• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    складана. Пэўна, хтосьці прывёз скрынку з далёкай камандзіроўкі ў падарунак гаспадару кватэры або ягоным сваякам, сказала Зоя. Купіў ім замежны сувэнір. Гэта наўрад ці, сказаў Павал. Хутчэй справа была такая: чалавек, які прывёз маўзалей у наш горад, працаваў недзе ў экзатычнай краіне і атрымаў яго на памяць. Давялося цягнуць яго з сабой. Адмовіцца ён ня мог, а што зь ім рабіць, так і не прыдумаў. Таму і закінуў у старую шафу. Закінуў і забыўся.
    А потым Павал і Зоя ледзь не пасварыліся. Бо Павал настойваў, што маўзалей трэба аднесьці на сьметнік. А Зоі карцела даведацца яго гісторыю і разабрацца, для чаго ён мог некаму спатрэбіцца. Даведацца пра яго паходжаньне. Бо ні яна, ні Павал ніколі яшчэ ня бачылі такіх дзіўных забавак.
    «Ад яго патыхае нечым нядобрым, — сказаў Павал. — Хіба ты не адчуваеш? У гэтай цацкі благая аўра».
    «Ты занадта ўразьлівы, — запярэчыла Зоя, не адводзячы вачэй ад чорнае скрынкі. — Ну чым, чым ён табе перашкаджае? Паставім яго на кніжную паліцу і будзем фантазіраваць, пакуль не надакучыць. Як ты думаеш, колькі такіх штукаў існуе на сьвеце?»
    «Ня ведаю, — сказаў Павал. — Але ён парушае гармонію гэтай кватэры. Ён нейкі чужародны... Калі я гляджу на гэтую скрынку, у мяне пачынае балець вось тут».
    I Павал схапіўся за скроні.
    «Выпі цытрамону».
    «Пры чым тут цытрамон, Зоя? — крыкнуў Павал. — Мы ўжо паўгадзіны размаўляем пра нейкую лухту. А вінаватая бязглуздая цацка, якая не дае ні на чым засяродзіцца. А мне трэба працаваць!»
    «Але ў ёй ёсьць загадка! — Зоя схапіла маўзалей і прыціснула да сябе. — Таямніца! Тое, чаго ўжо даўно няма ў нашым з табой жыцьці!»
    Павал хацеў абняць яе, але яна адхіснулася і выпусьціла з рук маўзалей, які паляцеў на падлогу. Дзіва, але ён
    не разьбіўся і нават ня трэснуў. Зоя кінулася яго падымаць, але Павал апярэдзіў яе, схапіў скрынку і кінуў яе ў пакет са сьмецьцем.
    «Рабі як хочаш», — сказала Зоя і сышла на кухню.
    Павал вынес пакет на цёмны, слотны, ціхі двор і паставіў каля перапоўненага кантэйнэра. Калі ён вярнуўся, Зоя не хацела зь ім размаўляць. Моўчкі яны леглі спаць, але ніяк не маглі заснуць. Зоя думала пра тое, што заўтра ж патэлефануе гаспадару кватэры і запытаецца, адкуль магла ўзяцца ў старой шафе гэткая дзіўная рэч. А Павал ляжаў і ўяўляў сабе чалавечка пад шклом, зьняволенага ў чорнай скрыні. Колькі ўжо гадоў ён узіраецца ў цесную цемнату сваімі нежывымі, зробленымі з маленькіх плястыкавых пэрлінак вачыма. I вось заўтра прыедуць сьмецяры і адвязуць скрынку разам з астатнімі адкідамі на перапрацоўку. Магчыма, скрынку спаляць, а можа, спачатку яе праломіць і расплюшчыць цяжкі прэс. Так ці інакш, скрынка з чалавечкам ператворыцца ў бескарыснае сьмецьце. Як гэта дзіўна, падумаў Павал. Пэўна ж, маўзалей ёсьць мініятурнай копіяй іншага, вялікага, сапраўднага... У якім ляжыць забальзамаваны труп чалавека, які некалі і праўда жыў. Труп героя. Ці адчуе той вялікі чалавек, як захрабусьціць на іншым канцы сьвету чорная скрынка зь яго маленькім двайніком? Ці, можа, таго вялікага маўзалея ўжо няма — і героя даўно пахавала ў зямлі чарговая рэвалюцыя... А копія існуе — і валяецца цяпер у пакеце са сьмецьцем? За тысячы кілямэтраў ад магілы... I Павал, менавіта Павал прычыніўся да гэтага канчатковага зьнікненьня чужой памяці і народнай пашаны.
    Павал заварочаўся пад коўдрай. У пакоі было цёмна, нібы ў чорнай скрынцы. Цёмна і пуста. Ён і не заўважыў, як Зоя ціха ўстала і пайшла на кухню. Яна стаяла каля акна і глядзела ў двор. Нічога не сказаўшы, Павал таропка апрануўся, выйшаў з кватэры. Ён пайшоўда сьметніка, намацаў у цемры скрынку і прынёс яе дамоў. Зоя сустрэла яго так.
