцю і хуткасцю аленя. Замест таго каб бегчы паміж радоў ворага, як гэтага можна было чакаць, ён толькі ўступіў у вузкі праход і, раней чым хтосьці паспеў нанесці яму ўдар, рэзка павярнуўшыся, пераскочыў цераз галовы дзяцей і адразу апынуўся на знешнім, менш небяспечным баку грозных радоў. Гэтая хітрасць была сустрэта пракляццямі сотні галасоў, і ўвесь узбуджаны натоўп, змяшаўшы рады, у дзікім бязладдзі рассыпаўся па паляне.
Дзесятак палаючых вогнішчаў асвятляў сваім злосным святлом мясціну, што нагадвала нейкую пякельную, фантастычную арэну, дзе збіраліся злыя духі, каб тварыць свае крывавыя і зламысныя абрады.
Постаці, што былі далей, нагадвалі нейкія прывіды, якія слізгалі перад вачыма і напаўнялі паветра вар’яцкімі, недарэчнымі жэстамі; звярыныя інстынкты дзікуноў, якія прабягалі паўз палаючыя вогнппчы, са страшнай выразнасцю адбіваліся на іх узбуджаных тварах.
Канечне, зразумела, што беглы чалавек сярод такога
шматлікага натоўпу ворагаў не мог як след адпачыць.
Быў момант, калі здавалася, што ён дасягнуў лесу, але цэлы натоўп ворагаў забег яму наперарэз і пагнаў назад, у самую гушчыню бязлітасных праследавацеляў. Крута павярнуўшыся, з хуткасцю стралы, выпушчанай з лука, уцякач панёсся да вогнішча, адным скачком пераскочыў языкатае полымя і, удала мінуўшы цэлы натоўп праследавацеляў, паказаўся на супрацьлеглым баку прасекі. Але і тут яго сустрэлі і прымусілі павярнуць назад. Тады ён яшчэ раз паспрабаваў прарвацца праз натоўп, як быццам спадзеючыся, што ў мітусні яму ўдасца прашмыгнуць. Потым прайшло некалькі імгненняў, на працягу якіх Дункан лічыў, што мужны юнак загінуў.
Нічога нельга было разабраць, акрамя цёмных чалавечых постацей, якія насіліся па ўсіх накірунках у дзікай мітусні. У паветры мільгалі паднятыя рукі, бліскучыя нажы і страшныя дубіны, але ўдары траплялі, відаць, наўзгад. Пранізлівыя крыкі жанчын і лютыя завыванні воінаў яшчэ больш павялічвалі жахлівае ўражанне, якое рабіла гэтая сцэна. Час ад часу Дункану ўдавалася злавіць позіркам лёгкую постаць, якая рассякала паветра адчайнымі скачкамі, і ён хутчэй спадзяваўся, чым верыў, што палонны працягвае яшчэ валодаць сваімі здзіўляльнымі мускуламі. Раптам натоўп павярнуў назад і наблізіўся да месца, дзе стаяў Дункан. Чыясьці цяжкая постаць урэзалася ззаду ў натоўп жанчын і дзяцей, і многія з іх пападалі ад штуршка на зямлю. У агульнай сумятні зноў з’явіўся палонны. Аднак чалавечыя сілы не маглі больш вытрымаць такое суровае выпрабаванне. Здавалася, незнаёмец усведамляў гэта. Скарыстаўшы праход, які ўтварыўся на імгненне, ён стралой праімчаўся паўз воінаў і зрабіў апошнюю спробу дасягнуць лесу. Высокі, магутны гурон бег за ім амаль па пятах, і яго паднятая рука была ўжо гатова нанесці ўдар, але Дункан падставіў яму нагу, і той, звар’яцелы ад жаданай расправы, грымнуўся на зямлю ў некалькі футах ад намечанай ім ахвяры. Хоць на ўсё гэта пайшло не больш імгнення, тым не менш палонны ўдала скарыстаў гэты момант; ён павярнуўся, зноў мільгнуў, як метэор, перад Дунканавымі вачыма і ў наступны момант ужо стаяў, спакойна прыхіліўшыся да татэма — маленькага расфарбаванага слупа, укапанага ў зямлю перад галоўнай будынінай.
