Апошні з магікан
Джэймс Фенімар Купер
Выдавец: Юнацтва
Памер: 318с.
Мінск 1996
літасці ў ворага. Калі Магуа закончыў сваю работу, ён падышоў да палонных і сказаў па-англійску:
— Бледнатварыя ловяць у пасткі разумных баброў, а чырванаскурыя ўмеюць лавіць інгізаў.
— Гурон, рабі сваю гнюсную справу! — крыкнуў у хваляванні Хейвард, забываючы, што пагроза ёсць не толькі яму, але і дзяўчыне.— I ты, і твая помста аднолькава ганебныя!
— Ці скажа гэтыя словы белы чалавек, калі будзе стаяць каля слупа катаванняў? — спытаў Магуа. Насмешлівая ўхмылка, якая суправаджала гэтыя словы, ясна паказвала, як мала ён давярае раіпучасці маладога чалавека.
— Як тут, у твар табе, так і перад усім тваім народам!
— Хітры Ліс — вялікі правадыр! — адказаў індзеец.— Ен пойдзе і прывядзе сваіх воінаў глядзець, як бясстрашна можа смяяцца бледнатвары над сваімі пакутамі.
3 гэтымі словамі ён павярнуўся і хацеў ісці па праходзе, якім ішоў Дункан, калі роў, які пачуўся, змусіў яго завагацца. У дзвярах з’явілася мядзведжая постаць. Яна стаяла, гайдаючыся, як і трэба, з боку на бок. Магуа некаторы час уважліва пазіраў на яе. Ен быў значна вышэй прымхаў свайго племені і хацеў прайсці каля яго з халоднай пагардай, як толькі пазнаў добра вядомую вопратку варажбіта. Але новы, болып гучны і пагрозны роў прымусіў яго спыніцца. Пасля ён нечакана, як бы рашыўшы не жартаваць далей, упэўнена пайшоў наперад. Жывёла паволі адступіла і, прайшоўшы да праходу, пачала біць лапамі ў паветры.
— Дурань! — крыкнуў правадыр на дыялекце гуронаў.— Ідзі гуляць з дзецьмі і жанчынамі!
Ен яшчэ раз паспрабаваў прайсці каля ўяўнага шарлатана, не думаючы нават прыгразіць, што пусціць у ход нож альбо тамагаўк, што вісеў у яго на поясе. Раптам жывёла выцягнула рукі, або, дакладней, лапы і схапіла яго ў абдымкі, піто па сіле маглі параўняцца з мядзведжым абхопам. Хейвард, ледзь дыхаючы, схапіў скураны рэмень, якім быў завязаны нейкі вузел, і, калі ўбачыў, што разведчык быццам прыкаваў сваімі жалезнымі мускуламі рукі ворага да тулава, кінуўся
на дзікуна і звязаў яму рукі і ногі рэменем хутчэй, чым мы паспелі расказаць пра гэта. Калі гурон быў моцна звязаны, разведчык перастаў трымаць яго, і Дункан апусціў свайго ворага на спіну ў зусім бездапаможным стане.
Магуа змагаўся адчайна, пакуль не ўпэўніўся, што ён у руках чалавека, значна больш моцнага. У час барацьбы ён не падаў ні аднаго гуку. Але калі Сакалінае Вока, жадаючы кораценька патлумачыць свае паводзіны, зняў калматую галаву жывёліны і перад вачыма гурона з’явіўся суровы, грозны твар разведчыка, спакой Магуа прапаў, і ён здзіўлена прамовіў звычайнае індзейскае «у-у-ух».
— Ага! Мова вярнулася да цябе! — усміхнуўся пераможца.— Ну, для таго каб ты не скарыстаў яе на шкоду нам, я заткну табе рот.
— Адкуль увайшоў гэты д’ябал? — спытаў разведчык, закончыўшы тое, што рабіў з вялікім імпэтам.— Hi адна душа не праходзіла міма з таго часу, як вы пайшлі.
Дункан паказаў на дзверы, праз якія прыйшоў Магуа.
— Ну дык выводзьце дзяўчыну,— працягваў яго сябра,— мы павінны выбрацца ў лес.
— Гэта немагчыма! — сказаў Дункан.— Ад страху яна страціла прытомнасць... Аліса! Мая мілая Аліса, прыйдзіце ў сябе!.. Усё дарэмна! Яна чуе мяне, але не можа ісці за мною. Ідзіце, высакародны сябра, ратуйцеся і пакіньце нас на волю лёсу.
— Усякі след мае свой канец, і ўсялякае няшчасце служыць урокам! — запярэчыў разведчык.— Вось, загарніце яе ў гэтую індзейскую вопратку. Схавайце ўсё яе маленькае цела, а то ў пустыні не знойдзецца іншай такой ножкі — яна выдасць яе. Захутайце яе з усіх бакоў. Ну, зараз вазьміце яе на рукі і ідзіце за мной. Усё іншае я бяру на сябе.
