• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    «Ты разважаеш разумна, — прамовіў купец. — Але не адказвай за ўсіх людзей. Па-першае, слабакі з кепскімі зубамі таксама маюць грошы і могуць патраціць іх на кнігі. А падругое, ня так важна, адкуль бяруцца казкі. Хай нават яны пішуцца з самога сябе. Важна, куды яны сыходзяць. У нябыт ці ў нашую памяць. У мяне, напрыклад, дагэтуль перад вачыма тыя чакалядныя зубы, якія растаюць, зыіікаюць... Я ажно бачу, як пад імі праступаюць голыя дзясны. Жудасьць. Я нават праверыў употай, ці на месцы мае каронкі. Проста ты малады, Артэміюш, і не разумееш, што такое зубное пратэзаваньне. Вось калі ты пастарэеш і твае зубы пачнуць крышыцца... Калі я яшчэ ня быў купцом, я хадзіў у звычайную паліклініку і не скажу, што мне хацелася б некалі паўтарыць тыя візыты. Добра! Скажы цяпер ты, Маргуся».
    Я з надзеяй паглядзеў на служку, якая стаяла ля пасудамыйнай машыны, засунуўшы рукі ў кішэні фартушка. Яна была такая маладая, што магла б быць дачкой купца, сястрой ягонага сына. Яе доўгія валасы былі завязаныя ззаду ў хвост — вядома, яна займалася кухняй, і калі б раптам купец ці ягоная жопка знайшлі ў ежы выпадковы волас, тая Маргуся мігам страціла б працу. Але мне ўвесь час хацелася разьвязаць яго, гэты хвост — бо чысты лоб Маргусі так і карцела нечым прыкрыць, такі ўжо ён быў нявінны. I тое, што гэткая нявіннасьць мусіла слухаць маю казку з элемэнтамі эротыкі, выклікала ўва мпе дзіўную злосьць. А яшчэ я падумаў, што яна магла б быць той, з кім я ахвотна пасяліўся б у сьціплай хатцы з садам па той бок МКАДу. I няхай бы яна гатавала мне з распушчанымі валасамі — я быў бы толькі рады знаходзіць іх у талерцы. Знаходзіць — і выцягваць, і разглядваць у сонечным сьвятле... Дзіўныя думкі апанавалі мяне, калі я чакаў яе адказу. Дзіўныя і балючыя. Быццам мяне самога схапілі за валасы.
    «Я нічога не разумею ў гісторыях, — паволі сказала Маргуся, хаваючы вочы. — Але мне было дужа цікава, чым усё скончыцца. I яшчэ...»
    «Што яшчэ?» — нецярпліва спытаў купец, паглядваючы на мяне.
    «Некалі я ведала аднаго вельмі няшчаснага чалавека, сказала Маргуся, кусаючы вусны. — I гэтая казка нагадала мне пра яго».
    «Нагадала і добра, — сказаў купец. — Нікому не цікава, з кім ты там гуляла, пакуль цябе не ўзялі ў наш дом, дзе ты жывеш як прыстойны чалавек, у мірных клопатах і поўным дастатку. Ужо позна. Скажы цяпер ты, сыночак. Як вырашыш, так і будзе».
    Я заплюшчыў вочы.
    «Сыночак?»
    «Што?» — незадаволена прабурчаў малы.
    «Табе спадабалася казка?»
    «Не».
    Я чуў, як купец шумна выдыхнуў. Пасудамыйная машына пікнула і выключылася. У поўнай цішыні я адплюшчыў вочы і паспрабаваў засьмяяцца, бо гэта і праўда быў абсурд. Пра што мог ведаць гэты маленькі павіян? Як ён мог судзіць мяне?
    «Вось і прысуд! — сказаў купец. — He! Коратка і ясна. А чаму? Га, сынку? Чаму табе не спадабалася казка?»
    «Таму што яна хутка скончылася, — кінуў праз плячо малы, засунуўшы руку малпе ў пашчу. — Няхай ён прыйдзе і раскажа яшчэ. Шмат, шмат казак. Толькі няхай сядзіць там, на крэсьле. Я не хачу, каб ён падыходзіў блізка».
    «Чаму, мой дарагі?» — спытала жонка купца, нахіліўшыся да яго і пагладзіўшы па галаве.
    «Бо ад яго сьмярдзіць», — сказаў хлопчык так спакойна, нібы ўсе гэта адчувалі, але ніхто не прызнаваўся.
    «Чым?» — зьдзіўлена нахмурылася ягоная маці. I ўсе яны пачалі рухаць насамі, нібы і праўда паверылі малому дурню.
