Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
— Тсс! — сказаў асцярожны жыхар лясоў, перапыняючы вокліч Хейварда.— Нягоднікі блукаюць вакол.
— Скажыце, што значыць гэты маскарад і чаму вы рашыліся на такі адчайны крок?
— Ах! Бываюць выпадкі, калі прыходзіцца адкласці ўбок і развагу, і разлік,— адказаў разведчык.— Але паколькі ўсякая гісторыя павінна пачынацца з пачатку, то я раскажу вам усё па чарзе. Пасля таго як мы развіталіся, я змясціў каменданта і сагамора ў ста-
рым бабровым будане; там яны ў большай бяспецы ад гуронаў, чым у крэпасці Эдвард: паўночна-ўсходнія індзейцы працягваюць паважаць баброў, бо сярод індзейцаў яшчэ не завяліся гандляры. Таму мы з Ункасам, як было дамоўлена, пайшлі да індзейскага лагера. Вы не бачылі Ункаса?
— Бачыў, да вялікага свайго засмучэння. Ен узяты ў палон і прысуджаны да смерці. Пакаранне павінна адбыцца на досвітку.
— Я прадбачыў, што такі будзе яго лёс,— прамовіў разведчык ужо не такім вясёлым тонам, як зусім нядаўна. Але хутка голас яго набыў звычайную цвёрдасць, і ён працягваў: — Яго няшчасце, лічы, і прывяло мяне сюды, таму што нельга пакінуць у ахвяру гуронам такога цудоўнага мальца. Вось абрадаваліся б нягоднікі, калі б змаглі прывязаць адразу да аднаго слупа Хутканогага Аленя і Доўгага Карабіна, як яны называюць мяне. Хоць я ніколі не мог зразумець, чаму яны назвалі мяне так, бо паміж стрэлам з «аленебоя» і стрэламі канадскіх карабінаў такая ж розніца, як паміж крэйдай і крэменем...
— Расказвайце па парадку,— нецярпліва прамовіў Хейвард,— мы ж не ведаем, калі могуць вярнуцца гуроны.
— Няма чаго баяцца іх. Яны ведаюць, што «лекару» трэба даць час. У нас не будзе ніякай перашкоды, як у прапаведніка ў пачатку двухгадзіннай гутаркі... Значыць, мы з Ункасам сустрэліся з ашуканцамі, якія вярталіся ў пасёлак. Хлопец зайшоў занадта далёка для разведкі. Зрэшты, яго нельга асуджаць за гэта, бо кроў у яго гарачая, да таго ж адзін з гуронаў аказаўся баязліўцам, уцякаў і гэткім чынам завёў яго ў засаду.
— Але гэты гурон паплаціўся за сваю слабасць.
Разведчык шматзначна правёў рукой па горле і кіўнуў галавою, як бы кажучы: «Я разумею сэнс вашых слоў».
Далей ён працягваў:
— Пасля знікнення хлопца я, як вы можаце меркаваць, кінуўся на гуронаў. Паміж мной і двума, што адсталі, адбылася сутычка; але гэта не адносіцца да справы. Значыць, пасля таго, як я застрэліў гэтых д’яблаў, я падышоў без усякіх цяжкасцей да будана. Шчасце спрыяла мне і прывяло якраз да таго месца,
дзе адзін з самых славутых ведзьмакоў гэтага племені апранаўся, як мне добра вядома, для сур’ёзнай барацьбы з д’яблам. Трапны ўдар па галаве ашаламіў ашуканца. Пасля я напхаў яму рот арэхамі, каб ён не крычаў, прывязаў яго паміж двух маладых дрэўцаў, скарыстаў яго рэчы і ўзяў на сябе ролю мядзведзя, каб магчы рабіць тое, што трэба нам.
— I вы сыгралі ролю цудоўна: сам мядзведзь быў бы прысаромлены вашай гульнёю.
— Божа мой, маёр,— запярэчыў улагоднены жыхар лясоў,— дрэнны быў бы я паляўнічы, каб, вывучаючы так доўга ў пустыні манеры і норавы жывёл, не змог іх пераняць! Ці была б гэта дзікая кошка або сапраўдная пантэра, я ўчыніў бы вам відовішча, на якое варта было б паглядзець. А такую няўклюдную жывёлу пераймаць і зусім няцяжка... Але ж дзе дзяўчына?
— Бог ведае! Я зазірнуў ва ўсе буданы пасёлка і не знайшоў ніякага следу.
— Вы чулі, што сказаў спявак, пакідаючы нас: яна блізка! Шчырун спалохаўся і зблытаў даручэнне, але ягоныя словы маюць глыбокі сэнс. Мядзведзь павінен умець лазіць — пагэтаму я зазірну паўз сцены. Можа, у гэтых скалах схаваныя гаршкі з мёдам, а я, як вядома, жывёліна, якая любіць есці салодкае.
