Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
На працягу некалькіх хвілін прысутныя размяшчаліся ў будыніне адпаведна пасадзе і ўплыву, якім яны карысталіся ў племені; зрэшты, захоўваўся той жа лад, з якім дапытвалі Хейварда. Старэйшыя воіны і галоўныя правадыры паселі ў сярэдзіне прасторнага памяшкання, асветленага моцным святлом палаючага факела, тады як больш маладыя і ніжэйшыя па чыне размяшчаліся воддаль, дзе іх смуглыя расфарбаваныя
твары складалі цёмны круг. У цэнтры будыніны, пад самай адтулінай у даху, праз якую было відаць мігценне зорак, стаяў Ункас, спакойны, высокі і засяроджаны.
Яго пагардлівы, ганарысты выгляд не мог не кідацца ў вочы ягоным ворагам; позіркі іх часта спыняліся на яго твары з выразам, які хоць і сведчыў пра непахіснасць таго, што яны задумалі, але ясна выяўляў іхняе захапленне смеласцю палоннага.
Зусім інакш усё было з чалавекам, якога Дункан бачыў побач з Ункасам да яго адчайнага скачка. Сярод шуму і мітусні, выкліканых гэтымі нечаканымі ўцёкамі, той заставаўся нерухомым, быццам статуя. Хоць ні адна рука не працягнулася да яго, ні адна пара вачэй не сачыла за яго рухамі, ён усё ж увайшоў у будыніну, як бы змушаны да гэтага лёсам, загаду якога ён падпарадкоўваўся, відаць, без барацьбы. Хейвард спажыў першы выпадак, каб зірнуць яму ў твар, у глыбіні душы асцерагаючыся ўбачыць у ім каго-небудзь са сваіх сяброў. Але твар аказаўся незнаёмым яму і, што было яшчэ болып невытлумачальнае, меў усе прыкметы, што былі ў гуронаў. Аднак замест таго каб змяшацца са сваімі супляменнікамі, ён сеў збоку ў сагнутай, прыгорбленай паставе, нібы спрабуючы заняць як можна менш месца. Калі ўсе індзейцы ўселіся і ў будыніне наступіла цішыня, сівавалосы правадыр, ужо знаёмы чытачу, загаварыў гулкім голасам на дыялекце леніленапаў.
— Дэлавар,— сказаў ён,— хоць ты і належыш да жаночага племені, тым не менш ты вёў сябе як мужчына. Я накарміў бы цябе, але той, хто падзеліць свой абед з гуронам, павінен стаць яго сябрам. Заставайся жывы да ўсходу сонца, калі мы скажам табе тое, іпто мы рашылі.
— Сем начэй і столькі ж дзён я пасціўся, праследуючы гуронаў,— холадна запярэчыў Ункас.— Дзеці ленапаў умеюць ісці дарогаю справядлівасці, не знемагаючы без яды.
— Два мае воіны праследуюць твайго сябра,— працягваў правадыр, не зважаючы на пахвальбу палоннага.— Калі яны вернуцца сюды, нашы старэйшыны скажуць табе: жыць або памерці.
— Хіба ў гурона няма вушэй? — зневажальна ўсклікнуў Ункас.— Два разы з таго часу, як дэлавар
стаў вашым палонным, ён чуў стрэл са знаёмага яму ружжа. Вашыя воіны ніколі не вернуцца.
За гэтым смелым сцверджаннем пацягнулася кароткая і змрочная паўза. Дункан, разумеючы, што магіканін намякае на забойнае ружжо разведчыка, нахіліўся наперад, уважліва назіраючы, якое ўражанне гэты намёк мог выклікаць у пераможцаў, але правадыр задаволіўся простым пярэчаннем:
— Калі ленапы такія ўмелыя, дык чаму адзін з іх найхрабрэйшых воінаў знаходзіцца тут?
— Ен ішоў па пятах за ўцекачом-баязліўцам і трапіў у пастку. Мудры бабёр — і той можа абмыліцца.
Гаворачы так, ён паказаў пальцам на гурона, які сядзеў убаку. Позіркі ўсіх сярод агульнага маўчання накіраваліся на гэтага чалавека, і ціхі пагражальны гул пачуўся ў натоўпе.
Злавесныя гукі прыцягнулі ў будыніну жанчын і дзяцей; стала так цесна, што не заставалася ні аднаго прамежку паміж плячамі прысутных, адкуль бы не выцікоўваў нечы смуглы твар.
