Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Не», — сказаў Жоўтая Малпа. I тады Барыс ударыў госьця з размаху па жоўтай, лысаватай галаве, падобнай да нейкага экзатычнага фрукта.
Жоўтая Малпа асеў на падлогу. Неспакойныя вузкія вочы застылі. Куртка налезла на галаву — і цемя Жоўтай Малпы з крывавым сьледам ад удару тырчала адтуль, нібы яго нехта надкусіў.
«Жывы...» — сказаў Барыс.
«А што зь ім зробіцца», — засьмяялася Зоя.
Барыс і Павал прывязалі яго да канапы рамянямі за ногі. А Зоя дастала з шафы кайданкі. «Вазьмі мае», — сказала Соня, адкрываючы сумачку. Але пасьля параўнаньня высьветлілася, што Зоіны былі лепшыя.
Барыс схадзіў на кухню і прынёс халоднай вады. Соня набрала яе ў рот і пырснула Жоўтай Малпе ў твар. Той адплюшчыў вочы і застагнаў.
«Слова», — усьміхнулася Соня.
«Слова!» — сказала Зоя.
«I гісторыю...» — паківаўпальцам Барыс.
«Добра... — сказаў Жоўтая Малпа і паглядзеў на іх з такой нянавісьцю, што Павал ажно адвярнуўся. — Я раскажу вам... Але за гэтая вазьму ўсё, што ляжыць на стале».
«А ШТО ляжыць на стале?» — нахілілася Соня да самага тваруЖоўтай Малпы.
«Што ляжыць на стале?» — прамовіла Зоя і паскрэбла нажом шыю палоннага.
«Ціха, — сказаў Барыс, усаджваючыся ў фатэль. — Ён нам усё раскажа. Мы слухаем цябе, Жоўтая Малпа».
Прамовіўшы апошнія словы, я пацягнуўся па кубак зь мятнай гарбатай, які добрая служка Маргуся паставіла перада мной яшчэ на самым пачатку майго выступу і да якога я за ўвесь час так і не дакрануўся. Гарбата даўно астыла — але я прагна і з асалодай выпіў яе ўсю, а потым абвёў стамлёнымі вачыма сваіх строгіх слухачоў. Усе пяцёра неадрыўна глядзелі на мяне — і ў вачах іхных я пабачыў шчырае абурэньне.
Я адчуў, як у мяне гараць шчокі.
«Ня траць час, чытай, — сказаў купец, пасунуўшыся да мяпе бліжэй. — Што ты замоўк, сонца душы маёй?»
«Гэта ўсё», — сказаў я.
«Як гэта ўсё? — купец ажно стукнуў кулаком па калене. — А што было далей?»
«Я зьбіраўся расказаць гэта заўтра...» — прамовіў я разгублена.
«Што ты вярзеш? — вочы купца пачырванелі ад шчырай злосьці. — Заўтра? Нам усім не цярпіцца даведацца, што расказаў Жоўтая Малпа! I якую загадку тоіць у сабе маўзалей! Ды я не знайду сабе месца, пакуль не даведаюся працяг!»
«Што за хітрыкі! — падтрымала яго жонка. — Я толькі хацела папрасіць Маргусю прынесьці нам віна, бо ў мяне сэрца заходзіцца ад гэткай інтрыгі, а гэты нахабнік абрывае казку на самым цікавым месцы! Хіба гэта ня супраць правілаў? Зараз жа расказвай, што паведаміў ім Жоўтая Малпа, чуеш?»
«Працяг будзе», — сказаў я так пакорліва, як толькі мог.
«Ну калі ласка! — узмалілася Маргуся. — Ну хаця б намякніце нам!»
Купец падняў на яе налітыя крывёй вочы, бо ёй ніхто пакуль не даваў слова — і яна прысаромлена замахала даўгімі вейкамі.
«Скажы ты, Артэміюш! — павярнуўся купец да слугі, які зноў стаяў у пройме дзьвярэй і ня зводзіў зь мяне падазронага позірку. — Ці хацеў бы ты пачуць працяг гэтай дзіўнай гісторыі?»
«Не, — абвясьціў Артэміюш свой прысуд. — Я дастаткова наслухаўся. Ня буду спрачацца з вамі, пане гаспадару, гісторыя, якую мы пачулі, досыць займальная. Аднак хіба вы не заўважылі, які хітрун наш аўтар? Ён скарыстаўся простым і дзейсным прыёмам, каб забясьпечыць сабе яшчэ адзін вечар у вашым гасьцінным доме. Ён спыніў свой аповед на самым цікавым месцы, як гэта робяць вытворцы танных сэрыялаў і безгустоўных кніжонак. Гэта толькі адна з прычын. Другая прычына: ён проста ня ведае, што будзе далей. Ён так і не прыдумаў працягу! Паглядзіце ў ягоныя вочы — у іх няпэўнасьць і хітрасьць сапраўднага плебея. Ён закруціў гісторыю — і цяпер ня ведае, як зь яе выбрацца і як зьвесьці ўсе канцы!»