Разведчык азірнуўся, смеючыся сам з таго, над чым і як пажартаваў, і пачаў лезці на перагародку, імітуючы няўклюдныя мядзведжыя рухі. Але ледзь ён дабраўся да верху, як зрабіў знак Хейварду, каб той маўчаў, і спусціўся ўніз вельмі рухава.
— Яна тут,— шапнуў ён,— і вы знойдзеце яе за гэтымі дзвярыма. Я сказаў бы некалькі слоў заспакаення бедалазе, ды баюся, каб яна не звар’яцела, убачыўшы такое страшыдла, хоць трэба прызнацца, што і вы, маёр, не вельмі прывабны ў гэтай размалёўцы.
Дункан, які стрымгалоў кінуўся да дзвярзй, спыніўся імгненна, пачуўшы такія словы, якія збілі яго з панталыку.
— Хіба я такі ўжо агідны? — спытаў ён з горыччу.
— Ваўка вы не напалохаеце і англійскім гвардзейцам не перашкодзіце даць залп, але я бачыў вас больш прыгожым. Ваш твар, расфарбаваны рознакаляровымі палосамі, можа здацца нармальным для індзейскіх жанчын, але беласкурыя дзяўчаты аддаюць перавагу людзям аднолькавага колеру з імі.
Глядзіце,— дадаў ён, паказваючы на расколіну ў скале, адкуль выцякала вада, утвараючы маленькую крыніцу крыштальнай чысціні,— вы лёгка можаце пазбавіцца ад сагаморавай мазні, а калі вернецеся, я паспрабую расфарбаваць вас по-новаму. Вядзьмару так жа звычна мяняць сваю афарбоўку, як франту мяняць сваю вопратку.
Асцярожнаму паляўнічаму не прыйшлося занадта доўга запэўніваць Хейварда. Ен яшчэ гаварыў, а Дункан пачаў ужо мыцца. У адну хвіліну з твару яго зніклі ўсе страшныя і камічныя рысы, і юнак зноў паўстаў у тым выглядзе, якім адарыла яго прырода. Падрыхтаваўшыся такім чынам да спаткання з каханай, ён спешна развітаўся з сябрам і знік ва ўказаным накірунку. Разведчык памяркоўна глядзеў яму ўслед, ківаючы галавою і мармычучы розныя пажаданні; пасля ён вельмі спакойна пачаў азіраць кладоўку гуронаў. Пячора, як заўважыў, скарыстоўвалася і для захоўвання паляўнічай здабычы.
У Дункана не было іншага правадніка, акрамя скупога святла, што блішчэла наперадзе, але гэтае святло служыла паўночнай зоркай для закаханага. Бачачы шлях ад гэтага святла, ён дабраўся да схованкі любімай дзяўчыны — яшчэ аднаго аддзела пячоры, дзе ворагі схавалі такую важную палонную, якой была дачка каменданта крэпасці Уільям-Генры. Памяшканне было застаўлена шматлікімі рэчамі, здабытымі пры разгроме злашчаснай крэпасці. Сярод усяго гэтага завалу Дункан знайшоў тую, якую шукаў,— бледную, устрывожаную, перапалоханую, але чароўную. Давід падрыхтаваў ужо яе да таго, што ён можа заявіцца тут.
— Дункан!..— ускрыкнула яна голасам, які дрыжэў, быццам перапалоханы сваімі ўласнымі гукамі.
— Аліса!..— адказаў ён, пераскокваючы праз куфры, скрыні, зброю і мэблю.
— Я ведала, што вы не пакінеце мяне,— сказала яна, зірнуўшы на яго, і чырвань паказалася на імгненне на яе сумным твары.— Але вы адзін! Як ні ўдзячна я вам за памяць, мне ўсё ж хацелася, каб вы былі не адзін.
Дункан, заўважыўшы, што яна трымціць так, што не можа трымацца на нагах, ласкава прымусіў яе сесці і расказаў ёй усе галоўныя падзеі, ужо вядомыя чытачу. Аліса слухала яго, задыхаючыся ад хваляван-
ня; калі малады чалавек упамянуў пра гора няшчаснага бацькі, слёзы пацяклі па шчоках дачкі так шчодра, быццам яна ніколі не плакала раней. Але Дунканава пяшчота хутка заспакоіла ўзрыў яе пачуцця, і яна выслухала яго да канца ўважліва, хоць і не зусім спакойна.