Баючыся, каб тое, што ён зрабіў для паратунку палоннага, не зашкодзіла яму самому, Дункан адразу ж пакінуў гэтае месца. Ен накіраваўся за падыходзячым да будыніны натоўпам індзейцаў, змрочным і маўклівым, як усякі натоўп, які расчараваўся ў тым, што не ўбачыў відовішча смяротнай кары. Дункана прываблівала цікавасць або, можа, іншае, больш высакароднае пачуццё, дык ён наблізіўся да незнаёмца. Той стаяў, абхапіўшы адной рукой слуп, і цяжка дыхаў пасля сваёй звышчалавечай беганіны, але ні адным жэстам не выявіў пакут, якія адчуваў. Ен быў зараз пад апякунствам свяшчэннага звычаю да таго часу, пакуль племя на сваёй нарадзе не абмяркуе і не вырашыць яго лёс. Аднак няцяжка было прадказаць рашэнне гэтай рады.
He было такой лаянкі ў слоўніку гуронаў, якой расчараваныя жанчыны не кінулі б у твар незнаёмцу. Яны насміхаліся над яго намаганнямі, гаварылі, што яго ногі лепшыя за рукі, бо яму трэба было б мець крылы, паколькі ён не ведае, як карыстацца лукам і нажом. На ўсе гэтыя знявагі палонны не адказваў ні слова; яго твар выяўляў толькі пачуццё ўласнай годнасці і пагарды. Жаночая лаянка станавілася ўсё больш бязладная і суправаджалася пранізлівым, рэзкім выццём. Жанчына, якая прадбачліва запаліла вялікае вогнішча, праціснулася праз натоўп і ачысціла сабе месца перад слупам, каля якога стаяў незнаёмец. Агідная, высахлая постаць гэтай жанчыны міжволі наводзіла на думку пра тое, што гэтая жанчына — вядзьмарка. Гэтай рэпутацыяй яна карысталася сярод свайго племені. Адкінуўшы пакрывала, яна з насмешкаю выцягнула руку і, гаворачы на дыялекце ленапаў, пачала свае здзекі.
— Паслухай, дэлавар! — сказала яна, пстрыкаючы пальцамі перад ягоным тварам.— Ваша племя — бабскае племя, і матыка больш прыдатная для вашых рук, чым ружжо. Вашы жанчыны — маці аленяў, і, калі б мядзведзь, або дзікая кошка, або змяя нарадзіліся паміж вамі, вы б збеглі. Гуронскія дзяўчаты сшыюць табе спадніцу, а мы пашукаем табе мужа...
За гэтай выхадкай пачуўся ўзрыў дзікага смеху, у час якога больш прыемныя, музычныя галасы маладых жанчын дзіўным чынам змешваліся з надтрэснутым голасам іх старой сяброўкі. Але незнаёмец грэ-
баваў усімі гэтымі здзекамі. Ен быццам бы не заўважаў, што акружаны ворагамі. I толькі аднойчы яго напышлівы позірк павярнуўся да воінаў — бязмоўных і змрочных сведкаў гэтай сцэны.
Самавалоданне палоннага выклікала гнеў жанчыны, яна падперла рукамі бакі і зноў раз’юшылася ад лаянкі. Аднак старая дарэмна траціла свой імпэт. Хоць яна славілася сярод сваіх супляменнікаў незвычайным умельствам сварыцца і дайшла да такой ступені вар’яцтва, што пена выступіла ў яе на губах, ні адзін мускул не ўздрыгнуў на нерухомым твары незнаёмца. Уражанне, што ён сваім раўнадушшам рабіў на старую, пачало распаўсюджвацца і на астатніх. Якісьці падлетак паспрабаваў памагчы старой вядзьмарцы. Размахваючы тамагаўкам перад тварам ахвяры, ён дадаў да яе сваркі свае недарэчныя выхвальныя словы. Палонны (гэта быў Ункас) павярнуў твар да святла і зірнуў на хлапчука зверху ўніз з выразам звышпагарды. У наступнае імгненне ён ужо авалодаў сабою і па-ранейшаму спакойна стаяў, прыхінуўшыся да слупа. Але ў той момант, калі палонны паварочваў галаву, ён пільна зірнуў у вочы Дункану, і, злавіўшы на сабе гэты цвёрды, пранізлівы позірк, Дункан зразумеў, што перад ім быў Ункас.
Уражаны і глыбока засмучаны тым, што і як цяпер з ягоным сябрам, Хейвард адступіў, асцерагаючыся, што іхнія позіркі перахопяць і гэта паскорыць вынясенне прысуду. Тым не менш ніякай вялікай прычыны для такога страху не было. У гэты час адзін воін праклаў сабе дарогу ў раздражнёным натоўпе. Суровым жэстам адштурхнуў убок жанчын і дзяцей, ён узяў Ункаса за руку і павёў яго да дзвярэй будыніны, дзе праходзілі нарады племені. Туды рушылі ўсе правадыры і болыпая частка славутых воінаў; заклапочаны Хейвард знайшоў спосаб зайсці туды з натоўпам індзейцаў, не прыцягваючы да сябе іхняй увагі.