«Што ж, цалкам можа быць, ты кажаш праўду... — пахітаў галавой купец. — Аднак дайце мне падумаць. Мы дамаўляліся, што кожная казка, прыдуманая ім, мусіць быць дастаткова добрай, каб захапіць нас. Але я не прыпомню, каб умоваю было не пісаць казку з працягам. Таму фармальна ён мае на гэта права. I ўсё ж ты вялікі круцель... Я не змагу заснуць, не даведаўшыся, што расказаў Жоўтая Малпа і ў чым злавесная таямніца маўзалея».
Апошнія словы, вядома ж, былі зьвернутыя да мяне. I ўзрадаваўся я ў глыбіні свайго няшчаснага сэрца, бо зразумеў, што перамог і ў гэты вечар. Аднак жа купец мусіў запытацца ў свайго малога павіяна, што мяркуе пра гісторыю ён. I малы, які гэтым разам слухаў мяне з разяўленым ротам, не падмануў маіх чаканьняў.
«Слова! — крыкнуў ён. — Слова!»
«Ці хочаш ты, сынку, пачуць заўтра працяг гісторыі?» — ласкава запытаўся купец.
«Я хачу зараз! — крыкнуў купцоў сын. — Што расказаў ім Жоўтая Малпа? Няхай ён чытае! Тата, скажы яму, што загадаеш Артэміюшу яго адлупцаваць, калі ён не раскажа нам усё да канца!»
«Не магу, — прамовіў купец. — Давядзецца пачакаць да заўтра».
«Тады няхай ён застанецца ў нас! — сказаў гэты капрызьлівы павіян са сваёй цёплай падлогі. — Няхай жыве ў нас і расказвае мне казкі! Ён мог бы спаць каля майго ложка! Ну тата!»
Купец ужо зьбіраўся сувора заткнуць яму рот, бо мая гісторыя і праўда надта ўжо ўзбудзіла хлопчыка, але раптам і іерадумаў.
«Што ж, — сказаў купец, задумліва гладзячы жончыну руку. — У мяне разумны сын. Хоць ён яшчэ дзіця, але часам у дзіцяці мудрасьці болей, чым у дарослых. I праўда... Чым ты, небарака, будзеш прыяжджаць сюды штовечар, галодны, зьнясілены й нямыты, глытаць сьліну і сьмярдзець бруднымі нагамі, лепш і праўда даць табе пакой для прыслугі, душ і харчы. А яшчэ пісьмовы стол і кампутар, за якім ты будзеш гіісаць свае гісторыі, пакуль не аддасі мне пазыку згодна з нашай угодаю. Або пакуль ня выдыхнешся і не надакучыш нам, бо я дагэтуль ня ведаю, ці хопіць у цябе сілаў і таленту для таго, каб выканаць нашую дамоўленасьць да канца. Артэміюш, правядзі аўтара ў пакой, дзе жыў мінулай зімой той няздарны ілюстратар... Як яго там звалі...»
Артэміюш незадаволена пацягнуўся, нібы хацеў шырэй рассунуць пройму, у якой ён ужо гадзіну стаяў па сваёй завядзёнцы. Было відаць, што ідэя пасяліць мяне ў гэтым доме ня выклікала ў яго захапленьня. Ён змрочна зірнуў на мяне: маўляў, паглядзім, як доўга ты тут пратрымаешся — і ня трэба было мець асаблівага розуму, каб здагадацца, што ён зробіць усё, каб скараціць час майго побыту ў гэтым дзіўным доме.
«...А ты, Маргуся, — працягваў купец, — падрыхтуй бялізну і пакажы яму, дзе ў нас душ. Што да цябе, небаракаказачнік, дык цяпер ты госьць у гэтым доме і з табой будуць абыходзіцца тут па справядлівасьці. Цані гэта і працуй сумленна. I не забывай, што ты ня столькі госьць, але вялікі вінавайца, што мае сур’ёзную пазыку! Ідзі і піпіы працяг, заўтра а дзявятай вечара мы чакаем цябе тут, у гасьцёўні, і ня дай табе Божа не расказаць нам да самага канца, што здарылася ў тваёй гісторыі далей!»