— А зараз, Аліса,— дадаў малады чалавек,— шмат залежыць толькі ад вас. Паколькі нам памагае наш вопытны, неацэнны сябра, разведчык, мы зможам уцячы ад гэтага дзікага племені, але для таго спатрэбіцца ўся ваша мужнасць. Помніце, што вы вяртаецеся ў абдымкі вашага бацькі, помніце, што яго шчасце, так, як і ваша, залежыць ад намаганняў, якія вы зробіце!
— Я на ўсё гатова дзеля бацькі, які так многа зрабіў для мяне!
— I дзеля мяне таксама,— працягваў малады чалавек, пяшчотна паціскаючы руку, якую трымаў у сваіх руках.
Пяшчотны, поўны здзіўлення позірк, кінуты на Дункана, упэўніў яго ў тым, што яму трэба сказаць ёй сваё запаветнае слова.
— Тут не месца і не час для таго, каб затрымліваць вас сардэчнымі прызнаннямі,— прамовіў ён,— але чыё сэрца, перапоўненае, як маё, не пажадала б скінуць цяжар. Гавораць, няшчасце звязвае людзей больш, чым штосьці іншае; нашы агульныя пакуты з-за вас пакінулі мала нявыказанага паміж вашым бацькам і мною.
— А дарагая Кора, Дункан? Праўда, Кору не забыліся?
— He забылі, не! Яе шкадуюць, яе аплакваюць, як рэдка аплакваюць жанчыну. Ваш бацька не зробіць розніцы паміж дзецьмі, але я, Аліса... вы не пакрыўдзіцеся, калі я скажу, што яе вартасці былі крыху зацемненыя...
— Так, значыць, вы не ведаеце вартасцяў маёй сястры,— сказала Аліса, адымаючы руку.— Пра вас яна заўсёды гаворыць, як пра самага свайго дарагога сябра.
— Я з радасцю буду лічыць яе сваім сябрам,— спешна прамовіў Дункан,— але што да вас, Аліса, дык ваш бацька дазволіў спадзявацца на яшчэ больш блізкае і дарагое.
Аліса моцна ўздрыгнула і адвярнула на імгненне твар, паддаючыся хваляванню; але яна авалодала сабою настолькі, каб не паказаць яго.
— Хейвард,— сказала яна, пазіраючы яму пільна ў вочы з кранальным выразам цнатлівасці і мальбы,— не настойвайце, перш чым я не пабачуся з бацькам і не атрымаю ад яго блаславення!
«Я не павінен гаварыць больш, але менш не мог»,— хацеў сказаць малады чалавек, але лёгкі ўдар па плячы перапыніў яго словы. Ен ускочыў на ногі, азірнуўся, і позірк яго ўпаў на цёмную постаць і злосны твар Магуа. Глыбокі гартанны дзікунскі смех гучаў у гэтую хвіліну для Дункана пякельнай, дэманскай насмешкаю. Калі б паддаўся ён раптоўнаму парыву вар’яцтва, ён кінуўся б на гурона і знайшоў бы выхад у смяртэльнай барацьбе. Але без зброі, не ведаючы, якую дапамогу можа займець яго вораг, вымушаны ахоўваць тую, якая стала больш чым калі-небудзь дарагой для яго сэрца, малады чалавек адразу ж пакінуў гэты адчайны намер.
— Што вам трэба? — спытала Аліса, сціпла складваючы на грудзях рукі. Намагаючыся схаваць свой смяртэльны страх за Хейварда, яна спрабавала быць халоднай, зневажальнай — адным словам, набыла такі выгляд, з якім звычайна сустракала свайго выкрадальніка.
Урачысты індзеец напышліва надзьмуўся, але асцярожна адступіў перад грозным позіркам маладога чалавека. Адно імгненне ён пільна пазіраў на сваіх палонных, пасля, адышоўшы ўбок, засланіў бервяном дзверы, але не тыя, у якія ўвайшоў Дункан. Малады чалавек зразумеў зараз, чаму дзікун мог заспець яго нечакана, лічачы сябе немінуча асуджаным на смерць, прыціснуў да грудзей Алісу, рыхтуючыся сустрэць долю, пра якую ён амаль не шкадаваў, бо павінен быў чакаць яе разам са сваёй каханай. Але Магуа, відаць, не намерваўся тут жа даць волю насіллю. Яго першыя задумы былі для таго, каб затрымаць яшчэ аднаго палоннага; ён нават не зірнуў другі раз на нерухомыя постаці ў цэнтры пячоры, пакуль не пазбавіў іх усякай надзеі выслізнуць праз уваход, якім ён сам скарыстаўся. Хейвард сачыў за кожным яго рухам. Ен заставаўся цвёрдым, працягваючы прыціскаць да сябе тонкую Алісіну постаць, занадта горды, каб прасіць