    нібы нічога не адбылося. Яна паставіла скрынку на паліцу, і яны нарэшце заснулі — і сны іхныя былі сьветлыя, яркія і такія падобныя, як два асобнікі той самай кнігі.
    Назаўтра, калі Павал пайшоў на працу, Зоя патэлефанавала гаспадару, але той нічога ня змог сказаць пра чорную скрынку. «У гэтай кватэры жыло столькі людзей, — патлумачыў ён, — і кожны пакідаў у ёй штосьці непатрэбнае. Я ўжо даўно махнуў на гэта рукой. Таму і кажу ўсім новым кватарантам: сьмела выкідайце ўсё, што вам замінае. Галоўнае, не спазьняйцеся з аплатай і не бурыце сьцены...»
    «Ня будзем», — сказала Зоя, трымаючы вухам тэлефон і праціраючы скрынку. I ёй падалося, што чалавечак пад шклом паглядзеў на яе яшчэ больш строга, чым звычайна.
    Калі Павал вярнуўся, яны павячэралі і селі разам за кампутар, каб паспрабаваць знайсьці ў сеціве хоць нейкі сьлед чорнай скрынкі. Даўно ўжо яны не сядзелі разам вось так, плячо ў плячо, займаючыся справай, цікавай ім абаім. Праўда, ніякай карыснай інфармацыі яны так і не знайшлі. На экране мільгалі самыя розныя маўзалеі, велічныя і прыземістыя, чорныя і белыя, былі сярод іх і мініятурныя, але ніводзін не нагадваў чорную скрынку, знойдзеную імі ў старой шафе. Павал адчуваў, як гарыць пад хатнім швэдрам Зоіна цела — і якія халодныя ў яе пальцы, халодныя ад расчараваньня. Аднак Зоя не хацела здавацца. Калі яны ўжо зьбіраліся ісьці чысьціць зубы, ёй у галаву прыйшла ідэя.
    «Ведаеш, мы маглі б праверыць розныя сеціўныя барахолкі, — сказала яна. — Ну, усе гэтыя сайты, на якіх людзі прадаюць старыя рэчы, якія ім няма куды падзець... Калі ў сьвеце існуе хоць адзін такі самы маўзалей — магчыма, гаспадары хацелі ад яго пазбавіцца...»
    Павал прызнаў, што гэта добрая ідэя. Лежачы ў ложку, яны пачалі правяраць тыя інтэрнэт-барахолкі — і наткнуліся на адну даволі старую ўжо абвестку, якая іх вельмі зацікавіла. I ня дзіва, бо да абвесткі былі далучаныя здымкі,
    зробленыя на тэлефон. На адным з мутнаватых, размытых фота Павал і Зоя пабачылі маленькую кніжачку з выявай іхнага маўзалея, а на другім — купку чалавечых фігурак і скураны мяшэчак.
    «Прадаюцца вось такія забаўныя чалавекі, — пісалі невядомыя прадаўцы. — Купйіі кватэру, разьбіралі хлам і знайшлі гэты мяшэчак, прывязаны да інструкцыі. Праўда, што там напісана, адзін чорт ведае. Мо каму трэба, а, людцы? Аддамо нядорага. Аўвогуле, народ, скажыце хаця б, што гэта такое? Ніхто не сутыкаўся? За інфармацыю зьніжка!»
    «Гэта ж наш маўзалей! — усклікнула Зоя. — Паглядзі!»
    Яны адразу ж напісалі прадаўцам, што маюць скрынку, хоць шанцаў атрымаць адказ было мала. Абвестку павесілі болып за год таму. Якім жа было іхнае зьдзіўленьне, калі празь пяць хвілін яны атрымалі ня толькі адказ — але і пытаньне: чалавечкі яшчэ ў нас, колькі вы за іх дасьцё?
    «А колькі вы хочаце?» — напісала Зоя.
    «Дамовімся. А вы ў курсе, што гэта за цацкі?» — прыляцеў адказ.
    «А што ў іх такога дзіўнага?» — асьцярожна запытаўся Павал, бо Зоя саступіла яму клявіятуру, так яна расхвалявалася.
    «Ня ведаем, — адказалі прадаўцы. — Але мы яшчэ ніколі ня бачылі такіх дзіўных фігурак. Мы думаем пра іх цэлы год і...»
    «???» — даслаў пытальнікі Павал, а Зоя ўпілася пазногцямі яму ў руку.
    «Мы ўвесь час думаем пра іх, — напісалі гаспадары чалавечкаў. — Штосьці ў іх ёсьць такое...»
    Зоя адпіхнула Паўла і імгненна набрала на клявіятуры:
    «На карцінцы ў вашай кніжцы наш маўзалей!»
    «Маўзалей???»