Нічога не сказаўшы, Артэміюш пашыбаваў па калідоры — і мне нічога не заставалася, як пайсьці ўсьлед за ім. Ён шпарка падняўся па сходах на другі паверх, і мне давялося пасьпяшацца, каб не адстаць. Мы апынуліся ў цёмнай нішы, Артэміюш дастаў ключы і рыўком адчыніў дзьверы. Я быў хацеў прайсьці ў пакой, але ён стаяў і не пускаў мяне, давялося праціскацца міма ягоных выстаўленых наперад магутных грудзей, якія ён напяў штомоцы, так, каб я быў вымушапы, наадварот, уцягнуць жывот і сьцяцца, а інакш абмінуць яго было немагчыма. Я ўжо амаль прасьлізнуў у свой новы прытулак, калі ён выставіў руку і спыніў мяне.
«Толькі ня думай, што змог усіх абдурыць, — прамовіў ён мне ў самае вуха. — Я знаю такіх, як ты. Няздараў, што паразытуюць на целе грамадзтва, балбатуноў, якія заблытваюць сваімі слоўнымі карункамі сумленных людзей. Вечна галодпых, вечна ўсім незадаволеных, вечна п’яных, з дрыготкімі рукамі і бяз плянаў на будучыню. Чаму ты вырашыў, што людзі мусяць карміць цябе? Зь якой радасьці? Хто даў табе права лічыць, што ты хоць нечым лепшы за іпшых?»
Я маўчаў. Ягонае дыханьне казытала мне вуха, але я маўчаў і сарамліва, ганебна ўсьміхаўся, быццам прызнаваў ягоную рацыю. Мне толькі хацелася папрасіць яго ня дыхаць мне ў вуха, бо гэта козытна, але я баяўся расьцьвяліць яго яшчэ болын.
«П’янства і самапіяр, скандальчыкі і сьлёзы, тусоўкі і замежныя гранты — вось і ўсё, на чым ты стаіш, — казаў
ён і прыціскаў мяне грудзьмі да сьцяны. — Насамрэч ты пустое месца. О, бессаромны самапіяр такіх крыкуноў, як ты, некалі надакучвае нават самым легкаверным дурням, а п’янства нікога яшчэ не даводзіла да дабра. Скандальчык бывае карысны па першым часе, але ты даўно ўжо перайшоў усе межы прыстойнасьці, ты абразіў усіх прыстойных людзей у гэтым горадзе і плюнуў на самае сьвятое, што яны мелі! А ў сьлёзы твае, якія ты так шчодра разьліваў у сваіх апошніх байках, ніхто ня верыць. Пацукі не раскайваюцца! А твая тусоўка! Кожная тусоўка жыве па законах джунгляў і пазбаўляецца ад няўдаліц, а ты даўно ўжо забыты нават тымі, хто цябе некалі чытаў. Што да замежных грантаў, дык яны некалі канчаюцца, праўда, ты, хітрая гадзюка? He міне і пары вечароў, як цябе пагоняць адсюль! Прынамсі, ад мяне літасьці не чакай!»
Я паныла кіўнуў, бо мне здавалася, толькі мая пакора дапаможа пазбавіцца ад ягонай прысутнасьці.
«I ня дай Бог табе адчуць сябе тут сваім... — сказаў ён, прыбраў руку і піхнуў мяне так, што я нарэшце ўляцеў у пакой і з размаху, нібы лялька, сеў на ложак. — Запомні мае словы, пустабрэх. Асабліва апошнія словы. I яшчэ! Барані цябе Божа паскардзіцца на мяне гаспадару! Я такога не дарую!»
3 гэтымі словамі ён абдарыў мяне пагрозьлівай ухмылкай і зачыніў за мной дзьверы. Я пасядзеў крыху, разважаючы над ягонымі словамі. «Ня дай Бог табе адчуць сябе тут сваім» — так сказаў гэты люты Цэрбэр, гэты цэнзар, гэты барбар, а можа, садоўнік, а можа, кіроўца... Што ён меў на ўвазе? Як я мог адчуць сябе сваім у гэтым доме, дзе я быў рабом, вымушаным выплачваць пазыку адно з дапамогаю свайго няшчаснага і трапяткога таленту, гэткага крохкага на фоне вялікае, немудрагелістае і вітальнае сілы маіх слухачоў і судзьдзяў?
I тут у дзьверы пастукалі. «Калі ласка», — сказаў я. У пакой зазірнула Маргуся, і я ўзрадаваўся яе прыходу, бо
ад яе ішоў дух маладосьці і сьвежасьці, аптымізму і радасьці, а яшчэ — дух чыстай пасьцельнай бялізны. Усяго гэтага мне так не хапала. А яшчэ я адчуваў, што яна — прыхільніца маіх гісторый, нават ад спрытных рук яе, што замільгалі над ложкам, ішлі нябачныя промні ўдзячнасьці за цікавы вечар, і мне захацелася злавіць іх і пакласьці на сваю спацелую ад нягодаў галаву. Яна хутка паслала мне, уручыла ручнік і зубную шчотку і, усьміхнуўшыся, села побач.