• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    «Ня бойся, ён цябе ня ўкусіць», — усьміхнуўся Барыс.
    «Аў», — жартаўліва ўскрыкнула Соня і пасмактала палец.
    Пазнаёміўшыся з усімі чалавечкамі, Зоя ўзяла старую, патрапаную кніжачку з інструкцыяй.
    «Але тут толькі тры пункты — і іх не прачытаць... На якой гэта мове?»
    «На шчасьце, там ёсьць малюнкі, — сказаў Барыс. — Глядзіце. Вось тут паказана, як чалавечкаў трэба расставіць...»
    «Так, я бачу, — Зоя схапіла першага чалавечка і паставіла так, як патрабавала інструкцыя. — А гэтага сюды...»
    Неўзабаве ўсе чалавечкі былі на сваіх месцах.
    «Другі пункт таксама зразумелы, — сказаў Барыс. — I мы паспрабуем яго выканаць...»
    «Там паказана, што трэба націснуць на шкло маўзалея, — патлумачыла Соня. — Хтосьці жадае? Можа, ты, Зоя?»
    Зоя зачырванелася ад гордасьці. Яна націснула на шкельца, пад якім ляжаў строгі дыктатар — і зь нетраў скрынкі раптам загучала музыка.
    Гэта быў прыглушаны, рэзкі, нейкі наўмысна, перабольшана бадзёры марш, у якім чулася таксама й штосьці ўсходняе. Гук ішоў аднекуль з-пад чалавечка пад шклом — мабыць, там хаваўся дынамік. I як толькі першыя, уступныя такты маршу скончыліся і пачаўся асноўны матыў — чалавечкі ў скрынцы здрыгануліся і зрушыліся зь месцаў. Адзін за адным яны пасоўваліся да дзьверцаў, на імгненьне кожны заміраў перад уваходам — і потым ступаў далей, каб зноў замерці, ужо каля нябожчыка пад шкельцам. Першы, другі, трэці...
    Як зачараваныя, усе чацьвёра ўладальнікаў маўзалея глядзелі на скрынку. А там адбываўся няспынны карагод: фігуркі рухаліся, заходзілі, заміралі, выходзілі, каб саступіць месца наступным, і зноў паўтаралася тое самае...
    «Можа, гэта гадзіньнік! — прашаптала Зоя. — Паглядзіце, як ён працуе!»
    «Калі гэта і гадзіньнік, дык час па ім ня вызначыш, — сказаў Барыс. — Хіба толькі гэта зусім іншы час. Ня той, які прыняты ў нас».
    «Яны нібыта танцуюць, — сказала Соня. — Я б таксама не адмовілася патанцаваць».
    Яна ўстала і абаперлася на руку Паўла. Яны крыху пакружыліся па пакоі — але рыпучы марш раз-пораз зьбіваў іх з рытму, і Соня ўпала на канапу.
    «Але тут ёсьць яшчэ адзін пункт», — сказала Зоя.
    «Нам прапануецца сказаць нейкае слова», — прамовіў Барыс, ня гледзячы на яе.
    «Слова? Якое слова?»
    «Гэтага мы ня ведаем», — сказала Соня і абняла Зою.
    Яны зноў селі на свае месцы, а Павал прынёс з кухні яшчэ адну бутэльку віна.
    «Там, на малюнку, чалавек, бачыце? — сказаў Барыс, наліваючы Зоі. — Ён нешта кажа. Вось воблачка каля рота, а ў ім знакі. Але знакаў мы не разумеем. Мы так і не дапялі, што гэта за мова».
    Зоя выпіла ўвесь келіх да дна.
    «Але я хачу ведаць, што гэта за слова», — сказала яна злосна.
    «Хто ж ня хоча, — мякка прамовіў Барыс. — Але, баюся, давядзецца парадавацца таму, што мы маем, і забыць пра загадкі. За ўзьяднаньне! За памяць! За невядомага нам героя, які ўрэшце займеў прыхільнікаў! За вялікага тырана і яго народ!»
    Яны выпілі.
    «Можа, ён зусім ня быў тыранам, — сказаў Павал. — Адкуль нам ведаць? Можа, ён сапраўды меў заслуті перад сваімі суайчыньнікамі. I яны аддзячылі яму такім чынам».
    «Барбарства! — пагардліва кінула Соня. — Людзі, якія дасталі вантробы з свайго дабрадзея, каб ён ня згніў, і закансэрвавалі яго ў шкляным слоіку, людзі, якія змайстравалі катрынку, копію маўзалея з выпатрашаным трупам
    унутры... Такія ня вартыя павагі. Хіба шкадаваньня. Барбары, якія, відаць, кланяліся ў ножкі гэтаму дзядзьку, пакуль ён піў іхную кроў».