Дункан спешна выканаў усе яго загады, і не паспеў той закончыць сваіх слоў, як ён падняў на рукі Алісу і пайшоў услед за разведчыкам да выхада па пабудаванай самой прыродай галерэі. Яны хутка прайшлі каля хворай жанчыны, якая ляжала ў такім жа становішчы, як яны яе пакінулі, і зусім адна. Калі яны падышлі да маленькіх дзвярэй з кары, галасы за імі паказалі ім, што там сабраліся сябры і родныя хворай, якія цярпліва
чакалі дазволу ўвайсці ў пячору.
— Калі я адкрыю рот, каб загаварыць,— прашаптаў Сакалінае Вока,— мая англійская мова пакажа ашуканцам, што сярод іх знаходзіцца вораг. Вы павінны пагаварыць з імі на французскім дыялекце, маёр. Скажыце, што мы запёрлі злога духа ў пячоры, а жанчыну нясём у лес, каб пашукаць там гаючых карэнняў. Пусціце ў ход усю вашу хітрасць.
Дзверы прачыніліся, быццам хтосьці прыслухоўваўся звонку да таго, што рабілася ўнутры, і разведчыку прыйшлося спыніць свае настаўленні. Ярасны роў прагнаў падслушніка, і разведчык смела расхінуў дзверы, выйшаў з пячоры, працягваючы разыгрываць ролю мядзведзя. Дункан ішоў за ім па пятах і хутка апынуўся ў цэнтры натоўпу ўстрывожаных родзічаў і сяброў хворай. Натоўп, расступіўшыся, даў дарогу бацьку і, відаць, мужу хворай.
— Прагнаў брат мой злога духа? — спытаў бацька.— Хто гэта на руках у цябе?
— Тваё дзіця! — урачыста адказаў Дункан.— Злы дух выйшаў з яе, ён запёрты ў гарах. Я аднясу жанчыну на такую адлегласць, каб умацаваць яе на выпадак новых прыпадкаў. Яна будзе ў вігваме воіна, калі ўзыдзе сонца.
Калі бацька пераклаў словы чужынца на мову гуронаў, сярод дзікуноў пачуўся стрыманы шэпт, які выказваў задавальненне. Сам правадыр зрабіў знак ісці далей і прамовіў гучным, цвёрдым голасам, з велічным жэстам:
— Ідзі... Я мужчына, я ўвайду ў пячору, каб пазмагацца са злым духам.
Хейвард з радасцю падпарадкаваўся і ўжо прайшоў міма маленькай групы, калі яго ўразілі гэтыя словы.
— Хіба мой брат звар’яцеў,— усклікнуў ён,— што так гаворыць? Ен сустрэнецца са злым духам, і той увойдзе ў яго! А можа, мой брат выгане злога духа і ён паімчыцца за дачкою майго брата ў лясы! He, няхай дзеці мае чакаюць каля пячоры, і калі пакажацца дух, б’юць яго дубінкамі. Ен хітры і схаваецца ў гарах, калі ўбачыць, колькі людзей гатова змагацца з ім.
Гэта дзіўная парада запыніла правадыра. Замест таго каб увайсці ў пячору, муж і бацька хворай дасталі тамагаўкі і сталі каля ўвахода, гатовыя выліць свой
гнеў на ўяўнага мучыцеля няшчаснай. Жанчыны і дзеці наламалі галля і набралі камянёў для таго ж. Уяўныя ведзьмары ўлучылі гэтую хвіліну, каб знікнуць.
Сакалінае Вока, хоць і адважыўся скарыстаць індзейскія прымхі, ведаў, што разумнейшыя з правадыроў не падзяляюць іх, а ставяцца да нібыта цярпліва. Ведаў ён і цану часу ў падобных выпадках. Як бы ні падманвалі сябе індзейцы і як бы іх самападман ні памагаў яго задуме, даволі было маленькай прычыны для асцярогі, што западзе ў душу хітрага індзейца, як усё адразу ж абернецца бядой. Пагэтаму ён пайшоў сцяжынкай, па якой менш усяго можна было чакаць праследавання, і абышоў пасёлак, не заходзячы ў яго. Здалёк, пры святле вогнішчаў, відаць былі яшчэ воіны, якія пераходзілі ад будана да будана. Але дзеці пакінулі ўжо свае гульні, і начная цішыня пакрыху пачынала змяняць шум і ўзрушэнне турботлівага і поўнага падзей вечара.
Аліса ажыла ад свежага паветра, і паколькі яе пакінулі фізічныя сілы, а не памяць, то не спатрэбілася тлумачыць, што здарылася.