Тым часам пажылыя воіны ў цэнтры будыніны абменьваліся адзін з адным кароткімі, адрывістымі фразамі. Пасля зноў наступіла працяглая ўрачыстая паўза. Усе замёрлі ў чаканні сур’ёзнага, важнага рашэння. Тыя, хто стаяў за спінамі, прыпадняліся на пальцы, каб бачыць, што адбываецца, і нават злачынца забыў свой сорам пад уражаннем яшчэ больш глыбокага пачуцця і, падняўшы галаву, адкрыў позіркам прысутных ненавісныя рысы свайго твару, каб кінуць неспакойны, баязлівы пагляд на змрочны сход правадыроў.
Нарэшце маўчанне было парушана правадыром. Падняўшыся з долу і прайшоўшы каля Ункаса, ён стаў перад злачынцам у позе, поўнай годнасці. У гэты момант усё тая ж хударлявая жанчына павольна і неяк бокам, падскокваючы, увайшла ў сярэдзіну сходу, трымаючы ў руках факел і мармычучы нейкія незразумелыя словы... можа, нават праклёны. Хоць тое, што яна сюдьт зайшла, было зусім няпрошаным умяшаннем у судовую цырымонію, на жанчыну ніхто не звярнуў увагі.
Наблізіўшыся да Ункаса, яна паднесла сваю палаючую галавешку так, каб добра асвятліць чырванаватым
святлом яго твар і заўважыць праяўленне хоць невялічкага хвалявання на ім.
Магіканін захаваў сваю цвёрдую і пагардлівую паставу, і яго вочы былі нязменна накіраваны ў прастору, быццам пераадольваючы ўсе перашкоды, пазіралі ў будучыню. Задаволеная сваім аглядам, жанчына адышла ад Ункаса і асвяціла галавешкай твар свайго супляменніка, які правініўся.
Гурон насіў ваяўнічую афарбоўку. Вопратка ледзь прыкрывала яго выдатна складзеную постаць. Пры святле факела ён быў ясна бачны ўвесь, з ног да галавы. Дункан у жаху адвярнуўся, убачыўшы, як сутаргавата калацілася яго цела. Жанчына пры выглядзе гэтага сумнага ганебнага відовішча выціснула жаласны ўсклік, але ў гэты час правадыр, працягнуўшы наперад руку, ціха адхіліў яе.
— Хісткі Трыснёг,— сказаў ён,— звяртаючыся да маладога злачынцы на яго роднай мове і называючы яго па імені,— хоць Вялікі Дух даў табе прывабную знешнасць, тым не менш было б лепш, каб ты не нарадзіўся на свет. Твой голас гулка чуецца ў вёсцы, у баі ж яго не чуваць. Hi адзін з маіх маладых воінаў не ўсаджвае тамагаўк глыбей, чым ты ў слуп для ваенных практыкаванняў. Але непрыяцель ведае, як выглядае твая спіна, і ніколі не бачыў, якога колеру твае вочы. Тры разы выклікалі цябе на бой, і тры разы ты забываў даць адказ. Тваё імя ніколі не будзе прамаўляцца людзьмі твайго племені — яно ўжо забыта.
У той час, як правадыр прамаўляў гэтыя словы, спыняючыся пасля кожнай фразы, каб узмацніць іх уражанне, злачынца з павагай да яго рангу і ўзросту падняў галаву.
Выраз сораму няспынна зменьваўся на яго твары выразам жаху і гордасці. Вочы, якія звузіліся ад душэўнай пакуты, блукалі, спыняючыся то на адным, то на іншым з дзікуноў, ад якіх залежаў яго лёс. Гордасць у апошняе імгненне перамагла. Ен падняўся і, агаліўшы грудзіну, цвёрда зірнуў на востры бліскучы нож, ужо занесены над ім няўмольным суддзёю. Ен нават усміхнуўся, калі зброя ўваткнулася яму ў сэрца, як бы радуючыся, што смерць аказалася менш страшнай, чым ён уяўляў, і цяжка ўпаў ніц да ног Ункаса, які працягваў стаяць сурова і няўмольна.
Жанчына ўскрыкнула і, патушыўшы факел аб зям-
лю, паспрыяла змроку ахутаць будыніну. Натоўп гледачоў спешна пакінуў судзілішча, і Дункану здалося, што ў будане не засталося нікога, акрамя яго і трапятлівага цела гурона.
РАЗДЗЕЛ XXIV
Тады сказаў мудрэц: «Кароль, хутчэй! Без слоў Дарадцаў разгані — скарыш правадыроў...»