    «Ён стаіць у нас дома, — хуценька напісала Зоя ўладальнікам чалавечкаў. — Мы выпадкова знайшлі яго ў старой шафе. Чорная скрынка! А ў ёй яшчэ адна, з трупікам
    унутры. А вашыя чалавечкі дакладна ўваходзяць у набор! I ў вас інструкцыя!»
    Зоя сфатаграфавала скрынку: з адчыненым і зачыненым вечкам. I даслала фота прадаўцам. Адказу не было доўга. Быццам прадаўцы раіліся, што ім рабіць. А можа, яны проста не хацелі расставацца з чалавечкамі, што жылі ў скураным мяшэчку?
    «Напэўна, нам трэба сустрэцца», — нарэшце прыляцела паведамленьне.
    I Павал і Зоя запрасілі прадаўцоў да сябе дадому.
    У прызначаны дзень увечары ў іх кватэру пазванілі. Зоя кінулася адчыняць.
    Прадаўцы аказаліся вельмі мілай парай, сымпатычнай, культурнай і абаяльнай, аднаго ўзросту з Паўлам і Зояй. Жанчыну звалі Соня, а яе мужа — Барыс. Барыс і Соня прынесьлі з сабой віно і францускі сыр, Зоя сьпякла пірог зь міндалем, а Павал прыгатаваў мяса ў духоўцы. Яны выключылі сьвятло, пакінуўшы толькі таршэр, запалілі сьвечкі і селі за стол: Барыс і Соня разьмясьціліся на канапе, а Павал і Зоя ўладкаваліся ў фатэлях. Соня падабрала пад сябе ногі, а Барыс падміргнуў і дастаў з торбы мяшэчак і інструкцыю. Зоя працягнула руку ўніз — і паставіла на стол скрынку.
    «Давайце спачатку вып’ем, — сказаў Барыс. — За ўзьяднаньне».
    «За ўзьяднаньне!» — прамовілі ўсе хорам, абмяняўшыся шматзначнымі позіркамі.
    Усім чамусьці хацелася як найдаўжэй затрымаць запаветны момант. Ім было неяк па-асабліваму вельмі добра ўчацьвярых. «Мы яшчэ ніколі не прымалі ў сябе такую файную пару», — сказала Зоя Паўлу аднымі вачыма і пачырванела. «Я з табой згодны», — адказаў ёй позірк Паўла. «Яны мне падабаюцца», — прачытаў Барыс у падведзеных чорным вачах Соні і адказаў ёй усьмешкай, якая значыла толькі адно: «Яны мілыя, гэта праўда».
    Усе чацьвёра ўзяліся за мяса, і Соня нахвальвала Паўла, а Барыс неадрыўна і пяшчотна пазіраў на Зою. Яны пілі віно і адкусвалі памалу блакітны францускі сыр, а потым моўчкі адкаркавалі яшчэ адну бутэльку, і шчокі іхныя гарэлі, а вочы паблісквалі ў паўзмроку. А пасьля яны пілі каву і елі пірог зь міндалем, і Соня, бессаромна ўсьміхаючыся, калупалася тонкім пальцам у зубах, а Барыс параўноўваў пірог з усімі тымі, якія яны з Соняй елі ў Славеніі і Італіі, і казаў, што Зоя магла б даваць урокі тамтэйшым майстрам...
    Нараскашаваўшыся закускамі і дэсэртам, яны адкінуліся на сьпінкі і задуменна дапівалі віно з высокіх келіхаў. А потым Соня раптам выпусьціла келіх з рук — і віно пралілося ёй на сукенку, проста на калені.
    «Нічога, — сказала яна сваім шырокім, усьмешлівым ротам. — Нічога».
    «Нічога, — сказала Зоя, размазваючы сурвэткай плямы па яе каленях. — Нічога».
    «Нічога», — сказаў Павал.
    «Нічога», — прамовіў Барыс і ўзяў мяшэчак. Ён высыпаў яго зьмесьціва на сярэдзіну стала. Паміж талерак і відэльцаў, паміж нажоў і доўгіх ценяў зьявіліся чалавечкі. Яны ляжалі невялікай купкай, галовы і ногі ў розныя бакі, рукі прыціснутыя да целаў, маленькія шкельцы вочак паблісквалі, а стук, зь якім яны ўпалі на стол, усё яшчэ быў у вушах абедзьвюх параў...
    Якія ж яны былі розныя. Іх быў тузін, а мо крыху болей, тут былі мужчынскія і жаночыя фігуркі, дзіцячыя — і старэчыя. Павал і Зоя бралі іх у рукі і разглядвалі, а Барыс і Соня сачылі за іхнай рэакцыяй. Пэўна, яны ўжо ня раз бралі чалавечкаў у рукі і ведалі іх усіх, да драбніц. Затое скрынку яны яшчэ ніколі не трымалі — і вось яны схіліліся над ёй, адкрыўшы адно, потым другое вечка... «Які строгі мужчына там, пад шклом», — сказала Соня.