    Але малы выбег з пакоя — і мяне нарэшце адпусьцілі дадому.
    Усю ноч, лежачы ў сваёй убогай хаціне і слухаючы, як вясновы вецер дзьме на яе зімовыя раны, я ўзносіў хвалу свайму сьціпламу таленту і набытаму за шмат гадоў майстэрству. Бо менавіта яны ўратавалі мяне ад помсты ўсёмагутнага купца і спарадзілі спагаду ў гэткіх патрабавальных слухачах. А яшчэ я не забываўся падзякаваць нашай Высьпе, жывучы на якой усё яшчэ можна прыдумаць добрую гісторыю, бо не зьвяліся на ёй ні прайдзісьветы, ні чараўнікі, ні небаракі, ні рызыканты — усе тыя, што ткуць, самі ня ведаючы, сюжэт за сюжэтам для новых казак і прыпавесьцяў, а мы сшываем іх у дакладныя і пекныя словы.
    Ведама ж, я дзякаваў, як умеў, Справядліваму Ладу, што больш не забівае нас за ціхае слова, пра што б яно ні было; не забівае, а дазваляе дамовіцца з нашымі крэдыторамі і выправіць памылкі, хай сабе і ня ўсе. Я дзякаваў Часу, у якім мне выпала жыць, бо ці змог бы я прыдумаць хоць нейкую гісторыю, калі б ня быў пісьменным і не атрымаў дармовую адукацыю, як і ўсе мае сучасьнікі; ці змог бы я прыдумаць хоць нейкую гісторыю, калі б не прачытаў тысячы ініпых гісторый, не прачытаў і не пасяліў у сваёй памяці? Я дзякаваў вам, Людзі Будучыні, бо каму яшчэ я мог бы распавесьці ўсё гэта — пра нялёгкі свой лёс, пра тое, якім дзіўным чынам я мусіў вярнуць купцу неасьцярожна ўзятую пазыку, пра сумневы і надзеі, пра дзіўных людзей, якія ўзяліся мяне судзіць, і пра сваю няшчасную мару.
    3 гэткімі малітвамі, напіўшыся перад тым віна і наеўшыся рыбных кансэрваў з хлебам, я неўпрыкмет заснуў, паставіўшы будзільнік на шэсьць раніцы, бо да заўтрашняга вечара мне трэба было напісаць чарговую казку. I казка гэтая мусіла быць ня горшай за папярэднюю. А дом мой рыпеў пад цёплым вясновым ветрам, і дрэвы зазіралі ў мае вокны, страшныя і жывыя, нібы крэдыторы, якіх бачыш спрасонку, і пад мае ўзьнятыя ў цемры павекі паволі заплываў белы
    ветах.
    ГіСТОРЫЯ ДРУГАЯ
    МАЎЗАЛЕЙ
    Міласэрны Бог учыніў так, што неяк узімку Павал і Зоя зьнялі двухпакаёвую кватэру ў самым цэнтры гораду. Усяго за дзьвесьце даляраў на месяц, хоць на той час за гэткія грошы нельга было знайсьці нават аднапакаёўку на ўскраіне. Што праўда, кватэра была даволі занядбаная, з іржавай трубы ў лазенцы капала вада, нібы адгон з самагоннага апарату, а шыбы ў вокнах даўно пайшлі маляўнічымі расколінамі — і таму падчас сьвяточных салютаў здавалася, што зараз яны проста рассыплюцца на аскепкі, як лёд.
    Усё гэта можна было б выправіць, калі б Павал і Зоя былі добрымі гаспадарамі. Але яны былі ўсяго толькі добрымі людзьмі і прыгожай парай, а гэта зусім не заўсёды гарантуе дбайнасьць і любоў да парадку. А можа, прычына была ў тым, што кватэра была поўная старых рэчаў, якія гаспадар зусім не сьпяшаўся прыбіраць. Напрыклад, патрэсканая шафа, якая б так добра прыдалася для Зоіных сукенак, была поўная самага рознага гломазду. Павал і Зоя абяцалі сабе, што як толькі гаспадар вызваліць шафу, тады яны і зробяць рамонт у сваім новым жытле. Але гаспадар не сьпяшаўся, а неяк па тэлефоне сказаў, што яны могуць проста выкінуць на сьметніцу гэтае хлам’ё. Маўляў, там няма нічога каштоўнага.
