Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Душ адразу налева, — сказала яна. — А ў шафе вісіць чысты касьцюм, які гаспадар загадаў вам надзець, вы будзеце хадзіць у ім па доме. Сьняданак будзе чакаць вас на кухні а сёмай раніцы, абед таксама там, а трэцяй. Вячэраць вы будзеце з гаспадаровай сям’ёй. А цяпер мне трэба ісьці».
I яна ўскочыла і кінулася да дзьвярэй, нібы саромеючыся. Але выходзячы, яна азірнулася і шапнула мне, так горача, што мяне ажно праняў пот:
«Я так хачу даведацца працяг! Дзякуй вам!»
Дзьверы за ёй зачыніліся. Асьцярожна, каб не прыцягваць увагі тых, хто сядзеў унізе, я схадзіў у душ і насуха выцерся прыемным шурпатым ручніком. Я ўжо даўно ня мыўся цёплай вадой, стоячы ў бліскучым і чыстым ванным пакоі; мне здавалася, што мінула сто гадоў з таго моманту, як я апошні раз нашмароўваў сваё цела смачным духмяным гелем і выціскаў на адрослыя валасы сіні, нібы летнія нябёсы, шампунь. I мінула, пэўна, гадоў трыста, пакуль я не прывёў сябе ў поўны парадак і не прашмыгнуў у пакой, які выдзеліў мне добры купец. У шафе я і праўда знайшоў касьцюм і прымераў яго перад люстэркам. Касьцюм той складаўся зь пінжака ў каляровую кратку, кашулі, прышытай да швэдра, і шырачэзных штаноў, у кішэні якіх я знайшоў ярка-зялёныя шкарпэткі. Звыклы да аднатоннага адзеньня сьлім-фіт, я патанаў у гэтых значна большых за мой памер рэчах — дый іхныя колеры і фасон зусім мне не пасавалі. Але паклікаць Маргусю я не наважыўся. Чаго мне зусім не хацелася, дык гэта выглядаць няўдзячным — і нагадаць
пра сваю прысутнасьць Артэміюшу. У сумневах я замёр над кучай сваіх апранахаў, што ляжалі ля маіх чыста вымытых ног. Сьмешны, але чысты і адпрасаваны Касьцюм перамог мае даўно ня мытыя старыя лахманы. Я зьняў яго і акуратна павесіў у шафу, а сам лёг у ложак, каб падумаць над новай гісторыяй.
Але перад тым я ўзьнёс належную, сьціплую сваю Хвалу Справядліваму Ладу, што больш не забівае нас за ціхае слова, а дае несьці за яго адказнасьць і тым самым прымушае нас быць абачлівымі і асьцярожнымі, як і трэба дарослым людзям. Я падзякаваў нашай Высьпе, на якой мы ўсе жывем, хоць маглі б нарадзіцца і вырасьці там, дзе жыцьцё не прадугледжвае казак на ноч і гісторый пра цуды. Я не абмінуў словамі Хвалы вас, Людзі Будучыні, бо больш мне не было да каго зьвяртацца ў тую першую ноч у новым доме, куды я трапіў праз мудрасьць дзіцяці, чалавекалюбства добрага бацькі і літасьць ягонай жонкі. Я папрасіў вас не судзіць занадта сувора нашчадкаў злога Артэміюша, у якім я адразу разгадаў асобу, што пакрыўдзілася на цэлы сьвет, бо мела свае амбіцыі ў прыгожым пісьменстве. А пасьля я падумаў пра спрытныя рукі Маргусі і яе нявінны лоб, пра яе валасы, завязаныя не па модзе ў доўгі хвост на патыліцы, пра яе ўсьмешку і ўдзячнасьць у яе вачах. Усьміхнуўшыся, я выключыў сьвятло і заплюшчыў вочы, каб падумаць пра новую гісторыю, але сон ужо даўно чакаў мяне, і я ня стаў працівіцца ягоным крыху тэатральным, але ўсё ж доўгачаканым чарам.
ГіСТОРЫЯ ТРЭЦЯЯ
АПОВЕД ЖОЎТАЕ МАЛПЫ
Бачу, што вы апантаныя тым, пра што ня маеце аніякага ўяўленьня, — цяжка прагаварыў Жоўтая Малпа, і вузкія вочы ягоныя ўтаропіліся ў нож, што пабліскваў у руках у Зоі. — Гладкаскурыя барбары, вылізаныя сваім шчасьлівым часам, пустыя лялькі са смочкамікнопкамі, яйкападобныя помнікі чалавечай пыхі, хімічныя парадоксы, вы думаеце, што натрапілі на загадку, разгадаўшы якую вы зможаце жыць так, як жылі дагэтуль. Думаеце, я раскажу вам таямніцу і вы адпусьціце мяне, прыбераце посуд, прасьпіцеся, выпіце пігулкі ад пахмельля і пойдзеце рабіць тое, што вы завяце работай... Думаеце, што зможаце забыць гэтую чорную скрынку і маю жоўтую лысую галаву... He...»