Поп. «Іліяда»
Але ўжо ў наступнае імгненне Дункан упэўніўся, што памыліўся. Моцная рука лягла на яго плячук, і ён пачуў ціхі голас Ункаса, які шаптаў яму на вуха:
— Гуроны — сабакі. Відовішча крыві не страшнае воіну. Сівая галава і сагамор жывыя і здаровыя, а ружжо Сакалінага Вока напагатове. Ідзі! Ункас і Шчодрая Рука незнаёмыя адзін з адным. Усё. Будзь.
Хейвард быў бы рады пачуць больш, але лёгкі штуршок сябравай рукі прымусіў яго накіравацца да дзвярэй і напомніў яму пра небяспеку, што магла быць ім абодвум ад іхняй размовы, калі б яе пачулі ворагі. Марудна і неахвотна робячы тое, што трэба, ён пакінуў будыніну і змяшаўся з натоўпам, які блукаў паблізу. Затухаючыя вогнішчы на прасецы кідалі скупое, няпэўнае святло на смуглыя індзейскія постаці, якія маўкліва праходжваліся каля будана; выпадкова ўспыхнутае яркае полымя асвяціла будыніну, і на імгненне ў гэтым святле была відаць Ункасава постаць каля мёртвага цела.
Гурт воінаў хутка зноў зайшоў у будан; яны ўзялі адтуль труп і аднеслі яго ў суседні лес. Дункан пайшоў блукаць паміж хацінамі, намагаючыся знайсці якіянебудзь сляды той, дзеля якой ён рызыкуе сваім жыццём. Ніхто не звяртаў на яго ўвагі, ён лёгка мог бы збегчы і далучыцца да сваіх сяброў, калі б толькі гэтага зажадаў. Але, не кажучы ўжо пра безупынны неспакой за Алісу, Хейвард хваляваўся цяпер і за Ункаса, і ўсё гэта разам утрымлівала яго ў лагеры індзейцаў. Таму ён працягваў блукаць ад будана да будана, зазіраючы ў кожны толькі для таго, каб упэўніцца, што шукае дарма. Так абышоў ён усю вёску. Адмовіўшыся ад марных пошукаў, ён той жа дарогаю пайшоў зноў да будана сходу, рашыўшы адшукаць Давіда.
Дайшоўшы да пабудовы, што з’яўлялася адначасова і судзілішчам і месцам кары, малады чалавек убачыў: узбуджанасць у індзейцаў ужо аціхла. Воіны зноў сабраліся ў будане і зараз спакойна курылі люлькі, паважна размаўлялі пра апошні паход да вярхоўя Харыкена. Калі зайшоў Дункан, яны, відаць, успомнілі пра ягоную прафесію і пра тое, што ён дзіўна і падазрона тут з’явіўся, але яны, здавалася, не пазважалі на яго. Да гэтага часу абставіны спрыялі планам Хейварда, і яму не трэба было ніякага іншага дарадцы, акрамя яго ўласных пачуццяў, каб упэўніцца ў тым, што наступіў час штосьці рабіць.
Нічым не паказваючы сваю няўпэўненасць, ён зайшоў у будан і сеў з важным выглядам, што было і ў манеры яго гаспадароў. Аднаго імгненнага, але пільнага позірку было для яго даволі, каб упэўніцца ў тым, што хоць Ункас усё яшчэ заставаўся на тым жа месцы, дзе ён пакінуў яго, але Давід кудысьці бясследна знік. Ніякіх іншых нязручнасцей, акрамя пільных позіркаў маладога гурона, які размясціўся каля яго, палонны не адчуваў, хоць узброены воін стаяў, прыхіліўшыся да дзвярнога шуляка. Ва ўсім іншым ён, палонны, здавалася, мог мець поўную волю; але ён ні адным словам не ўступаў у размову і нагадваў значна болып высечаную з каменя прыгожую статую, чым чалавека, які валодаў жыццём і воляй.
Хейвард, які так нядаўна назіраў, з якой хуткасцю індзейцы распраўляюцца са сваімі ворагамі, зразумеў, што не павінен прыцягваць да сябе іх увагі якім-небудзь неасцярожным рухам альбо словам. Пагэтаму ён лічыў, што лепш больш маўчаць і разважаць, чым размаўляць; аднак неўзабаве пасля таго, як ён сеў на сваё месца, якое разумна выбраў у цяні, адзін з пажылых правадыроў, які размаўляў па-французску, звярнуўся да яго.