    I вось аднойчы ўвечары Павал і Зоя адчынілі старую шафу і пачалі выцягваць адтуль наваленую там запыленую старызну і кідаць рэчы па адной у вялікі пакет для сьмецьця. Неўзабаве гэткі занятак іх захапіў. Зоя даставала з шафы самыя розныя прадметы: некалькі тамоў Энгельса на калмыцкай мове з вырванымі старонкамі, зламаныя ракеткі для пінг-понгу, плюшавага кентаўра, заліты вішнёвым сокам кампутар «Карвет», хакейныя клюшкі, тры надзетыя адна на адну футравыя шапкі, паміж якімі жыла здаровая, генэтычна бездакорная і расава чыстая моль, рыбацкія боты да калена, вядзерца даўно засохлай фарбы з савецкім знакам якасьці, гантэлі, скамечаны касьцюм Сьнягуркі, пустыя слоікі і гэткія ж пустыя газэты, гнілую раму для няіснай карціны, штучную елку, разьбітыя ампулы, нейкія пажоўклыя фатаздымкі... Павал і Зоя разглядвалі кожную рэч зь вялікай цікавасьцю, ім падабалася ўяўляць сабе, што за гісторыя стаіць за кожным з гэтых артэфактаў. Нейкія зь іх Зоя адкладвала ўбок, бо рука не паднімалася вынесьці на сьметнік нешта, што мела ў сабе душу — жывую душу таго, хто ёй некалі валодаў. Павал незадаволена сачыў, як горка побач з пакетам расла, а сам пакет ніяк не напаўняўся.
    «У агонь усё гэта! — усклікнуў ён. — У агонь! Gegen Chaos und Entartung! Ich iibergebe der Flamme diesen alten Trodel, diesen schmutzigen Strom!»
    I хоць гэта быў жарт, няхай і зразумелы ня ўсім, Павал і праўда лічыў, што зьмесьціву шафы месца на сьметніку.
    «Зноў ты са сваёй немчурой, — сказала Зоя. — Гэта Ніцшэ ці “Рамштайн”?»
    «Гэта...» — пачаў тлумачыць Павал, але Зоя спыніла яго: «Глядзі, што я знайшла».
    I яна выцягнула з самага дна шафы драўляную скрынку памерам ня больш за каробку для абутку. Падчапіла вечка доўгім пазногцем — і адчыніла, каб паглядзець, што ўнутры. Скрынка адчынілася з рыпеньнем — было відаць, што
    ў яе вельмі даўно ніхто не зазіраў. Зоя чхнула, і Павал пажадаў ёй добрага здароўя.
    Унутры скрынкі была яшчэ адна, значна меншая. I гэтая меншая скрынка таксама адчынялася. Зоя падкалупнула вечка — і яны з Паўлам схіліліся над сваёй знаходкай.
    У той малой скрынцы была яшчэ адна. Зусім малая. Яе вечка было з празрыстага шкла — і пад гэтым шклом Павал і Зоя са зьдзіўленьнем пабачылі фігурку чалавечка, які ляжаў, склаўшы на грудзях рукі. Вочы чалавечка былі расплюшчаныя, але гэткія малыя, што немагчыма было зразумець, як ён глядзеў на тых, хто яго патурбаваў: з радасьцю, надзеяй, безуважна? Або, можа, з жахам?
    Тая малая скрынка мела збоку адтуліну — дзьверцы, якія можна было адчыніць пальцам.
    Быццам стваральнікі гэтай цацкі і праўда думалі, што нехта будзе ўваходзіць празь іх, каб паглядзець на фігурку пад празрыстым шклом.
    Ясная рэч, Павал і Зоя ведалі, што такое маўзалей. Больш за тое, яны чулі, што гэткія пабудовы можна знайсьці ня толькі ў Маскве. Яны былі разумныя маладыя людзі. I, як і любыя разумныя маладыя людзі, яны ня бачылі асаблівага сэнсу ў захоўваньні нябожчыкаў, хай сабе і знакамітых, гэткім барбарскім чынам. Хоць і ня надта зьдзіўляліся таму, што такая завядзёнка ў сьвеце яшчэ існуе. Але ім ніколі не даводзілася бачыць такія маленькія маўзалеі. Маўзалеі, якія ўмяшчаюцца ў скрынку памерам з абутковую.
    Павал і Зоя адразу ж пачалі думаць і гадаць, каму ж магла прыйсьці ў галаву ідэя змайстраваць такую дзіўную скрынку. Чамусьці яны сышліся на тым, што скрынку прывезьлі з далёкіх краёў, з Карэі ці аднекуль яшчэ, бо чалавечак, які ляжаў пад шклом, быў апрануты ў нетутэйшы паўвайсковы фрэнч, а твар ягоны выдаваў у ім чужынца. Аднак сапраўды з Азіі ці ўсё ж з Лацінскай Амэрыкі або Афрыкі трапіў сюды гэты цацачны маўзалей, вызначыць было