— Дазвольце я паспрабую ісці сама,— сказала яна, чырванеючы ад таго, што не змагла раней пакінуць абдымкаў Дункана.— Мне, сапраўды, лепш.
— He, Аліса, вы яшчэ занадта слабая.
Дзяўчына хацела вызваліцца, і Хейвард быў прымушаны выпусціць з рук сваю каштоўную ношу. Чалавек, які прыкідваўся мядзведзем, канечне, не зведваў цудоўных адчуванняў закаханага, які нясе сваю любімую на руках; можа, яму было невядомае і пачуццё цнатлівага сораму, што ахапіў дрыготкую Алісу. Калі ён апынуўся далекавата ад небяспечнай будыніны, дык спыніўся і загаварыў пра тое, што ведаў добра.
— Гэтая дарога прывядзе вас да ручая,— сказаў ён.— Ідзіце па яго левым беразе, пакуль не дойдзеце да вадаспада. Падніміцеся на ўзгорак направа, і вы ўбачыце агні другога племені. Ідзіце туды і прасіце абароны. Калі гэта сапраўдныя дэлавары, то вам не будзе нічога пагражаць. Бегчы далёка з дзяўчынай немагчыма,— гуроны дагоняць нас і завалодаюць нашымі скальпамі, перш чым мы пройдзем дзесятак міль. Ідзіце! Ды ўратуе вас бог!
— А вы? — са здзіўленнем спытаў Хейвард.— Мы ж не растанемся з вамі?
— Гуроны трымаюць у палоне гордасць дэлавараў: апошні нашчадак магікан у іхняй уладзе. Я пайду разведаю, што можна зрабіць, каб яго выратаваць. Калі б яны знялі ваш скальп, маёр, за кожную яго валасінку ўпала б па ашуканцу, як я абяцаў вам, але калі да слупа павядуць маладога сагамора, то індзейцы ўбачаць таксама, як можа паміраць белы сябра магікан.
Дункан, ніколькі не пакрыўджаны тым, што жыхар лясоў аддаў перавагу Ункасу, пачаў упэўніваць яго адмовіцца ад такой адчайнай задумы. Яму дапамагала Аліса: яна далучыла сваю просьбу да просьбаў Хейварда, угаворваючы адмовіцца ад намеру, які абяцаў столькі небяспекі і так мала надзеі на поспех. Усё іх красамоўства было дарэмнае. Разведчык слухаў іх нецярпліва і закончыў размову, сказаўшы тонам, які тут жа прымусіў замаўчаць Алісу і даказаў Хейварду, наколькі дарэмныя будуць усе далейшыя пярэчанні.
— Я чуў, што ў маладосці бывае пачуццё, якое прывязвае мужчыну да жанчыны больш, чым бацьку да сына. Можа быць. Вось вы рызыкавалі жыццём і ўсім, што дарагое вам, каб вызваліць мілую дзяўчыну, і я думаю, што падобнае пачуццё ляжыць у аснове вашага ўчынку. Што тычыцца мяне, то я вучыў юнака валодаць ружжом, і ён шчодра заплаціў мне за гэта. Я змагаўся побач з ім у многіх крывавых сутычках, і пакуль чуў трэск яго ружжа з аднаго боку і трэск ружжа сагамора з другога, я ведаў, што за спіной у мяне няма ворага. Зімой і летам, ноччу і днём блукалі мы разам па пустыні, елі з аднаго посуду. Адзін з нас спаў, пакуль вартаваў другі. I каб Ункаса павялі на здзекі, калі я побач!.. Ды раней, чым юнак загіне з-за таго, што няма сябра, вернасць знікне на зямлі і «аленебой» стане бяскрыўдны, як свісток спевака.
Дункан выпусціў руку разведчыка. Той павярнуўся і пайшоў цвёрдымі крокамі назад, да буданоў гуронаў. Хейвард і Аліса, сумныя, нягледзячы на шчасце сустрэчы, некаторы час глядзелі яму ўслед, пасля пайшлі да аддаленага пасялення дэлавараў.
РАЗДЗЕЛ XXVI
Аснова. Дайце і мне сыграць Льва.
Шэкспір. «Сон у летнюю ноч»
Нягледзячы на поўную рашучасць дабіцца свайго, Сакалінае Вока выдатна разумеў, што яго чакаюць цяжкасці і небяспека. Калі вярнуўся ў лагер, ён напружыў усе сілы свайго вострага розуму, каб прыдумаць, як падмануць пільнасць і падазронасць ворагаў. Магуа і вядзьмар, канечне, сталі б першымі ахвярамі, якія Сакалінае Вока прынёс бы дзеля сваёй уласнай бяспекі, калі б ён не лічыў, што такі ўчынак зусім ганебны для белага чалавека. Пагэтаму ён адправіўся проста ў цэнтр стану, спадзеючыся на трываласць вяровак, якімі ён звязаў індзейца і ведзьмара.