    «Так ці інакш... — нахмурыўся Барыс. — Мы прынесьлі ім мір і вярнулі Бацьку народу яго падданым».
    «Так! — перапыніла яго Зоя. — Фігуркі ходзяць, Бацька ляжыць, марш грае, калі націснуць на кнопачку. Але я хачу ведаць, што будзе, калі сказаць слова! Можа, яны ўпадуць на калені і пачнуць маліцца? А можа, тыран падымецца і пачне прамаўляць да іх? А можа, яны пачнуць оргію проста каля маўзалея? Я хацела б паглядзець на гэта!»
    «Мы ня ведаем слова, Зоя», — паспрабаваў супакоіць яе Павал.
    «Але я хачу! — адштурхнула яго Зоя. — Хачу! Гэта загадка, і я не засну, пакуль не даведаюся, што будзе, калі мы прамовім чортава слова!»
    «Мы не расказвалі вам... — ціха загаварыў Барыс, гледзячы Паўлу ў вочы. — He, мы не пасьпелі... Рэч у тым, што вы ня першыя, хто з намі зьвязаўся».
    «Што?»
    «Вы ня першыя, хто напісаў нам пра фігуркі, — сказаў Барыс, пераглянуўшыся з Соняй. — Быў яшчэ адзін чалавек. Паўгода таму ён напісаў і запытаўся, колькі мы хочам за чалавечкаў і інструкцыю...»
    «I ці ня ведаем мы, дзе скрынка», — сказала Соня і асушыла свой келіх.
    «Мы назвалі цану, ён прыехаў — але мы не аддалі яму фігуркі», — працягваў Барыс.
    «Чаму?» — спытаў Павал і патрос пустую бутэльку. Віно скончылася.
    «Таму што ён ня быў ні мілым, ні разумным, як вы, — сказала Соня. — Ён быў вельмі непрыемны. Агідны! Брыдкі! I ні кроплі культуры. I да таго ж...»
    «I да таго ж ён быў ня з нашых краёў, — сказаў Барыс, абмяняўшыся з Соняй позіркамі. — Нетутэйшы. Ад яго
    сьмярдзела. He, вы не падумайце, дарагія нашы Зоінька і Паўлічак, мы...»
    «Мы не нацысты якія-небудзь, — махнула рукой Соня і скінула са стала напоўнены для яе Паўлам келіх. — Мы культурныя людзі...»
    «Проста мы з Соняй дамовіліся не аддаваць фігуркі абы-каму», — сказаў Барыс і паклаў руку Зоі на калена.
    «Значыць, той іншаземец — адзіны чалавек, які...» — Зоя шырока расплюшчыла вочы.
    «Значыць, гэта адзіны чалавек, які можа...» — сказаў Павал.
    «Адзіны, хто, магчыма, ведае сакрэтнае слова, — скончыў Барыс. — Можа быць. У нас былі фігуркі і інструкцыя, у вас скрынка, а ён хоча сабраць усё разам».
    «Паўлічак, — Соня ўзяла яго за руку і прыцягнула да сябе. — Маеш яшчэ віно? Нешта мне так хочацца напіцца сёньня. Я рэдка сабе дазваляю...»
    Павал пабег на кухню, як малады шчанюк, выпушчаны на шпацыр.
    «Я ўсё чую! — крыкнуў ён адтуль. — Што будзем рабіць?»
    «Як гэта што? — зьдзівілася Зоя. — Давайце напішам таму брыдкаму іншаземцу, што скрынка ў нас».
    «Напішам? Проста зараз?» — спытала Соня.
    «А чаму б і не? — Зоя падставіла келіх Паўлу. — Ён жа вельмі хацеў атрымаць фігуркі?»
    «Хацеў, — пацьвердзіў Барыс. — Але яшчэ мацней яму хацелася знайсьці скрынку».
    «Чаго чакаць? — ускінулася Зоя. — Напішыце яму, няхай прыяжджае».
    «Які цудоўны вечар, — сказала Соня, шукаючы ў тэлефоне патрэбны кантакт. — I як добра, што я ніколі не выдаляю паведамленьні... Вось ён. Ведаеце, як я пазначыла яго? Жэ-Эм! Жоўтая Малпа. He, вы не падумайце, што я расістка... Проста я даю мянушкі ўсім знаёмым. Бо ніколі не запамінаю імёнаў».
    «Цікава, якія мянушкі вы прыдумалі б для нас», — усьміхнуўся Павал.
    «Праўда цікава? — ускінула бровы Соня. — Ну добра, зараз прыдумаю. Зоя ў нас будзе Салодкі Пальчык. А ты — Баравічок. Вось, знайшла. Вось тэлефон таго сьмердуна. Жоўтая Малпа... Старая Жоўтая Малпа... Пішу!»
    I яна хутка заляпала пазногцем па клявіятуры.