«Ну, баста, — сказаў Барыс. — Ты можаш прапусьціць лірычны ўступ, Жоўтая Малпа».
Зьвязаны імі чалавек сутаргава выцягнуўся, нібы імкнучыся пазбавіцца рамянёў, сьціснуў запясьці і горда выпрастаўся.
«Добра, я раскажу вам».
«Дык ведайце ж, — прамовіў Жоўтая Малпа, бліснуўшы вузкімі шалёнымі вачыма. — Некалі ў пару маладосьці маіх бацькоў, далёка адсюль, за шырокім брудным морам, за высокімі гарамі, вершаліны якіх былі засеяныя толькі
абломкамі боінгаў і касьцьмі іхных пасажыраў, за сухой гарачай пустэльняй, ад якой цягліцы і душы робяцца трывалымі, нібы сталь, а вочы ператвараюцца ў шчыліны, празь якія так зручна адстрэльваць прыхадняў з трафэйных вінтовак, у джунглях, нетры якіх хавалі расьпісаныя ахвярнай кроўю храмы і невядомыя навуцы вірусы — там і нідзе больш ляжала старажытная краіна Асадзі-Накол.
У той год, калі я нарадзіўся, на радзіме маёй здарылася Вялікая Рэвалюцыя. Да ўлады прыйшоў народ, а правадыром ягоным быў Вялікі Таварыш Кындыргіль, які марыў пра шчасьце для ўсіх, апрача тых, хто гэтага не заслужыў. Дзякуючы мудрасьці таварыша Кындыргіля я ўжо ў дзяцінстве заўсёды меў удосталь ежы і ня мусіў харчавацца аб’едкамі з вайсковай базы, як мае бацькі ў пару іхнага маленства. Я ня мусіў ператварацца ў кракадзіла, як мой дзед, што займаўся чараўніцтвам, каб пракарміць сям’ю, бо толькі так, у абліччы кракадзіла, можна было лавіць рыбу ў дзяржаўных рэках сквапнай і жорсткай імпэрыі Асадзі-Накол. Я ня мусіў танцаваць голым перад турыстамі, як мая бабка, бо турысты кідалі ёй за гэта дробязь і фатаграфавалі, каб потым, дома, наклеіць у альбомы і паказваць сваім сябручкам-вычварэнцам. Я ня мусіў працаваць ад самага нараджэньня, бо ў імпэрыі Асадзі-Накол нават немаўляты гнулі хрыбты на ненажэрную эканоміку, ахвяруючы чвэрць малака сваіх мацярок царскаму двару, дзе яго дадавалі ў ранішнюю каву нашчадкам трона. Палова левай цыцкі — у казну! Такі быў закон.
Таварыш Кындыргіль скасаваў усе гэтыя перажыткі мінулых часоў. Таварыш Кындыргіль пайшоў купацца ў мора, нырнуў — і знайшоў нафтавае радовішча, якое аддаў народу, ня ўзяўшы за гэта ні кураняці, ні нават жменькі рысу. Кындыргіль сказаў гарам расступіцца — і мы пабачылі, што вакол нас ляжыць цэлы сьвет. Кындыргіль адаслаў пасольства народнай рэспублікі на самыя нябёсы, каб яно заключыла нарэшце ўзаемавыгодны пакт з багіняй Усмах —
і за некалькі гадоў пустэльня адступіла туды, дзе яе можна было спакойна трымаць пад кантролем, і гэта быў вялікі посьпех нашай маладой дыпляматыі. Кындыргіль забраў старыя трафэйныя вінтоўкі ў дзікіх плямёнаў — і ўручыў іх маладым людзям накшталт мяне. Мы пайшлі ў джунглі і знайшлі старажытныя храмы, мы прывялі да Кындыргіля тых, хто там хаваўся. I Кындыргіль судзіў кожнага справядлівым судом. Некага ён прызначыў лекарам, некага — цыркачом, некага — бібліятэкарам. Некага ён ператварыў у залатыя шары, каб дзеці простага люду гулялі зь імі на плошчах, дэманструючы ўсім роўнасьць і шчасьце. I тыя, каго ён ператварыў у залатыя шары, былі радыя такому прысуду! Некага Кындыргіль адаслаў у пустэльню на вечнае пасяленьне, а некага загадаў расстраляць, бо ў тых храмах, як у норах, задумляла змову супраць народу розная набрыдзь.