    Барыс наліў усім і націснуў на шкельца маўзалея. Марш спыніўся. А Соня раптам зарагатала.
    «Ён едзе! Адразу ж адказаў, што выяжджае! Ха-ха! Жоўтая Малпа нясецца да нас!»
    «Здаецца, нам пашанцавала, — сказаў Павал. — Гэты чалавек мог зьехаць або памерці. I мы б пазбавіліся нават такога мізэрнага шанцу разгадаць таямніцу».
    «Шанец і праўда мізэрны», — сказаў Барыс.
    Чакаючы Жоўтую Малпу, яны дапілі віно і цяпер сядзелі ў адбымку ўсе разам на канапе, ашклянелымі вачыма ўтаропіўшыся ў скрынку. Скрынка так і стаяла адчыненая, фігуркі замерлі, здавалася, што ніхто ў пакоі болып ня дыхаў, толькі вялікія грудзі Соні ўздымаліся і апускаліся, быццам яны адны былі жывыя тут, за сталом з трыма пустымі бутэлькамі.
    Званок прымусіў іх усіх ускочыць.
    «Давайце вы схаваецеся, — прапанавала са сьмехам Соня Зоі і Паўлу. — Зробім выгляд, што гаспадары тут мы. А вас няма».
    Яна заштурхала Паўла і Зою ў камору, дзе стаяў розны хатні рыштунак.
    Павал і Зоя пільна глядзелі ў шчыліну, яны самі не разумелі, чаму паслухаліся Соню. Але было позна нешта зьмяняць і шкада псаваць гульню.
    У пакой увайшоў нізкі, шчуплы чалавек, значна старэйшы за іх. Ён і праўда меў цалкам азіяцкі выгляд — але ён зусім не нагадваў ні кітайскага рабочага, якіх цяпер можна было сустрэць каля Вялікага Каменя за горадам, ні бізнэсоўца з Паднябеснай, якіх часьцяком можна
    пабачыць у тэлевізары. На ім была доўгая брудная куртка, а мокрыя вусы і рэдкая барада зьвісалі так нізка, як гэта можна пабачыць на старых усходніх гравюрах.
    «Добры вечар, — сказаў яму Барыс. — Як бачыце, у нас цяпер ёсьць і скрынка, і фігуркі, і інструкцыя, увесь набор».
    «Колькі вы хочаце?» — прамовіў пакупнік, не адрываючы вачэй ад скрынкі.
    «Мы хочам ведаць Слова», — сказала Соня, якая сядзела на канапе і гідліва крывіла вусны.
    «Якое яшчэ слова! — адмахнуўся пакупнік. — Давай, называй цану, я плачу і забіраю гэты хлам, і больш мы з вамі не пабачымся!»
    «Слова, — мякка сказаў Барыс і ўзяў у рукі пустую бутэльку. — У нас ёсьць скрынка, ёсьць фігуркі, ёсьць інструкцыя. Але мы ня ведаем Слова. Слова, якое трэба прамовіць, каб гэты таямнічы маўзалей...»
    I ён зрабіў паўзу, бо ніхто тут ня ведаў, што адбудзецца, калі сказаць запаветнае слова. Ніхто, акрамя старога азіята. Акрамя Жоўтай Малпы. А можа, Слова ня ведаў і ён? Але Зоя, стоячы ў каморы і тулячыся да Паўла, верыла: гэты вечар быў такі харошы, такі прыемны, у гэты вечар усё мусіла складвацца як найлепш.
    «Ня ведаю я ніякага слова! — крыкнуў Жоўтая Малпа. — Колькі? Называй цану, а інакш я пайду! Ці мне забраць скрынку і сысьці не заплаціўшы? Вось! Бярыце!»
    Ён кінуў на стол грошы. Кучку брудных даляраў, перамяшаных зь беларускімі рублямі.
    «Хопіць?»
    «Слова!» — сказала Зоя і выйшла з каморы.
    «Слова!» — паўтарыў за ёй Павал.
    «Слова!» — сказала Соня.
    «Слова», — спакойна, але цьвёрда прамовіў Барыс і абышоў Жоўтую Малпу ззаду.
    «Слова, а потым гісторыю, — сказала Соня. — Што гэта за скрынка? У чым сакрэт? Што будзе, калі скажаш Слова?»
    Жоўтая Малпа хацеў прасьлізнуць у калідор, але яны сталі перад ім сьцяной.
    «Гэта Маўзалей», — сказаў ён стомлена, і вочы яго забегалі.
    «А мы думалі, гэта мэрсэдэс, — сказаў Барыс. — Давай далей! У чым тут фішка?»
    «А далей я нічога не скажу!» — прамармытаў Жоўтая Малпа.
    Соня ўзяла са стала нож і паднесла да горла Жоўтай Малпы.
    «Далей!» — сказала яна ўладна.