Кындыргіль запрасіў у краіну замежных спэцыялістаў, каб яны рвалі нам зубы, вывучалі кракадзілаў, правялі нам тэлефоны і навучылі нас цалавацца па-француску. Ды толькі спэцыялісты не сьпяшаліся да нас прыяжджаць, усе баяліся пракаветных вірусаў і чырвонай заразы, яны патрабавалі валюты і манаполіі на нашыя прыродныя багацьці, і толькі адмыслоўцы зь Вялікага Савецкага Саюзу прыйшлі нам на дапамогу і адгукнуліся на заклікі народнага ўраду, не патрабуючы нічога ўзамен.
У тую пару, калі ў Маскве паўнамоцны пасланьнік нашай краіны падпісаў пагадненьне аб дружбе і супрацоўніцтве, я ўступіў у партыю, якую таварыш Кындыргіль стварыў яшчэ хаваючыся ў джунглях ад царскіх шакалаў. Вялікую Партыю Містычнага Сацыялізму! Я атрымаў значок і старую вінтоўку, якую мае продкі здабылі ў баях супраць імпэрыялістаў, а да вінтоўкі — дзесяць патронаў і амулет з выявай таварыша Кындыргіля. А яшчэ я атрымаў сваё першае заданьне.
Нам, атраду зь пяці маладых байцоў, было даручана знайсьці ў джунглях стары храм. На даху таго храма, як ска-
залі нам у Камітэце, мусіла быць статуя каменнага тыгра, што спраўляе малую патрэбу, каменнага тыгра з адколатай правай пярэдняй лапай. Так мы павінны былі пазнаць месца. Мяне як самага кемлівага і актыўнага прызначылі камандзірам атраду. I толькі я адзін зь пяцёх ведаў, якая важная задача пастаўленая перад намі. Бо мы мусілі знайсьці ня толькі храм. Мы мусілі адшукаць у ім аднаго чалавека і даставіць яго ў сталіцу, у Камітэт. Я ведаў ягоныя прыкметы. Але зь мяне ўзялі клятву, што ніхто з маіх таварышаў не даведаецца пра гэтае сакрэтнае заданьне.
Вайсковы гелікоптэр скінуў нашу групу над джунглямі прыгожай летняй раніцай. Я пачуў, як раскрыўся парашут, і падумаў, што гэтаксама цяпер раскрываюцца кветкі на схілах гор. Я бачыў, як яны праступаюць на захадзе ў ранішняй вясёлкавай смузе, гэтыя велічныя горы, і міжволі залюбаваўся імі. Я ведаў, што таварыш Кындыргіль загадаў ім расступіцца, каб прапусьціць цягнікі, што ішлі з далёкай паўночнай краіны, каб даць нам вугаль і хлеб, пэніцылін і радыё, зброю і падручнікі расейскай мовы. Я ведаў, што цяпер на ўсходзе маёй краіны, слухаючыся загадаў таварыша Кындыргіля, да нашых партоў прычальваюць вялікія акіянскія караблі, каб выгрузіць трактары і аэрапляны, матацыклы і станкі, і каб напоўніць свае трумы бананамі і хурмой, малпавым семем і фэкаліямі чарадзейных птушак, цынамонам і каляндрай, зьмяінай скурай і леапардавым футрам, кракадзіламі і прагнымі да ведаў студэнтамі, акуліным зубам і кітовым вусам. А яшчэ нафтай! Першай нафтай, якую мая радзіма высмактала з мора, што стагодзьдзямі не хацела дзяліцца зь людзьмі сваім скарбам. А цяпер ёй дзяліліся мы — з тымі, хто падтрымаў нас у барацьбе за шчасьце.
Два дні мы прабіраліся скрозь джунглі, шукаючы храм. Двое байцоў палеглі ў дарозе: аднаго ўкусіла атрутная зьмяя, а другі падхапіў насмарк — той насмарк, ад якога чалавек праз гадзіну вышморгвае свае мазгі. У мяне
была мапа, старая мапа, якую мне ўручылі ў Камітэце, пажоўклая мапа са скуры невядомага зьвера са сьлядамі чалавечых зубоў. Пакурваючы падчас прывалаў моцны савецкі тытунь, я думаў пра тое, якая ж гэта старая мапа. Каму толькі яна не належала, разважаў я. Нехта, заблукаўшы і згаладаўшыся, нават паспрабаваў зьесьці яе, бо сытасьць у жываце заўжды будзе важнейшая за арыентацыю ў прасторы. Двое байцоў чакалі, пакуль я пакіну ім недапалак, і я заўжды дзяліў яго між імі па-брацку. На трэці дзень мы выйшлі да храма. Нечакана, як гэта заўсёды адбываецца ў джунглях. Ты проста сячэш чарговы пук ліянаў — і робіш крок на прагаліну, і вось ты ўжо стаіш перад сьвятыняй, хоць сэкунду таму думаў, што наперадзе толькі дзікі бясконцы лес.